Забыты на паперы...

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Няпростыя варункі адной установы
Новай з’явай у развіцці музейнай справы ў Савецкай Беларусі было ўзнікненне музеяў, прысвечаных палітычнай гісторыі. Акрамя прапаганды камуністычнай ідэалогіі, падобныя ўстановы выконвалі функцыю важных цэнтраў па выяўленні і вывучэнні першакрыніц па гісторыі рэвалюцыйнага руху.

/i/content/pi/cult/472/10017/14-3.jpg

Раздзел экспазіцыі, прысвечаны К.Каліноўскаму. 1926 г.

/i/content/pi/cult/472/10017/14-4.jpg

Раздзел экспазіцыі, прысвечаны Леніну. 1926 г.

Першы такі музей у БССР быў створаны ў 1923 г. у Мінску ў доме па вуліцы Савецкай, дзе адбыўся І З’езд РСДРП. Ёсць фрагментарныя звесткі пра існаванне ў сярэдзіне 1920-х у Мінску ў Доме камуністычнай асветы яшчэ аднаго музея палітычнай гісторыі — Музея Таварыства паліткатаржан і ссыльных перасяленцаў.

Галоўны музей палітычнай гісторыі рэспублікі — Музей рэвалюцыі БССР — урачыста адкрыўся 2 мая 1926 г. у Мінску ў прыстасаваным двухпавярховым будынку па вуліцы Урыцкага. Экспазіцыя будавалася па ўзоры Цэнтральнага музея рэвалюцыі ў Маскве і ўключала копіі матэрыялаў па рэвалюцыйным руху ў Расіі — ад дзекабрыстаў да пачатку сацыялістычнага будаўніцтва: партрэты, карціны, фота, газеты, улёткі, кнігі, рукапісы. Але быў таксама беларускі аддзел, які меў арыгінальныя дакументы па дзейнасці паўстанцаў 1863 г., народнікаў, Бунда...

Другая палова 1920-х стала перыядам актыўнага росту музея: ішло назапашванне фондавых матэрыялаў, пашырэнне прапагандысцкай работы. Звернемся да лічбаў. З 1926-га па 1931 г. колькасць фондавых калекцый павялічылася амаль удвая і дасягнула 8 000 дакументаў, фотаздымкаў, друкаваных матэрыялаў. Калі ў 1926-м музей наведвала ў сярэднім 800 чалавек у месяц, то ў 1930 г. — ужо больш за дзве тысячы.

У 1931 г. з’явілася Палажэнне аб Музеі рэвалюцыі БССР, дзе былі вызначаны структура апошняга, сістэма кіраўніцтва і фінансавання. З гэтага часу музей налічваў чатыры сектары: масавай работы, навукова-музейны, архіўна-бібліятэчны, арганізацыйна-адміністратыўны. Адміністрацыя складалася з дырэктара, намесніка па навукова-музейнай частцы, загадчыка адміністрацыйна-гаспадарчай часткі і сакратара. Першым дырэктарам Музея рэвалюцыі БССР стаў вядомы дзеяч Бунда, загадчык Гістпарта Самуіл Агурскі. За кароткі пятнаццацігадовы перыяд існавання ўстановы пераемнікамі Агурскага на гэтай пасадзе былі Мікалай Шапавалаў, Іосіф Раманчук, Леон Майзель, Мікалай Кушнераў, Арцём Данільчык, Мікалай Гракаў, Гдалій Скакальскі. Самастойнасць дырэктара абмяжоўвалася Грамадскім саветам музея, які складаўся з прадстаўнікоў ЦК КП(б)Б, Інстытута гісторыі партыі, Акадэміі навук, Цэнтральнага бюро краязнаўства, Наркамасветы, Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення, Цэнтральнага архіўнага кіраўніцтва, рэдакцыі газеты “Звязда”, Цэнтральнага савета прафсаюзаў, а таксама рабочых з трох найбуйнейшых прадпрыемстваў горада.

На працягу 1930-х Музей рэвалюцыі БССР перыядычна падпадаў пад жорсткую крытыку вышэйшага рэспубліканскага кіраўніцтва. Найперш — за экспазіцыйны паказ гістарычных падзей, які навуковыя супрацоўнікі не паспявалі падладжваць пад змены палітычнай кан’юнктуры. Напрыклад, у верасні 1931 г. прэзідыум ЦВК БССР на сваім пасяджэнні прыйшоў да высновы, што галоўным недахопам у рабоце музея з’яўляецца “…недастатковае выяўленне ролі бальшавізму і гісторыі класавай барацьбы на Беларусі, абмежаванасць экспазіцыі музея перыядам Грамадзянскай вайны і амаль поўная адсутнасць матэрыялаў перыяду сацыялістычнага будаўніцтва”. На тым жа пасяджэнні было вырашана цягам 1932-га правесці рэарганізацыю ўсёй экспазіцыі, пасля чаго адтуль зніклі згадкі пра існаванне небальшавісцкіх палітычных партый.

У 1935 г. музей наведала камісія з Інстытута гісторыі партыі, якая выявіла “шэраг палітычных памылак, фальсіфікацыю матэрыялаў у экспазіцыі, неапрацаванасць архіўных дакументаў”. “Палітычнымі памылкамі і фальсіфікацыяй” члены камісіі назвалі экспанаванне партрэта і асабістых рэчаў рэпрэсаванага да таго часу вядомага савецкага военачальніка Г.Д. Гая, групавога фотаздымка са сцягам на другім плане з надпісам “Бунд”, партрэта гісторыка партыі У.І. Неўскага, абвінавачанага ў трацкізме.

Вынікі работы камісіі каштавалі жыцця некалькім супрацоўнікам музея. Увосень 1935 г. па абвінавачанні ў трацкізме былі арыштаваны і асуджаны, адпаведна, да пяці і трох гадоў папраўча-працоўных лагераў, дырэктар А.А. Данільчык і навуковы супрацоўнік М.Ф. Кійко, якія загінулі у няволі. Пазней на розныя тэрміны пакарання як ворагі народа былі асуджаны дырэктары І.Раманчук і Г.Скакальскі. Палітычныя памылкі пад час правядзення экскурсій каштавалі трох з паловай гадоў лагераў навуковаму супрацоўніку С.Розінай.

У другой палове 1930-х Музей рэвалюцыі БССР канчаткова страціў сваё значэнне як цэнтр вывучэння і папулярызацыі палітычнай гісторыі Беларусі. Улетку 1939 г. яго перавялі ў адзін з будынкаў Акадэміі навук БССР — у непрыстасаванае для музейных патрэб памяшканне. Там была разгорнута экспазіцыя, структураваная па разделах “Кароткага курса УсеКП(б)”. У акадэмічным будынку музей спыніў сваё існаванне ў чэрвені 1941-га.

У пасляваенны час кіраўніцтва БССР не рабіла ніякіх захадаў па аднаўленні Музея рэвалюцыі. Перад ім паўстала больш важная задача — мемарыялізацыя музейнымі сродкамі падзей вайны, якія пакінулі ў масавай свядомасці беларусаў значна большы след, чым далёкая героіка Кастрычніка. Відаць, з гэтай жа прычыны ў Мінску ніколі не з’явіўся філіял Цэнтральнага музея У.І. Леніна, нягледзячы на тое, што работа па яго стварэнні вялася Інстытутам гісторыі партыі пры ЦК КПБ з канца 1970-х гг. Рашэнне бюро ЦК КПБ аб стварэнні яшчэ аднаго музея палітычнай гісторыі — Музея гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі — таксама засталося на паперы. Яно было прынята ў 1988-м, калі дзьмулі ўжо іншыя палітычныя вятры...

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ, доктар гістарычных навук, прафесар