Мо аўтар і... не патрэбен?

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Аўтографы на бронзе і граніце: калі не чытаюць, дык і падпісваць не варта...
Маючы звычку засяроджваць увагу на мастацкай аздобе вуліц і інтэр’ераў, я часта магу назваць аўтара той або іншай работы, калі гаворка ідзе пра Беларусь. Гэта таму, што знаёмы з почыркам нашых знакамітых творцаў і больш-менш арыентуюся ў гісторыі айчыннай культуры савецкага часу ды апошніх дзесяцігоддзяў. Часта, але не заўсёды. Справа ў тым, што творчую манеру, якая стала брэндам мастака і якую ўпадабала публіка, пачынаюць свядома і падсвядома капіраваць. Так, у розных гарадах краіны на фасадах будынкаў я сустракаў падабенства з мазаікамі Аляксандра Кішчанкі і паркавыя скульптуры, аўтары якіх відавочна натхняліся творамі Уладзіміра Жбанава. Магчыма, разумеючы, што гэтыя работы пазбаўлены арыгінальнасці, аўтары рэдка іх падпісваюць. Але, мяркую, подпіс у ганарарнай ведамасці ставяць. Не без задавальнення…

/i/content/pi/cult/472/10016/7-1.jpg

Што ведаюць школьнікі? Што пішуць блогеры?

Неяк я запытаўся ў настаўніка, які не адзін год выкладаў сёння ўжо выкраслены са школьнай праграмы прадмет “Сусветная мастацкая культура”: ці здольныя ягоныя вучні адрозніць скульптуры Азгура ад скульптур Бембеля? Наўрад ці, адказаў той. На беларускае мастацтва адводзілася ўсяго некалькі гадзін, так што добра, калі школьнікі запаміналі толькі самыя значныя імёны ды работы. На развагі пра асаблівасці творчага почырку таго або іншага мастака ў выкладчыка проста не ставала часу. Ды і не ставілася мэта зрабіць школьнікаў мастацтвазнаўцамі. Маюць уяўленне — і добра.

У Сеціве ж я мусіў пераканацца, што нават агульныя веды пра беларускае мастацтва — здабытак далёка не агульны. Так, нават патрыятычна настроеныя блогеры, якія пішуць пра Мінск, маюць вельмі цьмянае ўяўленне пра культурныя знакі на карце горада. Ім знаёмае хіба што імя Заіра Азгура, і апошняму прыпісваюць стварэнне ці не ўсіх сталічных манументаў свайго часу. Усю ж камерную гарадскую скульптуру залічваюць на рахунак Уладзіміра Жбанава. Згадкі пра менш “раскручаных” творцаў трапляюць у інтэрнэт-сумоўе даволі рэдка.

А праведзенае журналістамі летась апытанне мінакоў на плошчы Якуба Коласа выявіла: Песняра ў атачэнні ягоных герояў некаторыя лічаць задуменным Леніным з прадстаўнікамі рабочага класа і сялянства. Цяжка што-небудзь дадаць… А вынікае з гэтага тое, што нейкі тлумачальны тэкст побач з манументальна-дэкаратыўнымі творамі (прынамсі, з найбольш значнымі з іх) быў бы зусім не лішні. Гэтую думку падзяляюць і спецыялісты, дасведчаныя ў згаданай тэме.

Што кажуць эксперты і скульптары?

Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь па навуковай рабоце Надзея УСАВА кажа, што як музейшчык яна лічыць неабходным, каб кожны твор мастацтва — станковы ці манументальны — меў подпіс аўтара. У 1950-х гадах у скульптараў не было звычкі падпісваць свае работы. Праз гэта сёння даследчыкі маюць шмат праблем. “Бывае, што таго аўтара хоць з сабакам шукай!” — кажа яна. Зрэшты, у той час скульптараў ды манументалістаў было няшмат, як і твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. І так адно аднаго ведалі. А з нейкага часу мастакі пачалі сябе пазіцыянаваць, пазначаць сваё аўтарства. Можа, псіхалогія змянілася. А можа, узнікла патрэба ідэнтыфікаваць сябе ў культурным полі, якое значна пашырылася. Сёння гэта ўжо звыкла. Вось, напрыклад, на помніку, што стаіць на тэрыторыі філіяла НММ — музея “Дом Ваньковічаў”, — аўтары змясцілі інфармацыю пра сябе без напаміну з боку замоўцы. “Мы за тое, каб быў подпіс, прычым — разборлівы”, — падсумоўвае Усава.

Яе калега — дырэктар Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура Аксана БАГДАНАВА таксама мяркуе, што інфармацыя пра стваральнікаў у кантэксце манументальнага аб’екта мусіць быць, але нельга, каб яна кідалася ў вочы. Яе варта размяшчаць недзе ў перыферыйнай зоне — прыблізна так, як гэта робіцца на скульптурных пленэрах, калі побач з работай ставіцца шыльдачка з назвай твора і прозвішчам аўтара. Размяшчэнне ж такой інфармацыі на пастаменце спадарыня Багданава лічыць непажаданым. Тое, што непасрэдна на мінскім помніку Якубу Коласу работы Азгура (на “камені”, дзе сядзіць Пясняр) прымацаваны ахоўны знак з інфармацыяй пра аўтараў, ёй падаецца недарэчным. Карысць жа ад інфармацыйнай шыльды можа быць у тым, што пазначаны ёю аб’ект у вачах грамады ўжо не ўспрымаецца ананімным, а значыць — нічыйным. На падсвядомым узроўні спрацоўвае эфект ахоўнай граматы. Хаця, канешне ж, вандалаў яно наўрад ці спыніць: колькі ўжо разоў знікаў смык з рукі Сымона-музыкі…

У часе гутаркі з Аксанай Багданавай узнікла пытанне, хто адказны за помнікі ды іншыя аб’екты аздобы горада. У нас яны — на балансе камунальных службаў. А вось у Санкт-Пецярбургу імі апякуецца Музей гарадской скульптуры. Прычым установа занята вывучэннем і рэстаўрацыяй не толькі манументальна-дэкаратыўнай пластыкі гарадскога асяроддзя, але і надмагіллямі піцерскіх некропаляў. Такі музей і ў Мінску быў бы не лішнім. На думку спадарыні Багданавай, ён можа быць юрыдычна аформлены на базе Музея-майстэрні Заіра Азгура, які аналагічныя функцыі ў пэўнай ступені фактычна ўжо і выконвае.

Народны мастак Беларусі Іван МІСКО, які доўгі час узначальваў Рэспубліканскі мастацка-экспертны савет па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве пры Міністэрстве культуры, неаднойчы сутыкаўся з неахайным стаўленнем скульптараў да сваёй працы, калі аўтары ці то лянуюцца, ці то лічаць непатрэбным падпісваць свае работы. На думку народнага мастака, аўтарскі подпіс мусіць прысутнічаць на ўсіх этапах працы над манументальнай скульптурай — ад эскіза да ўвасаблення ў матэрыяле. У бронзе зафіксаваць надпіс прасцей, чым у камені. Аўтар сам павінен вырашыць, дзе размясціць свой подпіс. Нейкага правіла на гэты конт няма. Але, у любым выпадку, подпіс не павінен быць надта кідкім. Калі ж гаворка ідзе пра афіцыйны ахоўны знак на мастацкім аб’екце, дык гэта ўжо не асабістая справа творцы: яго месца ў кожным канкрэтным выпадку мусіць вызначаць спецыяльная камісія.

Скульптар Сяргей ГУМІЛЕЎСКІ — прыхільнік той думкі, што аўтар не павінен ігнараваць такую форму пазіцыянавання сваёй творчасці, як подпіс на аб’екце, якім ён мае падставы ганарыцца, ці інфармацыйная шыльда побач з ім. Для ілюстрацыі гэтага меркавання ён згадаў газетную публікацыю, прысвечаную скульптурнай групе “Балет” у скверы Опернага тэатра. Стварылі гэтую кампазіцыю спадар Сяргей і ягоны бацька, народны мастак Беларусі Леў Гумілеўскі. Яны даўно і плённа працуюць у тандэме. Аўтар публікацыі піша пра “Балет” у станоўчым тоне, нават вершы, прысвечаныя скульптуры, прыгадаў. А напрыканцы з жалем канстатуе: “Шкада, што скульптар невядомы”. Як жа невядомы? І подпісы ёсць… Але не здагадаўся глядач угледзецца. (Праўда, калі не ведаць, дзе той подпіс, дык і насамрэч не ўгледзіш: каб пабачыць яго на плінце пад нагой балерыны, трэба таптаць газон і лезці да пастамента праз кустоўе. — П.В.) Можа, недзе на тэрыторыі сквера не пашкодзіла б шыльда ці спецыяльны знак з прозвішчамі ўсіх, хто мае дачыненне да мастацкай аздобы прылеглага да тэатра абшару… А ў тое, што такая шыльда можа спыніць вандалаў, Сяргей Гумілеўскі не верыць. Лічыць, што падобную функцыю можа выканаць толькі знак, на якім напісана “Ахоўваецца дзяржавай…”.

Падобны погляд на сітуацыю мае і скульптар Іван АРЦІМОВІЧ — адзін з аўтараў помніка Баркулабаўскаму летапісу, устаноўленаму летась у Быхаве. На ягоную думку, да пытання, як падаць у кантэксце мастацкага аб’екта інфармацыю пра яго стваральнікаў, трэба ставіцца вельмі сур’ёзна. Бо гэта можа быць фрагмент, які далікатна дапоўніць кампазіцыю, альбо створыць непажаданы рэзананс. Тое, што аб’ект не ананімны, на думку спадара Івана, — пазітыўны момант для ўспрымання яго гледачамі. У пэўным сэнсе, яе знак якасці, калі аўтар не саромецца сказаць: “Гэта маё!”. Дый глядач да твора большую павагу мае.

Пэўным дысанансам прыведзеным вышэй думкам гучаць словы скульптара Паўла ВАЙНІЦКАГА, які свае манументальна-дэкаратыўныя творы свядома не падпісвае. Ён лічыць, што той, каму ягоная творчасць цікавая, знойдзе звесткі пра скульптара і ягоныя творы ў Інтэрнэце. Тое ж датычыцца і гісторыкаў мастацтва. Праўда, асабіста яго раздражняе, калі ў дзень вернісажу не на ўсіх творах экспазіцыі ёсць шыльдачкі з назвамі ды прозвішчамі аўтараў. Гэта праява непавагі да мастакоў і гледачоў. Гэта папросту некарэктна. Але тое выставачная прастора, а на адкрытым паветры, у гарадскім асяроддзі, — маўляў, іншая сітуацыя.

Што маем у выніку?

Быў час, калі манументальна-дэкаратыўная аздоба асяроддзя і інтэр’ераў грамадскіх будынкаў у Беларусі была справай даволі вузкага кола прафесіяналаў. Іх ведалі і мастацкія крытыкі, і аматары мастацтва, а калі і людзі паспалітыя, да мастацтва абыякавыя. У такіх варунках не было патрэбы ставіць пад творамі подпісы і такім чынам прадстаўляць мастакоў грамадзе.

Змяніўся час, змяніліся людзі, пашырылася культурнае поле, на якім месца для творчай самарэалізацыі знойдзецца і мэтру, і дыпломніку Акадэміі. Мяркую, што і людзей, якія цікавяцца мастацтвам, стала больш. Шануючы іх, трэба падпісваць творы мастацтва не адно ў музейных экспазіцыях ды на выстаўках. Я думаю, гарадам і мястэчкам Беларусі прэстыжна мець работы такіх майстроў, як Аляксандр Кішчанка, Гаўрыла Вашчанка, Анатоль Анікейчык, Сяргей Селіханаў… Дык чаму ж каля іхніх твораў не змясціць адпаведную інфармацыю?

На пачатку 1990-х у Лідзе паўстаў помнік Францыску Скарыну. Трактоўка вобраза Першадрукара, які вонкава нагадвае каталіцкага святара, і сёння падаецца мне спрэчнай. Але запомніўся мне помнік тым, што ў яго “перыферыйнай зоне” скульптар не толькі змясціў свае імя ды прозвішча (“Валеры Ян на Ракаве Янушкевіч”), але і ўласны партрэт. Ведаючы ягоны ўнёсак у нацыянальную культуру, я лічу ўчынак апраўданым. Зрэшты, ён пайшоў шляхам Першадрукара, які нічога не ведаў пра ўяўную беларускую “памяркоўнасць”, і... змясціў свой партрэт на першай старонцы… "Бібліі". Я не заклікаю скульптараў ды архітэктараў некарэктна скарыстоўваць чужы досвед, але, мяркую, прысутнасць імя аўтара на творы — дадатковы шанс застацца ў гісторыі.

Ізноў жа, не будзем забываць, што творцы, якія ў вачах людзей дасведчаных з’яўляюцца нацыянальным брэндам, не надта вядомыя нават шырокім колам беларускага грамадства. Ёсць, аднак, на гэты конт і іншая думка. Неяк я натрапіў на іранічнае вызначэнне: “Помнік — абсурдная пабудова, якая мае на мэце ўвекавечыць тое, што ўвекавечана быць не можа, альбо не мае патрэбы ва ўвекавечванні”. Можа, тое ж датычыць і аўтараў манументальных твораў? Маўляў, сапраўдных майстроў грамада, трэба думаць, ведае і так, а подпіс пад халтурай ці кампіляцыяй… Навошта ён?

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"