Пакой Селіханава

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Космас слова і яго паверхні
Словы як аб’ект, як пароль ці як утылітарны сродак… Словы як гнуткая і пластычная форма, вартая ментальнага дотыку, роўнага працы мастака з прыроднымі матэрыяламі — каменем, дрэвам, сплавам металаў, — з якіх ён “вызваляе” твор мастацтва. “Логасы. Тое, што робіць наша жыццё камфортным” — у гэтым праекце скульптара Канстанціна Селіханава ў Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” паказаны словы, а дакладней — тое, што стаіць за імі. Яны, падобна да “мастацкіх” матэрыялаў, раскрываюць сутнасць праз кантэкст. Ці здольныя мы сёння бачыць, адчуваць закладзеныя ў словах магчымасці? Або прызвычаіліся слізгаць па іх паверхні? Праект прапануе звярнуць увагу на тое, чым з’яўляецца і можа быць слова.

“Логасы. Тое, што робіць наша жыццё камфортным” складаецца з трох частак.

“Мастацкім” аб’ектам першай часткі становяцца словы-рэфрэны спажывецкага свету. Рэкламныя лозунгі, якія чуем так часта, што тут жа забываемся на іх пасля прамаўлення, выведзены ў радках дзіцячага сшытка: “Немагчымае магчыма”, “Вы гэтага вартыя”, “Вось што я люблю” і г.д. На адмысловым “барэльефе”, пласціне яны атачаюць медальён з выявай чалавека, які стаіць да нас спінай. Гэта не хто іншы, як герой Анатоля Саланіцына — Пісьменнік — з фільма Андрэя Таркоўскага “Сталкер”. (На медальёне — частка кадра, калі яго персанаж едзе на дрызіне ў Зону.) Мы не бачым твару героя — толькі спіну ды патыліцу, і перад намі ўзнікае, лічы, прысутнасць яго адсутнасці. У дадзеным пасланні рэкламныя слоганы становяцца адмысловай эпітафіяй Пісьменніку. Ці не хаваем мы словы, скарыстоўваючы іх у якасці адмысловай прынады?..

Другая частка праекта звяртаецца да ўсведамлення (і скарыстання) вядомых філасофскіх вучэнняў. Цытаты з работ Маркса, Ніцшэ, Дарвіна, Гегеля, якія аказалі ўплыў на развіццё гуманітарнай думкі, падаюцца ў кароткіх урыўках, на мове арыгіналу. Пры гэтым кантэкст іх прачытання наступны: словы вядомых мысляроў надрукаваны… на падушках, прапануючы новае прачытанне славутай гуманітарнай спадчыны. Хто ж адмовіцца “пасядзець” на думках Маркса ці Ніцшэ, выкарыстоўваючы іх як зручны матэрыял для стварэння ўласнай зоны камфорту?

І трэцяя частка, якую можна было б назваць “Пакоем цішыні”, адсылаючы да творчасці Марка Роткі. Толькі тут замест карціны для медытацыі мы скарыстоўваем словы. У “пакоі” Канстанцін Селіханаў прапаноўвае свой алгарытм узаемадзення з логасамі. Напісаныя чорнай фарбай на белых аркушах, словы тут “узнікаюць” у кантэксце сэнсаўтварэння, іх энергетычнай сілы і прыгажосці: “рытуал”, “цішыня”, “наперад”, “вера”, “сон”, “доказ”, “сіла пераканання”, “усё”… Яны размешчаны ў адвольным парадку, рэпрезентаваны і як твор мастацтва, і як праваднік да ўнутранага стану, як найменне да намераў, скіраванасцей, вібрацый.

І словы, што, адлюстроўваючыся ў вадзе, адкрываюць сваю сутнасць. Логасы, якія мы часам не здольныя ўбачыць, але якія раскрыюцца нам пры змене нашага погляду на рэчы.

У што складаюцца тры гэтыя часткі? Магчыма, у наш тэкставы, слоўны асяродак, дзе побач з хлёсткімі рэкламнымі мантрамі, філасофскімі падмуркамі заўжды прысутнічае ўласны космас, які мы ствараем з дапамогай абраных намі слоў.

Напрыклад: “святло”, “вера” і “цішыня”. Або: “выдумка”, “вестка”, “вечнасць”.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"