Заснуць і прачнуцца беларусам

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Яўген РАГІН, рэдактар аддзела газеты “Культура”
Я — не пра настальгію як захворванне. Я — пра мінулае як банк доўгатэрміновых укладаў уласнага практычнага досведу. Жыву за пастаянна “набягаючыя” пасля пераасэнсавання працэнты учарашніх успамінаў, што іншым разам дапамагаюць здзейсніцца заўтрашнім марам. Ці проста выжыць, яшчэ раз пераканацца, супакоіцца і рушыць далей з новымі сіламі.

/i/content/pi/cult/472/10013/4-114.jpgГэтым разам успаміны такія… Адна з маіх прафесій — тэхнік-тэхнолаг лесанарыхтовак. Вучыўся ў Гомельскім політэхнічным тэхнікуме, а пераддыпломную практыку праходзіў у пасёлку Ярга Архангельскай вобласці, недзе кіламетраў за дваццаць ад Котласа. Трапіў сюды не пад прымусам, а па ўласным жаданні. Можна было адпрацаваць колькі месяцаў у любым беларускім леспрамгасе. Але ўсё гэта я ўжо бачыў. Таму і пацягнула да Паўночнай Дзвіны.

Была яна па той восені паўнаводнай, свінцовай, пахмурнай. Такой і запомнілася. Нейкі няголены дзядзька ў чорнай ватоўцы распавёў мне на прыстані, што Котлас — перасылачны этап для многіх раскулачаных і ворагаў народа. І гналі іх аж да краю зямлі, і было сярод іх шмат беларусаў. “Ох і добрыя ж людзі!” Многія з тых, хто выжыў, засталіся пасля рэабілітацыі жыць абапал знакамітай чыгункі “Варкута — Ленінград”. Зразумеў тады, што беларушчына не абмяжоўваецца геаграфічна і нашых па ўсім свеце — процьма…

Дык вось… Толькі прыжыўся ў той Ярзе, толькі першы тыдзень адпрацаваў, як у мясцовы клуб прывезлі мастацкую стужку “Дзікае паляванне караля Стаха”. Натуральна, пайшоў на прэм’еру і я. Зала, дарэчы, паўнюткая была. Фільм прагледзелі ў нейкай дзіўнай цішы. (Да слова, карціна Рубінчыка не надта мяне ўразіла, хоць і ёсць у ёй пэўны беларускі настрой.) А калі пайшлі цітры, маладзенькая бібліятэкарка (з ёй пазнаёміўся, безумоўна, у першую чаргу), нечакана абвясціла: “У зале прысутнічае беларус! Давайце ў яго асобе павітаем непераўзыдзенае беларускае мастацтва!” Зала дружна ўзнялася і заапладзіравала. А пачуццё, што раптам і ўпершыню апанавала мяне тады, я адчуваю па сёння. І гэта — гонар за нацыю.

Карацей, заснуў я тады беларусам і прачнуўся менавіта ім. Бо зранку ў маё часовае жытло набілася мясцовая моладзь, уручыла мне разладжаную гітару і запатрабавала выканаць ці не ўвесь рэпертуар “Песняроў”. Як мог выканаў. І да канца практыкі лічыўся ў пасёлку гэткім місіянерам, прапагандыстам і папулярызатарам літаральна ўсяго, звязанага з маёй Бацькаўшчынай.

Дзіўная рэч: прыехаў пад Архангельск з “Jesus Christ Superstar” у галаве і Кліфардам Саймакам пад пахай, а з’ехаў у родную Ветку з цвёрдым разуменнем, што сваё, беларускае, нацыянальнае — не горшае. Лепш і не скажаш: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць!”. У дзевятнаццаць гадоў я не ведаў, што такое брэнды. Але Караткевіч і “Песняры” і па сёння застаюцца для мяне грунтоўнымі самадастатковымі асновамі беларушчыны, якая сапраўды не мае межаў. Добра памятаю і тое, як мая старэйшая сястра напрыканцы 70-х дапамагала малдоўскім сябрам адшукваць і набываць звышдэфіцытныя песняроўскія кружэлкі і не менш рэдкія для ахвотнага чытача з іншых рэспублік "нёман"аўскія пераклады Караткевіча...

Вось яны пад рукой — і “Песняры”, і Караткевіч. У любы момант можна паслухаць і пачытаць. Шкада, што іхнія зборы — поўныя ўжо. Але ў кожнага пакалення — свае прарокі з Айчыны. Ды не мне пра іх казаць. Галоўнае, што хтосьці на беларускіх абсягах раз-пораз прачынаецца беларусам. І няхай будзе так.

ФОта Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"