Як арганізаваць гастролі ў вёску?..

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Аляксандр ПАМІДОРАЎ, музыкант, журналіст
Вераніка Круглова з гурта “Kriwi” сказала ў інтэрв’ю для газеты “Культура” (гл. № 4 за 2014 г.), што марыць аб’ехаць з канцэртамі беларускія вёсачкі. Тэма гэтая — гастрольная — хваравітая і актуальная. Мне таксама хочацца паехаць па краіне з канцэртамі — не толькі па абласных цэнтрах, а і па раёнах, па вёсках, у рэшце рэшт.

/i/content/pi/cult/472/10011/5-1.jpgДы ў маім выпадку, на жаль, гэта не заўсёды магчыма нават у Мінску. Пад час нашых выступленняў — рэдкіх (у тым жа фактычна адзіным канцэртным клубе сталіцы) — кожны раз бачу твары адміністрацыі: “Што ж ён там сабе думае?”. Я ж не вясёлы ўсмешлівы персанаж са знешнасцю падлетка, а даволі брутальнага выгляду тоўсты дзядзька са своеасаблівым іміджам, які не мае выдатнага голасу той жа Веранікі. Ды і спяваю рок па-беларуску пра канкрэтныя рэчы, што таксама не ўсіх забаўляе. Плюс да ўсяго я ігнарую тэлебачанне і радыё, а гэта ў нашых умовах сур’ёзна б’е па папулярнасці. У Беларусі ў плане піяру да гэтага часу шмат што вырашаюць не Інтэрнэт з сацыяльнымі сеткамі, музычнымі ды інфармацыйнымі парталамі, а дзяржаўныя радыё і тэлебачанне з іх разгалінаванымі сеткамі, што б хто ні казаў. Ну і, вядома, вонкавая рэклама: афішныя тумбы, бігборды на вуліцах, вагоны і пераходы метро, плакаты ў касах, банальная афіша на плоце ля клуба.

Людзі нашы — на самой справе, галоўнае багацце. Яны хочуць хадзіць на канцэрты, і гатовы хадзіць на іх! Больш за тое: яны з задавальненнем трацяць свае грошы на білеты — усё больш і больш нятанныя. У спажыўцоў пачынае ўжо спрацоўваць рэфлекс: дорага — значыць, яно вартае таго! На гэта і “ловяць” пастаўшчыкі такога сумніўнага, мякка кажучы, тавару кшталту Арміна ван Бюрэна, “The Orchestra” (раней “ELO Part II”) ды іншай другаснай сыравіны, не кажучы пра канцэрты нямецкіх рэстаранных джазавых спевакоў пад выглядам зорак першай велічыні. Аднак уся гэтая “шушамець” ў бізнесе артыстычным з’явілася за дзедам-шведам, і яны ўсё роўна — артысты, якія выходзяць на сцэну ды працуюць: усміхаюцца, сочаць за знешнасцю, за бляскам, прадаюць тое, што прадаецца…

Шматлікім нашым выканаўцам яшчэ "вкалывать да вкалывать" да ўзроўню берлінскай або гамбургскай клубнай групы. Адзінкі ў Беларусі прыцягваюць людзей да сваёй уласна творчасці. Можна колькі заўгодна сцябацца над Аляксандрам Саладухам, але ў сім-тым варта браць з яго прыклад. Вось хто ўсе куткі краіны аб’ехаў, і каго там чакаюць! І дачакаюцца, і прынясуць кветкі ды грошы за білеты.

Мне бачацца два афіцыйныя шляхі, каб сёння ажыццявіць гастрольную паездку па гэтых самых “кутках” нашай краіны.

Першы. У Беларускай дзяржаўнай філармоніі і яе падраздзяленні “Белканцэрт” відавочна маюцца кантакты з усёй краіны, адпрацаваныя цягам многіх сезонаў. Вядома, артысту без філарманічнай тарыфікацыі будзе даволі складана адправіцца ў тур па такой лініі, але тут важная сіла пераканання ў поспеху падобнага прадпрыемства, у тым ліку і фінансавым. Гэта занятак менеджара. Лепш, калі тое будзе чалавек, асабіста знаёмы з філарманічнымi адміністратарамі, які ведае (а гэта важна!) “савецкі стыль” працы ў такой сферы. Тэма “проста ад душы паехаць па краіне з песнямі народнымі” хутчэй за ўсё выкліча непрыманне і цалкам прагназаваны завал паездкі пасля трэцяга ж канцэрта. Трэба “зацікавіць”. Хопіць цярпення для гэтага занятку? У такім выпадку, мне здаецца, цалкам рэальнае турнэ з 14 — 25 канцэртаў.

Другі кірунак працы. Адносна самастойны, так бы мовіць. Бяром тэлефонны даведнік і пачынаем абзвоньваць дамы культуры, гарадскія цэнтры культуры, РАНА, сельгаспрадпрыемствы... Ва ўсіх ёсць план па мерапрыемствах культурнага характару. Не думаю, што яны стануць адмаўляць артысту з іменем, які сам грукае ў дзверы, ды яшчэ і не асабліва таргуецца (ну, калі мы кажам пра альтруізм да вядомай ступені). Тут, праўда, складана выбудаваць паслядоўнасць і зручны графік выступленняў, але, зноў жа, — патрабуецца цярпенне. Давядзецца паездзіць непасрэдна “па месцах” пасля тэлефонных перамоў, раздаючы масу “мэрча”: дыскі, плакаты, значкi, каляндарыкі.

Абодва шляхі павінны быць цесна звязаны з прэсай, папяровай і электроннай, — цэнтральнай, абласной, раённай. У абодвух выпадках неабходная “белая” бухгалтэрыя, безнаяўны разлік, дамовы і пячаткі на іх.

Такім чынам, усё магчыма. Варта разабрацца з сезонам. Цяпер час сышоў: зіма скончылася, наперадзе актыўныя сельгасработы, калі кажам пра вясковага жыхара як мэтавага гледача. Але паколькі патрэба ў зняцці напружання, безумоўна, узнікне, вось і ідэя — веснавыя канцэрты, якія плаўна пераходзяць у выступленні на вялікіх мерапрыемствах кшталту выпускных баляў на мясцовым узроўні ў маі.

Увага: май гэтага года — гарачы час Чэмпіянату свету па хакеі! Гасцям таксама патрэбна культурная праграма. Упісацца ў яе — вось задача! Лета ў нас — час складаны, але, напрыклад, 3 ліпеня праходзіць маса мерапрыемстваў па ўсёй краіне, і старая схема “канцэрт сталічнага артыста + дыскатэка” ніколі не падводзіла. Як фінал — “Дажынкі”: у рамках гэтага Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла і на абласных ды раённых аналагічных імпрэзах, як правіла, таксама запатрабаваны выступленні артыстаў.

Увогуле, хачу пажадаць “Kriwi” ўдалага тура. Ну, і нам усім... Тэма ж для артыстаў — жыццёва важная.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Матэрыял з Веранікай Кругловай чытайце тут.