Ушаноўваем Дуніна-Марцінкевіча...

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

2008 год аб’яўлены ЮНЕСКО Годам Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Гэта прызнанне міжнароднай супольнасцю велічы асобы нашага літаратурнага класіка, драматурга, асветніка.

4 лютага спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння В.Дуніна-Марцінкевіча. Беларускі Урад прыняў рашэнне аб святкаванні гэтай юбілейнай даты.
Асноўныя мерапрыемствы пройдуць на наступным тыдні.
У панядзелак, 4 лютага, урачыстая дэлегацыя, у склад якой увойдуць прадстаўнікі Міністэрства культуры РБ і іншыя адказныя асобы, наведае Бабруйскі раён — вёску Панюшкавічы, дзе нарадзіўся пісьменнік, і мясцовы музей у вёсцы Сычкава. Затым у Бабруйску Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча пакажа літаратурна-музычную кампазіцыю, прысвечаную класіку.
У гэты ж дзень у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пройдзе прэзентацыя юбілейных выданняў В.Дуніна-Марцінкевіча: DVD-дыска “Жыве паміж намі Дудар наш...”, альбома “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”, выпушчанага выдавецтвам “Беларусь”, і першага тома збору твораў В.Дуніна-Марцінкевіча ў 2-х тамах, падрыхтаванага выдавецтвам “Мастацкая літаратура”.
5 — 6 лютага Нацыянальная акадэмія навук Беларусі правядзе Міжнародную навуковую канферэнцыю “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у еўрапейскім кантэксце”. Таксама 5 лютага адбудзецца ўрачысты вечар, прысвечаны памяці юбіляра, у Нацыянальным акадэмічным тэатры Янкі Купалы з шырокім удзелам творчай інтэлігенцыі. У другой частцы вечара будзе паказаны спектакль паводле п’есы Дуніна-Марцінкевіча “Ідылія”.
6 лютага ўдзельнікі канферэнцыі стануць гасцямі літаратурна-мастацкага свята “Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы” ў Валожынскім раёне, наведаюць магілу В.Дуніна-Марцінкевіча ў вёсцы Тупальшчына, былую сядзібу ў Люцынцы і краязнаўчы музей імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Пяршайскай сярэдняй школе.
Сярод юбілейных мерапрыемстваў, запланаваных Міністэрствам культуры на гэты год, таксама Міжнародная мастацкая выстаўка “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у творах жывапісу, графікі, скульптуры”, выстаўка публікацый, прысвечаных жыццёваму і творчаму шляху пісьменніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, канцэрт арганнай музыкі з выкананнем твораў кампазітараў ХІХ ст. у касцёле Св. Роха ў Мінску. Будзе створаны відэафільм, прысвечаны В.Дуніну-Марцінкевічу, выпушчаны юбілейная манета і паштовая марка. Прафесійныя і аматарскія тэатральныя калектывы краіны ўключаць у рэпертуар спектаклі паводле п’ес “Пінская шляхта” і “Залёты”.
Будзе заснавана рэспубліканская прэмія імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў галіне драматургіі.
Урачыстасці, прысвечаныя 200-годдзю з дня нараджэння В.Дуніна-Марцінкевіча, пройдуць таксама ў замежных прадстаўніцтвах Рэспублікі Беларусь, у Доме дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі.

Паводле інфармацыі Міністэрства культуры РБ