Удзельнікі тэатральнага калектыву "Сваякі" Камайскага ДК.
Дырэктар установы Галіна Бразюль распавяла, што ў 1995 годзе пры Камайскім ДК быў створаны драматычны гурток для дарослых. У 2009-м прыйшла працаваць дырэктарам Галіна Уладзіміраўна, якая і стала кіраўніком ды рэжысёрам калектыву. Яна ўдыхнула новае жыццё ў работу гуртка, а калі паўстала пытанне пра назву, то сумнявацца не давялося. Да гонару дырэктара ДК і ўдзельнікаў калектыву, яны добра ведалі Сваяка не толькі як рэлігійнага дзеяча, паэта ды публіцыста, але і як драматурга. Ведалі і пра тое, што ён ставіў п’есы з сябрамі.
“Сваякі” адразу ж заявілі пра сябе. На Абласным конкурсе тэатральных калектываў “Тэатральныя далягляды вёскі” яны былі ўзнагароджаны дыпломамі, заняўшы І месца ў намінацыі “Драматычны спектакль” і “Лепшая жаночая роля”. Мінулай восенню калектыву было прысвоена званне “народны”.
Для абслугоўвання аддаленых населеных пунктаў і фермаў створаны мабільны тэатр песні “Вясковы экстрым”. Усе спектаклі аматарскага калектыву пастаўлены на беларускай мове. У рэпертуары — камедыя “Зязюлькі” па матывах п’есы С.Бень, камедыя паводле п’есы Г.Бразюль “Ну, мужыкі!” пра каханне і сямейныя каштоўнасці, “Добра тое, што добра канчаецца” паводле п’ес А.Макаёнка, трагікамедыя па п’есе Т.Спаткай “Баба чорта нават зморыць”. У рэпертуары калектыву да гэтай пары не было п’есы Казіміра Сваяка, а тое з’яўлялася галоўнай мэтай кіраўніка калектыву. Зараз, маючы тэкст, артысты актыўна возьмуцца за падрыхтоўку твора “Янка Канцавы” (“Праклённае зелле”), якая стане брэндам калектыву.
Удзельнікамі “Сваякоў” з’яўляюцца людзі розных узростаў і розных прафесій. Эма Паўлава, напрыклад, — медсястра, Сяргей Мароз — будаўнік ААТ “Камайскі Агра”, Юрый Плюта — ідэолаг гэтай гаспадаркі, у калектыве ёсць хатнія гаспадыні, навучэнцы... Асноўны касцяк — дзесяць чалавек.
Не магу не сказаць колькі слоў пра дырэктара Камайскага ДК. Адразу адчуваецца: Галіна Уладзіміраўна — прафесіянал высокага класа, бясспрэчны лідар, чалавек на сваім месцы. Па адукацыі яна “рэжысёр сучаснага досугу, абрадаў і святаў”. Сама напісала для свайго калектыву п’есу “Ну, мужыкі!”, якая была надрукавана ў свой час у газеце “Культура”. Не раз у “К” друкаваліся і складзеныя ёю сцэнарыі мерапрыемстваў. Нарадзілася яна ў расійскім горадзе Бярозка. У Беларусь прыехала пасля заканчэння школы, выйшла замуж — і засталася назаўсёды. Мову беларускую ведае выдатна.
Пажадаем жа таленавітым, неабыякавым людзям удзячных гледачоў, поспехаў ды скарэння новых вяршынь. Будзем спадзявацца, што ўбачым трупу і на Астравеччыне. А днямі стала вядома, што аматары са “Сваякоў” па выніках работы працоўных калектываў раёна за 2013 год узнагароджаны ў намінацыі “Дасягненні года”.
Іаланта ВАЛУЕВІЧ, бібліятэкар Спондаўскай бібліятэкі
Астравецкі раён