Як дарога...

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Выстаўка “Дарога, выбраная лёсам” працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі да 16 сакавіка. Экспануюцца вырабы, створаныя спецыялістамі навукова-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Скарбніца”.

/i/content/pi/cult/471/10008/11-1.jpg

Тут можна ўбачыць копіі традыцыйных тэкстыльных і саламяных вырабаў, сувенірна-падарункавую прадукцыю “Скарбніцы”. З дня свайго заснавання ў 1976-м прадпрыемства штогадова ладзіць этнаграфічныя экспедыцыі. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца ў вытворчай дзейнасці. Такім чынам, “Скарбніца” садзейнічае перайманню і трансляцыі рамёстваў.

Адкрыццё выстаўкі адбылося 6 сакавіка, напярэдадні Дня жанчын. Гэтым стваральнікі экспазіцыі імкнуліся падкрэсліць сувязь жыццёвага шляху жанчыны ў традыцыйнай культуры з рамёствамі. Прадметы побыту, асабліва тэкстыльныя, арнаментаваныя, мелі для продкаў не толькі ўтылітарны, але і сакральны сэнс. Жанчына, якая валодала мастацтвам стварэння арнаменту — ткацтвам і вышываннем, — у традыцыйным светаўспрыманні, фактычна выконвала функцыі жраца.

На адкрыцці выстаўкі агенцтва мадэлей “Студыя Тамара” зладзіла дэфіле ў касцюмах, вырабленых супрацоўнікамі “Скарбніцы”. Сярод прадстаўленых строяў былі як рэканструяваныя копіі прадметаў адзення з пэўных рэгіёнаў Беларусі, так і стылізаванае ўбранне. Дэфіле суправаджала выступленне гурта “Этна-суполка” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Алена ЛЯШКЕВІЧ

Фота Аляксандра ЯРМАЦА