Прэмія юным талентам

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

У ліку лаўрэатаў прэміі Віцебскага аблвыканкама па падтрымцы таленавітай творчай моладзі па выніках мінулага года ёсць і навучэнцы Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 Лізавета Казлова і Ксенія Жарабкова.

Лізавета займаецца маляваннем другі год, але пастаянна ўдзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах. Атрымала дыплом Першай ступені і залаты медаль Міжнароднага конкурсу малюнка ў Таліне. Настаўнік дзяўчыны Вікторыя Грыцук пераканана, што тая валодае рэдкім дарам глыбокага разумення мастацкай сутнасці рэчаў. “Фарбамі, алоўкам, крэйдай або тушшу яна дакладна перадае лаканічнасць свету, — кажа Вікторыя Мікалаеўна. — З дапамогай незвычайнай гульні колеру Ліза стварае рэалістычныя фактурныя работы, напоўненыя свежасцю і неверагоднай маляўнічасцю”.

Навучэнка эстраднага аддзялення Ксенія Жарабкова — выхаванка загадчыка аддзялення Кацярыны Ларчанка. Ксенія — лаўрэат Міжнароднага конкурсу “Музычны вернісаж” у Магнітагорску, уладальнік дыпломаў Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам”, Міжнароднага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Ружа вятроў у Беларусі” (Орша)… І ўсе перамогі дасягнуты за адзін год!

Уручэнне прэмій аблвыканкама адбылося ў Палацы культуры горада Барань.

Наталля ЛАТЫШАВА, настаўнік Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3