Нобіль, не ўзяты “на аловак”

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Станіслаў Рэйтан: невядомы з ХІХ стагоддзя
Кожнае паляванне калі-небудзь заканчваецца. У маім выпадку шматмесячнае высочванне, нарэшце, скончылася не самым горшым чынам. Дзякуючы сябрам я займеў “найкаштоўны зіпун”. Са мной прыбыў мой стары знаёмы. Дакладней, ягоная душа, увасобленая ў старой кніжцы, нібыта вяртаючыся да роднага ганка... Не ўстаяўшы перад спакусай, толькі ад’ехаўшы ад пункта адпраўлення, кнігу, якую надрукавалі ў 1858 годзе, я адкрыў. І ўжо не закрываў яе аж да Мінска. “Pan Wada” нетаропка распавядаў мне пра жыццё нашага краю на зломе XVIII і XIX стст., калі канчаткова перастала існаваць Вялікае Княства Літоўскае, калі адгрукаталі гарматы Напалеона і дні працякалі ў нетаропкім рытме вальсаў. У апісанні мясцін, на тле якіх разгортвалася жыццё адстаўнога афіцэра, раз-пораз я пазнаваў родную Навагрудчыну. Стаяў перад вачыма акварэльны сядзібны будынак з мураванкай…

/i/content/pi/cult/471/10001/14-3.jpg

Накід мастака Алеся Родзіна да твора, прысвечанага Станіславу Рэйтану. Партрэтаў апошняга на сёння не выяўлена.

За псеўданімам аўтара “Pan Wada” (“Пан Хіба”) хавалася імя Станіслава Рэйтана, пляменніка Тадэвуша Рэйтана — героя часоў падзелаў Рэчы Паспалітай і персоны, не шмат каму вядомай сёння. Урэшце, імя апошняга — больш-менш на слыху дзякуючы намаганням энтузіястаў, а вось асоба Станіслава вядомая не ўсім літаратуразнаўцам: у грунтоўных працах па нашай літаратуры ХІХ стагоддзя не адшукаеце яго імя. Каб дапамагчы даследчыкам, падзялюся часткай “здабычы”.

Станіслаў Рэйтан, герба “Рэйтан”, паходзіў са старажытнага ліцвінскага (беларускага) роду. Першы Рэйтан, кліент Радзівілаў, нагадаю, лёг у нашу зямлю за 150 гадоў да нараджэння Станіслава. Род дзякуючы выбітным прадстаўнікам карыстаўся пашанай, а праз сувязі з Радзівіламі меў уплыў на шляхту ВКЛ.

Бацькамі Станіслава-Карла (імя нашага героя пры хрышчэнні 29 студзеня 1781 г.) былі брат Тадэвуша Рэйтана, наваградскі земскі пісар Міхал-Ксаверый (1743 — 1809) і Ганарата з Багдановічаў. Міхал быў жанаты двойчы і меў шасцёра дзяцей. Адна з ягоных дачок, Ганна, маці Эдварда Герыча (сябра Адама Міцкевіча ў эміграцыі), паўстанца 1831 года, мела талент мемуарысткі, таму пакінула нам “Успаміны”, якія былі часткова надрукаваны ў ХІХ стагоддзі. Менавіта дзякуючы ім мы ведаем, хто быў тым натхняльнікам, які развіў літаратурны талент у Станіслава і Ганны. Гаворка — пра наймалодшага брата Тадэвуша, таксама Станіслава.

Доўгае жыццё галоўнага героя нашага аповеду прыпала на самыя драматычныя часы гісторыі. Ён бачыў другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай, паўстанцаў Якуба Ясінскага і Тадэвуша Касцюшкі, сярод якіх быў і паплечнік Тадэвуша Райтана Самойла Карсак (менавіта так гучаць іх прозвішчы ў перакладзе на беларускую мову Міцкевічавага “Пана Тадэвуша”, зробленага Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам), войскі на чале з Напалеонам, з якімі ў 1812 годзе на нашу зямлю вяртаўся ягоны брат — афіцэр Дамінік Рэйтан. Пазней на яго вачах каралі паўстанцаў 1831 года. Памёр жа ён у 1863-м, у год паўстання, як, да слова, і Стэфан Рэйтан — пляменнік Станіслава, пакінуўшы сваіх дзяцей сіротамі.

Вучыўся Станіслаў Рэйтан, мяркуючы па ўскосных даных, у Вільні — у піярскім “Collegium Nobilium”. Потым была служба ў войску. У 1832 годзе Станіслаў у чыне капітана войска Каралеўства Польскага і паручніка баявога кірасірскага палка выходзіць у адстаўку. Ён ўзяў за жонку Саламею Рэйтан — далёкую сваячку, дачку Язэпа Рэйтана. Давялося яму тады ж стаць сведкам адносін да тых, хто ў 1831-м узняў зброю за волю Бацькаўшчыны. Ці не таму, што на ім не было падазрэнняў у сімпатыях да паўстанцаў, ён спрабаваў атрымаць замежны пашпарт на сябе і на нейкую шляхецкую дзятву? Мо хацеў такім чынам дапамагчы знаёмым выратаваць іх сем’і ад “вандроўкі ў Сібір”?

З 1840 года пачынаецца грамадская дзейнасць Станіслава, калі яго выбіраюць Слуцкім павятовым маршалкам — тытул, які пазней намінуюць па прынятым у Расійскай імперыі ўзоры як “уездный предводитель дворянства”. Гэтую пасаду ў 1802 годзе займаў яго старэйшы брат Казімір, іншы ж брат Тадэвуш нейкі час з’яўляўся харунжым таго ж павета, а іх бацьку, Міхала, у 1795 годзе, шляхта ранейшага Наваградскага ваяводства выбрала Нясвіжскім павятовым маршалкам. Таму на Случчыне, Капыльшчыне, у Нясвіжы прозвішча “Рэйтан” было, бадай, найвядомым пасля “Радзівіл”.

Станіслаў дзяцей не займеў. Але тое, што ў яго быў гасцінны характар, што ён з ахвотай прысутнічаў на ўрачыстасцях, бачна па метрыках хростаў і шлюбаў з касцельных кніг. У ягоным доме адбылося вяселле Сцяпана Рэйтана з Марыяй з Несялоўскіх, менавіта Станіслаў стаў хросным іх дзяцей —Марыі і Язэпа (апошні з роду, памёр у 1910 годзе).

Яшчэ цікавы факт. У 1862-м Станіслаў ператварыў сваю сядзібу ва Усаве пад Капылём у лякарню. Як ён сам пісаў у газетах, здарыўся ў тых мясцінах выпадак, які прывёў да смерці вялікай колькасці людзей. З хваробай не змаглі справіцца і тры запрошаныя лекары. Дарэчы, гэта былі апошнія артыкулы, падпісаныя ягоным імем. Але быў і той час, калі імя Станіслава не сыходзіла са старонак часопісаў, газет…

Унікальныя звесткі пра Станіслава Рэйтана чытайце ў наступных нумарах “Культуры”.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар