У Глыбоцкім доме рамёстваў шмат напрамкаў: маляванка і выцінанка, ганчарнае рамяство і дрэваапрацоўка, саломапляценне і валянне воўны, ткацтва, у тым ліку і паясоў, шыццё гістарычных касцюмаў. Цяперашні загадчык Святлана Скавырка не проста адміністратар, яна — народны майстар па маляванцы. Святлана Анатольеўна сцвярджае, што калісьці гэтае ўменне было распаўсюджанае ва ўсёй Беларусі і суседніх краінах, цяпер жа найлепшым чынам традыцыі такога мастацтва захоўваюцца ў рэгіёне Віцебскага Паазер’я. Пра асаблівую ўвагу да мастацтва ствараць фарбамі на тканіне разнастайныя карціны сведчыць тое, што ў 2014 годзе маляванку ўключылі ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцей Беларусі.
З дзяцінства Святлана Скавырка ўмела маляваць, атрымала адпаведную адукацыю. Пасля пераезду ў Глыбокае пачала весці ў Доме рамёстваў гурток па выяўленчым мастацтве. Яна вельмі палюбіла сваё месца працы, а таму, калі дырэктар Вера Васільеўна Байкова прапанавала заняцца стварэннем і развіццём традыцыйнай маляванкі, пагадзілася.
“Спачатку мне была зусім не зразумелая гэтая тэхніка, і, шчыра кажучы, яна мне не падабалася, — кажа Святлана Скавырка. — Але, паступова паглыбляючыся ў тэму, зацікавілася тонкасцямі рамяства. З першымі работамі паехала на фестываль “Вясновы букет” у 2007 годзе. Сябе паказала, на іншых паглядзела — і зразумела, што працаваць над маляванкай буду”.
Цяпер Святлане Анатольеўне ў маляванцы блізкія як традыцыйныя формы, так і тэма сучаснасці, прытым што зараз паяўляюцца новыя больш якасныя фарбы, а з досведам і новыя ідэі. Нядаўна яе працы два месяцы экспанавалі ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры ў гонар 50-годдзя майстра. Раней яе работы таксама радавалі як глыбаччан, так і гасцей “Славянскага базару”. Нават у сталічнай бібліятэцы імя Пушкіна сёлета работы Святланы Скавыркі выстаўлялі ў рамках мерапрыемства “Калядныя ўзоры”, адкуль потым пяць яе маляванак забралі на выставу ў Нацыянальную бібліятэку.
“Мяне ў стварэнні маляванак натхняюць у тым ліку і народныя казкі, сюжэты якіх можна перавесці на тканіну, — дзеліцца Святлана Скавырка. — Цяпер я рыхтую трыпціх, дзе хлопец і дзяўчына становяцца маладой сям’ёй. Тут я пастаралася перадаць некаторыя матывы беларускіх абярэгаў. Яшчэ адзін абярэг-дыван я падару на вяселле сваёй дачцэ.
Хоць у сувенірнай краме купляюць вырабы Дома рамёстваў, у тым ліку і маляванку, попыт усё ж невялікі. Але падобныя вырабы лепшыя за банальныя рэпрадукцыі. Таму прыходзіцца на майстар-класах апавядаць наведвальнікам, якая гэта карпатлівая праца і прыгажосць. Каб зацікавіць публіку, я раблю кніжныя закладкі ці бірулькі. Гэта робіцца адмысловым штампам з дрэва. А раней у народзе рабілі штампы з бульбы, наўпрост рэзалі ўзоры на палоўцы, абмаквалі ў фарбу і друкавалі.
Чым яшчэ займаюцца майстры Глыбоцкага дома рамёстваў — чытайце ў газеце "Культура" №17 за 23 красавіка.