Адам Іосіфавіч нарадзіўся ў 1932 годзе на Астравеччыне, і ў далейшым яго жыццёвым шляху адлюстраваўся ўвесь лёс заходнебеларускай інтэлігенцыі пакалення дзяцей вайны. Хлопцы і дзяўчаты, якія мусілі б пайсці ў школы ў Заходняй Беларусі 1 верасня 1939 года, навукі на польскай мове так і не паспыталі — распачалася Другая сусветная вайна. Пасля — далучэнне да Беларускай Савецкай Сацылістычнай Рэспублікі, потым — жахі нацысцкай акупацыі ў краі, які па прымусе гітлераўцаў зноў быў штучна адарваны ад Беларусі і ўвайшоў у склад генеральнага камісарыята “Літва”. Зрэшты, вырасшы тут, на беларуска-літоўска-польскім памежжы, будучы даследчык акурат прасякнуўся павагай да ўсіх мясцовых моў і культур, кожная з якіх адыграла ў розныя часы сваю ролю ў складанні нашай агульнай спадчыны.
У пасляваеннай уз’яднанай Беларусі ўсе шляхі да навукі былі адкрытыя — у 1956 годзе Адам Мальдзіс скончвае аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На працягу трох гадоў працуе сакратаром раённай газеты ў Радашковічах — адным з вядомых цэнтраў беларускай культуры ў Заходняй Беларусі міжваеннага перыяду, тут жа выспявае і яго рашэнне прысвяціць сваё жыццё даследаванню беларускай культуры, асабліва засяродзіўшыся на перыядзе XVII-XIX стагоддзяў і беларуска-польска-літоўскіх літаратурных сувязях. Гэтай тэме была прысвечаная яго першая кніга “Творчае пабрацімства”, якая пабачыла свет у 1966 годзе, таксама атрымала яна развіццё і ў пазнейшых працах даследчыка: “Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя” (1972), “На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду: другая палавіна ХVII–ХVIII ст.” (1980) і “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў” (1982).
Навуковы і творчы даробак
Немалы талент даследчыка і спрактыкаванага архіўнага шукальніка выявіўся ў Адама Іосіфавіча на самым пачатку яго навуковай кар’еры: ужо ў 1962 годзе, працуючы ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве, ён адшукае там славуты “Полацкі сшытак” — зборнік спеваў і музыкі XVII стагоддзя, творы з якога сёння трывала ўвайшлі ў рэпертуар шматлікіх выканаўцаў старадаўняй беларускай музыкі. У тым самым 1962 годзе Адам Мальдзіс скончвае аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук БССР, у якім прапрацуе аж да 1991 года, у 1981 заняўшы пасаду загадчыка аддзела беларускай дакастрычніцкай літаратуры. У 1963 і 1986 гадах адпаведна ён абароніць кандыдацкую і доктарскую дысертацыі па тэмах “Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў другой палове ХІХ ст.” і “Заканамернасці развіцця беларускай літаратуры пераходнага перыяду (другая палова XVII-XVIII стст.)”. У 1990 годзе даследчыку было нададзена званне прафесара.
У 1991–1998 гадах Адам Мальдзіс быў дырэктарам Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны — дзяржаўнай адукацыйнай установы, якая займалася даследаваннем гісторыі беларускай культуры, распрацоўкай беларускай навуковай тэрміналогіі і пытаннямі выяўлення і вяртання беларускіх гісторыка-культурных каштоўнасцей, вывезеных у розныя часы за межы краіны. Таксама з таго часу і да 2005 года ён узначальваў Міжнародную асацыяцыю беларусістаў.
Акрамя навуковых і навукова-папулярных кніг, з-пад пяра даследчыка выйшла таксама гістарычная аповесць “Восень пасярод вясны”, прысвечаная падзеям сярэдзіны ХІХ стагоддзя на яго малой радзіме. Натхняльнікам гэтай кнігі быў Уладзімір Караткевіч, які, зрэшты, і сам спрабаваў узяцца за твор на падобную тэму пад назвай “Крыж Аняліна”, але саступіў свайму калегу. Ідэя аповесці ўзнікла яшчэ ў сярэдзіне 1960-х, а пабачыла свет яна ў 1984-м — у год смерці Караткевіча. З Адамам Мальдзісам іх звязвала шматгадовае цеснае сяброўства, таму не дзіўна, што яшчэ адна кніга, дзе Мальдзіс выступіў у якасці мемуарыста і біёграфа, была прысвечаная акурат гэтай асобе — “Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” з’явілася ў 1990 годзе і вытрымала некалькі перавыданняў, зрабіўшыся ці не найпапулярнейшым творам сярод аматараў і даследчыкаў творчасці і жыццёвага шляху пісьменніка.
Памяць пра сяброўства
Зразумела, што такія нястомныя і захопленыя даследчыкі і папулярызатары беларушчыны, як Адам Мальдзіс і Уладзімір Караткевіч, не маглі не разумець усёй важнасці захавання самых розных гістарычных крыніц і артэфактаў нашай культуры. Сёння ўжо можна сказаць, што і самі яны, іх біяграфіі ды творы таксама застануцца часткай гэтай спадчыны. Аб захаванні сведчанняў пра ўласнае жыццё ды ўзаемаадносіны сябры паклапаціліся яшчэ пры жыцці — напаўжартам. Рэч у тым, што нават жылі ў Мінску сябры па суседстве — першым у 1967 годзе ў кватэру на вуліцы Веры Харужай засяліўся Караткевіч, а ўжо праз некалькі месяцаў жытло ў доме насупраць па вуліцы Чарвякова нейкім цудам атрымаў і Адам Мальдзіс. Ясна, такое суседства спрыяла таму, што сябры часта завітвалі адзін да аднаго ў госці.
З тых часоў у доме Мальдзісаў і захоўвалася “Амбарная кніга” — аднойчы Караткевіч, пабачыўшы гэты вялікі дыхтоўны сшытак, прапанаваў, каб у ім пакідалі свае аўтографы і ўражанні ўсе наведвальнікі дому Мальдзісаў. А паколькі найбольш блізкім ды частым госцем быў сам аўтар ідэі, то менавіта ягоныя эпіграмы ды замалёўкі найчасцей сустракаюцца на старонках кнігі — адных яго малюнкаў тут налічваецца з тры дзясяткі. Сярод іх — сяброўскія шаржы на паэтаў Рыгора Барадуліна і Сяргея Панізніка, літаратуразнаўцу Міколу Прашковіча і, вядома, на самога сябе. Пакінулі свой след у “амбарнай кнізе” і многія іншыя госці дому Мальдзісаў — літаратары, навукоўцы, дзеячы мастацтва.
У лістападзе 2020 года Адам Мальдзіс перадаў “Амбарную кнігу” на захаванне ў Беларускі дзяржаўны музей літаратуры і мастацтва, а неўзабаве тут адкрылася і выстава «Па старонках “Амбарнай кнігі”», на якой можна пабачыць сорак яе старонак з вершамі і малюнкамі, выкананымі Уладзімірам Караткевічам, — пабачыць гэтае цікавае сведчанне сяброўства двух выдатных творцаў можна ў сценах архіва яшчэ і сёння. Дакументы са свайго асабістага архіву Адам Мальдзіс перадаваў у БДАМЛіМ і раней, яшчэ пачынаючы з 1984 года. З часам яны склалі яго асабісты фонд № 327, які налічвае дзвесце пяцьдзясят спраў. Акрамя таго, у бібліятэку архіва-музея ён таксама перадаў некалькі соцень кніг, прычым многія з іх — з дароўнымі надпісамі альбо экслібрысамі.
Адам Мальдзіс пры жыцці быў сапраўдным захавальнікам і абаронцам нашай гісторыка-культурнай спадчыны, валодаў фенаменальнымі ведамі ў беларусістыцы і натхняў многіх навукоўцаў і творцаў новых пакаленняў на новыя пошукі і даследаванні, многім падказваў новыя ідэі і кірункі для работы па вывучэнні нашай культуры. Дзякуючы багатаму навуковаму ды творчаму даробку, які пакінуў па сабе Адам Іосіфавіч, хочацца спадзявацца, што яго ідэі ды адкрыцці будуць і далей даваць штуршок новым пакаленням літаратуразнаўцаў, гісторыкаў літаратуры і іншых даследчыкаў беларушчыны ў іх будучай дзейнасці. І, вядома, не варта забывацца, што вялікую ўвагу Адам Мальдзіс надаваў выбудове міжнародных даследчыцкіх сувязяў і пошуку за межамі Беларусі дакументаў ды артэфактаў нашай гісторыі і культуры, якія ў розныя часы ў выніку шматлікіх войнаў трапілі ў архіўныя ці музейныя сховішчы іншых краін. Працягваць руплівую працу па выяўленні і вяртанні гэтых аскепкаў беларускай спадчыны далей давядзецца нам.