Уструктуру акадэміі ўваходзяць 5 факультэтаў і 18 кафедраў, спецыялісты вышэйшай адукацыі рыхтуюцца па 14 спецыяльнасцях і 28 накірунках — гэта ахоплівае ўсе віды дзейнасці прафесійнага музыканта ў сферы акадэмічнага музычнага мастацтва. Таксама вядзецца падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі па дзвюх спецыяльнасцях аспірантуры і дактарантуры. Разнастайныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых рэалізуюцца на падрыхтоўчым аддзяленні і на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.
Па стане на 30 чэрвеня 2021 года ў акадэміі навучаліся 896 студэнтаў. У мінулым навучальным годзе адукацыю атрымліваў і 141 замежны студэнт (136 — з Кітайскай Народнай Рэспублікі, 6 — з Расійскай Федэрацыі), на падрыхтоўчым аддзяленні было 92 слухача з ліку грамадзян КНР. Пра запатрабаванасць і прэстыжнасць адукацыі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыцы гаворыць і конкурс пад час уступнай кампаніі. Гэты год не стаў выключэннем: на дзённую форму за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту быў залічаны 141 студэнт (100 % ад кантрольных лічбаў прыёму).
Адно з галоўных дасягненняў акадэміі за яе амаль 90-гадовую гісторыю — захаванне ўнікальнай сістэмы музычнай адукацыі, заснаванай на прынцыпах пераемнасці. На заканадаўчым узроўні Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь была падтрымана ідэя па арганізацыі навукова-адукацыйна-творчага кластара ў галіне прафесійнай музычнай адукацыі — 11 жніўня 2021 года быў падпісаны загад міністра культуры, якім былі зацверджаны Палажэнне аб кластары і склад Савета па пытаннях прафесійнай музычнай адукацыі.
Важная частка дзейнасці Акадэміі музыкі — рэалізацыя комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне і развіццё здольнасцей таленавітай моладзі. Правядзенне творчых спаборніцтваў — адзін з элементаў такой дзейнасці. Так, у 2020/2021 навучальным годзе ў акадэміі прайшло 5 значных конкурсаў — Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў фартэпіяннай музыкі, Рэспубліканскі адкрыты конкурс вакалістаў імя С. Манюшкі, Конкурс харавой аранжыроўкі музыкі акадэмічных жанраў, VII Адкрыты кафедральны конкурс камерных ансамбляў імя Ю. Корсака, Адкрыты конкурс фартэпіянных дуэтаў. Якасць атрыманай адукацыі дазваляе студэнтам перамагаць у конкурсах міжнароднага статусу — у мінулым навучальным годзе студэнты Акадэміі музыкі заваявалі 263 узнагароды на міжнародных і рэспубліканскіх творчых (навуковых) конкурсах.
У спісе буйных творчых праектаў 2021 года — IV Міжнародны Велікодны фестываль, праведзены сумесна з Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Фестывалю садзейнічалі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Велікодны фестываль накіраваны на прапаганду дасягненняў беларускай выканальніцкай школы і папулярызацыі творчасці выкладчыкаў і прадстаўнікоў таленавітай моладзі, якія ярка праявілі сябе ў педагагічнай і творчай дзейнасці. Асаблівасцю сёлетняга фестывалю стаў новы вопыт удзелу ў рэжыме анлайн творчых калектываў з навучальных устаноў — партнёраў Беларускай акадэміі музыкі з Грузіі, Расіі і Сербіі.
У чэрвені 2021 года ўпершыню быў рэалізаваны незвычайны міжнародны праект “Дзень домбры ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі”, арганізаваны пры садзейнічанні Пасольства Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь. У рамках праекта быў падпісаны Дагавор аб двухбаковым супрацоўніцтве з Казахскай нацыянальнай кансерваторыяй імя Курмангазы.
У навучальным годзе 2020/2021 прайшло 5 міжнародных навуковых канферэнцый, упершыню — Студэнцкая навуковая канферэнцыя-конкурс (з міжнародным удзелам), у якой выступілі звыш 80 студэнтаў і магістрантаў акадэміі і замежных навучальных устаноў, а таксама навучэнцы каледжаў Рэспублікі Беларусь.
Адна з прыярытэтных задач дзейнасці акадэміі — выхаванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі моладзі. Сёлета праходзіць цыкл мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, прымеркаваных да Года народнага адзінства. Сярод замежных ВНУ Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі мае высокі аўтарытэт як перспектыўны партнёр у сферы ажыццяўлення адукацыйных і творчых мерапрыемстваў: пра гэта сведчаць 77 дзейных двухбаковых дагавораў аб супрацоўніцтве. Толькі ў мінулым навучальным годзе было падпісана 7 новых дагавораў — з установамі вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі ўваходзіць у міжнародныя арганізацыі, сярод якіх Еўрапейская асацыяцыя кансерваторый, музычных акадэмій і вышэйшых школ музыкі (AEC), Сусветная асацыяцыя цымбалістаў (CWA), Еўрапейская асацыяцыя педагогаў фартэпіяна (EPTA), Міжнароднае музыказнаўчае таварыства (IMS), Арганізацыя па міжнародным супрацоўніцтве ў сферы культуры (NICA).