Са снежня 2018 года школу ўзначаліла Наталля Казіміраўна Гобрык. Сёння ў школе працуюць аддзяленні фартэпіяна, народных і духавых інструментаў, а таксама вакальна-тэарэтычнае і эстраднае. Сёлета магчымасць займацца творчасцю з педагогамі музычнай школы з’явіцца ў вучняў самай маладой навучальнай установы Баранавічаў — сярэдняй школы № 1 імя С.І. Грыцаўца.
Вось ужо некалькі гадоў у школе паспяхова функцыянуе і самаакупляецца студыя, дзе навучыцца спяваць або іграць можа любы жадаючы, незалежна ад узросту. У 2017 годзе адкрылася група ранняга развіцця «Вясёлыя ноткі». А з 2020 года для самых маленькіх таксама працуе студыя ранняга развіцця «Крош», у якой займаюцца дзеці чатырох-пяці гадоў. У комплекс навучання ўваходзяць заняткі з лагапедам, педагогамі па англійскай мове, музыцы і харэаграфіі. У бліжэйшых планах школы — адкрыццё музычна-тэатральнай студыі «Рэпрыза».
Яркім праектам школы стаў Міжнародны фестываль-конкурс эстраднай і джазавай музыкі «Brаnd-new Jazz». Упершыню ён праходзіў у красавіку 2019 года. Непасрэднымі ўдзельнікамі фестываля-конкурса сталі больш за шэсцьсот чалавек з сямі краін. Сёлета конкурс праходзіў дыстанцыйна. Удзел у ім узялі больш за дзвесце дваццаць канкурсантаў з дзевяці краін.
У канцэртным жыцці школы прымаюць актыўны ўдзел больш за дваццаць розных інструментальных і вакальных творчых калектываў. Сярод іх — эстрадныя ансамблі «Фаэтон», «Jazz Clinic», вакальныя групы «Спяваначкi», «Блакiт», «Па тармазах», ансамбль гітарыстаў «Класіната», ансамбль «Вясёлка» і іншыя.
Гонарам і візітнай карткай школы з’яўляюцца творчыя калектывы з ліку выкладчыкаў школы, якія шырока вядомыя ў горадзе і рэспубліцы: народны эстрадна-джазавы ансамбль «Паноптыкум», народны ансамбль старадаўняй музыкі «Контрданс», фальклорны ансамбль “Крыніца натхнення”, джаз-дуэт «Black and white».
Высокія вынікі, якія дэманструе школа, шмат у чым дасягнуты дзякуючы вялікаму досведу і высокаму прафесійнаму майстэрству настаўнікаў. У школе працуе цэлае сузор’е крэатыўна думаючых і глыбока адданых мастацтву выкладчыкаў, якія бязмежна любяць дзяцей. Гэта якасны і стабільны педагагічны калектыў, які пастаянна развіваецца і дорыць вучням сваю любоў і веды.
Юныя музыканты годна абараняюць прафесійны гонар горада і школы на прэстыжных конкурсах і фестывалях. Заслугі трынаццаці асабліва таленавітых навучэнцаў былі адзначаныя заахвочваннямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. За пяць гадоў было заваявана больш за трыста узнагарод міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных конкурсаў.
За трыццаць тры гады гісторыі школы пасведчанне аб яе заканчэнні атрымалі больш за паўтысячы выпускнікоў. Многія працягнулі атрымліваць адукацыю ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь, звязалі сваё жыццё з мастацтвам і педагагічнай дзейнасцю.