— Спадарыня Таццяна, ці можа, на вашу думку, кніга Уладзіміра Садоўскага “1813” быць скарыстаная ў вашай працы для папулярызацыі асобы Агінскага?
— Не! Ужо сама вокладка кнігі прымусіла мяне ўздрыгануцца. Партрэту Агінскага, які намаляваў Франсуа Ксаўе Фабр, мясцовы афарміцель надаў “выразнасці”, аздобіўшы выяву кампазітара скрываўленым зубастым чэрапам і пісталетам. А потым было знаёмства з тэкставымі ўрыўкамі, змешчанымі ў сеціве. У час шпацыру па ваколіцах Маладзечна Агінскі патрапляе на зледзянелыя трупы французскіх салдат. Адзін з іх нават спрабуе ўхапіць яго за крысо вопраткі, але Агінскі, ахоплены ўспамінамі, таго нават не заўважае. У гэты момант ён згадвае, як пісаў ліст да жонкі: “Памятаеш, як я хлапчуком прабраўся туды [гаворка пра стайню ягонага дзядзькі Францішка Ксаверыя Агінскага, уладальніка Маладзечна ў 1783 — 1813 гадах], скраў лепшага варанога скакуна і лётаў па сенажаці, ловячы рукамі вецер? А потым атрымаў такіх бізуноў, што хадзіць тыдзень не мог”.
— Што менавіта вас уразіла ў гэтым урыўку?
— Арыстакрат, нашчадак Рурыкавічаў, выхаваны імператарскім гувернёрам з Вены, найбагаты спадкаемец роду, ён ужо ва ўзросце чатырох гадоў прысутнічаў на прыёмах і гутарыў з каралём Рэчы Паспалітай — і раптам “атрымаў бізуноў”! Ды хто ж адважыцца ўзняць на яго руку? Прыгонныя па вызначэнні не маглі біць свабодных людзей. Застаецца дзядзька… Але ж ён не мог апусціцца да такой ганьбы роду перад грамадой! Гэта першае. А па-другое, ёсць тут храналагічнае несупадзенне.
— Патлумачце.
— Калі Агінскі “быў хлапчуком”, а гэта 1770-я, ягоны дзядзька Францішак Ксаверый жыў не ў Маладзечне, а ў Вільні. А тую сядзібу, дзе Міхал Клеафас нібыта каня скраў, ягоны дзядзька атрымаў толькі ў 1783 годзе паводле запавету пасля смерці свайго бацькі князя Тадэвуша. Міхалу Клеафасу на той момант было 18 гадоў, ён пачаў удзельнічаць з пасяджэннях сейму ў Варшаве ў якасці вольнага слухача і каментатара. Так ён набываў палітычны вопыт.
А калі Агінскі насамрэч быў хлапчуком, дык ён жыў у бацькоўскім палацы пад Варшавай, і выхоўваў яго згаданы імператарскі гувернёр Жан Рале на працягу 11 гадоў — з 6 да 17. Хлопчык спецыялізаваўся на напісанні навуковых трактатаў на замежных мовах, а некаторыя прадметы яму выкладалі каралеўскія прыдворныя. Малаверагодна, каб Міхал Клеафас мог ездзіць з Варшавы ў Маладзечна пагасціць у дзядзькі. Па тым часе гэта надта далёка. Да ўсяго, далёкай, чатырохюраднай, яму тая радня. Кантактаў з ёй Агінскі не падтрымліваў. Так што ён ніколі не жыў у Маладзечне — ні да 1813 года, ні пасля. У мемуарах ён піша: “…я пакінуў Пецярбург 28 красавіка 1802 года, маючы намер адасобіцца назаўсёды са сваёй сям’ёй у адной з вёсак паблізу Вільні, жыць там незалежна і займацца толькі справамі майго дома…” З родным дзядзькам, уладальнікам Маладзечна, ён меў непрыязныя і няпростыя стасункі. Пра гэта ён таксама піша ў сваіх мемуарах. Вайну 1812 года Міхал Клеафас правёў у Пецярбургу пры імператары Аляксандры І, а па вясне з’ехаў у Італію. Ягоная жонка Марыя была цяжарная трэцяй дачкой і мела намер нарадзіць дзіця ў Заходняй Еўропе...
Мяркую, калі наогул брацца за тое, каб пісаць пра Агінскага, варта пачытаць ягоныя мемуары. Яны, дарэчы, ёсць у продажы ў нашым музеі. Пяць гадоў таму мемуары былі перакладзены часткова Вольгай Рамановіч, а летась — цалкам некалькімі перакладчыкамі. Калі ж падлеткі будуць знаёміцца з асобай Агінскага выключна праз кнігу “1813”, дык праз які год у наведвальнікаў нашага музея з ліку гэтых чытачоў будзе да экскурсаводаў адно пытанне: дзе тут Агінскі зомбі ганяў?
— Урэшце, прыгодніцкая літаратура больш запатрабаваная, чым мемуарная.
— Я за развіццё і ўзбагачэнне беларускай літаратуры новымі відамі і жанрамі, у тым ліку і фантазійнымі. Сама ўжо амаль скончыла пісаць навукова-папулярную аповесць пра дзяцінства Міхала Клеафаса Агінскага пад назвай “Жан Рале”, заснаваную на шматлікіх дакументальных звестках і ўспамінах самога Агінскага. Калі гаворка заходзіць пра тое, што трэба папулярызаваць уласную гісторыю, дык звычайна ў якасці станоўчага прыкладу згадваюць творы Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Чорны замак Альшанскі”. І было б някепска, каб сучасныя аўтары арыентаваліся менавіта на такую якасць. Да ўсяго, Караткевіч не ўказваў, дзе канкрэтна размяшчаўся Альшанскі замак, і тым самым пазбегнуў спрэчак з літаратурнымі крытыкамі, гісторыкамі. Тое ж варта было рабіць і аўтару “1813”. Вось Садоўскі піша, што Міхал Клеафас жыў у Маладзечна ў родавым замку князёў Агінскіх, хоць сучаснікі называлі ўладанне замкам князёў Збажанскіх. А родавыя рэзідэнцыі Агінскіх былі пабудаваныя, у асноўным, вакол паселішча Агінты паміж Вільняй і Трокамі, і там шмат што ацалела да сённяшняга дня. Маладзечанскі замак перайшоў у рукі Міхала Клеафаса толькі ў 1814 годзе, пасля смерці дзядзькі. Нам трэба прызвычайвацца да таго, што гісторыя магнацкіх рэзідэнцый — гэта дакладная навука.
Уладзімір Садоўскі пазіцыянуе сябе як закладальнік новай плыні ў беларускай літаратуры — зомбі-хорару. Калі ж засяроджвацца не на тэрміналогіі, а на сутнасці, дык нічога новага ў тым няма — звычайная страшылка кшталту тых, пра ўсялякіх нячысцікаў, якімі ў беларускіх вёсках у доўгія вечары страшылі непаслухмяных дзетак. Аўтар “1813” лічыць, што з дапамогаю такога жанру ён зробіць папулярным сярод чытачоў вобраз Міхала Клеафаса Агінскага і да таго ж прасуне наперад беларускую літаратуру. Па мне, няхай піша свае страшылкі, але не закранаючы Агінскага. Хаця ажылыя мерцвякі і шкілеты ўжо настолькі збіты вобраз…
— Але ж без такога галоўнага героя сама кніга губляе сэнс. Вы ўвогуле супраць таго, каб падобнага роду літаратура своеасабліва трактавала гістарычнае аблічча нацыянальных герояў?
— Каб на ролю змагара з мерцвякамі быў абраны нехта іншы, не ўзнікла б увогуле ніякіх пярэчанняў. Ёсць легендарныя постаці, пра якіх мала што вядома канкрэтна. Іх жыццяпіс складаецца, у асноўным, з домыслаў і ўсялякіх версій — ад цалкам верагодных да абсалютна фантастычных. Тут для пісьменніка шырокае фантазійнае поле. Але што да Агінскага, пра якога ў юбілейны год было столькі напісана… З’явіліся даследаванні ягонай біяграфіі, творчай спадчыны, палітычнай і дыпламатычнай дзейнасці, удзелу ў касцюшкаўскім паўстанні і эміграцыі, знойдзены звесткі пра яго продкаў і нашчадкаў, пераклады мемуараў на рускую і часткова на беларускую мовы. Паколькі жыццё Агінскага даволі падрабязна задакументавана, нельга адвольна пераносіць яго ў месцы, дзе ён прынцыпова не мог быць, і надаваць яму неўласцівыя ягонай асобе рысы і функцыі. Ну і выбар выдатнага кампазітара і грамадскага дзеяча на ролю пагромшчыка мерцвякоў у ваколіцах Маладзечна выглядае местачковым патрыятызмам. Бо дзейнасць Агінскага насамрэч была куды больш маштабнай. Гэта постаць з агульнаеўрапейскага пантэона.
(Артыкул Тараса Тарналицкага, што і стаў нагодай для дыскусіі, чытайце тут.)