Срэбра памяці

№ 8 (353) 01.08.2012 - 31.08.2012 г

«Паралельныя светы» Ірыны і Генадзя Шутавых

/i/content/pi/mast/59/999/14.jpg
Генадзь Шутаў. Мінулае. Чужыя лёсы. Папера, акварэль. 2012.
Творчыя лёсы Ірыны і Генадзя Шутавых аб’яднаныя адным сямейным шляхам, але відавочная блізкасць іх духоўных прынцыпаў зусім не перашкаджае адметнай самабытнасці двух мастакоў.

У кожнага з іх свая прастора, па-рознаму сфарміраваная і структураваная, з уласцівымі ёй прыярытэтамі вобразнасці. Мастацтва не прымае аднастайнасці і падабенства, магчыма таму ў адпаведнасці з індывідуальным тэмпераментам абое абралі для рэалізацыі сваіх ідэй не толькі адметныя тэхнікі, але і розную стылістыку жывапісу. Генадзь Шутаў — акварэль і арыентацыю на пластычную дасканаласць формы, а Ірына — жывапісную экспрэсію, акварэль, алей і ўсялякія варыянты змешанай тэхнікі.

Шутавы разыходзяцца не толькі ў выбары матэрыялу. Калі для Генадзя на працягу шэрага гадоў вядучай тэмай застаецца нацюрморт, то Ірына часцей звяртаецца да тэматычнай кампазіцыі, партрэта і абстракцыі. Неаднолькавыя і плоскасці існавання іх вобразаў, выразны поліфанізм якіх у Генадзя моцна адрозніваецца ад пранікнёнага і шчымлівага «сола» ў Ірыны. Кожны па-свойму будуе і дыялог з гледачом: Генадзь чакае ад яго спакойнага, паглыбленага сузірання, для Ірыны ж больш істотная настроенасць гледача на эмацыянальнае суперажыванне. Можна было б і далей параўноўваць, шукаць і падкрэсліваць адрозненні паміж гэтымі мастакамі. Але ж ці гэта важна? «Галоўнае, — удакладняе Ірына, — што мы разам, разумеем адно аднаго і абое займаемся любімай справай. І ў гэтым шчасце».

Яны аднагодкі, з таго шматпакутнага даваеннага пакалення дзяцей, што зведалі ўсе жахі Вялікай Айчыннай. Ураджэнец горада Запарожжа, што на Украіне, Генадзь апынуўся ў Віцебску толькі ў 1946 годзе — разам з маці, карэннай віцяблянкай. Праз дзесяць год ён ужо трымаў іспыты ў Віцебскае мастацка-графічнае педвучылішча. З гэтай жа навучальнай установай звязаны і пачатак творчага шляху ў Ірыны, якая прыехала паступаць сюды з Верхнядзвінска. А паколькі Генадзя ўзялі адразу на другі курс, то скончылі вучэльню яны з розніцай у адзін год. Ужо значна пазней Ірына Шутава працягнула навучанне на факультэце тэорыі і гісторыі мастацтваў Ленінградскага мастацкага інстытута імя Ільі Рэпіна, а Генадзь — у Маскоўскім паліграфічным інстытуце, тым самым канчаткова замацаваўшы свае прафесійныя прыхільнасці. Ірына працяглы тэрмін працавала ў Міжсаюзным доме самадзейнай творчасці, шэрагу іншых устаноў культуры і адукацыі, апекавала народную культуру і мастацтва наіўных мастакоў. Актыўна займацца жывапісам, экспанаваць свае творы на выставах пачала толькі ў 1980-я гады. Генадзь жа доўгі час працаваў у Віцебскіх мастацкіх майстэрнях, апантана і сур’ёзна займаўся творчасцю, ладзіў выставы. Да сённяшняй манеры акварэльнага пісьма, філасофскіх і канцэптуальна вывераных кампазіцый Генадзь Шутаў прыйшоў не адразу — пачынаючы ад натурнага жывапісу, праз рамантычную паэтыку і стылістыку «суровага стылю», пошукі і эксперыменты сямідзясятых гадоў. Нягледзячы на вонкава «зразумелае» рэалістычнае пісьмо, мастак, здаецца, заўжды быў нонканфармістам, шукаў глыбіннае і сваё. Менавіта на гэтым шляху ён здолеў знайсці тую манеру, у якой адчуваецца не толькі майстэрства выдатнага графіка і вытанчанага каларыста, але і грунтоўнае веданне традыцый класічнага мастацтва і эксперыментальнай практыкі авангарда. Сёння творчасць Генадзя Шутава — заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у развіццё сучаснага выяўленчага мастацтва (2011) — добра вядома не толькі прафесіяналам, але і ўсім аматарам акварэлі. Як і шматпластовая, арыгінальная тэхніка жывапісу ў яго нацюрмортах, якія даўно сталі адной з візітных картак віцебскай школы акварэлі.

У другой палове 1990-х—2000-я гады ў творчасці Ірыны і Генадзя Шутавых з’яўляюцца вобразы, звернутыя да мінулага, напоўненыя ўспамінамі і настальгіяй па перажытым. Творы гэтага накірунку склалі аснову і сталі дамінантай у экспазіцыі выставы пад назвай «Паралельныя светы мастацтва», што была разгорнута ў Віцебскім мастацкім музеі. Безумоўна, гэта не першая сумесная экспазіцыя Шутавых. Пад аналагічнай назвай праект упершыню стартаваў у віцебскім Арт-цэнтры Марка Шагала ў 2004 годзе, а праз два гады быў прадстаўлены ў выставачнай зале Міністэрства замежных спраў у Мінску. Сёлетні паказ у Віцебску ў значнай ступені складзены з работ, напісаных пасля 2006 года — часу пераезду сям’і з Віцебска пад Мінск.

Творы Генадзя Шутава часцей спыняюць погляд на візуальнай эстэтыцы і вытанчанай пластыцы аб’ектаў, а ў працах Ірыны гучыць шчырая споведзь, роздум пра ўбачанае і перажытае. Тут ёсць месца марам і снам мастачкі, духоўным праблемам і проста бытавым сцэнам, асэнсаванню лёсаў блізкіх, а часам і зусім незнаёмых людзей. У шэрагу кампазіцый Ірыны ўвасобілася значная для яе тэма «Мастак і яго свет».

/i/content/pi/mast/59/999/15.jpg
Ірына Шутава. Мастачка і карціна. Частка трыпціха. Кардон, змешаная тэхніка. 2004–2011.
Адзін з цэнтральных вектараў творчасці Шутавай — памяць. Тэматычна шматгранныя кампазіцыі мастачкі звернуты да самых дарагіх успамінаў дзяцінства, разважанняў пра былое (серыя «Выспы майго дзяцінства», 2011). У «Каляровых снах дзяцінства» Ірына прадстаўляе сапраўдны вольны і часам амаль стыхійны калейдаскоп з урыўкаў вобразаў, арнаментальных элементаў ці падкрэслена жывапісных абстрактных форм. У дынамічнай прасторы кампазіцый нярэдка можна ўбачыць умоўныя графічныя выявы людзей, птушак, постаці анёлаў. Недагаворанасць і таямнічасць заклікаюць гледача да сутворчасці ў пабудове сюжэтнай лініі, эмацыянальна выразнага вобраза. Немагчыма не заўважыць відавочнага ўплыву народнай культуры, што праяўляецца ў неардынарнасці і самабытнасці мастацкага мыслення, шчырасці і адкрытасці творцы.

Працы Ірыны разнастайныя па стылістыцы і тэхніцы выканання. Эфектныя гульні з плямамі і фактурамі, рытмам, эксперыменты з пластыкай надаюць яе працам выразны і экспрэсіўны выгляд. У шэрагу работ умоўна фігуратыўная графіка ўдала спалучаецца з дынамічнай гульнёй жывапісных фактур. Невыпадкова і ў назвах кампазіцый сустракаюцца словазлучэнні «паркалёвыя», «лапікавыя дываны», звяртаючы ўвагу гледача на мазаічны, множны і фрагментарны характар створаных выяў. Нярэдка мастачка выкарыстоўвае тэхніку калажу і гратажу — накладвае элементы ці прадрапвае маляўнічы пласт, тым самым узбагачаючы рытміку сваіх кампазіцый.

У творчасці Генадзя Шутава ў 2006 годзе з’явілася цэлая нізка кампазіцый «На фоне “Жывапісу старога срэбра” Ірыны Шутавай» — тут прыводзіцца назва серыі, напісанай Ірынай яшчэ ў 2003-м. Гэта была не проста імправізацыя на адну і тую ж ці блізкую тэму. Увагу Генадзя прыцягнулі новыя фактуры і асабліва такі матэрыял, як фольга. Але выкарыстанне фольгі (у натуральным выглядзе ў калажы Ірыны і намаляванай — у творах Генадзя) — гэта не толькі агульнае захапленне незвычайнай бліскучай серабрыстай паверхняй тонкай металічнай паперы. У творах абодвух мастакоў важным з’яўляецца вобразна-пластычнае пераасэнсаванне гэтага матэрыялу, які паўстае яшчэ і як своеасаблівы знак імітацыі, сімвал ірэальнасці, бліскучага мінулага, пакрытага пацінай часу (Ірына Шутава — серыя «Жывапіс старога срэбра», 2003; Генадзь Шутаў — «Убраныя ў фольгу», 2010, кампазіцыі 1,2,3).

Размова з часам, як і імкненне адчыніць акно ў мінулае, для Генадзя Шутава тэмы знакавыя. Серыі яго акварэлей нярэдка запоўнены велізарнай колькасцю старадаўніх рэчаў. Разглядаючы нацюрморты мастака, бачыш у іх, паводле Райнера Марыі Рыльке, «вялікае заспакаенне рэчаў, якім няма куды спяшацца».

Нярэдка ў сваім «тэатры рэчаў» Шутаў вельмі ўдала аб’ядноўвае ў адной кампазіцыі прадметы, падкрэслена розныя па матэрыяле і пластыцы, акцэнтуючы тым самым арыгінальнасць аўтарскай ідэі («Непатрэбныя ключы» з серыі «Мой тэатр рэчаў»). Уражвае дасканала прапрацаваная форма прадметаў з па-майстэрску перададзенай гульнёй святла на металічных, шкляных, керамічных паверхнях, на скамечанай паперы, на вытанчаных па форме сухіх і жывых кветках.

У творах Шутава кветкі — перш за ўсё алегорыя душэўных пачуццяў. Але прадстаўленыя ў акварэлях мастака жывыя і засушаныя, складзеныя ў букеты, яны з’яўляюцца не проста эквівалентам «прыгожага», а нясуць у сабе больш глыбокі сэнс. Своеасаблівая і даволі арыгінальная, спецыфічна шутаўская тэма —прыдуманыя букеты. Гэтым нацюрмортам уласцівы канцэптуальнасць і фантазійнасць, своеасаблівая паэтыка, што пераносіць нас у свет нюансаў, пачуццяў і колеру... Туды, дзе пануе адвечнае, якое, паводле трапнага выразу Германа Гесэ, і ёсць «царства сапраўднага».

Выстава засведчыла відавочнае: двух вонкава вельмі разнапланавых мастакоў аб’ядноўваюць неардынарнае ўспрыняцце рэчаіснасці, глыбіня пранікнення ў вобразнасць, вытанчанае стаўленне да колеру і добры густ. Нягледзячы на глыбока рэалістычную манеру Генадзя і экспрэсіўна-абстрактную — Ірыны, яны абое ў мастацкіх вобразах увасабляюць не столькі матэрыю, колькі дух — як своеасаблівы від энергіі, сканфігураваны імі па індывідуальных вобразных лякалах. Абаіх збліжае прага злавіць кароткае імгненне, якое занатоўвае мінулае і набліжае нас да вечнасці, знайсці той адзіны пункт гледжання, які прыадчыняе нам таямніцы светаўладкавання.

Міхась Цыбульскі