Разам з Шагалам да нябёсаў

№ 8 (353) 01.08.2012 - 31.08.2012 г

Інсіта ў Віцебску

/i/content/pi/mast/59/997/8.jpg

Андрэй Кандрацюк (Беларусь). Поўня. Пастэль. 2011.

ІV Нацыянальная выстава наіўнага мастацтва «Іnsita-2012» была прымеркавана да 125-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала і аказалася першым мерапрыемствам, з якога распачалося святкаванне юбілею славутага віцябляніна ў яго родным горадзе. Своеасаблівым эпіграфам да выставы стала карціна Антаніны Майсеевай «Сустрэча Бэлы і Марка». Аўтарка намалявала закаханых на фоне віцебскай панарамы двойчы: праілюстравала іх сустрэчу на мосце цераз Дзвіну (паводле ўспамінаў Бэлы) і аднавіла «палёт над горадам» на падставе карціны самога мастака. Рэальнае і фантазійнае супалі ў часе і прасторы.

Гэты твор, змешчаны на рэкламным бігбордзе, нагадаў жыхарам пра артыстычныя традыцыі Віцебска, здатныя прыцягваць гасцей з іншых гарадоў і краін. Праект практычна перарос у міжнародны: акрамя 56 беларусаў у ім прынялі ўдзел 23 мастакі з блізкага замежжа. Экспазіцыя ахапіла выставачныя залы Музея Марка Шагала, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея ды Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці — ініцыятара праекта.

Спадчына Шагала асабліва прыцягальная для непрафесійных мастакоў, бо ён быў адным з першых творцаў, што заваявалі прызнанне, мінаючы акадэмічны канон. На пачатку ХХ стагоддзя ў артыстычных колах адбылося эстэтычнае асэнсаванне феномена архаічнага мастацкага мыслення ў першабытнай і пазаеўрапейскай культурах, народнай і дзіцячай творчасці, а таксама ў творчасці мастакоў-самавукаў, якія атрымалі назву «сучасных прымітываў». Абагульненая мастацкая мова, якая нясе ў сабе архетыповыя вобразы, ужывалася ў тагачаснай практыцы дзеля абнаўлення традыцыі.

Праблема суадносін узораў мастацтва прымітыву (архаічнага, дакласічнага) і прымітывізму (посткласічнага, скіраванага на стылізацыю архаікі) у другі раз выступае як аснова канцэпцыі праекта «Іnsita» ў Віцебску, што, па сутнасці, мае перспектыву стаць адметнай рысай і вылучыць праект сярод іншых выстаў наіўнага мастацтва. Тэндэнцыя збліжэння самабытнага прымітыву і артыстычнага прымітывізму характэрна для сённяшняга стану культуры, калі яе высокія і нізавыя пласты прыцягваюцца і ўзаемадзейнічаюць. Пачынаючы ад Анры Русо творчасць усіх найбольш знакамітых самавукаў звычайна развіваецца побач альбо ў непасрэдным кантакце з авангардным мастацтвам. Такое суіснаванне дае магчымасць найбольш чулым і адкрытым да ўплываў асобам пераходзіць мяжу ўласнай суб’ектыўнасці, з прымітываў пераўтварацца ў прымітывістаў.

Любімы Шагалам матыў палёту стаў асновай для смелых інтэрпрэтацый віцяблянак Маргарыты Сайфугаліевай і Антаніны Майсеевай. У краявідзе «Поўня» брэстаўчаніна Андрэя Кандрацюка вобразы каровы і сабак, супастаўленыя з нябеснымі свяціламі, набылі планетарнае гучанне. Найбольшае захапленне выклікалі яго пастэльныя пейзажы ўласнай сядзібы, напоўненыя прамяністым святлом. Магіляўчанін англійскага паходжання Пітэр Хіксан паказаў цыкл работ пра жыццё сучаснікаў, дзе ўрбаністычная паўсядзённасць мае характар рамантычнага эпасу часоў глабалізацыі.

Музей наіўнага мастацтва Масквы прывёз жывапіс сямнаццаці аўтараў са сталіцы ды іншых гарадоў Расіі. Сярод разнастайных па жанрах і стылях твораў вылучаліся характэрныя ўзоры народнага прымітыву: арнаментальна-казачныя вобразы Таццяны Елянок, Аляксандры Паповай, лубочна-дыванковыя кампазіцыі Аляўціны Пыжовай, Вячаслава Хахлова, Барыса Праўдзіна, Стэфаніі Базыленка, жывапісна-экспрэсіўныя працы Таісіі Швяцовай і Аляксандры Рыжовай.

Найбольшую ўвагу прыцягвалі дзве працы самага значнага непрафесійнага творцы другой паловы ХХ стагоддзя Паўла Лявонава. Яго талент быў заўважаны мастаком расійскага андэграўнду Міхаілам Рагінскім, які ў 1970-я выкладаў у Завочным народным універсітэце мастацтваў. Карціны Лявонава вылучаюцца шматсюжэтнасцю: палатно, як правіла, падзелена на некалькі радоў, дзе фрызападобна разгортваецца аповед, а раслінны бардзюр па перыметры збірае ўсё ў адзіную кампазіцыю. Мастак своеасабліва спалучае гістарычных герояў, ідылічныя мроі пра сацыяльную роўнасць і падзеі ўласнай біяграфіі.

Карціны «Паша — франтавічка» і «Партрэт маці» Уладзіміра Аносава з Масквы пераасэнсоўваюць плакатнае мастацтва, што набліжае творцу да канцэптуальнай практыкі, але замест здзеку ды іроніі на паверхню нечакана выходзіць эпічнае перажыванне савецкай гісторыі. Аўтар таксама вучыўся ў Завочным народным універсітэце мастацтваў і дзякуючы парадам настаўніка Мікалая Ратанава выпрацаваў свой «народны» варыянт сацарту, у якім пануе кантрасны лакальны колер і тэкст пераўтвараецца ў дэкаратыўны арнамент. Доктарка па прафесіі, член Саюза мастакоў Расіі і Міжнароднай федэрацыі мастакоў Вольга Лабанава пачала займацца творчасцю ў 46 гадоў. Яе «Аўтапартрэт» вырашаны манументальна і разам з тым здзіўляе лёгкасцю і непасрэднасцю.

Сярод твораў латвійскіх мастакоў вылучаліся карціны Эдгара Крыгера пра жыццё балерын: гераіні прываблівалі ўнутранай неабароненасцю і пластычнай моцай цялесных форм. Жывапісная манументальнасць і эпічнасць краявідаў Іерусаліма Рахмаіла Якрына выдаюць сталы вопыт мастака, які выпрацаваў экспрэсіўна-абстрагаваны стыль. Андрыс Біезбардыс прадставіў серыю асамбляжаў. Ужыванне ўтылізаваных матэрыялаў набліжае яго творчасць да сучасных мастацкіх тэхналогій, аднак уменне распавесці пра надзвычайнае здарэнне і дзіцячая прага цуду надзейна ўтрымліваюць у межах прымітывізму. Антон Ляховіч з Літвы даслаў акварэльныя нацюрморты і пастэльныя краявіды наваколляў Трокаў.

У цэнтры экспазіцыі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея была размешчана інсталяцыя, якая ўмоўна аднаўляла прастору беларускага мястэчка. На яго цэнтральную плошчу (макеты Аляксандра Ермалаева) прыляцелі птушкі (Ліліі Макарэвіч) і прыўнеслі адчуванне цуду, сугучнага творчасці Шагала, а таксама эстэтыцы народнага свята. Разам з тым гэтая інсталяцыя стала метафарай усяго праекта, сабраўшага творцаў з Беларусі ды іншых краін. Птушак Лілія Макарэвіч пляце з каляровага дроту па энцыклапедычных даведніках, таму палова з іх мае экзатычнае аблічча. Аднак не забылася мастачка і пра пеўняў, кур, чапляў, буслоў і, канешне, аблюбаваных народам паваў, якія вельмі арганічна дапаўнялі краявіды квітнеючай прыроды, нагадваючы пра папулярныя ў ХХ стагоддзі маляваныя дываны.

Разнастайнасць матэрыялаў і нестандартнасць іх сумяшчэння з’яўляецца асаблівасцю мастацтва прымітыву. Разам з ідылічнымі краявідамі гродзенцаў Валянціны Волкавай, Дануты Цыбулька-Цвятніцкай, Лідзіі Шпектаравай, Валянціны Шышпаронак драцяныя птахі ўтваралі дадатковыя гульнявыя моманты накшталт дыярамных кампазіцый. Віцяблянін Леанід Саўчанка наўмысна ўпісаў макет сядзібы сваіх бацькоў у лясны пейзаж, і гэта надало яго кампазіцыі «Не забывайце старых» надзвычайную вастрыню. Рэльефы разьбяра Віктара Нікалаенкі з Рагачова дэманстравалі вынаходлівасць пластычных рашэнняў: спалучэнне картаграфічнага выяўлення прасторы з вышыні птушынага палёту і франтальных постацей герояў альбо аб’яднанне трох твараў у адзінай паўцыліндрычнай форме дрэва.

Артыстычнае культываванне традыцыі маляванак прадэманстравала мінская мастачка Вольга Ярэська. У карціне «Сваты прышлі» аўтарка скарыстала маляванку для стварэння ўрачыстага фону, а яе кампазіцыя «Смяецца лета» з вялізным букетам у нябеснай прасторы над мястэчкам адначасова нагадала летуценныя творы Шагала і дываны Віцебскага Паазер’я. Тэма букета як адной з метафар Раю даволі пашырана ў наіўным мастацтве. У карцінах Мікалая Нікіценкі з Полацка, Ніны Сталяровай з Рагачова, Ганны Чуканавай з Гродна, горацкіх мастакоў Людмілы Аўраменка, Аляксандра Плоткіна, Алены Ерафеевай ды многіх іншых аматараў кветкі маюць самадастатковы характар. У творах Людмілы Маславай, Уладзіміра Панізаўца букеты разам з дадатковымі элементамі нацюрморта альбо краявіду ўтвараюць пэўны сюжэт, часам прасякнуты інтрыгай альбо спавядальнымі матывамі. Галіна Васілеўская піша кветкі ў паўсядзённым асяродку і дапаўняе вобразы біблейскімі тэкстамі.

Творчасць мастакоў з Санкт-Пецярбурга Уладзіміра Гарохава і Святланы Дружковай дэманструе высокую ступень артыстызму — паэтыка прымітывізму спалучаецца з адкрыццямі ХХ стагоддзя. Уладзімір выпрацаваў уласны стыль, дзе, нагадваючы клуазонскую сістэму, цёмны контур вызначае межы выявы, а ўнутраная прастора запаўняецца фактурна-экспрэсіўным жывапісам. Многія яго партрэты і пейзажы з’яўляюцца рэплікамі на творы класікі і мадэрнізму. У жывапісе Святланы матыў букета накладваецца на пейзаж альбо гарадскі краявід і нават пераходзіць у абстрактныя кампазіцыі расквечанага космасу.

Асаблівую сферу наіўнага мастацтва складае праца мастакоў-візіянераў, здатных ствараць пазарэальныя вобразы. Наваколлі Віцебска, гарадскія панарамы Уладзімір Захарчук піша прасякнутымі надзвычайнай сонечнай энергетыкай альбо з касмічнай вышыні, выяўляе таксама саму зорную бездань з яе трансцэндэнтным парадкам. Уладзімір Шэўчык з Ваўкавыска пазіцыянуе сябе як мастака-медыума, здольнага тлумачыць жыццё і свет з пазіцый вышэйшых законаў. Характэрная для Шагала сувязь паўсядзённага і надзвычайнага дамінуе ў «Вясеннім нацюрморце каля раскрытага акна» Людмілы Андзілеўкі, дзе яна дасціпна спалучае рэчаіснасць сучаснага мястэчка і візіянерскую карцінку з альбомам Шагала, галінкамі вярбы, чорным катом і загадкавай жанчынай у белай сукенцы.

Стагоддзе назад Шагал узняў сваіх герояў у нябёсы і тым самым стварыў метафару артыстычнай мроі дый творчасці ўвогуле. Пагодзімся, што ўслед за яго фантазіяй будзе ўзлятаць у неба яшчэ не адно пакаленне самавукаў, якія адчуюць патрэбу ўзяцца за аловак і пэндзаль.

Людміла Вакар