Сучаснае vs савецкае

№ 8 (353) 01.08.2012 - 31.08.2012 г

Дыялог — палеміка — проціборства

/i/content/pi/mast/59/994/3.jpg

Давід 4/ Кенэдзі. Бронза, сталь. 2009.

Калі б сёння музейная супольнасць абвясціла конкурс на лепшае раскрыццё экспазіцыйнай прасторы, Музей-майстэрня Заіра Азгура ўпэўнена заняў
бы ў гэтым змаганні першае месца. На працягу трох месяцаў праект 
Канстанціна Селіханава «Адзін і многія», які размясціўся непасрэдна ў майстэрніі сярод твораў класіка ў іншых памяшканнях, дазваляў гледачу ўбачыць сучаснае і традыцыйнае мастацтва адначасова і прыняць удзел 
у іх дыялогу.

Працэс, пазначаны карэктным словам «дыялог», уяўляе сабою разгорнутую дыскусію — аўтара з самім сабой, са сваім часам і яго савецкімі вытокамі. Ёсць у гэтым працэсе і вельмі вострыя моманты, калі дыялог становіцца палемікай і нават проціборствам.

Праект так і быў задуманы: адпраўной кропкай для яго паслужыла інсталяцыя «Рамонт». Да пераробкі, абнаўлення, бясконцай рэфлексіі з розных нагод, у тым ліку гістарычнай, былі прыцягнуты два філосафы сусветнага маштабу — Леў Талстой і Фрыдрых Ніцшэ. Калі для масавай культуры гэта ўжо амаль фармальныя знакі, а ў лепшым выпадку — міфы, то для думаючага чалавека яны — заснавальнікі двух найболей уплывовых філасофскіх кірункаў і адпаведна — у плыні актуальнага светапогляднага пошуку.

На думку Селіханава, іх супрацьстаянне вырашальным чынам паўплывала на ход гісторыі XX стагоддзя — ход кровапралітны, трагічны і ў гэтым сэнсе тупіковы. Сучаснае мастацтва дазваляе казаць пра такія праблемы мовай аб’ектаў — інсталяцыя «Рамонт» аб’ядноўвае ў адзіную кампазіцыю адмыслова выбудаваную нішу, партрэт з прапаленай адтулінай, цытату, відэа і гукавое суправаджэнне. А выйсце з канфлікту падказвае стыхія лесу, свет безуважнай да нас прыроды.

Па сутнасці, на «рамонт» мы асуджаны ў любым узросце, гэта працэс пастаянны і да ўдзелу могуць быць прыцягнуты самыя розныя аўтарытэты. Вось у суседняй зале яны прадстаўлены ў поўны рост і ў велізарнай колькасці — свае і чужыя, вядомыя і непазнавальныя.

Персанажы Селіханава, пра якія мастак кажа, што павінен быў зрабіць іх менавіта такімі, паколькі яны ўвасабляюць наш час і прыйшлі на змену мінулым пакаленням «герояў», — людзі без твараў. Людзі з калоны фізкультурнікаў, з чаргі, дзе «адзін», адзінка — толькі звяно ў ланцугу «многіх». Але ёсць сярод іх і асобныя выявы — гэта вобразы Давіда ў некалькіх інтэрпрэтацыях. Відэа, якое захавала палёт аэрастатаў, што так любілі запускаць падчас савецкіх парадаў мінулага стагоддзя, падтрымлівае атмасферу даваенных маршаў з іх удзельнікамі-камсамольцамі, якія выбудоўвалі ўласнымі целамі цэлыя канструкцыі, святочныя і безаблічныя адначасова. Аднак паводле пластычнага вырашэння — дзякуючы прапорцыям, фактуры, кантрасту матэрыялу і памеру — яны выглядаюць магутнымі, хай і са сцёртай індывідуальнасцю.

Нагадаю, у мемарыяльнай майстэрні Азгура ў некалькі ярусаў размешчаны постаці зусім іншага плана — тыя самыя «героі», дзеячы культуры, ваенныя і партыйныя лідары, уключаючы Маркса, Леніна і Сталіна. Розных памераў і вельмі актыўныя — з пункту гледжання глядацкіх уражанняў, безумоўнага прафесійнага майстэрства народнага мастака БССР і, вядома, дыскурсу: савецкая эпоха патрабавала ад майстра адэкватных творчых метадаў.

Задача экспазіцыі палягала ў тым, каб звесці двух мастакоў розных пакаленняў, прымусіць два светапогляды працаваць разам: глядач павінен быў усвядоміць іх супрацьстаянне, а ў пэўным сэнсе і развіццё, і, можа быць, нават пераемнасць эпох. «Адзін і многія», асоба і грамадства, герой і натоўп. Савецкае і постсавецкае светаадчуванне і самаадчуванне. У кожнага героя — свой лёс усярэдзіне гэтай сістэмы каардынат, у кожнай лесвіцы з людзей ці шарэнгі на маршы — свая будучыня.

Нельга не адзначыць, што сама тэма «адзін і многія» для сусветнай культуры заўсёды была надзённай. Успомнім хоць бы цытаты, напрыклад, з Дастаеўскага: «Жывёліна я дрыжачая, або права маю?» ці з Пушкіна: «Мы все глядим в Наполеоны, двуногих тварей миллионы для нас орудие одно». Розныя часы, розныя канатацыі і сюжэты, і ўсё тая ж школьная тэма «асобы ў гісторыі». Погляд з будучыні ў мінулае якраз вяртае нас да «Урока» дзіцячых гадоў. Ужо цяпер, з пазіцыі вядомага беларускага мастака Канстанціна Селіханава, можна рэфлексаваць з нагоды настрояў і станаў гэтага дзяцінства. Аналізаваць, што ў ім было наіўнага і першапачатковага, уласна дзіцячага, і што было фонам, знакамі, прышчэпкай калектыўнай свядомасці. Мастак зноў пераходзіць на мову інсталяцыі: старая фатаграфія і кофтачка, зубная шчотка і малако ў шклянках для цэлага школьнага класа. Гэты паднос 1970-х, і гранёныя шклянкі, і транспарант з нечытэльным лозунгам — нямыя знакі, амаль ужо дакументы, прадметы, што расказваюць пра цэлую эпоху дакладней, чым словы. Бытавая культура наогул моцная сваёй цэласцю, яна жывучая, кансерватыўная і часта выхоўвае персанальную ідэнтычнасць лепш за любыя тэорыі. І ў такіх інсталяцыях Селіханава звычайныя, здавалася б, рэчы-выявы дзейнічаюць вельмі трапна і акуратна — гэта што да формы. А па сутнасці зразумела, што імунітэту да тэмы «адзін і многія» ў Селіханава, мабыць, і тады не было, і зараз не з’явілася. Таму праблема такая важная для мастака, таму ён так разгорнута і ярка агаляе канфлікт. З гэтага дзіцячага пункта «Урок» усё і пачалося.

Цікава ўжо тое, што ў праекта з трох частак няма строгай паслядоўнасці: не абавязкова пачынаць з «Урока», затым сумнявацца і пераглядаць свае перакананні падчас «Рамонту» і нарэшце прыйсці да цэнтральнай залы. Інсталяцыі самадастатковыя і завершаныя, кожная складзена і дае пажытак для разважанняў такім чынам, што пераход ад адной да другой можа адбывацца па-рознаму.

Спачатку, магчыма, зважаеш на медытатыўны шум ветру ў лесе, у іншы раз — на скульптуру і назвы «Давід», «Давід 2» (гэта Леў Талстой), «Давід 3», потым — на метафары і ператварэнні савецкіх культурных кодаў, на актуальную мову мастацтва, якой гаворыць сама прастора, на яе рашэнне, падначаленне думцы мастака.

Галоўная вартасць праекта, на мой погляд, палягае ў тым, што вы адчуваеце яго пульс: неабходнасць мастака выказацца і патрэба гледача зразумець, што ж яму з усім гэтым рабіць. Такім і павінна быць мастацтва — пры ўмове, што творцу ёсць што сказаць і яго ідэі здольныя падрыхтаваць грамадства да новых рашэнняў.

Так, трохмесячны праект Селіханава «Адзін і многія» завершаны і дыялог пакаленняў скончаны. Але толькі на сёння.

У апошнія гады некалькі сучасных праектаў здзейснілі экспансію ў традыцыйныя музейныя экспазіцыі: пачатак быў пакладзена Русланам Вашкевічам («Музей» у Нацыянальным мастацкім музеі), затым «Палацавы комплекс» (Палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі). Калі казаць пра мастацкі досвед, у кожным выпадку ён мае свае адметнасці. І ў цэлым такую практыку — выхад у статусную прастору, свайго роду музейны істэблішмент, з задачай прадэклараваць прыход маладога і яшчэ маргінальнага мастацтва — пакуль складана назваць трэндам. Але, думаецца, Музей Азгура апынуўся ў найлепшым становішчы. Ён атрымаў унікальную на сённяшні дзень магчымасць і здолеў ёю скарыстацца: на працягу трох месяцаў (а не адной «Ночы музеяў»!) паказваў і распавядаў наведвальнікам пра сучаснае/актуальнае і класічнае/савецкае беларускае мастацтва. Праект Селіханава на пляцоўцы Азгура ўпершыню зрабіў відавочным іх суіснаванне на арт-сцэне. Акрэсліліся ідэі, сталася зразумелай візуальная мова, выявіліся характэрныя творчыя рысы дзвюх яркіх асоб. Лекцыі, семінары і «круглыя сталы» тут як мага дарэчы. Паколькі ёсць што абмяркоўваць, а прадмет абмеркавання — не ўмоўныя правілы гульні, але цалкам рэальныя канцэпцыі і аб’екты.

 Любоў Гаўрылюк