Антоній ці Ежы?

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Партрэт з нясвіжскай калекцыі Радзівілаў

/i/content/pi/mast/58/992/45.jpg

Невядомы мастак. Партрэт Антонія (Ежы?) Радзівіла.Папера, каляровы аловак, акварэль. Першая трэць ХХ стагоддзя. НММ РБ.

Адкрыцці (а ў музейнай справе атрыбуцыя партрэта лічыцца самым важным адкрыццём) часта адбываюцца выпадкова. Паўстагоддзя праляжаў у запасніках музея графічны партрэт хлопчыка невядомага мастака. Тонкі, амаль дзявоцкі арыстакратычны твар; англійскі матроскі гарнітур надае далікатнаму абліччу рысы спешчанасці і прыналежнасціда саслоўя багатых. У 1960 годзе партрэт трапіў у Дзяржаўны мастацкі музей БССР у парадку вяртання фондаў, якія да Другой сусветнай вайны належалі Дзяржаўнай карціннай галерэі — 
папярэдніцы музея. Але ніякіх нумароў — знакаў, што сведчылі пра прыналежнасць галерэі, — на адваротным баку малюнка не было: пэўна, іх проста не паспелі паставіць, установа прапрацавала ўсяго паўтара года да пачатку вайны.

Партрэт вызначылі як твор рускай графікі: надта ўжо ён падобны на дваранскія партрэты міріскуснікаў — майстроў аб’яднання пецярбургскіх мастакоў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Гэта пацвердзілі і эксперты Усесаюзных мастацкіх навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў, куды ў 1970-я гады малюнак адправілі на рэстаўрацыю.

Таццяна Рэзнік, у той час супрацоўнік аддзела рускага мастацтва музея, успамінае: «Партрэт пасля паступлення быў у досыць складаным стане, ніжняя частка аркуша абарвана. Ён патрабаваў рэстаўрацыі. Магчыма, у страчанай частцы і знаходзіўся подпіс мастака».

У 2009 годзе малюнак з’явіўся на выставе «З гісторыі Дзяржаўнай карціннай галерэі», прысвечанай 70-годдзю музея. І склалася парадаксальная сітуацыя. У гэтым жа годзе ў выдавецтве «Рифтур» выйшла кніга «Нясвіж... мой маленькі Парыж!», дзе на 49-й старонцы была змешчана фатаграфія, на якую супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея не звярнулі ўвагі. У далёкім куце пакоя (памылкова названага ў кнізе кабінетам Антонія Альбрэхта Радзівіла) на ганаровым месцы стаяў партрэт хлопчыка ў матроскім гарнітуры ў разьбянай раме! Тое, што гэта той самы партрэт, не выклікала ніякіх сумневаў. Значыць, хлопчык належаў да роду Радзівілаў! Супрацоўнікі ж Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка «Нясвіж», якія добра ведалі выданне, не бачылі партрэта хлопчыка ў Нацыянальным мастацкім музеі. Звярнуў увагу на фатаграфію з кнігі малады настаўнік біялогіі з вёскі Багушэвічы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці Анатоль Сініла — ён патэлефанаваў у музей у верасні 2011 года і паведаміў пра сваё адкрыццё. Анатоль захапляецца гісторыяй, збірае кнігі, прысвечаныя замкам, і наведвае ўсе выставы ў Мінску, на якіх дэманструецца старое мастацтва Беларусі. Ён і запомніў партрэт на выставе. Калі б не яго назіральнасць і сяброўская дапамога, нясвіжскі замак пазбавіўся б каштоўнага экспаната, а партрэт увайшоў бы ў каталог рускай графікі, якраз падрыхтаваны да друку аддзелам рускага мастацтва.

Наступным этапам атрыбуцыі стала высвятленне асобы хлопчыка — мадэлі партрэта. Спачатку трэба было ўстанавіць, калі зроблена фатаграфія інтэр’ера. Адразу стала відавочна, што пакой на здымку з’яўляецца не кабінетам Антонія Альбрэхта Радзівіла (у ім няма нават пісьмовага стала), а, паводле размяшчэння, хутчэй за ўсё — салонам княгіні Вольгі Радзівіл, жонкі малодшага брата Антонія Альбрэхта — Леана. Леан Радзівіл у 1935 годзе пасля смерці старэйшага брата стаў апошнім — 17-м — ардынатам і гаспадаром нясвіжскага замка. Значыць, гэта фатаграфія была зроблена ў прамежку паміж 1935 і 1939 гадамі. (17 верасня 1939 года Нясвіж быў заняты Чырвонай Арміяй). Менавіта ў 1935 годзе, пасля смерці Антонія Радзівіла, у замку ажыццявіліся змены паводле густу апошніх гаспадароў і быў абсталяваны гэты салон з двума люстэркамі (перададзенымі ў 1939 годзе ў БДТ-1, цяпер Купалаўскі тэатр), плеценай мэбляй і вялікімі вокнамі, якія выходзяць на гаўбец.

У Леана і Вольгі Радзівіл было двое сыноў — Антоній Ежы, які нарадзіўся ў Пецярбургу ў 1912 годзе, і Ежы (Георгій) Мікалай, што нарадзіўся ў 1921 годзе ў Парыжы. Хлопчыку на партрэце каля 10–12 год. Вызначыць, які з двух сыноў выяўлены на малюнку, аказалася задачай няпростай. Здавалася б, на такім ганаровым месцы ў салоне маці павінен знаходзіцца партрэт спадчынніка «Тулі» — Антонія Ежы Радзівіла, па праве нараджэння будучага 18-га ардыната, якому ў той час было 23 гады. Але цалкам мог быць змешчаны і партрэт малодшага, 14-гадовага Георгія (Ежы Мікалая). Абодва сыны жылі разам з бацькамі ў замку. Захавалася іх фатаграфія з бацькам у інтэр’еры аднаго з пакояў — яны сядзяць на кушэтцы з кітайскай абіўкай. На згаданым фотаздымку салона на століках стаяць дзве фатаграфіі з выявамі мужчын, адна з іх прадбачліва звернута да фатографа. На ёй малады чалавек з гладкай прычоскай, хутчэй за ўсё старэйшы — Антоній Ежы Радзівіл. Дык хто ж з братоў намаляваны на партрэце? Здавалася, могуць дапамагчы фотадакументы.

Дзіцячыя фатаграфіі Антонія і Ежы захаваліся ў альбоме іх кузіны — адзінай дачкі Альбрэхта Радзівіла Эльжбеты, у другім замужжы Тамашэўскай. Ва ўзросце 10 –12 гадоў браты выглядалі аднолькава — з пышнай прычоскай, тонкім авалам твару, прыгожым разрэзам выразных вачэй. На фатаграфіях хлопчыкаў перыяду 1900 –1920-х гадоў з’яўляецца характэрная дэталь: завітыя доўгія валасы, якія не стрыглі практычна да падлеткавага ўзросту. Браты вельмі падобныя!

Мала што мог дадаць і аналіз гарнітура. У XIX — пачатку XX стагоддзя марскі стыль быў абавязковым атрыбутам дзіцячага адзення прадстаўнікоў вышэйшага грамадства Еўропы і Расіі. Ён стаў своеасаблівай уніформай еўрапейскіх хлопчыкаў. Такі гарнітур папулярны і да нашых дзён. Існуе шмат фатаграфій дзяцей апошняга расійскага імператара Мікалая II, апранутых у «матроскія» касцюмы.

На адной з сямейных фатаграфій Радзівілаў 1920-х гадоў адлюстраваны дзеці роду Радзівілаў і Любамірскіх (сястра Альбрэхта і Леана Тэрэза выйшла замуж за графа Любамірскага) — дзяўчынкі ў сукеначках, усе хлопчыкі — у матроскіх касцюмчыках. На здымку ёсць і Антоній Ежы Радзівіл у матроскім гарнітуры.

Рысамі твару хлопчык на партрэце больш падобны на малодшага Георгія (Ежы Мікалая). Захавалася фатаграфія, дзе маладая дама ў белай бальнай сукенцы знята разам з Георгіем. На фатаграфіі, дзе Альбрэхт Радзівіл паказаны разам з дачкой Эльжбетай і пляменнікам Георгіем, гэта падабенства асабліва відаць. Загадка здавалася невырашальнай.

Адзіная, хто добра памятае двух сваіх кузенаў у дзяцінстве, — пані Эльжбета Тамашэўская, народжаная Радзівіл. Эльжбета была на пяць гадоў маладзейшай за Антонія і на чатыры гады старэйшай за Георгія. У яе фотаальбоме захоўваюцца дзве карткі з кузенамі. Яна сцвярджае, неяк адрозніваючы іх па авале твару, што на партрэце намаляваны ўсё ж старэйшы — Антоній Ежы Радзівіл. Прымем за аснову яе меркаванне.

Застаецца апошняе — вызначыць аўтара твора. Гэта нялёгка, бо біяграфічныя даныя апошніх гаспадароў замка і кола іх знаёмстваў пакуль мала вывучаны. Паручнік кавалерыі Леан Радзівіл сам быў мастаком-аматарам: захавалася некалькі яго малюнкаў-шаржаў. Але партрэт, напісаны ў змешанай тэхніцы — пастэллю, алоўкам і акварэллю, вылучае прафесіяналізм: беспамылковы малюнак, манера знарочыстай незавершанасці, тонкі лірызм выдаюць руку майстра. Пара Радзівілаў-малодшых правяла юнацтва і злучалася шлюбам у Пецярбургу, дзе яны маглі мець знаёмства з мастакамі. Тым больш што аднапалчанінам Леана Радзівіла па Праабражэнскім палку быў паручнік Мікалай Альбертавіч Бенуа (1881–1938) са знакамітай сям’і Бенуа. Партрэт сына мог быць напісаны не раней чым у 1922 годзе. У гэты час многія рускія мастакі-міріскуснікі эмігравалі ў Еўропу. У Парыжы з 1918 года жыў брат Мікалая Альбертавіча Бенуа, акварэліст Альберт Альбертавіч Бенуа, які з 1903 года ўдзельнічаў у выставах Таварыства рускіх акварэлістаў. Падарожнічаў у Скандынавію, у Альпы, на рускую Поўнач. Леан мог ведаць яго і падтрымаць матэрыяльна, замовіўшы партрэт старэйшага сына. У 1924 годзе ў Парыж пераехаў і Аляксандр Бенуа. Гэтая версія аўтарства кагосьці з «сям’і Бенуа» патрабуе дбайнай праверкі.

У 1921 годзе Леан і Вольга Радзівілы ўжо жылі ў Парыжы. Вядома, можна дапусціць, што яны замовілі партрэт сына рускаму жывапісцу-эмігранту, але з большай верагоднасцю гэта быў польскі мастак.

Кола мастакоў — знаёмых Радзівілаў — складалі маладыя польскія творцы з Берліна, Варшавы і Парыжа: Юліян Фалат, Тадэвуш Нартоўскі, Ян Балінскі, Баляслаў Ян Чадахоўскі, Ігнацій Урублеўскі, Ян Рудніцкі. Іх працы былі ў калекцыі замка. У якасці гіпатэтычнага аўтара партрэта выклікае цікавасць Ян Рудніцкі (1887–1936), біяграфічна звязаны і з Пецярбургам, і з Парыжам, і з Варшавай, і з Нясвіжам. Патомны жывапісец, выпускнік Кракаўскай акадэміі мастацтваў, ён вучыўся ў Парыжы, Італіі і нават наведаў Нью-Ёрк. З 1913 года па запрашэнні князя Барыса Галіцына, дырэктара старога Дзяржзнака, які выпускаў у тыя гады факсімільныя мастацкія альбомы, ён пераехаў у Пецярбург, дзе дамогся значных поспехаў як партрэтыст. Пецярбург гэтага перыяду — залаты час міріскуснікаў, зорная гадзіна іх еўрапейскай вядомасці. Выставы з поспехам праходзілі нават у ваенныя гады. Толькі ў 1920 годзе Рудніцкі змог вярнуцца на радзіму, дзе ўступіў добраахвотнікам у Польскі легіён і ваяваў супраць Чырвонай Арміі. Пасля заканчэння вайны пасяліўся ў Варшаве, шмат выстаўляўся ў залах Таварыства заахвочвання мастацтваў. У канцы 1910-х — пачатку 1920-х гадоў напісаў партрэт жонкі Леана Радзівіла княгіні Вольгі, які цяпер захоўваецца ў НММ РБ. У 1936 годзе памёр у Нясвіжы. З аўкцыённых продажаў вядомы яго партрэт хлопчыка-падлетка Януша Дудзінскага (1935) — у такім жа матроскім гарнітуры, ды і выкананы ў падобнай тэхніцы — мелам, пастэллю і акварэллю. Салонны па сутнасці, ён іншы па манеры выканання — намаляваны вытанчанай лініяй у стылістыцы моднага «арт-дэко». Наш партрэт хлопчыка зроблены інакш, ён уяўляе сабою больш лаканічны, вольны, але добра прапрацаваны ў дэталях накід. Магчыма, Рудніцкі як салонны партрэтыст адчуваў павевы часу. Усе вядомыя яго працы розныя па манеры. Але ёсць агульнае — імкненне падкрэсліваць і вылучаць вочы, рабіць іх самай выразнай часткай выявы. Вядома, гэта толькі гіпотэза. Партрэт патрабуе далейшага вывучэння.

І апошняе. Лёсы двух сыноў князя Леана Радзівіла пасля арышту супрацоўнікамі НКУС 17 верасня 1939 года і эміграцыі ўсёй сям’і за мяжу ў тым жа годзе склаліся па-рознаму. Старэйшы, Антоній, памёр ва ўзросце 55-ці гадоў (1967) у Лондане бяздзетным і халастым; малодшы, Георгій (Ежы), даглядаў у Рыме хворую бабулю Марыю Ружу Радзівіл да яе смерці ў 1940 годзе і працаваў статыстам у кіно. У 30 год ён ажаніўся з францужанкай Эліянай Чэландон, дачкой вядомага медыявіста і візанціназнаўцы Фердынанда Чэландона, які працаваў у архівах Ватыкана, і з жонкай і дачкой Дыянай-Марыяй пражыў сваё жыццё ў Рыме. Памёр зусім нядаўна — у 2007-м, ва ўзросце 86 гадоў, у Ванкуверы (Канада). Распытаць яго пра гэты партрэт беларускія даследчыкі, на жаль, не паспелі. Яго нашчадкі — сыны і ўнукі дачкі Дыяны-Марыі — носяць італьянскае прозвішча Тэтаманці і жывуць у Рыме. Унукі Леана Радзівіла ўзначальваюць рымскі гольф-клуб. Пасольства Італьянскай Рэспублікі ў Беларусі дапамагло нам знайсці іх кантакты у Рыме. Можа быць, яны на аснове сямейнага архіва дапамогуць разгадаць загадку імя мадэлі на гэтым партрэце.

Партрэт хлопчыка ў матроскім гарнітуры будзе перададзены на дэпазіт у сталую экспазіцыю Нясвіжскага замка. Сумневаў у яго прыналежнасці да роду Радзівілаў практычна не засталося.

Надзея Усава