Манія бальнага танца

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

З рэдакцыйнага «круглага стала»

/i/content/pi/mast/58/988/33.jpg 
 
Напэўна, няма на свеце чалавека, які б абыякава ставіўся да бальнага танца. Каго не зачароўвалі выразная пластыка танцораў, іх грацыя, лірызм або экспрэсія пачуццяў? Каго не вабілі арыстакратызм венскага вальса, імклівасць пасадобля і няспыннасць джайва, эратызм танга і пачуццёвасць румбы? Бальны танец — з’ява відовішчная. З аднаго боку, ён масавы і дэмакратычны, а з другога — элітарны і досыць закрыты. Цікава, што адбываецца ў гэтай сферы сёння? Ці існуе бальная харэаграфія і ў чым яе адметнасць, якое месца займаюць нашы выканаўцы бальных танцаў у сусветным рэйтынгу, куды рухаецца бальны танец у іншых краінах...

Мы запрасілі ў рэдакцыю спецыялістаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да бальнай пластыкі: Святлану Гуткоўскую, кандыдата філалагічных навук, прафесара, загадчыка кафедры харэаграфіі БДУ культуры і мастацтваў; Уладзіміра Парахневіча, суддзю міжнароднай катэгорыі, спартыўнага сакратара Рэспубліканскай федэрацыі бальнага танца; Дзмітрыя Бяляўскага, трэнера каманды «Універс», старшага выкладчыка кафедры гімнастыкі БДУ фізічнай культуры; Андрэя Сабанскага, арганізатара турніраў, кіраўніка калектыву бальных танцаў «Сучасны стыль». Пытанні гасцям рэдакцыі задавала Таццяна 
Мушынская.

Як зладзіць свята?

Нагодай для размовы зрабіліся дзве значныя падзеі. 
Па-першае, у маі ў сталіцы прайшоў World Open Minsk-2012, міжнародны турнір па спартыўных бальных танцах, які сабраў каля 1000 пар з 14 краін. А па-другое, адбыліся ў Мінску і гастролі адметнага калектыву «Эльдарада», ён складаецца менавіта з выканаўцаў бальных танцаў, выпускнікоў кафедры харэаграфіі БДУКіМ, якія з поспехам выступаюць у многіх краінах. Цікава, ці часта ў нас праводзяцца турніры міжнароднага ўзроўню?

Дзмітрый Бяляўскі: Даволі часта. Толькі за апошнія два гады Беларусь прымала некалькі сур’ёзных спаборніцтваў бальнікаў. Тры турніры прайшлі ў Мінску, па адным — у Віцебску і Гомелі (у межах «Сожскага карагоду»). Гэта прадстаўнічыя акцыі, на якіх прысутнічаюць танцоры і суддзі з многіх дзяржаў.

Калі ў Беларусі ладзяцца чэмпіянаты Еўропы і свету па еўрапейскай і лацінаамерыканскай праграмах, значыць, бальны танец — прэстыжны і развіты як накірунак і жанр?

Дзмітрый Бяляўскі: Безумоўна! Шмат тых, хто займаецца бальным танцам. Нават у многіх раённых цэнтрах, не кажучы пра абласныя гарады, існуюць калектывы, дзе танцуюць і дзеці, і дарослыя. У краіне каля ста танцавальных клубаў...

Святлана Гуткоўская: Невыпадкова на нашым і расійскім ТБ з’явіліся папулярныя праекты «Танцуюць усе!», «Танцы з зоркамі», «Зорныя танцы». Такія праграмы відовішчныя, маляўнічыя, эфектныя. Але ж гэта адлюстраванне і папулярнасці бальных танцаў.

Андрэй Сабанскі: Летась наш клуб «Сучасны стыль» рыхтаваў міжнародны турнір «Style Cup». Справа адказная, няпростая ў арганізацыі. Бо мы атрымліваем дазвол ад Беларускай федэрацыі бальнага танца, яна — ад Міжнароднай федэрацыі. Далей інфармацыя для ўдзельнікаў трапляе на сайт клуба. Пахвалюся: у час турніру на сайт зазірала да мільёна (!) наведвальнікаў.

Калі я трапіла на турнір у якасці гледача, было вельмі цікава ўбачыць яго «кухню», пазнаёміцца з будучымі ўдзельнікамі «круглага стала». Святлана Гуткоўская кантактавала з многімі танцорамі, бо яны ў свой час скончылі БДУКіМ. Уладзімір Парахневіч і Дзмітрый Бяляўскі выступалі ў якасці суддзяў...

Святлана Гуткоўская: Уладзімір Уладзіміравіч не толькі выкладае ва Універсітэце культуры. Ён зрабіў першы набор выканаўцаў бальных танцаў, выпусціў шмат спецыялістаў. Дзмітрый — фіналіст чэмпіянатаў Еўропы і свету 2009–2010 гадоў... Калі прадстаўлялі судзейскую калегію, заўважыла: сярод суддзяў — шмат выхаванцаў і педагогаў БДУКіМ.

Атрымалася яркае, відовішчнае свята. Андрэй, з якімі праблемамі сутыкаецеся ў час падрыхтоўкі турніраў?

Андрэй Сабанскі: Узровень турніру залежыць ад таго, якую мэту ставіш перад сабой. Мы імкнуліся даказаць, што ў Беларусі асобныя клубы могуць арганізоўваць прэстыжныя спаборніцтвы. «Мінск-Арэна» — адна з лепшых пляцовак у Беларусі. Месца правядзення ўплывае на прадстаўнічасць турніру і выклікае дадатковую цікавасць танцораў. Красамоўная статыстыка: у «Style Cup» удзельнічала 570 пар з 16 краін. Гэта танцоры з Даніі, Славакіі, Грузіі, Расіі, Польшчы, Малдовы, Ізраіля... Судзейская брыгада — 11 краін.

Аптымальны час падрыхтоўкі турніру — год, але «Style Cup» рыхтаваўся вельмі інтэнсіўна. Раней я прымаў удзел у арганізацыі «Belarus-Оpen», самага вялікага турніру па бальных танцах на тэрыторыі краіны. У калег, што тут прысутнічаюць, ёсць вопыт правядзення чэмпіянатаў Еўропы і свету, а гэта яшчэ больш абавязкаў перад міжнароднымі арганізацыямі.

Дэмакратычнае або элітарнае?

Так, турнір — гэта вельмі эфектна! Але... адзенне, абутак, упрыгажэнні каштуюць нямала (жаночая сукенка для «стандарту» — каля $1500, для «лаціны» — $700). Ці ўсе таленты могуць удзельнічаць у турнірах?

Андрэй Сабанскі: Лічбы касмічныя. Прысутныя пацвердзяць: гэта досыць дарагі від мастацтва і спорту... Але не сказаў бы, што элітарны. Ім займаюцца фанаты. Прычым яны з дзяцінства цалкам аддадзеныя жанру. Мы ўкладаем у дзяцей час, сродкі і даем ім першую спецыяльнасць. Калі з 4 да 25 гадоў чалавек займаецца бальнымі танцамі, мы рыхтуем яго як трэнера. Кожны ў сваім клубе...

Цікава, колькі танцораў у «Сучасным стылі»?

Андрэй Сабанскі: 32 спартыўныя пары. З іх дарослых і маладзёжных — 15. Каля дзесяці чалавек — студэнты ВНУ.

Выканаўцаў бальных танцаў рыхтуюць ва Універсітэце 
культуры і Універсітэце фізкультуры. Колькі іх навучаецца там і там?

Святлана Гуткоўская: Ва Універсітэце культуры і мастацтваў — 45 чалавек на пяці курсах.

Дзмітрый Бяляўскі: У нас — 27 на чатырох.

Праграмы адрозніваюцца?

Святлана Гуткоўская: Нашы бальнікі засвойваюць тыя ж дысцыпліны, што і на спецыялізацыях «народны танец» або «эстрадны танец». Вядома, галоўны для іх — спартыўны бальны танец. Усе студэнты вывучаюць сістэму класічнага і характарнага, дуэтна-сцэнічнага танца, сучасную харэаграфію. У нашых выхаванцаў эстэтычны кампанент больш моцны, чым у тых, хто плануе звязаць прафесію са спортам. Цудоўна, што ў Беларусі ў кожнага ёсць магчымасць выбару! Калі ён хоча ствараць сцэнічныя кампазіцыі на аснове бальнага танца, ставіць нумары ў шоу або мюзікле, патрэбна наша ВНУ. Калі падабаецца трэнерская праца, варта выбраць Універсітэт фізічнай культуры.

Бальны танец — прэстыжная спецыяльнасць?

Уладзімір Парахневіч: Яна не можа быць масавай. Паступаюць тыя, хто мае вялікі практычны вопыт — не менш за 10 гадоў. Нашы студэнты рыхтуюцца за такі тэрмін. У рэспубліканскіх чэмпіянатах танцуе па 30–40, а то і па 50 пар. Кандыдатаў на дзве ВНУ каля 20 чалавек. З іх большасць трапляе да нас. Конкурс залежыць ад года нараджэння і «дэмаграфічнай хвалі». Ён можа быць 2 чалавекі на месца, а часам і недабіраем. Звычайна бяром 10 чалавек...

Парамі, каб танцаваць у дуэце?

Уладзімір Парахневіч: Калі паступае пара, значыць, пашанцавала. І студэнтамі яны ўсё роўна працягваюць трэніроўкі. У клубах, адкуль да нас прыйшлі...

Як вы лічыце, бальны танец — тэрыторыя мастацтва ці спорту?

Дзмітрый Бяляўскі: Вечнае пытанне. Існуе меркаванне: усе эстэтычныя якасці танца — пабочны прадукт спартыўнай актыўнасці. А на думку харэографаў, усё пачыналася з пластыкі. Апошнім часам агульнапрызнана: бальны танец — від спорту, дзе ярка выяўлены эстэтычны інтарэс.

Святлана Гуткоўская: Бальны танец — усё-такі разнавіднасць харэаграфічнага мастацтва. Тое, пра што казаў Дзмітрый, — адна з форм, калі элемент спаборніцтва выносіцца на першае месца. Але згадаем гісторыю. Бальны танец фарміраваўся ў рэчышчы харэаграфічнай культуры і толькі потым вылучыўся як спартыўны бальны. Фактычна існуюць тры накірункі. Бальны танец — як бытавы (сацыяльны), як спартыўны (конкурсны) і нарэшце як сцэнічны (канцэртны). Для мяне мастацкі складнік у бальным выканальніцтве і харэаграфіі больш важкі.

Законы стварэння кампазіцыі

На справаздачных канцэртах кафедры харэаграфіі заўжды шмат яркіх нумароў з удзелам бальнікаў. Іх ставяць самі студэнты, ёсць мініяцюры ў пастаноўцы Святланы Гуткоўскай. Ці існуе прынцыповае адрозненне паміж харэаграфіяй бальнага, народнага і класічнага танца?

Святлана Гуткоўская: Законы стварэння сцэнічнай харэакампазіцыі адзіныя для ўсіх відаў танца. Выканаўцы бальных танцаў вылучаюцца вобразнасцю мыслення. Ведаеце, якая тэма ім больш за ўсё падабаецца? «Стварэнне пластычнага вобраза». Студэнты прыносяць цікавую музыку, разам выбіраем, што за вобраз будзем увасабляць. Напрыклад, мыльнай бурбалкі, якая адарвалася і паляцела. Спачатку — шок: як гэта зрабіць?! Потым высвятляецца — працэс пошуку цікавы! Запамінальны пластычны вобраз можна стварыць на аснове, напрыклад, павольнага факстрота. Калі да традыцыйных «па» дадаць пластыку рук, рухі з пантамімы, акцёрскія сродкі.

Яшчэ прыклад. Гучыць музыка... Мы спрабуем вызначыць: гэта вада, зямля, паветра, космас? Вырашылі: усё-такі штосьці адбываецца ў паветры. «Якім ты бачыш гэты вобраз?» — цікаўлюся я. Студэнт адказвае: «Доўгія валасы любімай дзяўчыны, якія развіваюцца на ветры...» Не сказаў жа, што надзіманы шарык ляціць!

Існуе закон сачынення пластычнага матыву. Напрыклад, ёсць дамінуючыя рухі танца ча-ча-ча. Далей рознымі спосабамі развіцця пластычнага матыву ідзе трансфармацыя асноўнага па. Гэта ядро танца. Потым пачынаюць працаваць законы кампазіцыйнай пабудовы, драматургіі харэатвора. Часам сутыкаешся з нечаканай сітуацыяй, калі студэнты кажуць: «Гэты рух нельга выконваць так марудна, правільна — у два разы хутчэй!» Але ў мастацтве існуе прыём рапіду, калі пэўны фрагмент выконваецца як пры запаволеных здымках.

Уладзімір Парахневіч: Нумары, пастаўленыя Святланай Вячаславаўнай, а таксама прыдуманыя самімі студэнтамі для аднакурснікаў, уваходзяць потым у праграмы дзяржэкзаменаў. Яны заўжды з’яўляюцца аншлагавымі...

Святлана Гуткоўская: Адна з апошніх праграм называлася «Стоп, знята!» Я выпускала курс — 5 выканаўцаў, кожны яркі па-свойму. Для дзяржэкзамена прапанавала спалучыць бальны танец з прыёмамі кіно. Быццам выпускнікі мараць здымацца ў фільме і прыходзяць на розныя кастынгі. Уявіце, джайв вельмі натуральна спалучыўся са стужкай «Чалавек з бульвара Капуцынаў».

Андрэй Сабанскі (Гуткоўскай): Удзячны, што пастановачнай працай у «Сучасным стылі» займаюцца вашы выпускнікі. Калі ў маім клубе з’яўляюцца спецыялісты, здатныя прыдумаць танец, — гэта выдатна!

Рытм танца, майстэрства выканаўцаў, іх аблічча, выбар касцюма фарміруюць пластычны вобраз. Але ці прысутнічае ў лексіцы кожнага бальнага танца тая візуальна-эмацыйная вобразнасць, якую далей узбагачае артыст?

Святлана Гуткоўская: Вядома! Напрыклад, выкананне еўрапейскай праграмы асацыюецца з пэўнымі тыпажамі. У павольным вальсе —«рамантычны закаханы», у факстроце — «арыстакрат-гарэза», у танга — «раўнівы муж».

Адным з бліскучых доказаў таго, што бальная харэаграфія існуе, развіваецца і можа быць грунтам мастацкага поспеху, успрымаліся сёлетнія гастролі калектыву «Эльдарада», які складаецца з выпускнікоў БДУКіМ. Як усё пачыналася?

Святлана Гуткоўская: Восем гадоў таму ва ўніверсітэце выпускаўся курс, на якім вучыліся вельмі моцныя танцоры. Яны і стварылі «Эльдарада», прычым за аснову ўзялі праграму, якую мы рабілі для дзяржэкзамена. Цяпер з поспехам выступаюць у Еўропе, Кітаі, Лацінскай Амерыцы. Напэўна, першая ў свеце канцэртная брыгада, якая выконвае не нумары formation (гэта каманда з 8 пар танцораў, што спаборнічаюць з аналагічнымі парамі), а сцэнічныя мініяцюры. Атрымалася шоу-праграма на аснове бальнага танца, але з выкарыстаннем цікавых прыёмаў і вобразаў, уласцівых розным відам харэаграфіі.

Іх праграма, паказаная ў Маладзёжным тэатры эстрады, рабіла моцнае ўражанне! Такая энергетыка ішла са сцэны ў залу! У нумарах, створаных на падмурку традыцыйных бальных танцаў, паўставалі і псіхалагічна адметныя мініяцюры, якія адлюстроўвалі заўсёды прывабную тэму адносін Яе і Яго, і маляўнічы арыстакратычны баль, бразільскі карнавал, жыццё маракоў і курортнікаў... Танцы былі ўвасоблены віртуозна і дасціпна.

Хто сярод лідараў?

Ці моцна адрозніваюцца бальны танец 10–15-гадовай даўнасці і сучасны? Што прынцыпова змянілася?

Святлана Гуткоўская: Элементы, якія выконваюцца сёння, складанейшыя за тыя, што 10 гадоў таму ўключаліся ў праграму спаборніцтваў як абавязковыя.

Уладзімір Парахневіч: Развіццё бальнага танца ідзе надзвычай хутка. Калі б нашы вучні маглі бачыць, як мы танцавалі ў свой час, магчыма, гэта ім падалося б смешным. А тады лічылася годным... Танец зрабіўся больш багатым і віртуозным. У ім раскрываюцца фізічныя магчымасці чалавека, асаблівасці яго душы, псіхалогіі. Усё разам дае фантастычны эфект!

Дзмітрый Бяляўскі: Стала даступнай любая візуальная інфармацыя. Цяпер інтэрнэт ёсць ва ўсіх танцораў. Назаўтра пасля спаборніцтва ў Сеціве можна ўбачыць запіс кожнай пары.

Клубаў бальнага танца ў нас шмат, але хто на чале працэсу?

Андрэй Сабанскі: Клуб «Мара» — адзін з заснавальнікаў бальнага руху, ён своеасаблівы заканадаўца моды. Даўно з’явіліся клубы «Сігма» і «Піруэт».

Святлана Гуткоўская: Варта назваць і клубы «Танга», «Мадэрн», «Аўрум», «Універс»...

Ведаю, у бальным танцы, як і ў іншых відах харэаграфічнага мастацтва, існуе праблема адтоку кадраў...

Святлана Гуткоўская: Калі нашы пары едуць за мяжу на рэйтынгавы турнір, яны разумеюць, якія сур’ёзныя грошы можна мець за свае выступленні.

Уладзімір Парахневіч: Так, на Захадзе майстэрства выканаўцаў бальных танцаў высока цэніцца.

Андрэй Сабанскі: Яны прыязджаюць туды танцаваць у парах з аматарамі. Потым выканальніцкая кар’ера заканчваецца, і добра навучаныя танцоры пачынаюць выкладаць. Калі мы губляем моцных выканаўцаў, гэта ўплывае на стан усяго бальнага танца.

З’язджаюць лепшыя?

Андрэй Сабанскі: Частка лепшых...

Дзмітрый Бяляўскі: Найбольш прадпрымальныя.

Уладзімір Парахневіч: Сітуацыю не трэба драматызаваць, у ёй шмат станоўчага. Калі беларускія танцоры з’язджаюць у іншыя краіны, яны там «прасоўваюць» нашы традыцыі ў бальным танцы, наш стыль.

Андрэй Сабанскі: За межамі Беларусі ладзіцца шмат турніраў, ці не самыя прэстыжныя — у Вялікабрытаніі. Чытаеш прозвішчы фіналістаў і разумееш: там шмат беларусаў. Калі танцоры, якія выхоўваліся ў нас, а потым зрабілі міжнародную кар’еру, прыязджаюць сюды, іх успрымаюць як зорак.

Якое месца нашых выканаўцаў у сусветным рэйтынгу?

Уладзімір Парахневіч: У яго ўваходзіць 1,5–2 тысячы пар. Лепшыя нашы прадстаўнікі ў еўрапейскай праграме займаюць 50-е месца. Былі часы, калі знаходзіліся на 25-м. Цяпер жорсткая канкурэнцыя. Нашы пары не танцуюць горш, проста цяжэй заваёўваць прызавыя месцы.

Якія краіны дамінуюць у бальным танцы?

Уладзімір Парахневіч: Вядома, лідары — краіны Еўропы і ЗША. Дарэчы, шэраг беларусаў у Амерыцы належаць да танцавальнай эліты, і тут можна згадаць дзясяткі прозвішчаў. Напрыклад, Ганна Міхед — 32-я ў свеце па «стандарце». Таццяна Лагвіновіч, якая жыве ў Харватыі, — чэмпіёнка свету па «лаціне».

Святлана Гуткоўская: Таццяна Лагвіновіч і Андрэй Бушчык, фіналіст чэмпіянатаў свету, — нашы выхаванцы.

Заўважу, Андрэй — сын вядомага беларускага жывапісца Міколы Бушчыка. Разам з Валерыяй Бушуевай яны пачалі выступаць яшчэ ў 1996 годзе. І да 2002-га прадстаўлялі Беларусь у аматарскіх спартыўных танцах. З верасня 2002 года пара пачала рэпрэзентаваць Расію і выступаць у якасці прафесіяналаў. Яны неаднойчы «бралі» золата на міжнародных турнірах па «лаціне». Цяпер Андрэй — прэзідэнт Пецярбургскага танцавальнага саюза.

Уладзімір Парахневіч: У Расіі гіганцкая колькасць танцораў, клубаў, спаборніцтваў! У еўрапейскіх танцах традыцыйна моцныя італьянцы. Цяжка вылучыць адну нацыю, якая «пастаўляе» чэмпіёнаў.

Дзмітрый Бяляўскі: Шмат адметных славенскіх, літоўскіх пар. Часам краіны невялікія, але там прадуманы і добра пастаўлены працэс падрыхтоўкі танцораў.

Уладзімір Парахневіч: Здараецца, пара не належыць адной краіне.

Андрэй Сабанскі: Танцорам важны вынік. Гэта пары топ-узроўню? Тады яны працуюць са спецыялістамі не толькі сваёй дзяржавы. Расійская ці наша топ-пара можа займацца з харэографамі, трэнерамі, стылістамі розных краін. Каб у рэшце рэшт зрабіцца чэмпіёнам Еўропы ці свету...

Мужчына і Жанчына ў люстэрку пластыкі

У сувязі з бальнымі танцамі закранем гендарнае пытанне...

Святлана Гуткоўская: Жыццё не прыдумала больш рамантычнага спосабу знаёмства, чым падчас танца...

Думаю, бальным танцам займаюцца пераважна дзяўчаты...

Дзмітрый Бяляўскі: Так здараецца на пачатковай стадыі...

Святлана Гуткоўская: На кожным курсе нашага ўніверсітэта хлопцаў-бальнікаў болей, чым іх партнёрак.

Андрэй Сабанскі: У нашым клубе — тое самае! Спачатку прыходзяць займацца адны дзяўчаты, хлопцаў мала. Але менавіта юнакі застаюцца надоўга. Цяпер чатыры свабодныя партнёры. Дзяўчат не хапае!

Святлана Гуткоўская: У выпуску, што адбыўся восем гадоў таму, была аднолькавая колькасць хлопцаў і дзяўчат. Наступны год: восем партнёраў і чатыры партнёркі. А ў 2010-м з шасці студэнтаў — чатыры хлопцы і ўсяго дзве дзяўчыны. Даводзіцца сачыняць харэаграфію з разлікам на мужчынскі танец.

Уладзімір Парахневіч: Я прыйшоў у бальныя танцы, каб навучыцца танцаваць венскі вальс. Пачаў разбірацца ў венскім вальсе — і раблю гэта шмат гадоў (агульны смех).

Андрэй Сабанскі: Самае галоўнае ў бальным танцы — тое, што разам танцуюць хлопчык і дзяўчынка. І тым ён адрозніваецца, пэўна, ад многіх відаў сучаснага харэаграфічнага мастацтва. Дзве супрацьлегласці...

Уладзімір Парахневіч: Чаму наш від мастацтва і спорту такі масавы? Наяўнасць супрацьлегласцей — закон жыцця...

Дзмітрый Бяляўскі: Магчыма, мы разважаем пра самы важны з усіх складнікаў бальнага танца. І ён моцна прыцягвае... Манія і магія вальса, танга, факстрота ўзнікае таму, што гэта танец удваіх. Сустракаюцца дзве паловы чалавецтва, і кожны — не ў адзіноце...

Уладзімір Парахневіч: Сумесны танец — вышэйшая праява майстэрства.