Сучаснае і далёкае...

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Жывапіс Івана Козела

/i/content/pi/mast/58/983/17.jpg

Краявід з млыном. Алей. 2007

У Палацы мастацтва адбылося адкрыццё персанальнай выставы Івана Козела. Нацыянальны каларыт экспазіцыі раскрыў і дапоўніў беларускімі песнямі хор БНТУ пад кіраўніцтвам Алены Ісакінай. Намеснік старшыні Саюза мастакоў 
Рыгор Сітніца адзначыў: «Хор праспяваў пра Беларусь, а Іван Козел паказаў нам яе ў фарбах. Выдатны спеў — тоесны выставе, ён натхніць мастака 
на новыя шэдэўры». Прамоўца дадаў, што Іван Козел спавядае традыцыю ў лепшым сэнсе гэтага слова, ён працягвае развіваць дасягненні класікаў — 
Гараўскага, Жукоўскага, Рушчыца, Бялыніцкага-Бірулі, Вашчанкі.

Мастак скончыў жывапіснае аддзяленне Акадэміі мастацтваў, дзе выкладалі Май Данцыг, Міхаіл Меранкоў. На пленэрах у Жыровічах практыку вёў Барыс Аракчэеў. Там і былі зроблены шматлікія эцюды, што леглі потым у аснову палотнаў, паказаных на выставе. Вучоба ў Творчых акадэмічных майстэрнях Міністэрства культуры Беларусі, дзе выкладаў народны мастак СССР Міхаіл Савіцкі, навучыла з адказнасцю падыходзіць да ўсіх этапаў стварэння работы.

Іван сабраў на выставу карціны розных перыядаў — нібы сачыненні паводле эцюдаў розных гадоў. Карціны прасякнуты паэтычным настроем, лірызмам, цеплынёй, яны пазбаўлены штампаў і надуманых вобразаў. Любімыя сюжэты творцы — краявіды з архітэктурнымі помнікамі. «Сядзіба ў Лошыцы» паказвае калісьці прыгожае гістарычнае месца, якога ўжо няма, там зараз ідзе рэканструкцыя і зносяцца апошнія драўляныя будынкі. «Край Адама Міцкевіча» — эпічнае палатно, што ўвасабляе рэшткі замка, касцёлы, царкву, мячэць і вялікае гучнае неба — нібы ўзляцелі белыя птушкі.

Карціна «Краявід з каровамі» настальгічная для тых, хто жыў у вёсцы, пасвіў статак на полі, памятае дарогу, па якой ездзілі брычкі, аўтамабілі... Зараз вакол ціха, а на гары спусцелая вёсачка, унізе азярцо, да якога вядзе сцяжынка. Старыя вязы, зялёнае жыта — жыццё тым не менш працягваецца. Мастак марыць: вёска адродзіцца і вернуцца людзі. Неба займае большую частку карціны, а зямля-карміліца пададзена ў залацістых фарбах — нібы ў чаканні чалавека. Знаўцы беларускага класічнага жывапісу «суровага стылю» высока ацанілі працу «Пад вечар». Шчыльныя фарбы — цёмна-сінія, вохра, чорныя; у пакінутую вёску вяртаюцца двое, на плячах небагаты скарб, яны набліжаюцца да невялічкіх і такіх нешматлікіх хат. На пярэднім плане рабіна і каля яе крыж, тут пахаваны блізкі ім чалавек. Цёмныя колеры, вячэрні час, шэрыя хаткі, у адным акне агеньчык, на яго яны і ідуць...

У карціне «Мінскі дворык зімой» Іван паказаў сучасныя змены на вуліцы Маякоўскага, дзе палова знесеных дамоў — старой пабудовы, дрэвы зрэзаны... Кавалачак гісторыі нашага горада занатаваны на гэтым палатне.

З цікавасцю ўспрымаюцца гледачамі і нацюрморты. «Беларускі нацюрморт» — збанок з папараццю, дзве фігуркі з саломкі, антонаўскія яблыкі. У «Дзятлаўскай старонцы» на пярэднім плане белы стол, на ім букет з лубіну, канюшыны і асобна галінка белага язміну, якая нахіляецца над разгорнутай кніжкай, дзе бачым ілюстрацыі да гісторыі мясціны — і ўсё гэта ўвасоблена на фоне белага касцёла на плошчы ў Дзятлаве. Да невялікага мястэчка мастак ставіцца з павагай, тут жылі Радзівілы, яны ж збудавалі касцёл. Людзей мы не бачым, але іх прысутнасць адчуваецца.

Тэма «Жыровіцкай святыні» — архітэктура, але большую частку палатна займаюць воблакі. Цёплы дзень, цішыня, на возеры ў лодцы сядзіць манах і ловіць рыбу. Як малітву прадставіў Іван Козел Жыровіцкі манастыр, які займае галоўнае месца ў карціне. Дрэва, побач архітэктурныя пабудовы — гісторыя, якая пераходзіць са стагоддзя ў стагоддзе.

Тэма эпічнага палатна «Зямля продкаў» вырашана праз глыбокія колеры: восень, шэрыя травы, цёмная зямля — усё рыхтуецца да зімы. Узвышаецца вялікі курган, удалечыні царква, а ўнізе конікі — чырвоны і белы. На небе ў малюнку воблакаў увасобілася бітва старажытных часоў, што праходзіла якраз у гэтым месцы.

Сувязь мастака з вёскай — арганічная, трывалая. Яму ўдаецца схапіць сутнасць сялянскай працы, апаэтызаваць яе. Як у карціне «Селянін з касой»: колькі стагоддзяў прайшло ці пройдзе, а селянін усё косіць траву, каб накарміць жывёлу. Ён стомлены — адной рукою выцірае пот з ілба, а ў другой трымае касу. Чыстае неба са светлымі аблокамі і два стажкі сена.

Іван Козел выкладае малюнак, жывапіс і кампазіцыю ў гімназіі-каледжы імя Івана Ахрэмчыка. Многія яго вучні ўжо скончылі Акадэмію мастацтваў, шмат хто вучыцца і рыхтуецца да паступлення. Педагог закладвае грунт іх будучай творчасці — аснову пошукаў і знаходак, дасягненняў і адкрыццяў.

 Галіна Фатыхава