Каштоўныя рэчы

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Інтэр’ер шляхецкай сядзібы

/i/content/pi/mast/58/982/16.jpg
 
Музей гісторыі Мінска ў філіяле на плошчы Свабоды адкрыў экспазіцыю «Гарадская сядзіба XVIII стагоддзя».

Шчыра кажучы, гэты будынак выклікае дзіўнае ўражанне. З аднаго боку, высакародны і лапідарны класіцызм, абсалютная яснасць формы і сіметрыя, што характэрна для палаца. Ды калі перад намі хай невялікі, але сапраўдны палац, як ён аказаўся ўціснутым унутр сучаснага комплексу адміністрацыйных будынкаў?

Далей. Цяпер мы ўжо дакладна ведаем, што гэта гарадская сядзіба XVIII стагоддзя, але чаму менавіта тут Музей гісторыі Мінска размясціў Мастацкую галерэю народнага мастака Міхаіла Савіцкага?

Мінчане ўпэўненыя: па адрасе плошча Свабоды, 15 знаходзіцца прызыўны пункт абласнога ваенкамата. І гэта таксама не ўся праўда. Некалькі гадоў таму будынак быў зачынены на рэканструкцыю, і цяпер (з новымі вокнамі, дзвярыма, падлогай) Музей адкрыўся: 9 залаў — пра Міхаіла Савіцкага і 4 — пра ўласна сядзібу, палац і жыццё яго былых насельнікаў. «Вольнае сачыненне на тэму аб магчымым...», як назваў гэты жанр аўтар канцэпцыі, мастацтвазнаўца і калекцыянер Віталь Жукаў. «Думаю, правільна было б сказаць “палацык”: не палац, не маёнтак, не фальварак, а менавіта палацык — самае адэкватнае вызначэнне для гэтага будынка ў беларускай мове».

Не, гэта не чарговая сюррэалістычная гісторыя са зрушэннем часу і прасторы. Можна іранізаваць з нагоды таго, што ўсё знакавае, ключавое, што ёсць у гістарычнай частцы горада, як быццам спецыяльна скажонае. А можна з цікавасцю назіраць за зменамі, абнаўленнем, за гульнёй фасадаў і сэнсаў. Я б сказала, што мы, як заўсёды, перажываем некалькі паралельных кантэкстаў. Галоўнае, што час, войны, сацыяльныя трансфармацыі і яшчэ мноства відавочных і невідавочных акалічнасцей не адмяняюць аб’ектыўнага факта: будынак 1775 года выстаяў, пратрымаўся больш як 235 гадоў. І адкрыццё Музея павінна азначаць яго вяртанне ва ўлонне культуры горада.

Сядзіба неаднаразова мяняла ўладальнікаў і перабудоўвалася. Заснавальнікам варта лічыць графа Міхаіла Пшаздзецкага, польскага арыстакрата, аб якім вядома, што ён пабудаваў каменны палац на рагу вуліцы Койданаўскай і плошчы Высокага рынку. Наступным уладальнікам сядзібы быў дваранін Андрэй Станкевіч, гаспадар некалькіх аптэк. Трэцім уласнікам стаў літаратар і філантроп Юрый Кабылінскі. Кабылінскі валодаў калекцыяй твораў мастацтва, якая была адкрыта для публікі. Апошні ўладальнік сядзібы — гарадскі галава Леапольд Дэльпаце.

«Вялікая каралавая зала», экспазіцыю якой стварыў Віталь Жукаў з прадметаў сваёй калекцыі, — варыяцыя на тэму будуара-гасцёўні XIX стагоддзя. Нават першы, самы беглы погляд дае магчымасць скласці ўяўленне пра ўклад дваранскага жыцця — гэта гармонія прадметаў мэблі, падбор колераў сцен, штор, ламбрэкенаў, шаўковых фрэнзляў і яшчэ мноства аксесуараў, атмасфера дабрабыту і добрага густу.

Дыван-карціна Завідаўскай мануфактуры, змешчаная ў нішу залы, самы яркі акцэнт збалансаванага інтэр’ера. Згодна з канцэпцыяй, гэта не проста сапраўдная рэч (як і ўсё ў гэтай экспазіцыі) — яна дэманструе ўзровень культуры мінскай арыстакратыі, традыцыйныя для яе еўрапейскія сувязі.

Дыван патрапіў у Мінск, у рукі Віталя Жукава, вельмі даўно. Доўгія гады ён знаходзіўся ў дрэнным стане, але ў нейкі момант ранейшае кіраўніцтва Нясвіжскага замка, займаючыся праблемамі музеефікацыі, звярнулася да калекцыянера з просьбай падабраць для Белай бальнай залы нешта зусім выключнае — аўтэнтычнае і эксклюзіўнае. Гэты момант і аказаўся вырашальным для лёсу Завідаўскага дывана. Аднак першы этап яго новага жыцця — чыстка — пачаўся з таго, што ўсе спецыялісты адмаўляліся брацца за працу, настолькі безнадзейнай здавалася сітуацыя. І ўсё ж патрэбны чалавек знайшоўся: адмысловымі саставамі з дывана знялі падцёкі аблезлай фарбы, плямы, бруд на ворсе.

Другі этап — рэстаўрацыя — заняў 3 гады і 2 месяцы. Трэба было замацаваць уток (асноўныя ніткі), папоўніць адсутныя фрагменты, умацаваць старыя і часткова страчаныя. Краі палатна былі ці то пагрызены, ці то абарваны. Іх давялося аднаўляць самым лепшым тэатральным аксамітам — аксамітам габро.

Нарэшце дыван прывезлі ў Музей гісторыі Мінска — тут трэба было прыдумаць, як замацаваць яго з выварату, бо ён усё яшчэ заставаўся вельмі крохкім.

Мантаж на раму меркаваў і апрацоўку асаблівым саставам, і мацаванне тыльнага боку. За гэтую працу таксама ніхто не браўся, пакуль на просьбу не адгукнулася Святлана Крэль, загадчыца Музея народнага мастацтва ў Раўбічах.

Але ўсё яшчэ не было зразумела, што ж на ім выяўлена. Шмат гадоў, бываючы ў розных гарадах і музеях, Віталь Жукаў распытваў супрацоўнікаў і аматараў мастацтва пра сюжэт. Праўда, паказаць можна было толькі аблезлы малюнак на фатаграфіі. І вось зноў збег акалічнасцей — супрацоўнік Музея гісторыі Мінска Кірыл Мельнік паведамляе: гэта сюжэт фрэскі, і намалявана на ёй калясніца Аўроры. Сюжэт належыць вядомаму італьянскаму мастаку Гвіда Рэні, а сама столевая фрэска знаходзіцца 
ў рымскім палацы Палавічыні — Распільёзі.

Як ні мала помнікаў захавалася ў Беларусі, але яны ёсць. Тысячы прадметаў беларускай даўніны знаходзяцца ў замежных калекцыях, і толькі невялікую колькасць артэфактаў можна бачыць у нашых музеях. Каштоўнасць іх безумоўная, і Музей гісторыі Мінска цяпер гэта пацвярджае: сапраўдная мэбля, калекцыйны посуд, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў прамым сэнсе слова нясуць у сабе культурны код, закладзены іх стваральнікамі. Ён не страчаны, і калі мы цэнім і вывучаем гэтую пераемнасць, у нас ёсць усе шанцы захаваць яго. Роўна ў той ступені, у якой мы ўсведамляем сябе ў кантэксце еўрапейскай культуры.

 Любоў Гаўрылюк