Парадоксы былога і сённяшняга

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Гастролі ў Мінску

/i/content/pi/mast/58/980/12.jpg 
«Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання» Уладзіміра Рудава.
Гастролі Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра адбыліся на сцэне Нацыянальнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, які ў гэты час накіраваўся са сваімі спектаклямі ў горад над Нёманам. Творчы абмен быў ініцыяваны міністрам культуры Паўлам Латушкам і стаўся адзіным улетку. На жаль, адсутнасць абменных і проста гастроляў зноў становіцца нормай для драматычных тэатраў. Што само па сабе вельмі дзіўна і няправільна.

Абласныя тэатры гадамі не скарыстоўваюць шанс пашырыць сваю аўдыторыю за кошт сталічнай публікі. Канешне, яе трэба яшчэ заваяваць. Мабыць, адна з прычын у гэтым. Перспектыва правесці гастролі пры напаўпустых залах мала каго прываблівае. А вось выдаткі пасля сталічных паказаў бываюць істотнымі. Атрымліваецца, што выправіцца ў Мінск на паўнавартасныя гастролі з паўнавартасным рэпертуарам часам за межамі магчымага. І здзейсніць гэта на адным энтузіязме складана. Між тым, спектаклі ад гродзенцаў для мінскіх тэатралаў заўсёды падзея. Прынамсі, іх паказы ў Мінску незаўважанымі не бываюць.

Шмат гадоў запар аблічча і мастацкі ўзровень тэатра фарміраваў Генадзь Мушперт. Для знаўцаў тэатральнага мастацтва ягонае імя яскравае. Ды і лёс зусім нешараговы. Мушперт належыць да таго пакалення беларускіх рэжысёраў, што своечасова не занялі галоўныя пазіцыі ў сцэнічным мастацтве, доўгі час знаходзіліся «на другіх ролях», а пасля сталіся апошнімі, здатнымі сёння нешта ў сцэнічным мастацтве змяніць. Тут дарэчы адна агаворка: стварыць уласную эпоху, як некалі гэта зрабілі Раеўскі і Луцэнка, ім так і не ўдалося. Зрэшты, аднесці Мушперта да страчанага пакалення было б таксама няправільна. Найхутчэй ён заўсёды заставаўся «рэччу ў сабе». Ад карысных тусовак, неабходных стасункаў удалечыні. Ніколі ні на што не імкнуўся ўплываць. Атрымаў добрую адукацыю і працаваў адпаведна таленту і разуменню. Спачатку скончыў акцёрскае аддзяленне ЛГІТМІКа на курсе ў знакамітага Зіновія Карагодскага, потым рэжысуру ў БДТМІ — у майстэрні Валерыя Раеўскага. На яркім акцёрска-рэжысёрскім курсе студэнты ставіліся да яго (вядома ж, неафіцыйна) як да «мастацкага кіраўніка», паважалі і давяралі. Пасля працаваў са знакамітым рэжысёрам Адольфам Шапірам у не менш тады знакамітым Рыжскім ТЮГу. Урэшце, пасля распаду Савецкага Саюза, вярнуўся ў Беларусь. Надоўга асталяваўся ў Гродне. У Мінск спектаклі Генадзя Мушперта зрэдчас прывозілі на гастролі, і тады абавязкова адбываўся незапланаваны фурор. Сапраўдныя адкрыцці — ягоныя работы «Кароль, дама, валет» паводле Уладзіміра Набокава, «Рок-канцэрт з Рыгорам Горыным», «Адзінокі Захад» Марціна МакДонаха, «Заўтра была вайна» паводле Барыса Васільева. У пастаноўках рэжысёра лідзіравалі выдатныя акцёры Сяргей Курыленка, Аляксандр Шаўкаплясаў, Людміла Волкава.

Невялікія гастролі гродзенскага тэатра ў Мінску прайшлі пасля працяглай паўзы і пасля таго, як Генадзь Мушперт пакінуў тэатр, але ніколькі не расчаравалі. Яны сталіся яркай фарбай у чарадзе даволі аднастайных тэатральных будняў. Здзівілі прафесійным узроўнем, на якім упэўнена існуе калектыў. Прымусілі задумацца пра страчанае, пра здатнасць адпавядаць лепшым тэатральным узорам без усялякай вонкавай помпы, непатрэбнай мітусні, крыклівай і пустой самарэкламы.

Мінскім гледачам прапанавалі тры спектаклі: «Камедыю пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання» Уладзіміра Рудава і «Палёт над гняздом зязюлі» Дэйла Васэрмана (рэжысёр Генадзь Мушперт), а таксама «№13» Рэя Куні (рэжысёр Сяргей Курыленка). Канешне, немагчыма скласці поўную карціну існавання сцэнічнага калектыву па некалькіх асобных пастаноўках. Тым больш што ў Гродне з’явіўся новы галоўны рэжысёр Андрэй Гузій. Але ж гэта апошняя сустрэча — як працяг колішняга і вельмі прыемнага знаёмства.

«Камедыя пра нешчаслівага селяніна…» паводле твораў Каятана Марашэўскага і Францішка Аляхновіча мае сваю сцэнічную гісторыю. Калісьці гэтую п’есу напісаў таленавіты рэжысёр і драматург Уладзімір Рудаў, а потым разам з Андрэем Андросікам яны паставілі ў Альтэрнатыўным тэатры спектакль «Камедыя», які імгненна зрабіўся сенсацыяй. Насамрэч было створана дасканалае і выбітнае тэатральнае відовішча: ні прыбавіць, ні адняць! Выпадак увогуле нешараговы для нашай тэатральнай рэчаіснасці. Спектакль штораз выклікаў буру захаплення ў глядзельнай зале, яго ігралі на адным дыханні, ён меў доўгі шчаслівы лёс. Своеасаблівы беларускі del’arte! Генадзь Мушперт звярнуўся да п’есы свайго сябра і калегі Уладзіміра Рудава ў 1995 годзе, інтэрпрэтаваў драматургію і дыстанцыяваўся ад рэжысуры. Інакш і быць не магло! Той, хто бачыў першую пастаноўку «Камедыі» ў Альтэрнатыўным, дагэтуль знаходзіцца пад яе ўплывам, не можа пазбыцца яе абаяння. Менавіта ў такім становішчы апынуліся беларускія тэатралы, якія прыйшлі на спектакль Мушперта падчас сёлетніх гастроляў. Лёс гродзенскай «Камедыі» таксама шчаслівы. Пастаноўка дакладна арыентуецца на канкрэтную аўдыторыю. Яе ігралі для беларускай дыяспары ў Польшчы, ігралі на «выездзе» ў вёсках і невялікіх гарадах. Спектакль натуральным чынам умацоўвае культурныя стасункі і выклікае захапленне. Толькі ён насамрэч — іншы. Замест прыпавесці — лубок і бытавая характарнасць. Замест масак — «жывыя сяляне» і акцёрская сакавітасць. Мушперт працуе тонкімі фарбамі, дакладна размяркоўвае акцэнты, выбірае дэталі. Усё разлічана на блізкі кантакт з гледачом. Селянін у выкананні Аляксандра Луцэнкі — надта пазнавальны, заўсёдны і даўно перарослы вясковы «раздудай». Ён выстаўляе ўласны рахунак самому Адаму за тое, што мусіць расплачвацца за ягоны першародны грэх. У тыповай і зацятай філасофіі селяніна — бездань абаяльнасці і своеасаблівая мужыцкая мудрасць. Глянеш на яго і зразумееш, што ніколі ён не вытрымае Чортавы іспыты. Ні за так, ні за грошы! Затое страты блізкіх людзей, звыклага асяродка, магчымасці схаваць бутэльку пад падушку для яго непапраўныя. І жонка Маланка (Ала Лук’янава), і Жыд (Сяргей Курыленка), і іх нягеглыя жарты для яго неабходныя. Іншага не дадзена, хоць і дадзена няшмат. Сяргей Курыленка вымалёўвае свой персанаж мяккім і далікатным пэндзлем. У гэтым прысутнічае пэўны жанравы парадокс. Вострая, гратэскавая характарнасць, велізарны нос, маляўнічыя пэйсы, напаўсагнутая спіна, тонкія ногі, якія недарэчна вытыркаюцца з кароткіх штаноў, і амаль што нячутная хада. Ненавязлівае і вельмі натуральнае акцёрскае існаванне. Чорт у выкананні Васіля Мініча — як своеасаблівы постмадэрнісцкі артэфакт. Ён зусім іншая істота, толькі з’яўляецца ў сядзібе Селяніна так, нібы назаўсёды асталяваўся там у суседнім пакоі. Яму амаль што ніхто не здзіўляецца, яго ўспрымаюць, як дадзенасць. І ў гэтым таксама прысутнічае пэўна акрэслены рэжысёрскі акцэнт. Чорт у спектаклі «не хаваецца ў дэталях», ён прысутнічае ў штодзённым звыклым існаванні. Магчыма таму на такой шчымлівай і сумнай ноце скончыўся спектакль. Гэта зусім не «меладраматычны драматызм», а нашае заўсёднае самотнае і невынішчальнае шкадаванне саміх сябе. Народная камедыя!

Спектакль «Палёт над гняздом зязюлі» Дэйла Васэрмана паводле культавага рамана Кэна Кізі дазваляе скласці дакладнае ўяўленне пра рэжысуру Генадзя Мушперта. У відавочнай прастаце ягонага почырку цалкам адсутнічае другаснасць. І здаецца, што такое паняцце, як рэжысёрскі прыём, яму ўвогуле чужое. Да ягоных пастановак не дапасоўваецца. Затое цалкам дарэчы іншы выраз: рэжысёрскае мысленне. Адвольны спосаб асобаснага выказвання, настолькі канкрэтны і выразны па стылі, што наўрад ці ў глядзельнай зале знойдзецца чалавек, здатны неадэкватна ўспрыняць укладзены ў спектакль змест.

Здаецца, на падмосткі вяртаюцца амаль страчаныя (з-за незапатрабаванасці) яскравыя прыкметы рэжысёрскай прафесіі. Учынак кожнага персанажа прадуманы і матываваны. Героі выходзяць на сцэну з наяўнай уласнай біяграфіяй, якую «счытваюць», пра якую інтуітыўна здагадваюцца гледачы. Рэальна ўвасоблены напаўзабытыя паняцці «акцёрскі ансамбль» і «звышзадача», а спружына ўнутранага дзеяння накручваецца да мяжы і выбухае адкрытым драматычным фіналам.

Спектакль уражальны ва ўсіх сваіх элементах. Мастак Аляксандр Сураў знаходзіць сэнсава адпаведнае сцэнаграфічнае вырашэнне. Дэкарацыя-выгарадка: быццам усё адбываецца на задворках жыцця. Яно — жорсткае, халоднае, жывое, сапраўднае — працякае па-за шэрымі сценамі, за кратамі на вокнах. На сцяну штораз прымацоўваюць хворага — «раскрыжоўваюць» па першым ягоным патрабаванні. За тоўстым шклом — тэрыторыя сястры Рэтчэд, за надзейна зачыненым акном — Кэндзі і Сандры, за прылеглымі калідорамі — палаты для хворых. Сюды ж, у гэтую дзіўную несіметрычную прастору, нібы ў апраметную, збіраюцца ўсе героі спектакля. Хворыя і здаровыя, дактары і пацыенты, былыя і сённяшнія… Перад намі праходзяць (менавіта праходзяць-мінаюць, інакш і не скажаш) чалавечыя жыцці. І ўсе раскрываюцца ў патаемнай сутнасці. Выклікаюць шкадаванне і боль, адчай і спагаду. На скрыжаванні трагічных лёсаў перад кожным паўстае праблема ўласнага выбару, інтэрпрэтаваная рэжысёрам як мяжа ўласнай свабоды, самадастатковасці, сэнсу існавання, якую можна або нельга пераступіць... У галоўнага героя жыццё абрываецца проста на вачах гледачоў, а ў гледачоў сціскаюцца ад гора сэрцы.

Адно з самых яркіх уражанняў — акцёрскія работы. Аднолькава выдатныя і пераканальныя. Я не заўважыла ў спектаклі ніводнага «прахаднога» персанажа, ніводнага «мізэрнага эпізоду», увогуле здаецца, што ніводзін акцёр тут ніколі не трапляе ў «зону пустаты». Асобасныя характарыстыкі адбіваюцца ў вобразным абліччы і замацоўваюцца ў памяці. Нават цягам пэўнага часу пасля спектакля іх лёгка ўзнавіць. Зразумець сэнс прысутнасці на сцэне і вынайсці агульны, запаветны змест.

Імпульсіўны МакМэрфі Аляксандра Шаўкаплясава адчайна праспявае ўласны гімн свабодалюбству саманадзейнага бунтара. Дыйл Хардынг Сяргея Курыленкі на першы погляд здатны ўсё пралічыць, толькі ягоны канфармізм такі ж безнадзейны, як і неўсвядомленае розумам імкненне да свабоды дзеля свабоды. Маленькая фарбаваная бландзінка сястра Рэтчэд Святланы Марэцкай можа паглынаць свабоду іншых да самазабыцця. У яе абагульненым вобразе тыповыя рысы падобных жанчын. І тысячы комплексаў — мацярок, каханак, начальніц, проста адзінокіх асоб. У спектаклі шмат выдатных эпізодаў, асабліва вылучаюцца далікатны і кранальны Білі Васіля Мініча, трапятліва-драматычны правадыр Бромдэн Сяргея Вянсковіча, безнадзейна-бязвольны доктар Співі Мікалая Емяльянава. Самыя небяспечныя сцэны ўвасоблены без ценю пошласці і вульгарнасці. Кульмінацыйнай кропкай робіцца агульны танец «на вечарынцы», дзе ў кожнага персанажа ўласны сольны выхад. Дзе ўсе разам і кожны паасобку выразна даводзяць галоўную думку спектакля: так, свет належыць моцным. Але ў ім ёсць шмат паралельных сусветаў. І гледачы ўспрымаюць гэта, як здзіўляючы парадокс.

Людміла Грамыка