Доследы руху

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Акварэльныя вандроўкі

/i/content/pi/mast/58/978/9.jpg

Мост праз Рэйн-2. Папера, змешаная тэхніка. 2012.

У галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшла выстава Вячаслава Паўлаўца «Акварэалізм».

Экспазіцыя складалася з твораў апошніх пяці гадоў — з некалькіх серый, абумоўленых зменай прыёмаў акварэльнага жывапісу, а галоўнае — канцэпцый. Назва не вызначала мастацкі стыль, а акрэслівала рэальнасць у межах матэрыялу: акварэль — тэхніка са сваімі ўласнымі правіламі, паўнаважкі суаўтар творцы. Апошні мусіць улічваць той факт, што праца робіцца часткова незалежна ад яго.

Нягледзячы на тое, што мастак сцвярджае сябе як інтуітывіст, які толькі ідзе ўслед за матэрыялам, законы гэтага матэрыялу ён ведае і даследуе. Працэс даследавання фіксуецца на аркушах так жа ясна і выразна, як і яго эмоцыі і ўражанні. Алоўкавы каркас малюнка (нягледзячы на патрабаванні жанру) не хаваецца, а застаецца пазначэннем траекторыі акварэльнага пісьма, сілавымі лініямі кампазіцыі. Паводле гэтых сілавых ліній — момантаў напружання вобраза — вольна расцякаецца фарба. У выніку колеравая пляма і рух вады, якія звычайна жывуць у адпаведнасці з эмацыйным імпульсам, канструктыўна парадкуюцца. Імпульс і эмоцыя ад гэтага не знікаюць, а набываюць новую якасць.

«Мова зямлі» — серыя 2012 года. Ужо сама назва падказвае, што размова ідзе пра знакі. Сапраўды — гэта знакі зямлі, улоўленыя назіральным вокам. Рака — іерогліф, неба і паверхня зямлі — фон для выяўленчага тэксту — багаты, глыбокі, насычаны адценнямі пачуцця.

На наступным аркушы — воблака за пагоркам. Аблокі штосьці імкнуцца нам паведаміць, і малыя дзеці (і мастакі) спрабуюць іх расчытаць. У творах Паўлаўца нараджаецца краявід з асаблівым эфектам: нібы з рэальнасці сарвалі верхні слой тонкай калькі і яна наблізілася да сваёй сутнасці... Сам аўтар успрымае працы як вандроўку: акварэль стварае ўласныя сэнсы, спантанна ўзнаўляе прыхаваныя вобразы — такім чынам мастак падключаецца да падсвядомасці і знаходзіць знакі жыцця. Розум з падобнай задачай не спраўляецца.

«Чорна-белыя мроі» зафіксавалі стомленасць творцы ад кідкіх іміджаў, што запаланілі асяроддзе гараджаніна. Мастак перайшоў ад колеру да тону, у чорна-белай танальнасці фіксуе адценні шэрага. Своеасаблівая тэрапія: «Пасля серыі чорна-белых прац колер набудзе новую якасць, а мае адносіны да яго зменяцца, стануць больш чыстымі і празрыстымі». Творца настальгуе па часах, калі колер захоўваў сваю сакральнасць, валодаў сімвалічным значэннем.

Некаторыя з работ серыі напісаны акварэллю па мятай паперы. Мастак намочвае яе, камечыць, выпроствае. Чорная фарба паўтарае малюнак складак, такім чынам нараджаецца незалежная ад выявы хаатычная структура. Але тое таксама краявід, які Вячаслаў Паўлавец прывязвае да канкрэтнага этапу гісторыі нашай зямлі: гэта Беларусь у ледавіковы перыяд — край, пакрыты снегам, у якога ўсё наперадзе.

Паездка мастака ў Майнц выклікала змены рытму і малюнка. Атмасфера еўрапейскага горада з геаметрызмам ліній і стромкімі сілуэтамі паспрыяла асаблівай графічнасці яго аркушаў. Вячаслаў назваў сваё падарожжа вандроўкай па стылях.

Творца імкнецца дасягнуць адчування спрадвечнасці краявіду. І дагэтуль на пейзажах Паўлаўца людзі звычайна не з’яўляліся — толькі іх сляды. Як, напрыклад, сцежка праз поле — іерогліф ландшафту, мастакоўскі фірмовы росчырк-роспіс. Дрэвы, у малюнку якіх нібы прыхаваліся загадкавыя пісьмёны.

Часам яго выявы настолькі набліжаюцца да графем, што лёгка ўпісваюцца ў канцэпцыю выставы шрыфтавой графікі. Вячаслаў пастаянны ўдзельнік «Літ-арта». Паверх пейзажу накладвае сетку графічных элементаў. У серыі «Рухатворы» рэальны краявід знікае, застаюцца толькі яго рытмы, увасобленыя праз каліграфічныя рухі пэндзля (набліжэнне акварэліста да літары адбываецца паступова: усё ж ён выкарыстоўвае не пяро). І ў гэтым самае цікавае — не ў абстрагаванні краявіду, а ў той аналітычнай працы, якую праводзіць мастак у пошуках зашыфраваных у наваколлі знакаў рэальнасці. У раскрыцці працэсу гэтага даследавання, каб мы — гледачы — сталі яго інтэлектуальнымі спадарожнікамі.

«Бог даў чалавеку магчымасць аналізаваць сваё жыццё», — сцвярджае мастак, і такая перакананасць дае творцу бясконцую прастору для развіцця. Роздум пра мастацтва не спыняецца.

Алеся Белявец