Жыццё поруч з тэатрам

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Да юбілея крытыка

/i/content/pi/mast/58/977/8.jpg
Тамара Гаробчанка 
Яе шлях у прафесію быў прадвызначаны. Бацькі вядомага беларускага тэатральнага крытыка Тамары Гаробчанка — Яўген Палікарпавіч і Надзея Нічыпараўна — былі акцёрамі легендарнага Уладзіслава Галубка ў БДТ-3. Тэатр увайшоў у яе свядомасць з дзяцінства — трывала, моцна, назаўсёды, і галоўнае месца ў ім заняў акцёр.

Маленькая Тамара не ўяўляла сабе, што можна быць кім-небудзь акрамя актрысы. Першыя спробы, так бы мовіць, «кастынг» на прыдатнасць да прафесіі, праходзілі ў пуні, непадалёку ад «акцёрскага дома», у якім сям’я мела пакойчык. Маці працавала тады ў Баранавіцкім абласным драматычным тэатры. Калі дарослыя ад’язджалі на гастролі, дзеці ігралі свае спектаклі. Старэйшая сястра Ларыса «пісала» п’есу, праз вяроўку перакідвалася «заслона», і... пачынаўся тэатр.

Прыйшоўшы ў тэатразнаўства праз глыбокае ўсведамленне сутнасці сцэнічнай творчасці, Тамара Гаробчанка заўсёды адстойвала права акцёра «быць уладаром сцэны», папярэджвала пра небяспеку празмернага захаплення ўмоўнымі прыёмамі, вонкавай відовішчнасцю. «З вялікай павагай стаўлюся да любой прафесіі ў мастацтве і ўсё ж такі схіляю галаву менавіта перад акцёрскай прафесіяй як адной з самых высакародных ...» — напіша Гаробчанка ў адным з артыкулаў. Створаныя ёю партрэты, нарысы, прысвечаныя беларускім акцёрам, — гэта перш за ўсё прызнанне ў любові, захапленне адметным майстэрствам, выказванне вялікай удзячнасці за прэзентаванае са сцэны свята ўзрушэнняў. Яе манаграфіі аб актрысах Вользе Галіне і Зінаідзе Канапельцы падкупляюць чалавечай шчырасцю.

Дарэчы, з акцёрамі Коласаўскага тэатра, у прыватнасці, з Зінаідай Канапелькай, Фёдарам Шмакавым, Таццянай Бандарчык, Ларысай Федчанка, у Тамары Яўгенаўны ўзніклі асаблівыя стасункі. Пачатак ім быў пакладзены ў далёкім 1944 годзе, калі яе бацьку і маці прынялі ў БДТ-2. Не паспелі яны як след уладкавацца на новым месцы, як бацьку арыштавалі і жонка «ворага народа» засталася з двума маленькімі дзецьмі на руках у чужым горадзе. Бяда не прыходзіць адна: двухгадовая Тамара моцна захварэла, лекаў не было, а купіць іх на «чорным» рынку за шалёныя грошы сям’я не магла. І вось аднойчы прыйшоў Фёдар Іванавіч Шмакаў і прынёс выратавальныя таблеткі. Дзе ён іх узяў і колькі яны каштавалі — Тамара Яўгенаўна так ніколі і не даведалася.

Ёй аднолькава падуладны ўсе тэатразнаўчыя накірункі. Ад творчых партрэтаў і рэцэнзій — да сур’ёзных навуковых прац. Колькі іх выйшла з-пад пяра таленавітага крытыка за 40 год, аддадзеных гэтай рэдкай, амаль знікаючай у Беларусі прафесіі! У артыкулах Тамары Гаробчанка заўсёды адчуваецца прысутнасць асобы аўтара, адметнасць мыслення і своеасаблівасць падачы матэрыялу. За графічнай адточанасцю фраз, элегантна пабудаванымі разважаннямі, лёгкасцю стылю прасочваецца сэнсавая ёмістасць і глыбіня, выдатнае веданне сцэны. Артыкулы прывабліваюць глыбокай змястоўнасцю, дакладнасцю і лаканічнасцю выказаных думак. Гэта якраз і адрознівае іх ад вялікай колькасці матэрыялаў, у якіх за квяцістасцю сказаў і мудрагелістасцю выразаў настолькі губляецца асноўнае, што чытач ужо не разумее, навошта аўтар узяўся за пяро.

Яе ўлюбёны жанр — рэцэнзія. Пра спектакль Тамара Гаробчанка піша тэатральна. Эмацыянальна насычаныя замалёўкі асобных карцін, эпізодаў, вобразна-мастацкіх дэталей трымаюць чытача ў пастаянным напружанні, робяць яго саўдзельнікам аўтара, прымушаюць абурацца ці захапляцца, але заўсёды — атрымліваць эстэтычную асалоду.

Тамара Гаробчанка — выпускніца першага набору тэатразнаўчага аддзялення, адкрытага ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце ў 1962 годзе. У «вялікае» мастацтвазнаўства яна ўвайшла ў пачатку 1970-х з даследаваннем купалаўскай драматургіі. Яе навуковым кіраўніком быў Анатоль Вікенцьевіч Сабалеўскі. Дарэчы, са шматлікіх выхаванцаў прафесара Гаробчанка стала ці не самым адданым ягоным вучнем, сябрам, надзейнай памочніцай, якая да апошніх дзён жыцця свайго настаўніка была побач. Усё запазычанае ад знанага вучонага і педагога яна перадавала сваім вучням у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Час прапаноўваў і навязваў крытыкам розныя ролі. Але канстантай творчай індывідуальнасці Тамары Гаробчанка сталася перакананасць у тым, што тэатр можа, больш таго — павінны быць месцам, дзе чалавек адчувае сябе часцінкай сусвету, створанага Усявышнім. Яна ўпэўнена: жывое, дзейснае мастацтва сцэны валодае выключнай магчымасцю падтрымаць чалавека ў яго супрацьстаянні хаосу і парушанай гармоніі. Пра гэта і адна з лепшых яе кніг аб сучасным беларускім тэатры — «На мяжы стагоддзяў», дзе Тамара Гаробчанка выяўляе духоўныя вытокі нацыі, звязаныя з хрысціянскай традыцыяй, засцерагае ад распаўсюджвання антыкультуры.

Яна не прымае тэатр, які, выяўляючы трагізм светаадчування чалавека, замест асэнсавання складаных працэсаў рэчаіснасці холадна фіксуе іх, «смакуе» пачварныя з’явы жыцця. Можа, з гэтай прычыны ў апошні час усё радзей яе можна заўважыць у глядзельнай зале.

Памыляецца той, хто лічыць, што крытыкі знаходзяцца ў пастаяннай канфрантацыі з творцамі і іх узаемадачыненні маюць пераважна канфліктны характар. Сярод шматлікіх сяброў Тамары Яўгенаўны — акцёры і рэжысёры, творчыя дзеячы. Уменне сябраваць — неверагодная раскоша яе душы. Яна вельмі ўважлівы і чулы чалавек, ёй можна даверыцца, на яе дапамогу можна разлічваць.

Вялікая працаздольнасць і талент зрабілі Тамару Яўгенаўну заўважнай асобай у беларускай тэатральнай культуры ХХ стагоддзя.

Людміла Клімовіч