Таямніцы начнога места

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Трыццаць тры здымкі фотамайстра

/i/content/pi/mast/58/976/7.jpg

Відок. Фота. 2012.

У гродзенскай галерэі «У майстра» прайшла фотавыстаўка Сяргея Курылы «33». Гэта сімвалічная лічба абазначае ўзрост аўтара і колькасць прадстаўленых фотаздымкаў. Зробленыя не лічбавым, а плёначным апаратам, работы нясуць у сабе няўлоўную магію старога фота. Тым больш што тэму Сяргей выбраў адпаведную: паказаць улюбёныя старажытныя вуліцы начнога Гродна, дзе рытмы жыцця прыціхаюць, запавольваюцца. А гледача ахоплівае лёгкае пачуццё настальгіі па блізкім 
і дарагім, узнікае неасэнсаваная трывога за гэтыя безабаронныя камерныя куточкі места.

Эстэтычнае ўздзеянне дасягаецца найперш за кошт эфекту святла, яго рэфлексаў і блікаў, якімі вылучаюцца сэнсавыя і кампазіцыйныя дамінанты: то рыпучая лесвіца пад яркім ліхтаром, то адмыслова падсвечаныя барочныя гмахі велічнага касцёла, то перспектыўная выява вуліцы ў цэнтры горада з прыгожымі камяніцамі ХІХ стагоддзя. Імкнучыся надаць фотаздымку пэўную экспрэсію, аўтар ловіць фотааб’ектывам неардынарныя ракурсы, не проста фіксуе жыццёвыя абставіны, а пераўтварае іх. Напрыклад, робіць акцэнт на трапяткім адбітку някідкіх невысокіх дамоў у зіхатлівай паверхні вады на мокрым асфальце пасярод начнога дворыка. Сярод сотняў зробленых фотаздымкаў Сяргей выбраў тыя, дзе цікава кадрыруюцца, здавалася б, выпадковыя, але такія характэрныя гарадскія рэаліі, дзе ператвараецца аб’ектыўная рэчаіснасць у суб’ектыўны артэфакт. Прапанаваная аўтарам пэўная ўмоўнасць ва ўспрыняцці навакольнага асяроддзя дазваляе гледачу на пачуццёвым узроўні суаднесці асабістыя ўражанні з поглядам аўтара.

Кожны здымак, візуальна арганізуючы натурны матэрыял, нясе ў сабе выразны мастацкі вобраз, здольны развівацца ў часе, выклікаць неадназначныя асацыяцыі. Напрыклад, таямнічы пад месяцовым ззяннем стары аднапавярховы дом у атачэнні пышных дрэваў інспіруе ўспаміны, звязаныя ці з падзеямі асабістага жыцця, ці з нейкім напаўзабытым фільмам, ці з даўнімі паданнямі пра чароўных дамавікоў, што прыціхлі за драўлянымі сценамі. Сённяшняе існаванне гэтай пабудовы паядноўваецца з думкамі пра тое, што адбываецца там зараз. І ўяўляецца: за цёплымі вокнамі вельмі ўтульна жывуць добрыя людзі і абавязкова — пухнаты кот і хітрыя мышы. І непазбежна ўзнікае думка: а што чакае гэты дамок заўтра, што з ім зробіць хуткаплынны час — ці застанецца ён у гарадскім асяроддзі?

Майстэрствам аўтара ў прасторы здымка фізічная субстанцыя святла магічным чынам ператвараецца ў духоўную, надаючы начной выяве пэўную рамантычную інтымнасць. І нават такая знаёмая ўсім гараджанам Савецкая плошча (раней — Рыначная, Баторыя, Ратушная) у чырвані заходзячага сонца ўспрымаецца чымсьці загадкавым і невядомым. І паступова ўсплываюць згадкі пра людзей, падзеі, якімі перанасычаны «культурны пласт» гэтай гістарычнай мясціны.

Тады і разумееш глыбокае ўнутранае імкненне Сяргея вызначыць экзістэнцыйныя прыярытэты, не страціць у змроку вечнасці тыя каштоўнасці, што цягам стагоддзяў былі назапашаны нашымі продкамі.

Горад, у якім пражыў жыццё, здаецца, раскрыў табе за ўвесь гэты час свае прыхаваныя таямніцы. Але калі глядзіш на фотаздымкі Сяргея Курылы, ствараецца ўражанне, што погляд іншага чалавека выявіў для цябе нейкія новыя, яшчэ неспазнаныя грані душы роднага Гродна.

Малады чалавек, паўсядзённыя заняткі якога зусім не звязаны з фатаграфіяй, настойліва шукае свой асабісты шлях як фотамайстар. Прадстаўлены праект, ідэйна скіраваны да сцвярджэння прыярытэту гуманістычных каштоўнасцей у існаванні чалавека, уяўляецца толькі прыступкай да цэлай серыі работ па гісторыі Гродна.

Марына Загідуліна