Мастак у горадзе

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Праект, прысвечаны Шагалу

/i/content/pi/mast/58/975/6.jpg

Праект «Мастак і горад». Плошча Якуба Коласа. 2012.

У чэрвені на мінскай плошчы імя Якуба Коласа адкрыўся праект «Мастак і горад», прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала. Арганізатарамі выступілі Мінгарвыканкам, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, Міжнародны сацыяльна-эканамічны фонд «Ідэя».

Для стварэння якасных рэпрадукцый карцін у павялічаным маштабе давялося адмовіцца ад невялікіх па памеры прац мастака. «Мы пакінулі работы, якія будуць сапраўды добра выглядаць у прасторы плошчы, паколькі Шагал — музейны мастак, — зазначыла на прэс-канферэнцыі эксперт Камітэта Марка Шагала ў Беларусі мастацтвазнаўца Тамара Карандашава. — У рэпрадукцыі жывапіс вельмі цяжка паказаць так, як ён падаецца ў арыгінале, — важна захаваць колер, перадаць жывы рух пэндзля, каб рэпрадукцыі не выглядалі плакатамі. Спецыяльная плёнка будзе засцерагаць белыя планшэты ад пылу і бруду. Для выставы зроблены жалезныя канструкцыі, здольныя вытрымаць моцныя парывы ветру».

На працягу трох месяцаў жыхары і госці сталіцы змогуць знаёміцца з рэпрадукцыямі 19  вядомых жывапісных і графічных прац вялікага майстра («Над горадам», «Гадзіннік», «Люстра», «Дом у Лёзне» і іншыя), якія прадстаўлены на 9 выставачных планшэтах памерам 2×3 метры. Кожная рэпрадукцыя суправаджаецца анатацыяй пра гісторыю стварэння і асаблівасці на беларускай, рускай, англійскай і французскай мовах. Рэпрадукцыі для выставы зроблены са слайдаў, прадстаўленых Дзяржаўным Рускім музеем (Санкт-Пецярбург), Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэяй (Масква) і Музеем Марка Шагала ў Віцебску. Усе гэтыя творы адлюстроўваюць лёс самога мастака і яго любімага горада Віцебска. Для выставы ўзялі працы, напісаныя да ад’езду Шагала ў Францыю ў 1922 годзе, у тым ліку карціну «Шпацыр», эскіз якой быў падрыхтаваны мастаком для ўпрыгажэння Віцебска падчас святкавання першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі.

«Гэты праект будзе пазіцыянаваць Марка Шагала як мастака з Беларусі, — зазначыла дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч. — Чалавек, які ўсё жыццё ўспамінаў пра Віцебск, усё жыццё з настальгічнымі ноткамі гаварыў пра яго, пісаў і маляваў, безумоўна, застаецца ў кантэксце беларускага мастацтва».

Амбасадар Францыі Мішэль Рэнэры выказаў надзею на пашырэнне супрацоўніцтва беларускіх музеяў з Музеем сучаснага мастацтва горада Серэ, у якім знаходзяцца творы Шагала. «Я радуюся гэтай выставе і ўспамінаю, што напрыканцы 1930-х тры гады запар Шагал адпачываў у невялікім горадзе Серэ на поўдні Францыі, дзе нарадзіўся мой дзядуля Жазэф. Мне прыемна думаць, што дзядуля і Шагал сустракаліся на вуліцах Серэ і мастак рэгулярна піў каву, аперытыў і снедаў у кавярні “Дэ Франс”, што належыць нашай сям’і. Кавярню часцяком наведваў і Пабла Пікаса, які пакінуў пасля сябе шмат малюнкаў на сурвэтках — цяпер яны захоўваюцца ў гарадскім музеі. Я спадзяюся, што калісьці знойдуцца і сурвэткі з малюнкамі Шагала», — сказаў Рэнэры.

На закрыцці выстаўкі (8-9 верасня) планшэты, што пустуюць побач з рэпрадукцыямі, будуць распісваць сучасныя прафесійныя мастакі. «Іх работы стануцца своеасаблівым пераасэнсаваннем творчасці Марка Шагала», — зазначыла Наталля Шаранговіч.

Гаворачы аб святкаванні 125-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка адзначыў, што ўжо ў кастрычніку ў Нацыянальным мастацкім музеі можна будзе ўбачыць арыгіналы работ мастака. Цяпер вядуцца перамовы з музеем у Іерусаліме аб магчымасці паказу ў Мінску ў канцы года 92 арыгінальных твораў Шагала.

Каміла Янушкевіч