«Ціхі цэнтр»: гульня ў чатыры вуглы

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Малапрыкметная прэм'ера

/i/content/pi/mast/58/974/4.jpg
Кадр з фільма
Без адмысловай рэкламнай прамоцыі тэлеканал «Беларусь 1» раптам здзейсніў у «ціхі час» дзённага эфіру (ад 16 да 17) прэм’ерны паказ чатырохсерыйнага фільма «Ціхі цэнтр». Ці гэта была арыентацыя на гледачоў-падлеткаў, ці свядомы крок своеасаблівай маскіроўкі? У любым выпадку склалася ўражанне, што тэлебачанне наўмысна зрабіла прэм’еру фактам малапрыкметным. Між тым яе чакалі амаль паўтара года.

Новы фільм Рэнаты Грыцковай — чарговая спроба (пасля карціны «Інсайт», якая выйшла на экраны ў 2009 годзе) засвоіць параметры і алгарытмы мэйнстрыму. Яна выбірае меладраматычныя сюжэты, так бы мовіць, з пікантным начыннем. А выканаўцаў запрашае з такім прыцэлам, каб трапіць не толькі на беларускі, але таксама на расійскі ды ўкраінскі экран.

На гэты раз рэжысёра прывабіў раман Тамары Лісіцкай «Ціхі цэнтр», напісаны ў 2007 годзе. І не толькі. Відавочна, стаўка была зроблена і на саму Тамару Лісіцкую — медыйную асобу, вядомую гледачу як мадэратар тэлевізійных ток-шоу «Вось такія пірагі», «Не толькі жанчына ведае».

Раман «Ціхі цэнтр» аўтар пераклала ў сцэнарый, які патрапіў у рэдактарскі партфель «Беларусьфільма». Хутка пачаліся здымкі, з імі — добразычлівыя каментары прэсы. Але замест кінапрэм’еры, якую абяцалі на пачатку 2011 года, з’явілася новая версія кнігі. Пад уплывам кінематаграфічнага вопыту Тамара Лісіцкая перайначыла гісторыю жыхароў двухпавярховага дома ў цэнтры вялікага горада.

Нарэшце, у маі бягучага года, чытач-глядач дачакаўся экраннай версіі кнігі. Цяпер у нас з’явілася ўласная варыяцыя на тэму «Нашы суседзі» (серыялы з падобнымі назвамі, што грунтуюцца на ўзаемадачыненнях герояў, якія сабраліся пад агульным дахам, здымаліся ў савецкія і постсавецкія часы). Ідэя не новая, але прынцып серыйнасці менавіта і азначае інавацыю паўтарэнняў у межах зададзенага жорсткага жанравага ды драматургічнага шаблону. Такі фармат прадугледжвае зладжанасць сцэнарыя, дзе дакладна распісаныя ўсе паралелі ды перакрыжаванні дзеяння, яскрава вызначаныя пратаганісты і антаганісты, дэталёва распрацаваныя дыялогі. У амерыканскай (а цяпер і ў расійскай ды ўкраінскай) кінаіндустрыі гэтыя «ўчасткі» нават падзеленыя як профільныя: адны спецыялізуюцца на вынаходстве фабулы, іншыя — на дыялогах. Усё дзеля таго, каб дасягнуць якаснага экраннага прадукту канвеернай вытворчасці.

Аўтары «Ціхага цэнтра» мелі на «Беларусьфільме» больш мяккія ўмовы — паўгода на распрацоўку не арыгінальнага (адмыслова створанага) сцэнарыя, а экранізацыі. У выніку атрымаўся просталінейны фабульны каркас з абсалютна прадказальнымі хадамі і неартыкуляваным канфліктам. З першай серыі гледачу адкрытыя ўсе карты, ясна маркіраваныя вектары разгортвання сюжэта. Татальны happy end дасягаецца з «лёгкасцю незвычайнай». Адсутнасць інтрыгі (нечаканасці паваротаў ды падзей) кампенсаваная парнымі ракіроўкамі — кшталту абмена жонкамі ці нявестамі. Апавядальная канструкцыя занадта дыскрэтная, набліжаная да стылістыкі комікса.

Галоўным парадоксам фільма стала яго поўная жанравая невызначальнасць. Калі аўтары імкнуліся стварыць меладраматычную гісторыю, то навошта яны скасавалі базавы структурна-драматургічны канон — трохвугольнік, дзе трэці заўжды лішні? Менавіта ў такой канфігурацыі ўзнікае напружанне, а не ў мадэлі чатырохвугольніка, паводле якой згрупаваныя персанажы «Ціхага цэнтра». Першы чатырохвугольнік звязвае спагадлівую Таццяну, кожную хвіліну гатовую да самаахвяравання, яе мужа-прыгажунчыка, не здольнага ні да якой справы, высокамаральнага бізнесмена Вадзіма і яго легкадумную жонку-«страказу». Другую аналагічную канструкцыю ўтвараюць жанчына анёльскага тыпу Лілія Сцяпанаўна, якая ўсё жыццё паклала на ратаванне сына з сіндромам Даўна, ён сам і дзве юныя Насты — іх кватаранткі. Трэці чатырохвугольнік прадстаўлены крыху дзіўным саюзам наркамана з «грамадзянскай» жонкай усходняга тыпу і двума малымі сынамі. У дадатак — дзве дзейныя асобы паважанага ўзросту ды атракцыйнага выгляду: маці Таццяны, што сябруе з бутэлькай і час ад часу падмятае двор, і «дама з сабачкам» — самотная састарэлая і безнадзейна хворая актрыса.

Воляй аўтараў сабраныя ў адным пад’ездзе на сталае жыхарства, гэтыя персанажы хутчэй нагадваюць экспанаты музея васковых фігур, чым жывых людзей. Яны літаральна «прад’яўлены» гледачу — быццам нерухомыя лялькі ў вітрыне. Сентэнцыі, выказванні, асобныя фразы, замешаныя на слэнгу і гульні слоў, нібы мячыкі адскокваюць ад персанажаў, завісаючы ў паветры, бо вербальная эквілібрыстыка часта не эквівалентная дэклараваным тыпам герояў. Характэрны дысананс такога кшталту «расшчапляе» вобразы, якія намагаюцца стварыць купалаўскія актрысы Тамара Міронава (Ірына Паўлаўна, маці Таццяны) і Зінаіда Зубкова (Святлана Маркаўна, састарэлая актрыса), ідучы шляхам клаўнады. Толькі першая чапляе маску «рыжага» клоўна, другая — «белага».

У адрозненне, напрыклад, ад прыгодніцкага жанру, меладрама патрабуе распрацоўкі больш-менш адэкватных матывіровак паводзінаў дзейных асоб. Фільм Рэнаты Грыцковай, наадварот, усталёўвае аксіёматычны падыход, у выніку чаго аксіялагічны пафас ператвараецца ў плоскую дыдактыку. Як характэрны прыклад вымушана ўзгадаць «карамболь» у чатырохвугольніку на чале з «ідэальнай маці» Ліліяй Сцяпанаўнай. Кабета, якая сама выгадавала і выхавала адзінага сына Алёшку, здолела адкрыць у ім талент мастака ды прыглушыць сіндром генетычнай анамаліі, без ваганняў аддае яго фактычна на пагібель. Яна не проста прымае адкрыта фальсіфікаваныя абставіны і пагаджаецца на шлюб сына з ветранай бландзінкай. Гераіня тлумачыць крок тым, што імкнецца дапамагчы дзяўчыне, відавочна не здольнай нават разважаць над сваімі ўчынкамі. А калі тая знікае напярэдадні вяселля, маці Алёшкі ледзь не трапляе ў шпіталь з прычыны таго, што на «сямейнае свята», гатовае сарвацца, запрошана шмат гасцей. Атрымліваецца, што ажаніць Алёшку — значыць выратавацца ад няёмкасці перад чужымі людзьмі? Хай сабе і метадам перамены складнікаў — Насты-бландзінкі і Насты-брунеткі. Сапраўды, калізія дык калізія: выбар паміж любоўю маці і свавольствам сцэнарыста...

Падобнае гарызантальнае перасоўванне персанажаў-«пешак» вызначае агульную драматургію фільма. Кожны з герояў фактычна застаецца на сваёй першапачатковай прыступцы, дакладней — на адведзеным яму «квадратным метры». Таму тут няма паветра, няма прасторы ні на мікра- (пад’езд, пакоі), ні на макраўзроўні (горад). Дэталі паўсядзённасці праяўленыя сціпла ў агульна-невызначальных рысах.

Галоўная ўвага (мастак-пастаноўшчык Ігар Хруцкі) сканцэнтраваная на гламурных штрыхах. Гламур абвалоквае з ног да галавы жонку працавітага сумленнага бізнесмена Вольгу (Алеся Качэр) — ці то актрысу, ці то мадэль, якая нудзіцца ў ціхім цэнтры побач з «кветкамі правінцыі» — Таццянай, Алёшкам, Настай-брунеткай... Апафеозам гламуру ды галоўным пластычным лейтматывам фільма выступае вялізная пунсовая канапа ў форме сэрца. Яе дастаўляюць у «Ціхі цэнтр» на пачатку сюжэта як іншародны прадмет, які ў наступных серыях робіцца цэнтрам адзюльтэра, а ў фінале займае пачэснае месца на ціхім сметніку.

Фальшываму бляску Barby-культуры ў фільме семантычна супрацьпастаўленыя малюнкі Алёшкі, аптымістычны сэнс сацыяльнага роліка з удзелам безнадзейна хворай актрысы Святланы Маркаўны і нават верш Барыса Пастарнака з мастацка-паэтычных карункаў «Доктара Жывага». Такія амплітуды сутыкненняў лапідарнага і ўзвышанага занадта cheesy, як кажуць англічане.

Аўтары фільма «пераціскаюць» не толькі з дыдактыкай, але і з самаігральнасцю натуры. Выканаўца ролі Алёшкі (відаць, асоба аўтэнтычная) толькі больш яскрава адцяняе танную маскараднасць усіх астатніх персанажаў.

Гіпербалізацыя — звычайны мастацкі прыём. Аднак перабольшванні (ці перакосы) «Ціхага цэнтра» хутчэй сведчаць пра дыспрапорцыі змястоўных, фармальных, жанрава-стылявых параметраў фільма. Наогул для кіно экраніраванне (не экранізацыя!) белетрыстыкі — справа небяспечная, бо патрабуе далікатнай працы па разбаўленні, так бы мовіць, наратыўнага канцэнтрату. Немагчыма згрувасціць усе праблемы свету (каханне і здрада, наркаманія і алкагалізм, адзінота і самаахвярнасць) нават у шматсерыйным кінапраекце.

Памятаю студэнцкі фільм Рэнаты Грыцковай «Раніца вельмі добрага зімовага дня» па творах Данііла Хармса: гарэзлівы, з адметнай экраннай пластыкай і пачуццём рытму — словам, нетрывіяльны мастацкі крок пачынаючага рэжысёра. Але тое адбылося ў мінулым стагоддзі... Зараз настаў час панавання мэйнстрыму — кінематографа ўзроўню Zero, які ствараецца па пэўных клішэ з разлікам на шырокі глядацкі попыт. Аўтары «Ціхага цэнтра» імкнуліся вырашыць менавіта такую задачу, не ўзяўшы пад увагу, што мэйнстрым вымагае высокапрафесійнага фільммэйкерства на ўсіх стадыях вытворчасці.

А «кінамакулатура» заўсёды была, ёсць і будзе. Дастаткова зірнуць на плынь аналагічных вырабаў расійскіх ды ўкраінскіх суседзяў, якая захліствае тэлевізійны экран. Толькі там выдаткоўваюцца пераважна прыватныя грошы, а ў нас — пакуль бюджэтныя. І яшчэ адзін вельмі сур’ёзны аспект: беларускіх стужак наогул здымаюцца адзінкі. Гэта значыць, што элементарна бракуе глебы, на якой маглі б узрасці адметныя экранныя творы. Як сведчыць гісторыя савецкага кіно, перыяд «малакарціння» плённым для мастацтва не бывае.

На тым самым тыдні, калі тэлеканал «Беларусь 1» ладзіў прэм’ерны паказ «Ціхага цэнтра», у мінскім кінатэатры «Перамога» адбываўся фестываль еўрапейскага кіно пад агульным тытулам — радком з верша Максіма Багдановіча — «За дахамі места». Гэта была выбітная серыя сучасных экранных аповедаў з Фінляндыі, Швецыі, Польшчы, Даніі пра сучасных гараджан — пра іх ціхія радасці, выбуховыя пачуцці і вялікія душы.

Наталля Агафонава