Фабрыка

№ 6 (351) 01.06.2012 - 01.01.2005 г

2005-ы

/i/content/pi/mast/57/972/46.jpg 

Вольга Хахлова. З праекта «Ідэнтыфікацыя». 2005.

У першыя гады новага стагоддзя ў беларускай фатаграфіі ўсё часцей сталі гучаць словы «візуальнае даследаванне». У які менавіта год з’явіўся гэты тэрмін, сказаць складана, але ён усё больш упэўнена пранікаў у фатаграфічны лексікон. Візуальнае даследаванне пачалі разумець як задачу сучаснага фатографа, як частку праектнага мыслення — неабходную для мастака, які працуе ў актуальным мастацтве.

У гэтыя ж гады фатаграфію ўсё настойлівей называлі сацыяльнай практыкай, робячы акцэнт на яе дакументальнай прыродзе, на прыкладных задачах.

Дадамо, што самі беларускія фатографы ў пачатку нулявых апынуліся ў вельмі складанай эканамічнай сітуацыі: шмат хто быў вымушаны пакінуць мастацтва і заняцца зусім іншымі справамі. Цікавасць замежных куратараў стала згасаць. Нават фотаклуб «Мінск», доўгажыхар сярод нашых інстытуцый, перажываў не лепшыя часы, а галерэя візуальных мастацтваў «Nova» практычна была на мяжы закрыцця. Не быў рэалізаваны ў поўным аб’ёме цыкл «Новыя аспекты сучаснай беларускай фатаграфіі». Некалькі праведзеных праектаў не змаглі разбурыць адчування песімізму і заняпаду, дамінуючага ў мастацкіх і фатаграфічных колах Мінска. Такім чынам было падрыхтавана разуменне актуальнай фатаграфіі як сацыяльнай практыкі і візуальнага даследавання: яна пачала вывучаць новыя ўмовы, праблемы нацыянальна-культурнай ідэнтыфікацыі чалавека і грамадства. І калі гэта вывучэнне прыводзіла аўтараў і іх гледачоў да новых герояў, вобразаў, асэнсавання традыцыйнай ментальнасці, фатаграфія заставалася ў рамках мастацтва.

Вольга Хахлова ў праекце «Ідэнтыфікацыя» прадставіла сваіх гераінь на мяжы грамадскага і прыватнага жыцця, у сітуацыі, калі публічную прастору (фабрычныя памяшканні) кожная з іх напаўняе сваім асабістым прадметным мікрасветам. Перад намі — выявы работніц фабрыкі «Галантэя» і выцертыя дыванкі на іх крэслах, налепкі на швейных машынах, кічавыя сэрцайкі і ружачкі, інструменты, маркіраваныя іх імёнамі. Партрэты, зробленыя ў працоўны час, запатрабавалі ад Вольгі непасрэднага кантакту з мадэлямі, добрага ведання іх асяроддзя — то-бок тых навыкаў, якія высока цэняцца сярод фатографаў. 
На здымку спатрэбіўся не адзін месяц. На падрыхтоўку ўсяго праекта ў цэлым — таксама шмат месяцаў. Упершыню ён быў прадстаўлены значна пазней, на выставе «Прыватны сектар» (2008), 
і уяўляў сабой два шэрагі фатаграфій — людзі і іх рэчы. З тэхнічнага гледзішча праект быў абсалютна адэкватны: каляровы лічбавы друк, пенакардон, невялікі фармат адбіткаў.

Каб узмацніць канцэпцыю персанальнай прысутнасці кожнай гераіні ў вялікай групе людзей, аўтар выключыла з кадраў другі план. «Натуральная фатаграфія», на думку Вольгі, павінна была захаваць калектыўны вобраз работніц, і асобны шэраг самых простых атрыбутаў іх прафесіі надаваў гэтаму вобразу цеплыню, выяўляў сімпатыю аўтара. Ідэнтыфікацыя людзей у рамках іх вытворчых абавязкаў, графіка, планаў і г.д. адбывалася менавіта паводле гэтага вектара: аб’ектыўная фіксацыя своеасаблівай фактуры канкрэтных інструментаў і дэталяў.

Праект аказаўся ідэальна ўпісаным у кантэкст актуальнай еўрапейскай фатаграфіі: па праблематыцы, лаканічнасці стылю, тэхналогіі. А галоўнае, па скіраванасці візуальнага мастацтва да грамадства: гэтыя партрэты сучасных работніц, іх штодзённасць, не глянцавая, але і не чарнушная эстэтыка «тут і цяпер» прымушаюць гледача задаць сабе мноства пытанняў. Напрыклад, аб узаемасувязях людзей унутры соцыуму і адначасовай адчужанасці. Пра тое, як нівелюецца ў калектыве індывідуальнасць. І — ці можна наогул быць інтэграваным у грамадства і захоўваць уласную адметнасць?