Signum на тытульным аркушы

№ 6 (351) 01.06.2012 - 01.01.2005 г

З гісторыі выдавецкай маркі

/i/content/pi/mast/57/971/44.jpg

 

Гісторыя беларускай выдавецкай маркі недастаткова даследаваная. Ёй сур’ёзна не займаліся гісторыкі кніжнай графікі, а сённяшнія выдаўцы мала карыстаюцца яе вартасцямі.

Пад выдавецкай маркай звычайна разумеюць фірменны знак, эмблему, якая паказвае паходжанне выдання і яго прыналежнасць да пэўнай структуры. Ужываюць і тэрміны «выдавецкі знак» або «выдавецкі (друкарскі) сігнет» (ад лацінскага signum — «знак»).

Сігнет сімвалізуе напрамак дзейнасці выдавецтва, адлюстроўвае яго спецыфіку. Асноўнае прызначэнне бачыцца ў прапагандзе кніжнай прадукцыі 
з дапамогай яркага малюнка. Па сутнасці, гэта лагатып установы.

У якасці сімвалічных выяў ад часу ўзнікнення самых першых выдавецтваў пачалі ўжываць геральдычныя элементы, назвы ці абрэвіятуры назваў, аб’екты: мудрасць (сава, паходня альбо каганец асветы), пісьменства (кніга, пяро з чарніліцай), друкарская справа (друкарскі варштат), надзея (якар), моц і мужнасць (леў), прыгажосць (кветкі), любоў да бліжняга (сэрца), зямля (глобус)... Часам выкарыстоўваліся віды гарадоў ці знакавых пабудоў, якія дазвалялі злучыць кнігу з месцам яе выдання. Многія сігнеты ўключалі таксама сентэнцыі і афарызмы.

Упершыню эмблему свайго выдавецтва на ўласнай кніжнай прадукцыі выкарысталі пачынальнікі нямецкага кнігадрукавання Ёган Фуст і Поль Шофер. У 1457 годзе яны змясцілі ўласны друкарскі знак у калафоне выдадзенай імі кнігі «Псалтыр». З таго часу выдавецкая марка стала не толькі пазначэннем выдаўца, але і важным элементам мастацкага аздаблення.

Узнікненне беларускай выдавецкай маркі адбывалася ў агульнаеўрапейскім кантэксце. Эпоха Адраджэння стварыла ўмовы, калі не толькі аўтар мог вольна і годна ўказаць сваё імя (мастацтва Сярэднявечча ў большасці ананімнае) і нават даць, як зрабіў Скарына, свой партрэт на ўласных творах, але і выдавецкія арганізацыі атрымалі магчымасць сябе назваць. Полацкі друкар першым ва Усходняй Еўропе ўжыў свой сігнет — выяву накладзеных адно на аднаго сонца і месяца з чалавечымі тварамі. Яна не з’яўляецца выпадковым дэкаратыўным элементам, бо Скарына выкарыстоўваў гэтую ж выяву ў розных выданнях, у кампазіцыі тэматычных гравюр-ілюстрацый, 
у дэкаратыўных застаўках, ініцыялах, а таксама на сваім уласным гравюрным партрэце — на гербавым шчыце. З іншага боку, усё вышэйсказанае стварае некаторыя сумненні наконт правамернасці лічыць знак друкарскім сігнетам Скарыны, а не знакам мастака: звычайна сігнеты ў часы Скарыны ўжываліся ў выданнях адзін раз (у Скарыны 2–3 разы, часам да 7-мі) і ў канкрэтным месцы — у канцы кнігі з калафонам, дзе і размяшчалі выходныя звесткі 
(у Скарыны розныя месцы).

Сігнет Скарыны лічылі астралагічным знакам, які мог спрыяць уладальніку ў яго справах. Мікола Шчакаціхін у 1925 годзе пісаў, што «гэты знак з якой-небудзь прычыны быў утвораны і абраны самім Скарынам у якасці свайго асабовага герба, а мо нават і талісмана, які ўжываўся ім на працягу ўсёй яго дзейнасці». Шчакаціхін выказаў меркаванне пра паходжанне выявы ад нараджэння Скарыны ў год сонечнага зацьмення ў Беларусі (1486) і пра ахоўныя функцыі гэтага талісмана, што мусіў засцерагчы ад шкодных уплываў, якія, паводле сярэднявечных уяўленняў, маглі стаць вынікам зацьмення сонца. Былі і іншыя версіі адносна значэння сігнета Скарыны, што апелявалі да вобразаў сонца і месяца як алегорый святла і цемры, дня і ночы, дабра 
і зла, жыцця і смерці, мужчынскага і жаночага пачаткаў, як сімвалічнага ўвасаблення ідэі асветы, перамогі хрысціянства над папярэднімі вераваннямі, Новага Запавету над Старым.

Сігнет Скарыны стаў прататыпам для некаторых пазнейшых беларускіх выдавецкіх марак, экслібрысаў, быў выкарыстаны ў многіх творах мастацтва, урэшце — стаў сімвалам беларускага кнігадрукавання і асветы.

Эпоха Адраджэння змянілася перыядам Контррэфармацыі, у гэты час узрасла роля царквы. Кніжная культура Беларусі на працягу наступных двух стагоддзяў мела цесную сувязь з рэлігійным жыццём: большасць друкарань існавала пры праваслаўных, уніяцкіх і каталіцкіх манастырах. Выкарыстанне марак фактычна не практыкавалася, таму да нядаўняга часу лічылася, што ніводная беларуская друкарня таго перыяду не мела ўласнай маркі.

Апрача царквы важным і ўплывовым інстытутам грамадства была магнатэрыя. Яна ў значнай ступені вызначала характар тагачаснай культуры, 
у тым ліку і кніжнай. Многія друкарні падтрымліваліся беларускімі магнатамі ці існавалі на іх сродкі, таму выданні нярэдка ўпрыгожвалі геральдычныя выявы з гербам мецэнатаў. Выдавецкай маркай Слуцкай друкарні можна лічыць выяву радзівілаўскага герба «Трубы». Так, у вядомым выданні Пола Рыко «Турэцкая манархія» (Слуцк, 1678) выява радзівілаўскага герба 
ў атачэнні расліннага вянка паўтараецца двойчы — перад пачаткам першага раздзела кнігі і пасля завяршэння апошняга (перад зместам). Неаднаразовае і не фіксаванае на першай ці апошняй старонцы кнігі выкарыстанне маркі ў выданнях Слуцкай друкарні характарызуе практыку беларускіх выдаўцоў і з’яўляецца дадатковым аргументам лічыць знак у выданнях Скарыны яго выдавецкай маркай.

На асобных нясвіжскіх выданнях таксама можна знайсці выяву радзівілаўскага герба. Напрыклад, на адвароце тытульнага аркуша нясвіжскіх «Ваенных артыкулаў» 1754 года змешчаны цудоўны медзярыт каранаванага герба Радзівілаў у атачэнні шматлікіх прадметаў вайсковага ўзбраення, штандараў 
і ваенных музычных інструментаў. Тым не менш, гэту выяву мы не можам у поўнай меры лічыць выдавецкай маркай нясвіжскай друкарні. Бо на большасці выданняў гербавай выявы няма, а мастацкае аздабленне выкарыстоўвалася толькі для патрэб канкрэтнага выдання ваеннай тэматыкі. Да таго ж ужыванне радзівілаўскага герба ў нясвіжскім выданні «Ваенных артыкулаў» абумоўлена тым фактам, што гэта выданне было ажыццёўлена пад замову Міхала Казіміра Радзівіла. Улічваючы, што на той час нясвіжская радзівілаўская друкарня належала ордэну езуітаў і размяшчалася ў іх калегіуме, было б больш лагічным выкарыстанне выяў хрысціянскай сімволікі ці сімвалаў ордэна езуітаў, а не гербаў свецкіх асоб. Усё гэта прымушае нас схіляцца 
да думкі, што нясвіжская друкарня ўласнай выдавецкай маркі не мела.

У цэлым жа па прычыне войнаў, эканамічных цяжкасцей, скарачэння колькасці насельніцтва ў другой палове XVII — першай палове XVIII стагоддзя назіраўся крызіс кнігадрукавання на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Гэта прывяло да змяншэння выкарыстання выдавецкай маркі і зніжэння якасці выканання. Амаль не ўжываліся выдавецкія маркі на тэрыторыях падзеленай Рэчы Паспалітай і ў ХІХ стагоддзі, што стала вынікам закрыцця ці трансфармацыі большасці ранейшых друкарань і маладосцю новаўтвораных. У Расійскай Імперыі пачалося паступовае пашырэнне выдавецкай маркі, аднак на працягу ХІХ стагоддзя ў Расіі яна выкарыстоўвалася спарадычна. «Вензельныя маркі» і тым больш паўнацэнныя ілюстраваныя маркі заставаліся рэдкай з’явай 
да канца ХІХ стагоддзя.

Чарговае пашырэнне выдавецкай маркі ў Беларусі адбылося ў пачатку ХХ стагоддзя з уздымам беларускага кнігадрукавання. Гэтыя знакі пачалі выконваць палітычныя функцыі. Напрыклад, у якасці выдавецкай маркі можна ўспрымаць лозунг «Загляне сонца і ў наша ваконца» аднайменнага Беларускага выдавецкага таварыства ў Пецярбургу. Яркі лозунг аказаўся прарочым. З пачаткам ХХ стагоддзя абудзіўся беларускі рух, ажыла культура. Імклівае пашырэнне сігнетаў у Беларусі адбылося ў 1920-я гады, калі мастацтва малой графікі павінна было служыць патрэбам агітацыі і ідэйнага выхавання, а таксама падтрымаць маладое беларускае кнігавыданне. У той час многія выдавецтвы Савецкай Беларусі звярнуліся да дапамогі графікаў, каб па-мастацку аздобіць сваю прадукцыю, у тым ліку замовіўшы для сябе марку. Вынікам працы мастакоў стала з’яўленне высокамастацкіх і глыбока сімвалічных твораў.

Дзякуючы вядомаму беларускаму графіку Анатолю Тычыне некаторыя такія імёны захаваліся. Так, ён зафіксаваў, што ў пачатку 1920-х гадоў мастак Павел Гуткоўскі выканаў марку для выдавецтва «Савецкая Беларусь»: у квадратнай арнаментаванай рамцы між сярпом і молатам паказана ралля, над якой узыходзіць сонца, а ўнізе — надпіс «Беларускае выдавецтва “Савецкая Беларусь”». Выкарыстаная выява вельмі выгодна падкрэслівала асноўныя сімвалы сваёй эпохі: серп і молат — сімвалы савецкай дзяржавы, ралля — у тагачасным разуменні сімвал беларускасці і беларуса, узыход сонца — сімвал адраджэння і лепшага лёсу для ўсяго народу, назва на сігнеце падкрэслівала ролю выдавецкай установы ў пашырэнні новых ідэй у грамадстве, што павінна было прывесці яго да росквіту.

Часам на распрацоўку маркі аб’яўляўся конкурс. У 1923 годзе для Інстытута беларускай культуры было прадстаўлена некалькі дзясяткаў праектаў, а перамагла марка, створаная скульптарам Аляксандрам Грубэ. Найбуйнейшым выдавецтвам Савецкай Беларусі ў міжваенныя дзесяцігоддзі было Беларускае дзяржаўнае выдавецтва. Яно паспела займець на працягу тых гадоў ажно дзве выдавецкія маркі. Стваральнікам першай быў мастак Генадзь Змудзінскі. Як і Павел Гуткоўскі, ён выкарыстаў сельскагаспадарчую тэму для адлюстравання нацыянальнай адметнасці беларусаў: над разгорнутай кнігай ім быў змешчаны сілуэт сейбіта ў акружэнні каласоў, а ў цэнтры знаходзіліся літары «Б Д В».

У сярэдзіне 1920-х гадоў гэта марка была заменена новай — з выявай кнігі, сярпа з молатам і абрэвіятуры «Б Дз В». Новы сігнет быў выкананы графікам Леанідам Хіжынскім. Аднак пасля таго, як у 1932 годзе назва выдавецтва была зменена на «Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі», змянілася і выдавецкая марка. Дакладней, малюнак застаўся тым жа, іншай стала толькі абрэвіятура — «Дз В Б». Гэта марка працягвала ўжывацца ажно да пачатку вайны.

Адным з найбольш яркіх беларускіх мастакоў-графікаў 1920-х гадоў быў Анатоль Тычына. Ён, сярод іншага, выканаў маркі для выдавецтваў «Маладняк», «Узвышша», «Інстытут сельскай і лясной гаспадаркі», «Чырвоная змена». Ён жа напісаў фактычна адзіны за савецкія гады (хоць і кароткі, але вельмі важны для сучасных даследчыкаў) нарыс гісторыі беларускай выдавецкай маркі ХХ стагоддзя.

Ужо ў 1930-я гады сфера ўжытку сігнетаў ва Усходняй (Савецкай) Беларусі рэзка скарацілася. Да гэтага часу закрыліся ці былі закрыты прыватныя выдавецтвы. Выкарыстанне «лішняга» дэкору і самарэкламы пачало ўспрымацца як спроба выдзеліцца, паказаць сваю ці нацыянальную адметнасць, што магло прывесці кіраўніцтва выдавецтва да вялікіх праблем. Больш важнай уяўлялася наяўнасць на выдавецкай прадукцыі звычайнай савецкай сімволікі і партрэтаў кіраўнікоў дзяржавы. Нават буйныя дзяржаўныя выдавецкія ўстановы таго часу сталі ўжываць сігнеты даволі рэдка. Найчасцей яны пераходзілі на выкарыстанне толькі тэкставага (наборнага шрыфтавога) абазначэння сваёй назвы.

Развіццё маркі працягвалася беларускімі выдавецтвамі Заходняй Беларусі, якая ў 1921–1939 гадах знаходзілася ў складзе Польскай дзяржавы. Некаторыя з гэтых выдавецтваў таксама абыгрывалі блізкую беларусам тэму сельскагаспадарчай працы, тэму апрацоўкі зямлі. Сімволіка сялянскага жыцця і працы на зямлі сапраўды вылучала беларускія сігнеты і змястоўна адрознівала іх ад расійскіх савецкіх марак, якія ўжо з 1920-х гадоў выяўлялі большую цікавасць да асветніцкіх і індустрыяльных сімвалаў.

Адным з буйных заходнебеларускіх выдавецтваў было выдавецтва Клецкіна, якое з 1913 года працавала ў Вільні. У 1921 годзе там з’явіўся беларускі аддзел, які да 1931-га падрыхтаваў 30 арыгінальных і перакладных беларускіх кніг. Якраз пасля 1921 года выдавецтва займела адзін з першых заходнебеларускіх па-мастацку аформленых сігнетаў. Ён уяўляў выяву сейбіта-беларуса і ўключаў назву ўстановы.

«Беларускае выдавецкае таварыства» ў Вільні (заснавана ў 1913 годзе 
на базе «Выдавецтва “Нашай Нівы”») таксама распрацавала ўласны сігнет. 
Ён складаўся з выявы пераплеценых жытніх каласоў і васількоў, між якімі былі пазначаны літары «Б В Т». Свае маркі мелі многія іншыя выдавецкія арганізацыі Заходняй Беларусі, якія друкавалі кнігі на польскай мове. У якасці прыкладу можна назваць марку-эмблему «Таварыства сяброў навук у Вільні».

Пачатак Другой сусветнай вайны стаў канцом нармальнай выдавецкай дзейнасці ў Беларусі. З наступленнем нямецкіх войскаў асобныя выдавецтвы былі эвакуіраваны, іншыя — знішчаны пры адступленні, нешта трапіла і ў рукі нямецкіх акупацыйных уладаў. Па розных прычынах графічны дэкор выданняў часоў вайны не можа лічыцца выдавецкімі маркамі. Беларускі падпольны і партызанскі друк не меў нармальнай паліграфічнай базы для выпуску па-мастацку аформленых кніжных выданняў і засяроджваўся на выданні газет і ўлётак.

Аднаўленне цікавасці да выдавецкай маркі адбылося ў пасляваенныя гады. Праз пэўны час пасля завяршэння ваенных дзеянняў выкарыстанне сігнетаў зноў стала актуальным. Так, ужо ў пачатку 1950-х гадоў быў зацверджаны новы малюнак маркі выдавецтва «Беларусь». Услед за ім свае маркі-эмблемы распрацавалі многія іншыя дзяржаўныя выдавецтвы.

Беларуская выдавецкая марка пасляваеннай пары ў сваёй тэматыцы звярнулася да новых, больш адпаведных часу праблем: індустрыяльнага і навуковага развіцця (напрыклад, маркі выдавецтваў «Ураджай» і «Навука і тэхніка»). Пераважная большасць тагачасных сігнетаў была створана на аснове даволі простых сімвалічных выяў. Іншым разам яны складаліся толькі з абрэвіятуры назвы выдавецтва, прадстаўленай у мастацкай форме (напрыклад, маркі «Мастацкай літаратуры» і «Народнай асветы»).

Пасля распаду Савецкага Саюза многія беларускія выдавецтвы скарысталіся магчымасцю абнавіць свае маркі. Параўноўваючы іх, можна прыйсці да высновы, што амаль ні адно выдавецтва не захавала сваю ранейшую марку. Гэтаму таксама спрыялі ўзнікненне адных выдавецтваў і знікненне іншых, змена іх назваў, рэарганізацыі і перападпарадкаванні. Стварэнне ў 1990-я гады кааператыўных і прыватных прадпрыемстваў значна пашырыла разнастайнасць выдавецкіх марак. У той жа час аб’яднанне і закрыццё асобных дзяржаўных выдавецтваў далі супрацьлеглыя вынікі.

Многія сучасныя беларускія выдавецкія маркі сімвалічна адсылаюць да даўніх традыцый айчыннага кнігадрукавання. Так, марка выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» адсылае да сігнета Францыска Скарыны, а марка выдавецтва «Тэхналогія» створана на аснове гравюры «Крылаты цмок» з трактата беларускага навукоўца XVII стагоддзя Казіміра Семяновіча.

Пераважная большасць беларускіх выдавецкіх марак мае даволі лаканічны сілуэт і лёгка ўспрымаецца, што вельмі важна для знакаў-эмблем. Яны звычайна не перагружаны доўгімі назвамі, калі ж тыя і выкарыстоўваюцца, то, як правіла, у скарочанай форме. У гісторыі вядома нямала прыкладаў грувасткіх па кампазіцыі марак, якія надзвычай складана чытаюцца і не ў поўнай меры выконваюць свае непасрэдныя функцыі — лаканічнага і запамінальнага пазначэння выдавецкай арганізацыі.

Безумоўна, існуе і шэраг праблемных момантаў у справе пашырэння беларускай выдавецкай маркі. Яна ўсё яшчэ перажывае перыяд свайго станаўлення. Марка не з’яўляецца абавязковым элементам афармлення выданняў, таму далёка не кожнае айчыннае выдавецтва выкарыстоўвае гэты іміджавы элемент пры аздабленні ўласнай прадукцыі. Прычым некаторыя з іх маюць уласную выдавецкую марку, але не заўжды карыстаюцца яе выгодамі. Напрыклад, мала на якой кнізе выдавецтва «Тэхналогія» можна знайсці яго вельмі прыгожую марку.

З фармальнага пункту гледжання, выдавецкая марка як эмблема ці таварны знак выдавецкай установы павінна прайсці дзяржаўную рэгістрацыю, каб прадухіліць парушэнне заканадаўства ў галіне аўтарскага права і неправамернае выкарыстанне гэтай маркі іншымі структурамі. Тым не менш, мала якое з беларускіх выдавецтваў адважылася на гэту працэдуру.

Беларуская выдавецкая марка ўсё яшчэ застаецца мала даследаванай у кантэксце гісторыі айчыннага мастацтва графікі, выдавецкай дзейнасці, рэкламы і станаўлення сістэмы аховы інтэлектуальнай уласнасці. Фактычна адзіная невялікая па памеры публікацыя па гісторыі беларускай выдавецкай маркі была падрыхтавана яшчэ ў 1974 годзе Анатолем Тычынай. У 1984 і 2011 гадах выйшлі таксама два невялікія энцыклапедычныя артыкулы. Аднак гэта былі хутчэй выключэнні, бо, як ні дзіўна, беларускую выдавецкую марку звычайна абмінаюць увагай нават аўтары грунтоўных даследаванняў, прысвечаных гісторыі айчыннай кніжнай графікі ці творчасці асобных мастакоў-графікаў.

На жаль, у нашай краіне ні дзяржаўныя, ні прыватныя структуры пакуль не праводзяць улік беларускіх выдавецкіх марак, не займаюцца іх камплектаваннем. Нестае Беларусі і калекцыянераў, якія б збіралі выдавецкія маркі (хаця б айчынныя). Адпаведна, не існуе базы даных, дзе было б пазначана, якое выдавецтва выкарыстоўвала пэўную марку, у які храналагічны перыяд яна ўжывалася, хто быў яе стваральнікам, якія ў яе былі памеры і г.д.

Беларускую выдавецкую марку, безумоўна, чакаюць змены. Для многіх сучасных выдавецтваў выкарыстанне сігнета стала не проста нармальнай з’явай, але абавязковым элементам іх кніжнай прадукцыі. Часам на тытульным аркушы не пазначана нават назва выдавецтва, але прысутнічае знак. Многія выдавецтвы яшчэ не маюць сваёй маркі. Да таго ж з кожным годам іх колькасць большае. Многія з іх з часам задумаюцца над стварэннем уласнай маркі. Таму сумнявацца ў перспектывах беларускай выдавецкай маркі наўрад ці даводзіцца.

Алесь Суша