«Не паказана значэнне гістарычнай прамовы таварыша Сталіна...»

№ 6 (351) 01.06.2012 - 01.01.2005 г

Як ствараўся фільм «Канстанцін Заслонаў»

Калі ў даваенны час прыярытэтнай у савецкім кіно лічылася гісторыка-рэвалюцыйная тэма (з 1930-х гадоў яна пашырылася за кошт так званых абаронных фільмаў), то ў пасляваенны перыяд галоўнае месца на экране занялі падзеі, што былі звязаны з Вялікай Айчыннай (Другой сусветнай) вайной. Падлічана: на ўсіх кінастудыях СССР і постсавецкіх дзяржаў з 1946-га па 2005 год было знята каля чатырохсот поўнаметражных мастацкіх фільмаў на ваенным матэрыяле. З іх 33 — на «Беларусь-фільме» (у гэты спіс не ўваходзяць тэлевізійныя стужкі).

У першае пасляваеннае пяцігоддзе — 1946–1950 гады — у авангардзе савецкага кінематографа ішлі манументальныя фільмы пра «сталінскія ўдары», такія як «Трэці ўдар», двухсерыйныя «Сталінградская бітва» і «Падзенне Берліна». Далей па іерархіі вызначаліся стужкі пра асобных (кананізаваных) герояў фронту, партызанскіх злучэнняў і падпольных арганізацый. Стваральнікі апошніх карцін павінны былі ўлічваць памылкі «Маладой гвардыі», на крытыцы якіх сфакусіравалася ў 1947 годзе «Правда», галоўная газета ЦК Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў. Пісьменніка-сцэнарыста Аляксандра Фадзеева і рэжысёра Сяргея Герасімава вінавацілі ў адсутнасці партыйнага кіраўніцтва маладзёжным Краснадонскім падполлем. (Пасля крытыкі фільм належным чынам перарабілі.)

У пералік кінастудый, якім давяралася ганаровая місія ствараць героіку ваеннага часу, трапіў і «Беларусьфільм». Стужку «Канстанцін Заслонаў» (1949) даручылі здымаць «зубру» беларускага кіно Уладзіміру Корш-Сабліну. Аднак, як лічылі ўсесаюзныя партыйныя кінакантралёры, ён і сцэнарыст Аркадзь Маўзон зайшлі «не туды». Ды яшчэ «не ўзялі ў розум» патрабаванні мясцовых устаноў.

Пра гэта сведчыць дакладная запіска сакратара ЦК КП(б) Беларусі па прапагандзе і агітацыі Міхаіла Іаўчука ад 29.1.1949, накіраваная сакратару ЦК УКП (б) Панцеляймону Панамарэнку. (Яна знойдзена ў архіве маскоўскім кіназнаўцам Валерыем Фаміным, апублікавана ў расійскім часопісе «Кинофорум».) Тэкст яе пачынаецца са скаргі на ўсесаюзнае Міністэрства кінематаграфіі адносна сцэнарыя фільма «Канстанцін Заслонаў».

«<...> Ні ЦК КП(б) Беларусі, ні Мастацкая рада Міністэрства кінематаграфіі БССР не мелі магчымасці да лістапада 1948 года атрымаць на сваё заключэнне папраўлены варыянт сцэнарыя. Між тым і ў апошнім варыянце сцэнарыя, па якім Міністэрства кінематаграфіі (СССР. — А.Б.) распарадзілася весці здымкі, ёсць яшчэ шэраг заган і недахопаў ідэалагічнага парадку.

1) Фільм пачынаецца цітрам: “Ішлі першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны. Зачараваная лёгкімі перамогамі ў Еўропе, узброеная да зубоў гітлераўская армія рынулася на нашу Радзіму. Абараняючы кожную пядзю савецкай зямлі, вымотваючы і абяскроўліваючы ворага, наша Армія адзін на адзін стрымлівала шалёны націск фашысцкіх ордаў”.

Аднак пасля гэтага правільнага сцвярджэння ў кінафільме зусім не паказваецца гераічная абарона савецкай зямлі Чырвонай Арміяй. Асобныя ж кадры, уключаныя ў фільм, могуць стварыць зусім процілеглае ўяўленне, напрыклад, дыктар праз станцыйны рэпрадуктар паведамляе: “Пасля ўпартых баёў нашы войскі пакінулі горад...”, моўчкі ідзе па пероне вайсковая часць і г.д.

У сцэнарыі не паказана, як Чырвоная Армія на тэрыторыі Беларусі абараняла ва ўпартых баях супраць перавышаючых сіл ворага кожную пядзю савецкай зямлі. Не паказана таксама арганізацыя эвакуацыі прамысловых прадпрыемстваў, транспартных сродкаў, насельніцтва з Беларусі ў глыбіню краіны, што праводзілася пад кіраўніцтвам ЦК КП (б) Беларусі. Па незразумелых прычынах са сцэнарыя выключана ўсё тое, што гаварылася па гэтым пытанні ў першым варыянце сцэнарыя. Гэта скажае гістарычную праўду, прыніжае ролю Савецкай Арміі і заслугі партыі ў арганізацыі адпору ворагу з першых дзён вайны.

2) Не паказваецца ў сцэнарыі значэнне гістарычнай прамовы таварыша Сталіна ад 3 ліпеня 1941 года як праграмы ўсенароднай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Замест гэтага ў сцэнарыі дадзена выдуманая і зусім прымітыўна пададзеная сцэна нарады ў кабінеце таварыша Сталіна, дзе К.Заслонаў быццам прапануе таварышу Сталіну свой план дыверсійнай работы, што ў сапраўднасці не мела месца ў гісторыі. Вядома, што К.Заслонаў не прадстаўляў ніякага плана дыверсійнай работы ў тыле ворага, заснаванага на распараджэннях таварыша Сталіна, дадзеных 3 ліпеня 1941 года.

Няправільна прыпісваецца ў сцэнарыі К.Заслонаву ініцыятыва ў распрацоўцы рэйкавай вайны (стар. 4–5). Таварыш Сталін у сваёй прамове ад 3 ліпеня 1941 года вызначыў цэлую праграму дзеянняў у тыле ворага, а К.Заслонаў умела ажыццяўляў адзін з пунктаў гэтай праграмы.

3) У сцэнарыі прыменшана роля КП (б) Беларусі па арганізацыі і разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага, дзейнасць падпольных райкамаў і абкамаў КП (б) Беларусі.

Аўтар недапушчальна бледна паказвае ролю сакратара райкама КП (б) Беларусі Кораня як партыйнага кіраўніка, у той час калі гэты вобраз, разам з вобразам К.Заслонава, павінен быць у фільме найбольш яскравым і пераканаўчым <...>

4) У сцэнарыі 90 адсоткаў месца адведзена адлюстраванню дыверсійнай дзейнасці К.Заслонава і яго паплечнікаў на Аршанскам вузле. Найбольш жа характэрная форма партызанскай барацьбы на Беларусі — узброеная барацьба партызан супраць нямецкіх захопнікаў, у якой брыгада пад камандаваннем К.Заслонава прымала актыўны ўдзел — у сцэнарыі адлюстравана зусім бегла і прымітыўна. У сцэнарыі ёсць толькі сцэна ўзяцця ў палон Заслонавым нямецкіх афіцэраў, якія пагражалі знішчыць партызан. Ствараецца, такім чынам, скажонае ўяўленне аб характары партызанскай барацьбы, аб яе цяжкасцях, аб спалучаных з ёю ахвярах. Замоўчваюцца подзвігі камуністаў — кіраўнікоў партызанскіх атрадаў і злучэнняў <...>

5) <...> У сцэнарыі К.Заслонаў часта выглядае як недарэчны і зусім неасцярожны падпольшчык. Гестапавец Нейгаўз не мог даўмецца, як ў паравозы трапляюць міны, але яму на дапамогу аўтар прыцягвае Заслонава, які тлумачыць выбухі паравозаў тым, што “магчыма, у вугалі застаюцца разарваныя патроны”, чым наводзіць гестапаўцаў на думку, дзе патрэбна шукаць міны, у выніку чаго яны і былі знойдзены. Рабочы-падпольшчык Шурмін і пад катаваннем не выдае сваёй сувязі з Заслонавым, а К.Заслонаў прызнаецца гестапаўцу Нейгаўзу, што прыходзіў да Шурміна і, па волі аўтара сцэнарыя, міжвольна падстаўляе свайго паплечніка <...> Такіх няўдалых і прымітыўных момантаў у сцэнарыі А.Маўзона шмат.

Усе гэтыя недахопы ў сцэнарыі фільма “К.Заслонаў” можна было б ліквідаваць у Беларусі, калі б Міністэрства кінематаграфіі СССР лічылася з думкамі партыйнай і савецкай грамадскасці Беларусі і прыцягнула яе да ўдзелу ў абмеркаванні канчатковага варыянта сцэнарыя <...>».

Як бачым, разам з патрабаваннем захавання тыповых «жалезных» канонаў (мастацтва прыраўноўвалася да партыйных інструкцый ідэалагічных устаноў) у дакладной запісцы адчуваецца крыўда з прычыны таго, што праігнараваны мясцовы кантроль над фільмам. Сапраўды, Міністэрства кінематаграфіі СССР адлучыла беларускія ўстановы ад працы над фільмам, узяўшы адказнасць на сябе. Прызначылі сурэжысёра Аляксандра Файнцымера, яго разам з Уладзімірам Корш-Сабліным і Аркадзем Маўзонам адкамандзіравалі на «Ленфільм», забараніўшы з’яўляцца ў Мінску. Такія вось канфліктныя перыпетыі спадарожнічалі здымачнаму працэсу.

Але ёсць у скарзе партыйнага функцыянера Іаўчука вельмі важны факт, які тлумачыць адну з негатыўных з’яў у беларускім кіно.

«<...> Разам з тым лічу неабходным паведаміць, што Міністэрства кінематаграфіі СССР не лічыць неабходным вырошчваць кадры кінаакцёраў з артыстаў Беларусі. У першым пасляваенным мастацкім беларускім фільме “Новы дом” удзельнічаў толькі адзін беларускі акцёр і то толькі ў другараднай ролі. Цяпер з 15 артыстаў, занятых у фільме “К.Заслонаў”, з ліку беларускіх акцёраў прыцягнута толькі 3, з іх толькі 1 (народны артыст СССР Глебаў) — на галоўную ролю, а 2 (т.т. Дзядзюшка і Стома) — на другарадныя ролі.

Нашы прапановы аб прыцягненні вядучых беларускіх артыстаў да ўдзелу ў фільме “К.Заслонаў” адхіляюцца т. Бальшаковым (міністр кінематаграфіі СССР. — А.Б.) на той “падставе”, што трэба плаціць беларускім акцёрам сутачныя падчас іх знаходжання на здымках у Ленінградзе. Але, як паведамляе мастацкі кіраўнік студыі “Беларусьфільм” т. Корш-Саблін, камандзіровачныя выплачваюцца цяпер амаль усім занятым у фільме акцёрам, большасць якіх — артысты Тэатра кінаакцёра (які знаходзіўся ў Маскве. — А.Б.).

Такім чынам, справа тут не ў сутачных і камандзіровачных. На мой погляд, справа ў тым, што Міністэрства кінематаграфіі СССР і асабіста т. Бальшакоў бесклапотна ставіцца да справы стварэння нацыянальных кадраў кінамастацтва ў БССР.

Калі цяпер мы павінны з-за адсутнасці павільёна для здымак у Мінску здымаць фільм у Ленінградзе, то прыйдзе час, калі фільмы студыі “Беларусьфільм” будуць здымацца ў Мінску, але кінаакцёраў у Беларусі не будзе, калі іх не рыхтаваць і не прыцягваць да ўдзелу ў фільмах ужо цяпер.

Было б мэтазгодным прыцягнуць для ўдзелу ў кінафільме “Канстанцін Заслонаў” некалькі таленавітых артыстаў Беларусі — народных артыстаў БССР Малчанава і Рахленку, заслужаных артыстаў — Шацілу і Пекура для выканання ў фільме роляў сакратара КП (б) Беларусі Кораня, рабочых, падпольшчыкаў, паплечнікаў Заслонава Семяніхіна і Майсака.

Міністэрства кінематаграфіі БССР звярнулася з гэтай просьбай да т. Бальшакова, але я не ўпэўнены ў тым, што Міністэрства кінематаграфіі СССР палічыцца з гэтай законнай просьбай і прыцягне лепшых беларускіх артыстаў да ўдзелу ў фільме разам з такімі выдатнымі майстрамі, як т. Дружнікаў, які выконвае ў фільме галоўную ролю — Канстанціна Заслонава. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што некаторыя дзеячы кінамастацтва, накіраваныя больш за паўгода назад для працы на кінастудыі “Беларусьфільм” і залічаныя ў яе штат, а менавіта рэжысёр т. Файнцымер, прызначаны другім пастаноўшчыкам фільма “К.Заслонаў”, і рэжысёр т. Дзіган, прызначаны пастаноўшчыкам рыхтуемага фільма “Пяты ўдар”, будуюць сваю працу ў поўным адрыве ад ЦК КП (б) Беларусі, Міністэрства кінематаграфіі БССР і беларускай грамадскасці <...>

Мяркуючы па апошніх указах Галоўнага Упраўлення па вытворчасці мастацкіх фільмаў Міністэрства кінематаграфіі СССР Міністэрству кінематаграфіі БССР, Саюзнае Міністэрства кінематаграфіі не збіраецца рыхтаваць кінафільм “Пяты ўдар”, прысвечаны вызваленню Савецкай Беларусі Чырвонай Арміяй, у студыі “Беларусьфільм”, а перадае яго Кіеўскай кінастудыі. Наўрад ці можна пагадзіцца з гэтымі планамі Міністэрства кінематаграфіі СССР. Таму што ў такім выпадку цяжка разлічваць на тое, што гераічныя дзеянні Савецкай Арміі на тэрыторыі Беларусі і беларускіх партызан будуць глыбока вывучаны і правільна адлюстраваны <...>».

Звернем увагу на тое, як бесцырымонна ігнаруе ўсесаюзная ведамасная ўстанова рэспубліканскую структуру. Да беларускай кінастудыі ставіліся як да паўсаматужнага вытворчага прадпрыемства, чым яна па сутнасці і была ў першыя пасляваенныя гады (гэта прызнаваў тады Уладзімір Корш-Саблін). Таму, маўляў, «мы ў Маскве — гаспадары, а вы ў Мінску — выканаўцы нашай волі».

Што тычыцца акцёрскай праблемы, то, на маю думку, разважалі такім чынам: беларуса нельга адрозніць ад рускага, і лепш карыстацца выпрабаванымі тварамі, няма чаго тут, маўляў, абараняць местачковыя інтарэсы. Тэндэнцыя гэтая цягнулася да часоў перабудовы. Толькі адзінкі з рэжысёраў «Беларусьфільма» рабілі стаўку на айчынных акцёраў і адстойвалі іх кандыдатуры (Ігар Дабралюбаў — з іх ліку). Інтарэс да беларускіх артыстаў узнік толькі тады, калі значна ўзраслі ганарары маскоўскіх кінакуміраў. Такі вось доўгі шлейф мае акцёрская праблема ў сферы нацыянальнага кінематографа.

Праз два з паловай месяцы маскоўскія кіраўнікі прыслалі мінчанам-партыйцам адказ на гэтую даўжэзную дэпешу, адрасаваную «свайму чалавеку» Панамарэнку. Яго сутнасць можна было б сфармуляваць так: «мы самі з вусамі». Маўляў, усе недарэчнасці даведзены да аўтара сцэнарыя і рэжысёра, і яны іх выправілі. «У прыватнасці, трэба падкрэсліць, што прапанаваны Заслонавым план дыверсійнай барацьбы з ворагам на акупаванай тэрыторыі паходзіць з прамовы таварыша Сталіна ад 3 ліпеня 1941 г.».

Стваральнікаў абавязалі «пашырыць паказ дзеянняў партызан і ўдзел Заслонава ў арганізацыі партызанскага руху на Беларусі; перапрацаваць сцэну ў паравозным дэпо, дзе Заслонаў ненаўмысна падказвае немцам думку аб падрыўных патронах ў вугалю». Наконт прапановы актыўна заняць у фільме беларускіх акцёраў — ніякай рэакцыі.

Гартаючы «біяграфію» фільма «Канстанцін Заслонаў» у некалькіх тамах, якія захоўваюцца ў Беларускім архіве-музеі літаратуры і мастацтва, я спрабавала знайсці хоць бы нейкія сляды сутыкненняў творцаў з партыйнымі або ведамаснымі апекунамі з Масквы і Мінска. Марна. Ёсць варыянты сцэнарыя; адна папка на 188 старонак утрымлівае тэхнічнае апісанне дэкарацый і камбінаваных здымак, адкуль можна даведацца, з дапамогай якіх кіношных хітрыкаў здымалі рэйкавую вайну. (Ёсць нават падрабязны расклад, колькі кілаграмаў пораху, спірту і берталетавай солі патрабавалася для імітацыі атмасферы падрываў варожых эшалонаў.)

Між тым калегі-кіназнаўцы з розных крыніц ведаюць, што ў галоўнай ролі пачынаў здымацца купалавец Барыс Платонаў, які атрымаў Сталінскую прэмію за вобраз Канстанціна Заслонава ў спектаклі паводле п’есы Аркадзя Маўзона. Але ўвесь першапачатковы кінаматэрыял, у тым ліку з беларускім артыстам, быў забракаваны. Барыса Платонава з «негераічным выглядам» замянілі папулярным Уладзімірам Дружнікавым, а здымкі на нейкі час спынілі, каб выверыць сцэнарый на ідэйную адпаведнасць.

Можна толькі здагадвацца, якія турботы, трывогі, жахі зведалі ўсе, хто меў дачыненне да творчага боку стварэння фільма. Гэта засталося па-за архіўнымі паперамі. Ужо ў перабудовачны час беларускі кіназнаўца Генадзь Ратнікаў напісаў, што Уладзімір Корш-Саблін знаходзіўся ў няласцы пасля пастановы ЦК КПБ, дзе рэзка крытыкаваўся яго папярэдні фільм «Новы дом», зняты ў 1947 годзе. Працытую калегу: «Міністэрства кінематаграфіі разважліва вырашыла дапамагчы апальнаму на той момант Корш-Сабліну і запрасіць А.Файнцымера — рэжысёра з бездакорным творчым мінулым. Яго галоўным дасягненнем быў фільм “Балтыйцы”, зняты на беларускай студыі (у даваенны перыяд. — А.Б.), які ўспрымаўся як нядрэнная варыяцыя на тэму карціны “Мы з Кранштата”. Такое партнёрства, напэўна, падыходзіла Корш-Сабліну. У выпадку няўдачы ён падзяляў яе цяжар з калегам. У той жа час поспех належаў бы ў першую чаргу Корш-Сабліну як вядучаму рэжысёру студыі».

Фільм зняты ў стылі манументальнага рамантызму і татальнай міфалогіі. Па задуме сапраўдным героем твора была Партыя. Сакратар ЦК КПБ, апрануты ў фрэнч а ля Сталін (яго іграў Юрый Талубееў), настаўляў Заслонава.

Як і большасць тагачасных фільмаў патрыятычнага накірунку, «Канстанцін Заслонаў» быў ушанаваны дзяржавай: Сталінскую прэмію III ступені ў 1950 годзе атрымалі рэжысёры і пяцёра расійскіх артыстаў (у гэты спіс не трапілі сцэнарыст, аператар і мастак-пастаноўшчык). Зафіксавана таксама лідарства фільма ў пракаце СССР у 1949 годзе (2-е месца; 17, 9 мільёна гледачоў).

Аднак афіцыйная «біяграфія» фільма шмат у чым далёкая ад рэчаіснасці. Крытыкі і журналісты пісалі, што фільм трымаўся гістарычнай праўды, але ў час, калі «Канстанцін Заслонаў» з’явіўся на экранах, за «гістарычную праўду» выдавалі тое, што пералічана ў працытаванай дакладной запісцы.

А мо варта зноў звярнуцца да сапраўды гераічнага і пакручастага лёсу Канстанціна Заслонава, бацька якога быў рэпрэсаваны, а сам ён, паводле некаторых сведчанняў, ледзь не скончыў жыццё самагубствам? Няхай бы побач з даўнім міфам паўстала праўда пра тое, што давялося здзейсніць чыгуначнаму інжынеру і што давялося яму перажыць ад ворагаў і ад сваіх — гэта адлюстравала б усю складанасць савецкага часу: і выбар чалавека ў крытычнай сітуацыі, і яго рашучасць пераадолець наканаванае.

Ала Бабкова