Шэвалье Співакоў і кампазітар Чаплін

№ 6 (351) 01.06.2012 - 01.01.2005 г

Два аркестры аднаго маэстра

/i/content/pi/mast/57/959/8.jpg 

 Ганна Аглатава (сапрана). За дырыжорскім пультам Уладзімір Співакоў.

Усё часцей на гастролі ў Беларусь прыязджаюць музыканты сусветнага ўзроўню і рэйтынгу. Сведчанне гэтаму — Міжнародны фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае», які сёлета другі раз прайшоў у краіне (першы адбыўся ў снежні 2010 года). Зноў — ажыятаж, шыкоўныя і эксклюзіўныя праграмы, зоркі першай велічыні, астранамічныя кошты білетаў, якія тым не менш разляцеліся за лічаныя гадзіны. Форум сабраў больш за 200 удзельнікаў з 13 краін. Свята, падчас якога адбылося 9 канцэртаў, не патрабавала вялікай колькасці бюджэтных сродкаў: яго генеральным партнёрам выступіў «Альфа-банк», афіцыйнымі партнёрамі — «Сіменс» і «Лукойл-Беларусь».

Як і два гады таму, маршрут гастроляў, акрамя сталіцы, уключаў Гомель і Магілёў. Сёлета да іх дадаўся Нясвіж, дзе ў палацы Радзівілаў прайшоў канцэрт выдатнага піяніста Барыса Беразоўскага. На афішы фэсту паядналіся таксама выступленні славутага аўстралійскага гітарыста-віртуоза Томі Эмануэля і канцэрт аркестра «Камерата Зальцбург» з радзімы Моцарта (тут Співакоў саліраваў як скрыпач).

Спынімся больш падрабязна на двух праектах, прэзентаваных у Нацыянальным тэатры оперы і балета. Першы анансаваўся як грандыёзны гала-канцэрт «Зоркі сусветнай опернай сцэны» з удзелам лепшых вакалістаў Еўропы і СНД у суправаджэнні Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Расіі.

Першы раз бачыла Співакова за дырыжорскім пультам. Адчуванне надзвычайнае! Так, зала наэлектрызавана, рэальнае ўражанне пераўзыходзіць чаканае. Назіраць, як ён дырыжыруе, — непараўнальная асалода! Нельга паверыць, што Співакову амаль 70. За пульт ён не падымаецца, а ўзлятае. Манера дырыжыравання экспрэсіўная і ярка-тэатральная. Вельмі прыгожыя рукі — пластычныя, выразныя, красамоўныя, амаль балетныя.

Я сядзела збоку ад сцэны, і гэта давала рэдкую магчымасць увесь час бачыць твар маэстра, сачыць за адценнямі ягоных эмоцый. У чым галоўны сакрэт дзівоснага ўздзеяння Співакова-дырыжора? Ён расхінуты музыцы і аркестрантам, не баіцца ўласных пачуццяў, іх празмернасці і магутнай плыні! Ён не баіцца паказваць захапленне — творам, кампазітарам, гучаннем струнных або духавых, тэмбрам голасу спевака. Твар і постаць адлюстроўваюць безліч станаў — зачараванасць, пяшчоту, здзіўленне, працэс услухоўвання, смутак, гарэзную радасць. Тады і дырыжорская палачка ўспрымаецца як ці не галоўны музычны інструмент!

Аркестравыя нумары (уверцюры да опер «Кармэн», «Кароль на гадзіну», «Сіла лёсу», інтэрмецца з «Сельскага гонару») пакідалі феерычнае ўражанне. Бясспрэчным фаварытам публікі стаўся італьянскі тэнар Іван Магры, вучань Лучана Павароці, саліст оперных тэатраў Рыма, Балонні і Генуі. Агульнавядома: кожны спявак цікавы найперш адметнасцю і афарбоўкай голасу. Такога прыгожага тэнаровага тэмбру гэтая зала даўно не чула! Гук «сабраны», насычаны, роўны ў розных дыяпазонах. Дадайце сюды італьянскі тэмперамент, харызму, свабоду адчування сябе на сцэне.

Ганна Аглатава, салістка Вялікага тэатра Расіі, — досыць маладая, але тытулаваная і запатрабаваная спявачка. Асабліва спадабаліся ў яе выкананні арыя Маргарыты з «Фаўста» і найскладаная каваціна Нормы. Магчыма, лёгкая прастуда не дала ёй поўнасцю прадэманстраваць вакальныя магчымасці. Нельга не парадавацца за нашага суайчынніка Анатоля Сіўко, баса-барытона, чыя міжнародная кар’ера складваецца вельмі ўдала! Анатоль — пераможца многіх міжнародных конкурсаў. Так, ён не валодае «сценабітным» голасам, здольным «пераўзысці» які заўгодна аркестр, але абаяльнасць, раскаванасць, адметнасць тэмбру вакаліста бясспрэчныя. Калі яго заўважыў і падтрымлівае маэстра Співакоў, у перспектывах спевака можна не сумнявацца.

І яшчэ пра адзін унікальны праект Співакова, паказаны ў Мінску. «Агні вялікага горада» — нямы фільм, пастаўлены ў 1931 годзе. Рэжысёр і выканаўца галоўнай ролі — Чарлі Чаплін. Здавалася б, што нам да стужкі, створанай 80 гадоў таму? Няхай класіка, але ж, пэўна, невыносная архаіка?.. Але справа ў тым, што музыку да фільма — для невялікага ансамбля — таксама напісаў сам Чаплін. Яна, перакладзеная на сімфанічны склад, і гучала ў выкананні аркестра пад кіраўніцтвам Співакова. Праект уражваў нечаканасцю супастаўлення жанраў — кіно і жывы аркестр. Адкрыццём Чапліна як кампазітара. Адлюстраваным у стужцы кантрастам гранічнай беднасці і бязмежнага багацця (якія, пэўна, будуць існаваць заўжды). Няспыннымі пераходамі ад фарса да лірыкі, ад гумару, камедыйнай плыні (не памятаю, каб у шыкоўнай зале опернага ўвесь час стаяў нястрымны смех!) да прыгод, ад усмешкі да слёз. Несупастаўнасцю галівудскага аблічча артыста з непрэзентабельнасцю яго героя. Бо маленькі чалавек Чапліна нечакана аказваўся такім блізкім і «маленькім людзям» рускай літаратуры, і героям беларускіх пісьменнікаў, якія марылі «людзьмі звацца».

Так што толькі і застаецца дадаць — брава, маэстра Співакоў!

Таццяна Мушынская

Кулуары

«Тэма памяці заўжды актуальная...»

Уладзімір Тэадоравіч — асоба шматгранная. Геніяльны скрыпач, таленавіты дырыжор, мецэнат, арт-дырэктар міжнародных фестываляў. 
Ён запатрабаваны, яго час распісаны па хвілінах. І спадзявацца на эксклюзіўнае інтэрв’ю было б вялікай смеласцю, калі не нахабствам. Таму — колькі думак віноўніка ўрачыстасці, занатаваных на прэс-канферэнцыі, якая адкрывала фестываль.

Якім чынам вы пазнаёміліся з Анатолем Сіўко, маладым беларускім спеваком, удзельнікам канцэрта адкрыцця?

— Ягоную кандыдатуру парэкамендаваў Віктар Бабарыкін, галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі (Анатоль выступаў разам з гэтым калектывам. — Рэд.). Перамовы вёў арганізатар фестывалю, прадзюсар Максім Берын. І хоць ён дасылаў мне запіс спевака, паверыў яму на слова. Бясспрэчна, Анатоль Сіўко — узыходзячая зорка...

Больш як дзесяць маладых беларускіх музыкантаў у розны час атрымлівалі стыпендыі вашага фонду. Сёлета ў адным з канцэртаў «Віртуозаў Масквы», дзе саліруюць стыпендыяты, удзельнічае і наша маладая флейтыстка Юлія Шчасновіч. Вядома, што вы падаравалі дзяўчыне вельмі годны інструмент...

— Яна — цудоўны музыкант! Слухаў дзяўчыну, калі яна надзвычай прафесійна іграла на вучнёўскім інструменце. Такога выніку на ім дасягнуць проста немагчыма! Гэта сведчанне, што перад намі — талент. У той час маці Юліі цяжка хварэла, потым пайшла з жыцця. І маім натуральным жаданнем было дапамагчы.

Інструмент выбірала ў Парыжы мая сярэдняя дачка, Таццяна. Па адукацыі яна флейтыстка, цяпер засвойвае навыкі драматычнай артысткі. Скончыла курсы, дзе раней вучылася знакамітая Фані Ардан. Дачка паехала ў спецыялізаваны магазін, ёй прынеслі 8–10 флейт. Яна на іх іграла, каб выбраць лепшую. Цяпер Юлія Шчасновіч выступае з гэтай флейтай. Маладую артыстку я запрасіў у Маладзёжны аркестр краін СНД. У складзе яго Юлія выпраўлялася ў Кітай.

Дарэчы, ваша Акадэмія музыкі дае адукацыю вельмі высокага ўзроўню. Таму прыйшоў час болей ёй дапамагаць. У тым ліку і праз набыццё інструментаў. Гэта не толькі падтрымка музыкантаў, але і інвестыцыі ў будучыню. Наш фонд шмат клапоціцца пра юных выканаўцаў. Пачынаючы яшчэ з Яўгена Кісіна. Дапамагалі і Цэнтральнай дзіцячай музычнай школе Масквы, элітарнай установе. Івану Карызну, вашаму выдатнаму віяланчэлісту, фонд усяляк спрыяў на працягу больш як 10 гадоў. Адна з удзельніц мінскага фестывалю — расіянка Насця Кабекіна. Яна так уразіла маю душу выкананнем «Элегіі» Рахманінава, што купіў я ёй сапраўдную італьянскую віяланчэль. Яшчэ адзін выдатны музыкант, якога прэзентуем, — трубач Сяргей Накаракаў. Ён — зорка, нездарма мае званне «Паганіні трубы».

Колькі часу вам трэба, каб ацаніць ступень адоранасці музыканта?

— Пяць хвілін.

Ці адчуваеце вы розніцу паміж расійскім і беларускім слухачом?

— Варта згадаць думку Паскаля: «Усё чалавецтва — гэта адзін чалавек, які жыве вечна...» І я, і музыканты маіх аркестраў у вас адчуваем сябе камфортна. Лічу Беларусь сваёй краінай. Аснова кожнага фестывалю — узровень праграм і асоб, якія прыязджаюць. На самай справе, якаснага музычнага прадукту ў свеце няшмат.

Кіназорка Скарлет Ёхансан нядаўна расказала свету пра свае беларускія карані. А ў вас іх часам няма?

— Не. У мяне карані ўкраінскія...

Ці памятаеце вы свой першы прыезд у Мінск?

— Так, я іграў у філармоніі з аркестрам як скрыпач. Дырыжыраванне асвойваў пазней. Вучыўся ў Ізраіля Барысавіча Гусмана. Дырыжорскі дэбют адбыўся ў 1979 годзе — з Чыкагскім сімфанічным аркестрам.

Раскажыце, калі ласка, пра інструмент, на якім вы іграеце...

— Гэта скрыпка Антоніа Страдывары. У 2013-м свет будзе адзначаць 300 гадоў з часу яго нараджэння. Скрыпка дадзена мне ў пажыццёвае карыстанне. Калі скончу выканальніцкую кар’еру, інструмент будзе мець назву «Страдывары — экс-Співакоў». Нядаўна сыграў 10 сольных канцэртаў у Амерыцы. Тым не менш скрыпка добра сябе адчувае (смяецца)...

Вы — кіраўнік «Віртуозаў Масквы» і Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі. Якому калектыву аддаяце больш часу і клопатаў?

— Калі ў сям’і двое дзяцей, ці можна адно дзіця любіць больш за другое? Напэўна, гэта немагчыма. Іншая справа, «Віртуозы» ўзніклі даўно, у 1979-м, а Нацыянальнаму філарманічнаму — толькі дзесяць. Таму больш увагі малодшаму.

Вы шмат гастралюеце, сустракаецеся з многімі знакамітымі людзьмі. Ці не ўзнікала жаданне напісаць мемуары?

— Не. Па-першае, зусім няма часу. Па-другое, пра ўсё напісаць нельга: кагосьці не ўспомніш, хтосьці пакрыўдзіцца... Вельмі часта, калі чытаеш успаміны вядомых асоб, ракурс успрымання такі: «Я і Стравінскі». А можа, лепей наадварот — «Стравінскі і я»?..

Якім чынам фарміруюцца праграмы вашых фестываляў?

— Шмат гарадоў і краін прапаноўваюць нам правесці фестываль. Але Нацыянальны сімфанічны аркестр Расіі з задавальненнем выступае і на радзіме. Бо ў нас ёсць абавязкі перад сваім слухачом. Праграмы ў розных краінах адметныя. Напрыклад, у Кальмары фестываль ладзіцца 24-ы раз. За правядзенне гэтага фэсту, дзе з’яўляюся артыстычным дырэктарам, урад Францыі мяне ўзнагародзіў трыма ордэнамі. Цяпер я — шэвалье Співакоў... З гэтай нагоды Уладзімір Пуцін заўважыў: «Далей трэба ўзнагароджваць імянной зброяй».

У Францыі праходзіць шмат музычных форумаў. І трэба было прыдумаць тое, чаго не існавала. На мой погляд, заўжды актуальная тэма памяці, удзячнасці. Таму ў Кальмары адбыліся фестывалі, прысвечаныя Шаляпіну, Шастаковічу, Мянухіну. Прайшоў фэст, прымеркаваны да 80-годдзя Пендэрэцкага, аднаго з найбуйнейшых кампазітараў ХХ стагоддзя. Яшчэ пры жыцці Растраповіча я неяк прапанаваў: «Слава, давай зробім у Кальмары фестываль, прысвечаны табе!» Ён адказаў: «Не трэба! Вось калі мяне не будзе, тады і зрабі...» Так і атрымалася.

Праграма апошняга фестывалю ў Мінску разнастайная — музыка сімфанічная, вакальная, інструментальная. Мы прывезлі і нечаканы праект — «Агні вялікага горада», геніяльны фільм Чапліна. Аркестр узнаўляе музыку, якая гучыць у нямой стужцы. Не магу без слёз успрымаць фінальную сцэну карціны. Яна заўжды кранае мяне глыбокім сэнсам і чалавечнасцю...