Дзівосныя рэчы

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

2004-ы

/i/content/pi/mast/56/955/48.jpg
Генадзь Родзикаў. Без назвы. 2004ю
Працы Генадзя Родзікава стаяць асабняком у беларускай фатаграфіі. 17 гадоў ён быў членам фотаклуба «Мінск», але гэта відавочна не клубны фармат. Прайшоўшы студыю Валерыя Лабко, ён не пачаў рабіць канцэптуальныя праекты, а зноў абраў уласны шлях.

Да серыі ўсесаюзных выстаў «Фотаграфікі», арганізаваных па ініцыятыве нашага фотаклуба, Генадзь быў «голым рэалістам» — так ён сябе называе. «Здымаў развал вакол, пажары, недагледжаных котак і сабак. Але з часам гэтыя тэмы сышлі, і з пачатку 1980-х “негатыў” мяне больш не цікавіць».

На захапленне Генадзя Аляксандравіча фатаграфіяй паўплывалі Міхаіл Жылінскі, Юрый Васільеў. З Лабко сітуацыя склалася незвычайная: Родзікаў быў старэйшым за яго больш чым на 20 гадоў, аднак калі Валерый запрасіў яго ў «Студыю 2», ён прыйшоў. «Гэта быў залаты час для фатаграфічнай моладзі. У Лабко займаліся Уладзімір Парфянок, Сяргей Кажамякін, Галіна Маскалёва, Уладзімір Шахлевіч, Ігар Саўчанка — усяго чалавек 25. Ён не вучыў нас у прамым сэнсе слова, хоць аснову фатаграфічнага працэсу даваў. І наша тэхнічная адукацыя дазваляла ўсё гэта хутка засвоіць. Але не тэхналогіі, а творчае мысленне было цікавае нашаму настаўніку. Таму ў першую “Студыю” ён набраў фатографаў з пэўным досведам, у другую — пачаткоўцаў, але з шырокімі поглядамі. Валерый нічога нам не навязваў — у яго была харызма, ён даваў творчы імпульс кожнаму, хто яго слухаў, і далей мы ўсе ішлі сваім шляхам».

Праз нейкі час студыйцы ўтварылі аб’яднанне «Правінцыя», якое складалася з невялікіх груп. Разам з Шахлевічам і Маскалёвай Родзікаў увайшоў у аб’яднанне «Парыж», а меліся яшчэ «Мета», «Камера захоўвання», «Аэра», «Беларускі клімат». Сам Валерый назваў сябе «Таварыствам барацьбы з фатаграфіяй». Сапраўды, дзівосны быў час!

Але паваротным момантам для Генадзя Родзікава сталі «Фотаграфікі» (1971–1989), дзе ён «прападаў дні і ночы, пазнаёміўся з лепшымі майстрамі Савецкага Саюза».

Гэтыя выставы ўвасобілі чаканне перамен, надзеі і аптымізм канца 1980-х. Фатографы імкнуліся сысці ад задач ілюстратыўнасці. Яны хацелі быць мастакамі і прадэманстравалі гэта — у пошуках нечаканых ракурсаў, зрушэнні прапорцый, у шматфігурных калажах і г.д. Фарматворчасць не стала асноўным кірункам развіцця, але наблізіла аўтараў да традыцыйнага выяўленчага мастацтва — жывапісу і графікі. Улічваючы, што каляровы друк і лічбавыя тэхналогіі, як і пласт інфармацыі пра сусветную фатаграфію, былі недаступныя, тыя экспазіцыі сталі адкрыццём — для прафесійнага асяроддзя і свайго часу.

Напэўна, тады і пачаліся стылістычныя пошукі ў кірунку сюррэалізму, якія Генадзь Родзікаў вядзе дагэтуль — па-ранейшаму ў аналагавай фатаграфіі і ў тэхніцы ручнога друку. Візуальна фатаграфіі Родзікава вылучаюцца рытмічнай арганізацыяй, цякучасцю формы, складанай кампазіцыяй, майстар не баіцца працаваць з колерам.

«Парыж» застаўся сяброўскай кампаніяй, і Генадзь Аляксандравіч ездзіць на ўсе Маскоўскія біенале фатаграфіі. Ён прытрымліваецца непапулярнага пункта гледжання: «Фотадакументалістыка, вядома, справа не апошняя. Але рэалізм, які заваяваў цяпер сусветныя пляцоўкі, хварэе натуралізмам. А для творчай фатаграфіі трэба нешта большае. Тут многае могуць даць тэхналогіі, прыёмы, але яны павінны ўзмацніць мастацкую форму, падкрэсліць значэнне таго рэальнага сюжэта, які фіксуе фатограф.

Усё павінна заняць сваё месца. Журналістыка пабудавана на фактах, і гісторыю трэба пісаць рэалістам. Вялікую гісторыю пішуць вялікія прафесіяналы: яны адважныя, працуюць у гарачых кропках. Але ў мастацкай фатаграфіі задачы іншыя: з канца XIX стагоддзя, калі нарадзіўся стыль мадэрн, яна працуе з формай — у пошуках выяў, абагульняючы думкі. Пачынаючы ад фатаграм Мохай-Надзя, фатаграфія стварала дзівосныя рэчы, а сёння, з прыходам “лічбы”, я не разумею, як яна робіцца».

Верны эстэтычным канонам, Генадзь Родзікаў выкарыстоўвае архаічныя матывы, часта пазбаўляе аб’екты здымкі іх натуральнага асяроддзя і змяшчае ў іншы кантэкст. Фатаграфія набывае асаблівае — пазачасавае гучанне.

 Любоў Гаўрылюк