Праўда і толькі праўда. Кінапубліцыстыка Анатоля Алая

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Творчае крэда кінапубліцыста Алая -- насуперак усяму дайсці да ісціны. Гэта тытанічная праца -- расшукаць, прааналізаваць і пераправерыць вялізны аб’ём інфармацыі, перш чым выдаць гледачу кінематаграфічнае рэзюме.

 /i/content/pi/mast/4/95/Prauda1.jpg
Шлях у кіно быў паэтапным, няпростым. Аднойчы, калі Алай вучыўся класе ў шостым, у іх Астрашыцка-Гарадоцкую школу, што пад Мінскам, прыехалі з кінастудыі здымаць хранікальна-дакументальны сюжэт. Анатоля пасадзілі на дрэва -- ён спілоўваў галінкі. Потым здымалі ў класе -- прынеслі вялікія асвятляльныя прыборы, расцягнулі кабелі. Усё гэта неймаверна ўразіла Анатоля. Ён захварэў на кіно. Пасля, калі яны з маці пераехалі да дзеда ў Мінск, хлапчук штодня прыязджаў да Чырвонага касцёла, дзе месцілася тады Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, з неўтаймоўным жаданнем хоць у шчылінку пабачыць, як робіцца кіно. Выпадкова пазнаёміўся з тэхработнікамі, яго ўзялі на працу ў асвятляльную брыгаду. Так у 1961 годзе Анатоль Алай трапіў на кінастудыю.
Потым працаваў асістэнтам аператара, скончыў факультэт журналістыкі БДУ, доўгі час быў аператарам. А калі зразумеў, што за кінакамерай яму цесна, асвоіў прафесію рэжысёра. Прыйшоў у рэжысуру са сваёй галоўнай тэмай -- тэмай Вялікай Айчыннай. Выбар невыпадковы і натуральны. Ягонае пакаленне -- дзеці вайны. Шрамы яе засталіся не толькі ў сэрцы. Дзесяцігадовыя хлапчукі знаходзілі вакол паваеннага Астрашыцкага Гарадка зброю, неразарваныя міны, разбіралі снарады, даставалі порах. Аднойчы снарад узарваўся -- лепшы сябар Сяргей загінуў, скрываўленага Анатоля паспелі данеслі да бальніцы, дзе ўрачом працавала ягоная маці…Анатоль Іванавіч не памятае бацькі, які быў ваенурачом у 10-й арміі і згінуў без вестак пасля жорсткіх баёў на Беластоцкім выступе. Сын жадаў знайсці хаця б магілу. Так нарадзілася ідэя фільма «Яго закапалі ў шар зямны», прысвечанага бацьку. Падчас працы над стужкай Алай так і не знайшоў бацькавай магілы, але пазнаёміўся з унікальнымі людзьмі -- удзельнікамі і сведкамі Вялікай Айчыннай.
Адукацыя журналіста дапамагла вызначыцца з метадам працы -- пошук, даследаванне, якія рэжысёр вядзе грунтоўна, карэктна, з веданнем справы. У аснове стужак, як правіла, ляжыць малавядомы факт гісторыі, а стымулам для працы можа паслужыць маленькая газетная нататка або інфармацыя, пачутая па радыё ці ад цікавага суразмоўцы. Анатоль Іванавіч пачынае нястомную працу ў архівах, сховішчах, адшуквае сведкаў, кансультуецца з прафесіяналамі. Ягоныя фільмы заснаваны толькі на карпатліва правераных фактах. Рэжысёр ніколі не дае ацэнкі тым падзеям, пра якія апавядае ў творах, але ягоная пазіцыя вельмі выразна прасочваецца і ў кампазіцыі стужкі, і ў яе мантажы, і ў сэнсавых акцэнтах.
Дакументальны фільм «Чырвоны д’ябал» распавядае пра лётчыка Івана Фёдарава, які, нягледзячы на дзёрзкія подзвігі, доўга заставаўся для нас невядомым. У 1939-м іспанцы ахрысцілі героя «чырвоным д’яблам». Потым, напярэдадні Вялікай Айчыннай, Фёдараў у складзе савецкай дэлегацыі наведвае Германію, дапамагае выпрабоўваць фашысцкія самалеты, за што атрымлівае з рук Гітлера нямецкі крыж, які прыбівае да абцаса свайго бота. Змагаючыся з фашыстамі, ён з поспехам выконвае самыя складаныя заданні, ваюе бесшабашна і адважна. Пасля вайны выпрабоўвае новыя баявыя самалёты і іх зброю ў КБ Лавачкіна. Івану Яўграфавічу сёння за 90, але ў яго выдатная памяць, жывыя, разумныя вочы, ён расказвае вобразна, эмацыйна, як лётчык, распавядае рукамі… Гэта фільм-партрэт пра чалавека з унікальным лёсам. Тонка, далікатна і без пафасу выпісвае Алай вобраз свайго героя…
Фільм «За два крокі ад гільяціны» прысвечаны разведчыкам. Выразная, лаканічная, па-журналісцку вывераная ў дэталях стужка з абавязковымі для твораў рэжысёра інтрыгай і непрадказальным фіналам. На гэты раз Алай паведамляе пра адну з таямніц Галоўнага разведупраўлення -- агента пад псеўданімам АВС. Гэта Курт Велькіш -- нямецкі антыфашыст, які супрацоўнічаў з савецкай контрразведкай у Румыніі. Ад яго паступіла больш за сто каштоўных паведамленняў. У 1942-м сувязь з Куртам была перарвана, бо ім зацікавілася гестапа. У 1944 годзе, калі ў Румынію ўваходзяць савецкія войскі, Курт Велькіш разам з жонкай Маргарытай зноў супрацоўнічае з Масквой. Пазней Велькішы зняверыліся ў савецкім рэжыме, бо іх -- носьбітаў сакрэтнай інфармацыі -- выслалі ў Краснаярскі край… У архіве КДБ Беларусі захоўваецца справа № 1603, якая сведчыць, што АВС з Бухарэста і Курт Велькіш -- адна асоба. Толькі ў 2003 годзе Курт (ён памёр у 1958-м) быў рэабілітаваны. Сын разведчыка Томас, які жыве ў Германіі, прызнаўся Алаю па тэлефоне, што не ведаў аб працы бацькі на Сталіна, таму і не пажадаў здымацца ў фільме.
Творчае крэда кінапубліцыста Алая -- насуперак усяму дайсці да ісціны. Гэта тытанічная
 /i/content/pi/mast/4/95/Prauda2.jpg

 Кадр з фільма А.Алая «Сустрэча на Эльбе». 2005.

праца -- расшукаць, прааналізаваць і пераправерыць вялізны аб’ём інфармацыі, перш чым выдаць гледачу кінематаграфічнае рэзюме. Кіно Анатоля Алая аўтарскае. За фільмамі -даследаваннямі, фільмамі-роздумамі -- трывалая грамадзянская і творчая пазіцыя. Зрэшты, Алай
напачатку працы не заўжды дакладна ведае, што атрымаецца «на выхадзе» кінапрацэсу. У час працы іншым разам здабываецца найбагацейшы фактурны матэрыял, што аздабляе, робіць пераканаўчым кожны твор рэжысёра.
Так было і са стужкай «Жаўнеры Італіі» -- пра каханне беларускай дзяўчыны Ады Наркевіч і італьянца Анджэла Кавацца ў акупаваным Мінску. Гераіня амаль 60 гадоў нічога не ведала пра лёс каханага. Толькі дзякуючы рэжысёрскай неўтаймоўнасці Алая яна трапіла ў Італію і знайшла сляды Кавацца. На жаль, ён памёр у 1970-я гады, але пакінуў пасля сябе сына. З ім Наркевіч і сустрэлася. За няпростай гісторыяй кахання Анатоль Алай убачыў не толькі лёс цэлага пакалення, але і раскрыў малавядомы факт гісторыі -- знаходжанне італьянскіх ваеннапалонных у Мінску напрыканцы вайны. Яшчэ адна паралель фільма, што вельмі дакладна прачытваецца, -- асяродак, у якім доўжыліся лёсы Наркевіч і Кавацца пасля развітання (простая кватэра гераіні ў Беларусі і прыгожы вялікі дом яе былога каханага ў Італіі). У фільме некалькі ідэйных пластоў, ён шматгранны, а таму і глыбокі. Рэжысёра цікавіць кожны нюанс, для яго не існуе дробязей, у тым ліку і ў матывацыі ўчынкаў ягоных герояў. Увогуле Анатоль Алай лічыць, што герояў будучых фільмаў трэба палюбіць, бо толькі тады чалавек раскрываецца перад камерай, калі не адчувае фальшу ў зносінах. Толькі тады дакладна выбудоўваецца кампазіцыя твора, арганічна вылучаецца ягоная дамінанта…Апошняя праца, якую Анатоль Алай зрабіў на студыі «Летапіс», -- поўнаметражны відэафільм «Чарнобыльскі крыж». Стужка прысвечана 20-годдзю катастрофы на ЧАЭС. Алай, калі працаваў аператарам, адным з першых здымаў у 1986-м наступствы бяды. Амаль усе сябры, з якімі тады працаваў, памерлі. Пра Чарнобыль знята мноства стужак і ў нас, і за мяжою. Адны расказваюць пра жудасць сусветнай трагедыі, другія рапартуюць, што ўсё добра і жыццё наладжваецца. Анатоль Алай пайшоў іншым шляхам. Адкінуў убок эмоцыі і даў слова навукоўцам і спецыялістам. Галоўная трагедыя была ў тым, што людзі не ведалі праўды. Кіраўніцтва СССР выганяла людзей на першамайскую дэманстрацыю. Хлусня сталася не менш небяспечнай за радыяцыю. Але бяда адбылася, большая частка радыеактыўных ападкаў атруціла менавіта Беларусь. Нам з гэтай бядой жыць, і трэба не стагнаць і плакацца, а шукаць выйсце…
Бескампрамісны Анатоль Алай робіць гэткія ж фільмы, якія прымушаюць думаць і прывабліваюць шчырасцю і праўдай.

                                                                                                                   Наталля СЦЯЖКО