Скандынавія, Турцыя і... Ігар Алоўнікаў

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

«Мінская вясна». Скрыжаванне стыляў і школ

/i/content/pi/mast/56/946/23.jpg

Дырыжор Эркі Пекх (Эстонія).

Кожны музычны фэст — ці не лепшая, маляўнічая і пераканаўчая, ілюстрацыя як мінімум двух тэзісаў. Першы. Музыка — мастацтва, якое нараджаецца на скрыжаванні стыляў, часоў і выканальніцкіх школ. Другі. Гэтае мастацтва ад пачатку касмапалітычнае, бо праграма нават аднаго канцэрта можа ўключаць усю разнастайнасць сачыненняў аўтараў розных краін і эпох.

Хоць цяперашняя «Мінская вясна» мае статус не фестывалю, а цыкла канцэртаў, цікавасць да яе публікі не зменшылася, пра што сведчылі поўныя залы Белдзяржфілармоніі.

Наўрад ці можна сустрэцца з такой «пераплеценасцю» нацыянальных пачаткаў у іншых відах мастацтва. Мяркуйце самі. Вось адкрыццё «Вясны» ў філармоніі, калі Канцэрт для скрыпкі і віяланчэлі немца Іаганеса Брамса ігралі беларуска Юлія Ігоніна і француз Марк Драбінскі. Або Дзяржаўны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Анісімава выконваў славутую Дзявятую сімфонію чэха Антаніна Дворжака. (Дарэчы, адразу пасля адкрыцця калектыў выправіўся ў Японію, дзе ў такіх знакамітых залах, як «Сантары-хол» і Нацыянальная опера Токіа, з поспехам прайшоў 25-дзённы гастрольны тур.)

«Класік-авангард» прэзентаваў праект «Каханнем неба віхурыць танец», у якім былі прадстаўлены танцавальныя мелодыі Арменіі, Албаніі, Ірана, Кітая, Літвы, ЗША. Пецярбургскі дуэт піяністаў Дзмітрыя Зубава і Сямёна Дзянісава ўзнаўляў творы Бетховена, Шуберта, Ліста, Стравінскага для фартэпіяна ў чатыры рукі. Мінскі струнны квартэт, аўтарытэтны калектыў, які з трыумфам гастраляваў у многіх краінах, прадставіў на суд слухача «Сем слоў Збавіцеля на крыжы», самы славуты квартэт Гайдна. Згаданыя прыклады пераконваюць: сумеснае музіцыраванне не адбудзецца без высокага прафесіяналізму і тонкага ўзаемаразумення прадстаўнікоў розных культур і выканальніцкіх школ.

Краіны гор і фіёрдаў

Немагчыма паслухаць усе канцэрты «Вясны», якая доўжыцца ў дзвюх залах філармоніі амаль тры тыдні. Таму зробім акцэнт на праектах знакавых, якія вабілі або нечаканай праграмай, або адметнымі выканаўцамі.

Такім успрымаўся скандынаўскі вечар, які прэзентавалі сімфанічны аркестр Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, эстонскі дырыжор Эркі Пекх і знаны піяніст Юрый Бліноў. Што мы ведаем са скандынаўскай музыкі? Напэўна, нічога, акрамя «Пер Гюнта» Грыга і «Сумнага вальса» Сібеліуса.

Хтосьці ў той вечар ішоў менавіта на Блінова, лаўрэата многіх конкурсаў, выхаванца айчыннай школы, які здолеў пабудаваць яркую міжнародную кар’еру. Юрый выкладае ў ЗША, іграе па ўсім свеце, першы з нашых піяністаў выступіў з сольнікам у Карнэгі-холе. Большую частку года ён праводзіць на гастролях. Той, хто ведае гэтае імя, імкнецца не прапускаць выступленні Блінова ў Мінску.

Сімфанічны аркестр тэлерадыёкампаніі не так часта аказваецца ў полі зроку айчынных крытыкаў і даследчыкаў, як хацелася б. У розны час яго ўзначальвалі вельмі аўтарытэтныя дырыжоры. Калектыў ахвотна адгукаецца на прапановы беларускіх аўтараў, развучвае і запісвае іх сачыненні ў фонды радыё. Нашы кампазітары любяць яго, як ніякі іншы, бо маюць магчымасць пачуць плён уласнай, часам шматгадовай, працы (асабліва калі размова ідзе пра сімфоніі і канцэрты для аркестра). Мне скажуць, што такія клопаты — у самой сутнасці калектыву, але далёка не ўсе беларускія выканаўцы цікавяцца здабыткамі айчыннай музыкі.

Скандынаўскі вечар прадставіў дзве маштабныя партытуры — Канцэрт ля мінор для фартэпіяна з аркестрам нарвежца Эдварда Грыга (у ім саліраваў Бліноў) і Сімфонію № 2 рэ мажор фінскага кампазітара Яна Сібеліуса. Асабіста мне крыху не хапала тлумачэнняў і каментарыяў вядучага-музыказнаўцы, які б не толькі аб’яўляў, але і расказваў, калі, як і з якой нагоды ствараліся сачыненні (добра, што праграмка змяшчала ёмістыя характарыстыкі дырыжора і піяніста). Вярнуўшыся дадому, з радасцю адшукала ў хатняй бібліятэцы невялікія манаграфіі пра Грыга і Сібеліуса, хутка іх «праглынула». Але наўрад ці яны ёсць дома ў кожнага слухача!

Абодва творы пакінулі моцнае ўражанне. Асабліва сімфонія Сібеліуса, напісаная 110 гадоў таму і ўпершыню выкананая ў 1902-м. Яна не толькі выклікала ў памяці краявіды Скандынавіі, прасторы суровай і велічнай, якой тая паўстае ў дакументальных стужках, убачаных на канале «National Geografiс». Твор Сібеліуса пераконваў: сачыненні, што так эмацыйна і грандыёзна адлюстроўваюць духоўнае жыццё нацыі, яе памкненні і асаблівасці светаўспрымання, не могуць састарэць ці аказацца неактуальнымі праз стагоддзе. Сімфонія тлумачыць слушнасць і аб’ектыўнасць таго ўсеагульнага прызнання (унутры Фінляндыі і ў свеце), статус класіка, які быў нададзены кампазітару яшчэ пры жыцці. Так што дзякуй выканаўцам за пашырэнне нашага музычнага і духоўнага кругагляду.

Алеманда... на тэмы «Beatles»

Канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі прывабліваў ужо назвай — «Часы... “Beatles”». Ну як не пайсці?! Хіба не цікава пачуць, як аркестр (а спецыялісты і «профі» апошнім часам яго надзвычай ухваляюць — найперш дзякуючы густу і майстэрству мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Яўгена Бушкова) інтэрпрэтуе хіты зусім іншай музычнай прасторы!

Скажу адразу, музыкі хлопцаў з ліверпульскай чацвёркі ў праекце аказалася не так шмат, як уяўлялася. Усяго адно сачыненне яднала Алеманду, Куранту і Жыгу з «Сюіты ў старадаўнім стылі на тэмы “Beatles”». Нястрымная энергетыка гурта змякчалася вытанчаным стылем, а бунтарства набывала рысы рэспектабельнасці. Таму назва канцэрта ўспрымалася хутчэй як рэкламны прыём. Але чаму б і не?!

Думаю, найбольшая каштоўнасць вечарыны — у знаёмстве з мала вядомай нам музычнай культурай Турцыі. На магчымасць запрашэння прызнаных выканаўцаў заўжды ўплываюць фінансы. Праўда, гэтым разам у высокім статусе гасцей былі зацікаўлены ўсе, бо канцэрт ладзіўся пры падтрымцы Пасольства Турцыі і з нагоды 20-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін між нашымі краінамі.

Адметным аказалася знаёмства з барытонам Месута Ікту, у выкананні якога мы пачулі віртуозную арыю Папагена з «Чарадзейнай флейты» Моцарта, арыю з малавядомай оперы «Атон» Гендэля, «Журавоў» Фрэнкеля (на рускай мове), песні турэцкіх кампазітараў, дзе адлюстраваліся ўласцівасці нацыянальнай музыкі. Цікавасць выклікаў Эрол Эрдзінч, вядомы дзеяч турэцкай культуры, адораны многімі талентамі. Ён — піяніст, дырыжор, кампазітар, музычны дырэктар Прэзідэнцкага сімфанічнага аркестра Анкары. Як дырыжор камернага аркестра Эрдзінч паўставаў у разнапланавым творы «Telli Turma», у 1-й частцы якога дамінавалі няспешныя матывы, што адлюстроўвалі стан медытацыі, у 2-й — лірычныя матывы, і нарэшце дынаміка свята — у 3-й. «Вясна» і «Лета» з цыкла «Поры года» П’яцолы, дзе дырыжор адначасова выступаў і салістам-піяністам, вельмі адрозніваліся па характары ад вытанчана-ўзнёслых твораў Вівальдзі з гэткай жа назвай: не празрыста-трапяткія, а прасякнутыя экспрэсіўнай рытмікай танга. Захоплена вітала зала Эрдзінча і як віртуоза імправізацыі, пра што сведчылі джазавыя сачыненні, выкананыя на «біс».

Паэт фартэпіяна

Часам філармонія прэзентуе праекты «шматнаселеныя», разнастайныя па жанравых прыкметах, калі на сцэне — сімфанічны аркестр, харавая капэла або ансамбль танца. Часам — камерныя па сутнасці, хоць і адбываюцца яны ў вялікай зале. Калі адзін артыст у стане трымаць увагу амаль тысячы слухачоў, ды яшчэ на працягу дзвюх з паловай гадзін, — гэта выклікае павагу і захапленне.

Менавіта такім стаўся сольны канцэрт «Старонкі папулярнай класікі», прысвечаны 300-годдзю фартэпіяннай музыкі, яго прэзентаваў Ігар Алоўнікаў. Знакаміты музыкант і педагог, народны артыст Беларусі, ён даўно бясспрэчны аўтарытэт для айчынных і замежных піяністаў. Шмат гастралюе, узначальвае журы міжнародных конкурсаў, дае майстар-класы для выканаўцаў з многіх краін свету.

Шырокая публіка ў нас распешчана, а мо і разбэшчана тэлебачаннем, калі для належнага ўспрымання музыкі патрабуецца змена «карцінак». Але зала філармоніі ў той вечар аказалася паўнюткая. Якімі шчодрымі воплескамі адгукалася аўдыторыя на кожны твор! Часам фартэпіянная мініяцюра рабіла такое ўражанне, што хацелася не апладзіраваць, а памаўчаць, паглыбіўшыся ва ўласныя эмоцыі і згадкі. Інтэрпрэтацыям Алоўнікава надзвычай адпавядаў дасведчаны і тонкі каментарый музыказнаўцы Іны Зубрыч, чыя манера вядзення канцэртаў, захопленая і крыху іранічная, сугучная духу філарманічных імпрэз.

Папулярная класіка — гэта амаль шлягеры (бо хто з навучэнцаў ДМШ, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў, не іграў паланэз Агінскага «Развітанне з радзімай» або п’есы Чайкоўскага з цыкла «Поры года»?!). Ды толькі творы вядомыя і зайграныя Алоўнікаў выконвае, нібыта асцярожна і нязмушана здымаючы звыклы хрэстаматыйны глянец, слой непатрэбных напластаванняў. Ён тактоўна абыходзіць занадта пафасныя фрагменты, іначай ставіць акцэнты, змяняе тэмпы — і высвятляецца, што гэта іншы твор, якога ты амаль не ведаеш.

Многія творы, што прагучалі ў канцэрце, у розны час рабіліся асновай для яркіх і маштабных харэаграфічных мініяцюр. «Адажыа» Альбіноні, «Вальс» Шапэна (вядомы як Сёмы), «Шэсце гномаў» Грыга (эпізод «У пячоры горнага караля» з балета «Пер Гюнт»), «Элегія» Рахманінава ставіліся рознымі харэографамі. Узнаўленне гэтых опусаў піяністам-віртуозам нараджала ў памяці візуальныя вобразы, увасобленыя выдатнымі танцорамі, і дапамагала ўсвядоміць, які багаты і разнастайны свет хаваецца ў музычным творы, калі ён дае такую спажыву фантазіі харэографа і выканаўцаў.

Цудоўна, што ў праграме папулярнай класікі знайшлося месца і айчыннаму кампазітару Яўгену Глебаву. Празрыстасцю і адначасова касмічнымі настроямі было прасякнута знакамітае адажыа з «Маленькага прынца». Фінальнымі кульмінацыямі абодвух аддзяленняў сталіся творы, пададзеныя ў транскрыпцыях, зробленых самім піяністам (а ў канцэрце іх аказалася шмат). Гэта «Беларускія сувеніры» Глебава і ў найбольшай ступені ўверцюра да «Севільскага цырульніка» Расіні. Бляск, раскаванасць, віртуознасць! Алоўнікава так і хочацца назваць паэтам фартэпіяна. Выключная, фантастычная тэхніка, калі чуваць кожную ноту і акорд, калі гук празрысты і нечаканы. Калі інтэрпрэтацыя кожнага твора вылучаецца свежасцю і глыбінёй, а вытанчанасць і карункавасць узнаўлення музычнай тканіны выглядае як элемент і праява суаўтарства.

Не паграшу супраць ісціны, калі скажу, што такія піяністы, як Ігар Алоўнікаў, успрымаюцца як выканаўцы еўрапейскага і сусветнага ўзроўню. І адначасова — як героі нацыі і яе лепшыя прадстаўнікі...

Таццяна Мушынская