Пасля пластычнага выбуху

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

Сучасны тэкстыль Латвіі

/i/content/pi/mast/56/945/21.jpg 
 Байба Осітэ. 3 трыпціха «Аптымізацыя». Вышыўка, шоўк, арганза. 2010.
Мы прызвычаіліся да таго, што латышскае мастацтва па сваёй паэтыцы
 стрыманае і строгае. Але ўжо першае знаёмства з экспазіцыяй «Тэкстыль Латвіі» ў віцебскім Мастацкім музеі пакідае цалкам іншыя ўражанні. Узрушваюць шматколернасць і музычнасць рытмаў, свабода інтэрпрэтацый і складанасць асацыяцый. А яшчэ — пачуццё пластычнай гармоніі, высокая культура выкарыстання матэрыялу і беспамылковасць у архітэктанічнай пабудове кампазіцый, падборы фарбаў.

Відавочная ці прыхаваная сувязь з традыцыяй вызначае адзінства і цэласнасць латышскай школы тэкстылю незалежна ад разнастайнасці творчых кірункаў. Выдатны густ, які нязменна праглядаецца ў творах, — тое асноўнае, што і з’яўляецца часткай гісторыі школы, у гэтым моцным гравітацыйным полі адбываюцца эксперыменты і ўнутрымастацкія мутацыі.

Гэтыя тонкія, часам няўлоўныя эфекты «гравітацыі» нараджаюцца не толькі шматвяковым развіццём народнага мастацтва, але і бурлівай практыкай мінулага стагоддзя. Значнай падзеяй у станаўленні школы стала стварэнне кафедры мастацкага афармлення тэкстылю ў Латвійскай акадэміі мастацтваў у 1961 годзе. Яе ўзначаліў Рудольф Хеймратс. Пры ім пачалося актыўнае пераасэнсаванне традыцыйнага ткацтва — са звычайнага рамяства ў сучасныя мастацкія формы. Значная ўвага надавалася распрацоўцы фігуратыўных кампазіцый. Узраслі канцэптуальнасць і эксперыментальнасць тэкстыльных аб’ектаў. Нягледзячы на тое, што сам Хеймратс у творчасці аддаваў перавагу гладкаму ткацтву, у сваіх габеленах ён ужываў розныя яго віды, сумяшчаў гладкія фрагменты з фактурным ворсам, ваўняныя валокны і сізаль. У цэлым 1960–1980-я гады былі часам так званага «пластычнага выбуху», перыядам пошукаў нетрадыцыйных форм, матэрыялаў і новых магчымасцей развіцця. Функцыянальнасць уступіла пазіцыі выразнай мастацкасці, папулярнасць набылі рэльефныя кампазіцыі, тэкстыль пачаў «выходзіць у прастору». Пазней на гэтым шляху ўзнікнуць трохмерныя арт-аб’екты.

У 1994 годзе Ая Баўманэ змяніла Хеймратса на пасадзе загадчыка кафедры Акадэміі і ўзначаліла Асацыяцыю латвійскіх мастакоў тэкстылю. Новаствораная арганізацыя меркавала кансалідаваць высілкі прафесійных мастакоў па тэкстылі, каб наладзіць актыўную выставачную дзейнасць — як у Латвіі, так і за мяжой. Выдатнай справаздачай аб дзейнасці Асацыяцыі стала мінулагодняя выстава «Залатое сячэнне. Tekstils.lv» у рыжскім «Арсенале», прысвечаная 50-гадоваму юбілею аддзялення тэкстыльнага дызайну Латвійскай акадэміі мастацтваў, якая даволі грунтоўна паказала ўсю гісторыю латышскай школы.

Выстава «Текстыль Латвіі» ў Віцебску, таксама арганізаваная Асацыяцыяй, значна больш сціплая: на ёй прадстаўлены 44 кампазіцыі, выкананыя ў асноўным за апошнія некалькі год. Куратары праекта Ая Баўманэ, Марыс Чачка і аўтар гэтых радкоў імкнуліся паказаць беларускаму гледачу як традыцыйныя, так і эксперыментальныя працы (арт-тэкстыль). Выстава арганізавана ў межах доўгатэрміновага праекта «Мастацкія школы Еўропы» з дапамогай Консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску.

Хоць на віцебскай выставе прадстаўлена нямала буйнафарматных манументальных кампазіцый, відавочна, што латышскі тэкстыль стаў больш камерным. Тэрмін «аўтарская тапісэрыя» досыць дакладна адлюстроўвае рэальнае становішча рэчаў, ён ахоплівае творы, выкананыя не толькі рознымі прыёмамі дыванаткацтва, але і з дапамогай іншых тэхнік (вязання, пляцення, вышыўкі, аплікацыі...). Аднак гэта мастацтва захоўвае ўласцівую яму першародную семантыку, якая грунтуецца на мяккасці і цеплыні матэрыялу.

Вобразна-тэматычны дыяпазон твораў даволі шырокі: ад візуальнай фіксацыі аб’ектаў навакольнага свету, разнастайных інтэрпрэтацый, гульняў і рэмінісцэнцый да філасофскіх разважанняў. Але часцей за ўсё перад намі вобразы-знакі, вобразы-асацыяцыі. Працы мастакоў вылучаюць метафарычнасць, цікавасць да архетыпаў, аўтарскай міфалогіі. Але адначасова многія аддаюць перавагу падкрэслена дэкаратыўным кампазіцыям.

Асабліва выразна рамантычнае «паветра» латышскага тэкстылю праяўляецца ў традыцыйным габелене старэйшых майстроў Аі Баўманэ («Поле»), Скайдрытэ Лейманэ («За акном»), Aстры Рубенэ («Лес»). Не менш уражваюць вырашаны ў мяккіх стрыманых тонах двухчастковы габелен «Мужчына і жанчына» нядаўняй выпускніцы Акадэміі Крысціны Зілгалвэ і жывапісная па духу работа Іевы Пранэ «Адлюстраванне сонца». У апошняй працы выкарыстанне рэдкай і незатканай асновы стварае эфект лёгкасці і празрыстасці.

Манахромнасць шматчастковай тэкстыльнай кампазіцыі Эліны Ваяводы «Збяры мяне (8+1=?)», якая стала адной з дамінантаў экспазіцыі, падкрэслівае яе манументальнасць. Сакавітыя колеры і складаная плаўная рытміка вылучаюць габелены «Калыска для вулкана» Андры Дзірыня і «Гара» Іветы Вецэнанэ. Своеасаблівая архітэктоніка ўласціва кампазіцыі габелена Іаланты Шалвітэ «Апавяданне пятага твару». Рэтраспектыўны зварот да каларыстычных інтанацый мінуўшчыны характарызуе работу Марытэ Лейманэ «Аб тым, што аднойчы было...» Камп’ютарная тэхніка, лічбавыя тэхналогіі, як і тэкстыль на жакардавых машынах, становяцца папулярнымі ў латышскім мастацтве дзякуючы магчымасці хутка рэалізаваць аўтарскія ідэі ў матэрыяле. Сярод падобных твораў — трохчастковая кампазіцыя Дыяны Янушонэ «Палёт да мяне», габелены «Рагаты» Дацэ Пуга, «Алені» Крысціны Мейлус, «Цюльпаны» Дыяны Молніка, «Што ты кажаш?!» Кацярыны Апале.

Адметнай асаблівасцю сучаснай культурнай сітуацыі стала актыўнае развіццё аўтарскай тапісэрыі. Пры гэтым паняцце «аўтарскага» ў першую чаргу датычылася тэхнічнага боку выканання і вызначалася не столькі ўжываннем вынайдзенай творцам арыгінальнай тэхнікі, колькі іх змешваннем. Сярод апошніх тэндэнцый — цікавасць мастакоў да таго, што раней лічылася праявамі самадзейнай творчасці (вышыўка, шматковая тэхніка і інш.) ці адносілася да традыцыйных рамёстваў (напрыклад, валянне лямцу).

Сярод падобных твораў габелен Aнтры Саліня «Сонечны», у якім традыцыйна народная (бабуліна) тэхніка вязання кручком шматковых дыванкоў выкарыстана для стварэння ў поўнай ступені жывапіснага краявіду. Актуальнай у падобным кантэксце застаецца і стылістыка народнага мастацтва, зварот да асаблівасцей арнаментальна-кампазіцыйнага рашэння плоскасці палатна. Падобны інсітны характар уласцівы твору класіка латышскага габелена Руты Багуставай «Вясна прыйшла». Структура паверхні гэтай працы ўяўляе сабою спалучэнне розных фактур з ужываннем нетэкстыльных элементаў.

Прыкладам выкарыстання нетрадыцыйнага для тэкстылю матэрыялу з’яўляецца «Тунэль» мэтра габелена Ірысы Блюматэ, дзе па-мастацку трансфармаваная пластыкавая сетка стварае нечаканыя аптычныя эфекты. Прыём мігцення становіцца вобразнай дамінантай і ў тэкстыльнай кампазіцыі Інгрыды Суна «Сонечны бляск», дзе складаная сіметрыя карункаў спалучаецца з тонкімі колеравымі нюансамі.

Латышскі тэкстыль вылучалі не толькі арыгінальныя аўтарскія тэхнікі, але і своеасаблівасць рытмічнай арганізацыі. Такімі паўстаюць творы «Зорны дождж» Антры Аўгусціновіча, «Малая картатэка» Інэсэ Якабі. Вядомая як аўтар арыгінальных габеленаў і батыкаў Іева Круміня прадставіла ў Віцебску сваю арнаментальную кампазіцыю «Успаміны пра сад», выкананую ў тэхніцы размалёўкі шоўку.

Разнастайныя віды аплікацыі паспяхова спалучаюцца з тэхнікай батыка ў работах «Перакрыжаванне» Ілоны Лінартэ-Ружа, «Вясна звонку» Ірыты Азаліня. Дэкаратыўна вырашаная тэкстыльная мазаіка садзейнічае стварэнню выразных вобразаў у працах «Прысвячэнне кубізму» Аўстры Цэлміня, «У пошуку» Марыса Чачкі і Ілзэ Валонтэ. Зусім іншае — вельмі мяккае, па-жывапіснаму каларыстычнае рашэнне характэрна для тэкстыльнай кампазіцыі Эліны Вейландэ Апінэ «Магчымасць выбару». Творы «Веснавое чараўніцтва» Кацярыны Радкевіч, «Позняя восень» Байбы Mузыкантэ выкананы ў тэхніцы тэкстыльнай мазаікі.

У тэкстыльных кампазіцыях Крысціны Мурніетэ «100 дзён яе жыцця» і ў «Гарлачыках» Нандзіты Кірэевай адбываецца ператварэнне тэкстыльнага калажу ў выразны і аб’ёмны асамбляж.

Наіўнае мастацтва вызначае стыль аўтарскай мовы Андры Курземніетэ ў кампазіцыі «Німфеі». Іншыя, блізкія поп-арту, інтанацыі гучаць у творах Ірэны Андрэевай («Жахлівыя монстры») і Анікі Дзэрве («Со:Цыянід І» і «Со:Цыянід ІІ»). Дарэчы, апошнія работы — з ужываннем элементаў і сімвалаў агрэсіўнага маскульту, надзвычай іранічныя і правакатыўныя па стылістыцы — свайго кшталту перасцярога для ўсёй культуры. Бо, як вядома, цыяніды — гэта атрутныя солі сінільнай кіслаты.

Апошнімі гадамі ў латышскіх творцаў набыў папулярнасць мастацкі лямец. У стылістыцы сучаснага тэкстылю відавочная цікавасць і да дыялогу з графікай, дызайнам, кінематографам і фатаграфіяй. Гэта выразна бачна ў «раскадраваным» творы Інгі Васільевай «Магія ценяў», вытанчаным «Вандраванні» Іаланты Савінай, іранічна-філасофскім «Аўтапартрэце» Сяргея Іванова, пяшчотна-рамантычнай кампазіцыі «Узгадай пацалунак» Ксеніі Студзенэ.

Сярод нешматлікіх твораў аб’ёмнага тэкстылю — звязаная кручком «Жоўтая тэндэнцыя» Байбы Прыедытэ і нераспазнаная «Жывёла без назвы» Віёлы Каруле, загадкавае цела якой упрыгожана лічбавым друкам на тэкстылі.

На віцебскай выставе можна ўбачыць і адметныя тэкстыльныя аб’екты Байбы Осітэ. Яе трыпціх «Аптымізацыя» ўключае тры невялікія, вытанчаныя па стылістыцы і вышытыя шоўкам мініяцюры, паказаныя на фоне буйнаячэістай металічнай сеткі. Тэкстыльная мініяцюра ў экспазіцыі таксама прадстаўлена творамі Роландса Крутаўса «Цэнтры гравітацыі» і серыяй маладой мастачкі Apты Скyя. Дваццаць яе мініяцюр — «Светлай памяці. Страчаныя прафесіі» — аформлены ў ярка-чырвоныя, чорныя, зялёныя і белыя тэкстыльныя рамы і выкананы з дапамогай вышыўкі і друку.

Наўрад ці на падставе адной экспазіцыі можна акрэсліць глабальныя тэндэнцыі тэкстыльнага мастацтва Латвіі, але зразумець вектары яго развіцця цалкам магчыма. Сучаснае латвійскае мастацтва тэкстылю фарміруецца праз пошук, эксперымент і актыўны дыялог з іншымі відамі мастацтва.

Міхась ЦЫБУЛЬСКІ