Горад пасярод садоў

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

Пленэр у Гродне

/i/content/pi/mast/56/943/18.jpg

Сяргей Малішэўскі (Беларусь). Гродзенскі дворык. Змешаная тэхніка. 2009.

Міжнародны мастацкі пленэр, прымеркаваны да Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, праводзіцца ў горадзе над Нёманам ужо ў шосты раз.

Ініцыятыва ўзнікла ў асяроддзі гродзенскіх мастакоў у 2006 годзе. Ідэя знайшла падтрымку ў Гродзенскім гарвыканкаме і Генеральных консульствах Польшчы і Літвы — яны і сталі асноўнымі арганізатарамі. Першы пленэр, у якім удзельнічалі мастакі з трох краін, адбыўся ў тым жа 2006 годзе і з таго часу стаў штогадовым. У 2007-м да яго далучыліся Расія і Украіна, і пленэр атрымаў сімвалічную назву «Гродна — дарог скрыжаванне».

За кароткі час праект займеў свае традыцыі, але асноўная з іх — пастаянная рухомасць. Мяняліся месцы правядзення — цэнтр Гродна, яго ўскраіны і ваколіцы; час — восень і вясна; склад творчай групы — кожны год новыя мастакі з розных краін. Пастаянным заставаўся толькі ўзровень удзельнікаў. На пленэр збіраліся прафесійныя мастакі з акадэмічнай адукацыяй, сябры творчых саюзаў. Сярод беларусаў можна адзначыць Сяргея Малішэўскага, Паўла Татарнікава, Аляксандра Грышкевіча, Сяргея Давідовіча, Дзмітрыя Сурыновіча, Аляксандра Сільвановіча, Сяргея Грыневіча, Валянціну Шобу, Юрыя Якавенку. Самымі знакамітымі сярод палякаў былі Ян Волэк, Станіслаў Хамічэўскі, Анджэй Кацпэрак; літоўцаў прадстаўлялі Саўліус Рудзікас і Аляксандрас Возбінас, украінцаў — Раман Раманішын і Сяргей Саўчанка. Высокі прафесіяналізм пацвярджаюць творы: не кожны здолее зрабіць некалькі сур’ёзных прац за кароткі тэрмін.

Пленэр доўжыцца два тыдні, на працягу якіх мастакі працуюць у выбраных імі тэхніцы, жанры, тэме. Завяршае яго экспазіцыя, якая традыцыйна праводзіцца ў Гродзенскай гарадской выставачнай зале. Мінскія гледачы таксама мелі магчымасць пазнаёміцца з адной з экспазіцый — у 2007 годзе выніковая выстава праводзілася ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Замежныя ўдзельнікі адзначаюць высокі прафесіяналізм у арганізацыі мерапрыемстваў з боку Гродзенскай выставачнай залы, дырэктар якой Ірына Сільвановіч займаецца не толькі куратарствам выставак, але і візавай падтрымкай, пошукам спонсараў, размяшчэннем гасцей, культурнай праграмай, медыйнай прэзентацыяй праекта.

У мінулым годзе і сёлета пленэр праходзіў у ваколіцах Гродна, у прыватнай сядзібе «Каралінскі фальварак Тызенгаўза». Гэты маёнтак XVIII стагоддзя належаў гродзенскаму старосту Антонію Тызенгаўзу, які імкнуўся зрабіць Гродна сапраўдным еўрапейскім горадам. Калісьці фальварак быў узорным па гаспадаранні, але да нашых часоў дайшлі амаль што руіны. Аднавіў сядзібу цяперашні ўладальнік, гродзенскі доктар і прадпрымальнік Павел Клімук, які падтрымаў ініцыятыву правядзення пленэру і ўжо два гады выступае мецэнатам праекта, гасцінна прымаючы ўдзельнікаў. Асаблівая душэўная атмасфера сядзібы натхніла мастакоў на прысвячэнне пленэру 2011 года менавіта ёй. Мінскі мастак Аляксандр Грышкевіч зазначыў: «Для мяне, як для пейзажыста, гродзенскі пленэр быў каштоўны тым, што я ўбачыў яшчэ адну грань характару прыроды маёй Радзімы. Выдатнае месца правядзення пленэру — фальварак Караліно — засталося на маіх эцюдах».

Гродзенскі міжнародны пленэр — перш за ўсё знаёмствы, зносіны, кантакты, у выніку якіх мастакі становяцца не толькі калегамі, але і сябрамі. Яны дзеляцца прафесійнымі прыёмамі і творчымі знаходкамі, задумваюць ідэі супольных праектаў. Пра гэта згадвае і гродзенскі мастак Валянціна Шоба: «Я чакаю таго моманту, калі прыйдуць добрыя весткі пра наступны пленэр, пра радасць спаткання з сябрамі. У старой каралінскай сядзібе будуць цвісці сады, а калі ўжо адцвітуць, не будзе жалю, таму што іх колеры ажывуць у карцінах. З гадамі разумееш, што ад нашай сумеснай пленэрнай творчасці залежыць, як доўга будуць гучаць цёплыя словы пра наш край за яго межамі».

Запрошаным мастакам падабаецца Гродна, яго архітэктура. Яны атрымліваюць магчымасць наведаць Мір, Нясвіж, Навагрудак, Крэва, Гальшаны. У Гродне асаблівая мастакоўская атмасфера: тут сфарміравалася асяроддзе адкрытых да кантактаў таленавітых людзей, у той жа час яны падкрэсліваюць сваю нацыянальную прыналежнасць. Як сказаў знакаміты польскі мастак Ян Волэк: «Вельмі добра перайсці мяжу, каб пераканацца — тое, што з’яўляецца асновай нашага існавання, ёсць тым самым для нашых сяброў. А мастацтва не патрабуе нічога перасякаць, мастацтва — гэта птушка, якая не ведае, што такое мяжа. Мы прывезлі вам часцінку Польшчы і хочам забраць з сабой на палотнах часцінку Беларусі. Такім чынам нашы культуры аб’ядноўваюць нас».

Святлана ЯНЧАЛОЎСКАЯ