Танец — між небам і зямлёй

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

Яркія зоркі грузінскай сцэны

/i/content/pi/mast/56/941/15.jpg 
 «Паміж небам і зямлёй». Сцэна з балета.
Пры канцы сакавіка ў сталіцы гастраляваў грузінскі балет на чале з сусветна вядомай Нінай Ананіяшвілі. На мінскай сцэне артысты Тбіліскага тэатра оперы і балета імя Захарыя Паліяшвілі, самага буйнога музычнага тэатра Грузіі, прадставілі сем унікальных балетаў і мініяцюр Джорджа Баланчына, Іржы Кіліяна, Аляксея Ратманскага, Трэя Макінтайра і Міхаіла Фокіна. Генеральным партнёрам праекта, паказанага на працягудвух вечароў, выступіў «Белінвестбанк».

Перш чым распавесці пра ўражанні, нагадаю, што грузінская культура, яе лепшыя творы і слынныя дзеячы заўжды прысутнічалі ў нашай свядомасці. Культурныя кантакты ў музычнай і харэаграфічнай сферах таксама былі трывалымі. На «Залаты шлягер», магілёўскі эстрадны рэтра-фестываль, часта прыязджае Нані Брэгвадзэ. На сцэне Белдзяржфілармоніі неаднойчы выступала славутая піяністка Элісо Вірсаладзэ.

Аляксандра Нікалаева, зорка беларускага балета, у маладыя гады ў Петраградзе (потым Ленінградзе) выходзіла на сцэну разам з Вахтангам Чабукіяні, знакамітым танцоўшчыкам даваеннага і пасляваеннага часу. З яго імем звязаны росквіт грузінскай харэаграфіі. Больш за тры дзесяцігоддзі, з 1941-га па 1973-і, Чабукіяні ўзначальваў балетную трупу Тэатра імя Паліяшвілі і акрамя балетнай класікі паставіў шмат спектакляў, звязаных з нацыянальнымі сюжэтамі, героямі і легендамі.

Паклоннікі Тэрпсіхоры заўжды высока цанілі харэаграфічныя мініяцюры Георгія Аляксідзэ, а меламаны захапляліся галасамі славутых оперных спевакоў Зураба Саткілавы і Пааты Бурчуладзэ. Ведалі яны і творчасць грузінскіх кампазітараў. У 1960 годзе на нашай сцэне была пастаўлена опера Атара Тактакішвілі «Міндзія». У 1987-м на Усесаюзным фестывалі музычных тэатраў моцнае ўражанне зрабіла опера «Музыка для жывых» Гіі Канчэлі.

На прэс-канферэнцыі, напярэдадні гастроляў грузінскай трупы, у цэнтры ўвагі апынулася сама Ніна Ананіяшілі. Мініяцюрная, танклявая і надзіва субтыльная. Абаяльная, раскаваная, эмацыйная. І разам з тым — само ўвасабленне дыпламатычнасці, тактоўнасці, высокай культуры. Ніякай пагарды, адчування ўласнай перавагі і, як кажуць, танных «пантоў».

Яна аб’ехала ўвесь свет. На пачатку 1990-х Ананіяшілі стала першай балерынай былога Савецкага Саюза, якую запрасілі для выступлення ў «Нью-Ёрк Сіці Бале». Неаднаразова танцавала на сцэне лонданскага «Ковент Гардэна» і Дацкага Каралеўскага тэатра, а таксама нью-ёркскай «Метрапалітэн». З 1993-га зрабілася прымай Амерыканскага тэатра балета. Была частым госцем тэатраў Швецыі, Нарвегіі, Партугаліі, Фінляндыі, Германіі, Японіі, Вялікабрытаніі. Сусветная крытыка аднадушна называла яе «бясспрэчнай суперзоркай класічнага балета» і сцвярджала, што «легендарная балерына займае ўнікальнае месца ў харэаграфічным свеце». І гэта праўда!

З 2004 года Ніна Ананіяшілі — мастацкі кіраўнік балетнай трупы Тбіліскай оперы. Не толькі ўзначальвае, рэпеціруе, але і сама танцуе. Хоць на сцэне выступае ўжо тры дзесяцігоддзі, а ў 2013-м будзе адзначаць юбілей. У яе трупе 70 артыстаў, пераважна выхаванцаў Тбіліскай харэаграфічнай вучэльні. Запрошаных салістаў усяго некалькі. Пакуль у тэатры оперы і балета ідзе рамонт, трупа выступае на пляцоўках драматычных калектываў.

Уражанні ад гастрольных паказаў заўжды пашыраюць эмацыйны досвед і інтэлектуальны кругагляд. Прадстаўленыя балеты выклікалі бясспрэчную цікавасць найперш таму, што творы згаданых харэографаў не ідуць на мінскай сцэне. Зала была паўнюткая, нягледзячы на досыць дарагія квіткі. Прычым большасць раскупілі за некалькі месяцаў да гастроляў.

У праграму першага дня былі ўключаны два творы з харэаграфіяй Джорджа Баланчына — «Мацартыяна» і «Дуа канцэртант». Першы — на аснове сачынення Чайкоўскага, другі — на музыку канцэртнага дуэта для скрыпкі і фартэпіяна Ігара Стравінскага. Чаму Баланчын? Абсалютна лагічна. Культавы амерыканскі балетмайстар, чые сачыненні лічацца класікай. Сапраўднае прозвішча — Георгій Баланчывадзэ, па нацыянальнасці — грузін. Так што тбілісцы паслядоўна і мэтанакіравана «прасоўваюць», прапагандуюць сваіх.

Заўважу, з Баланчыным у нашай публікі асаблівыя стасункі. Ягоную чысціню пластычных ліній, строгасць прапорцый і геаметрычную выверанасць пабудовы танца высока цэняць прафесіяналы. Але шырокая публіка да вартасцей яго харэаграфіі ставіцца даволі спакойна. Мо таму, што любіць сюжэтныя сачыненні, чакае большай эмацыйнасці, каб танец і выканаўца «запальвалі» залу? У абедзвюх пастаноўках партнёрам грузінскіх балерын выступіў Ігар Артамонаў, вядомы саліст нашай трупы. Каб засвоіць стыль Баланчына, ён спецыяльна ездзіў у Грузію, а потым выступаў у балеце «Мацартыяна» ў Тбілісі. (Трупа Ніны Ананіяшвілі супрацоўнічае і з нашым танцоўшчыкам Дзянісам Клімуком, які адкрыў для сябе харэаграфію Фрэдэрыка Аштона і нават гастраляваў з грузінскім калектывам у Італіі.)

З двух опусаў Баланчына (характэрных як адлюстраванне заходняй ментальнасці, прынцыпова адрознай ад нашай) асабліва цікавым падаўся «Дуа канцэртант». Гэты балет, пастаўлены ў Нью-Ёрку на музыку Стравінскага, прымусіў ацаніць выразнасць прадуманай рэжысуры. На сцэне танцоры і музыканты — піяністка і скрыпачка. І ўсе — удзельнікі аднаго дзейства. Няма дэкарацый. Адзенне сціплае, рэпетыцыйнае. Таму ўвага — на пластыцы і адносінах герояў. У першай частцы яны (разам з залай) проста слухаюць музыку. У другой — люстэркава паўтараюць рухі адно аднаго. А потым узнаўляюць у руху ўласныя пачуцці. Увогуле стасункі музыкі і танца такія загадкавыя, да канца не ўсвядомленыя, што дзівішся і не разумееш, чаму нашы кампазітары і харэографы не хочуць (баяцца?) ісці па шляху, які мае такі нечаканы мастацкі вынік! У «Дуа канцэртант» было ўсцешна назіраць і за добра навучанай, здольнай і эмацыйнай балерынай Кацярынай Сурмавай, і за чулым да новай стылістыкі Ігарам Артамонавым.

Аднаактовую абстрактную пастаноўку «Паміж небам і зямлёй» грузінскія артысты паказалі двойчы — на заканчэнне першага вечара і на адкрыццё другога. Яна была створана сучасным амерыканскім харэографам Трэем Макінтайрам для Х’юстанскага тэатра балета. Сусветная прэм’ера адбылася ў Вялікім тэатры ў 2001-м, праз тры гады спектакль паставілі ў Тбілісі. (Вось што значыць плён міжнароднай кар’еры Ананіяшвілі!) Прываблівала энергетыка партытуры, якую культавы Kronos Quartet стварыў спецыяльна для спектакля. У ёй нечакана і пераканаўча спалучаліся гукі струнных і рытм афрыканскіх барабанаў. А таксама спевы і ўласна танец, разняволены, палётны, дзе класічная аснова раз-пораз расквечвалася пластыкай скокаў тамтэйшых плямёнаў. Прычым успрыманне спектакля істотна залежыць ад ракурсу. Першы раз пабачыла балет з партэра — акцэнт атрымаўся на пластыцы салістаў і тварах выканаўцаў, другі раз — з балкона, калі больш рэльефнымі зрабіліся агульны малюнак і змена кампазіцыі.

Імя Іржы Кіліяна для аматараў танца амаль свяшчэннае. Ягоная творчасць — сцяг, накірунак, прадмет для вывучэння і перайманняў. Можна толькі шкадаваць, што ніводнага з яго балетаў мы дагэтуль ужывую не бачылі. У «Падзенні анёлаў» захапляла рытмічная структура музычнай кампазіцыі Стыва Райха (яна гучала ў выкананні чатырох ударных інструментаў). Ніякіх дэкарацый, на сцэне — артысткі, апранутыя ў простыя карычневыя касцюмы. Надзвычай рэльефнае святло — то верхняе, з вертыкальнымі промнямі, то бакавое — удала акрэслівала фігуры. Танцавальны малюнак, надзіва выразны, часам нагадваў рухі шамана, птушыныя крылы, пластыку гімнастак і мадэляў на подыуме, плыўчых, дзівосных фантастычных істот. «Падзенне анёлаў» сталася адным з самых яркіх уражанняў грузінскіх балетных вечароў! Цікава, хто яшчэ здолее прывезці і паказаць нам творы Кіліяна?..

Удалым аказалася і знаёмства з творчасцю вядомага расійскага харэографа Аляксея Ратманскага. Пэўны час ён узначальваў балетную трупу Вялікага тэатра, цяпер актыўна ставіць па ўсім свеце. «Варыяцыі Бізэ», прыдуманыя Ратманскім на шэсць пар спецыяльна для Ніны Ананіяшвілі і гастроляў яе трупы ў Нью-Ёрку, былі выкананы тэхнічна і эмацыйна, але падаліся дужа правільнымі па лексіцы і крыху стэрыльнымі. А вось «Хараство маньерызму» (на музыку Франсуа Куперэна, французскага кампазітара XVII—XVIII стагоддзяў) спадабалася нечаканасцю пластыкі, пачуццём гумару, натуральна ўвасобленым чатырма салістамі. Харэограф прадставіў уласнае разуменне стылю, які існаваў у Італіі ў сярэдзіне — канцы ХVI стагоддзя і прадугледжваў знарочыстую ўскладненасць кампазіцыі, вытанчанасць і пэўную ламанасць формы.

Ніна Ананіяшвілі знаходзіцца ў зайздроснай фізічнай і творчай форме. Пластычная, віртуозная, артыстычная. Акрамя «Мацартыяны» і «Хараства маньерызму», у першы і другі вечар яна выконвала «Лебедзя», славутую мініяцюру на музыку Сен-Санса, больш за 100 гадоў таму пастаўленую Міхаілам Фокіным для Ганны Паўлавай. Рэдкія балерыны бяруцца за яе. З расійскіх «Лебедзя» геніяльна танцавалі Уланава і Плісецкая, з нашых — Бржазоўская і Душкевіч. Тут мала тэхнікі і гнуткіх рук. Галоўнае — сэнс, які артыст здольны ўкласці ў простую харэаграфію, пранікнёнасць, паглыбленасць у эмацыйны стан. Танец Ананіяшвілі ў «Лебедзі» перасягнуў усе магчымыя чаканні. Такая злучнасць, непарушнае адзінства музыкі, харэаграфіі, выканання! Яе Лебедзь — не проста трапятлівая і пяшчотная птушка, не толькі сімвал балета, а яшчэ і знак нейкай вышэйшай, зачараванай істоты. Увасабленне мастакоўскай душы — датклівай, чулай, безабароннай. Душы наогул, якую так лёгка забіць, знішчыць — жорсткасцю, прымітывізмам, банальнасцю.

Калі зала горача запатрабавала «біс» і артыстка яшчэ раз выканала «Лебедзя», але з іншымі пластычнымі пачаткам і фіналам, міжволі падумалася: шчаслівы той, хто перажыў імгненні яднання з высокім мастацтвам! Дзеля іх і ладзяцца гастролі. У грузінскім балеце Ніна Ананіяшвілі, бадай што, самая яркая зорка. А рамантык і імпрэсіяніст Міхаіл Фокін так лёгка і нязмушана перамог сваіх эмацыйных і інтэлектуальных наступнікаў і спадкаемцаў...

Таццяна Мушынская