Талент і сумленне

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

Набыткі і мары Леаніда Левіна

/i/content/pi/mast/56/940/13.jpg

Мемарыяльны комплекс «Чырвоны Бераг». 2007.

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава фатаграфій, якія прадстаўляюць творчасць заслужанага архітэктара Беларусі Леаніда Левіна — аўтара манументальных работ, прысвечаных Халакосту і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

Вы і ваша творчасць сёння непадзельныя. Але калісьці вас, маленькага хлопчыка, штосьці натхніла, каб заняцца мастацтвам?

— Я — дзіця вайны і калі вярнуўся з бацькам у разбураны Мінск, сустрэў выдатнага чалавека — Сяргея Пятровіча Каткова. Ён вёў мастацкую студыю ў Палацы піянераў. Убачыў, як я працую, і запрасіў да сябе. Так я стаў чалавекам хоць і маленькім, але прыналежным вялікаму мастацтву. Калі заканчваў школу, паўстала пытанне: кім быць? Бацька лічыў прафесію мастака бесперспектыўнай і настаяў на тым, каб я вучыўся на архітэктара.

Якія свае праекты вы лічыце найбольш удалымі?

— Іх шмат, і яны розныя. Але кожны творчы чалавек, кожны мастак любіць усе свае работы, таму што, як і ў дзяцей, ён укладвае ў іх сваю душу. Я б, канешне, саграшыў, каб не назваў мемарыяльны комплекс «Хатынь», а таксама мемарыяльны комплекс у памяць пра дзяцей — ахвяр фашызму «Чырвоны Бераг». Пачаў у трыццаць гадоў і заканчваю ў семдзесят пяць — нібы яднаючы два полюсы ў адно цэлае: Хатынь і Чырвоны Бераг.

Вас задавальняе тое, як размешчаны гэтыя аб’екты ў акаляючай прасторы?

— Безумоўна, калі б я не ўлічваў прастору, то не паўстала б такіх помнікаў. І рэльеф, і ўся навакольная сітуацыя маюць велізарнае значэнне ў гэтых праектах. Сітуацыя з’яўляецца актыўным удзельнікам калектыўнай і маёй асабістай работы.

У вас ёсць які-небудзь няўдалы праект, за які сябе папракаеце?

— У манументальным мастацтве не назаву такі, у мяне мала аб’ектаў, няма «вяршкоў». А архітэктура — больш «слізкая» справа, таму што аўтар тут не гаспадар сваіх рашэнняў: яго папраўляюць рада, якая прымае аб’ект, інстытут, дзе ён працуе, настаўнік, які ім кіруе. Часта канчатковы прадукт выглядае зусім не такім, якім задумваўся. Таму чаго я буду сябе папракаць? Напрыклад, мікрараёнамі я ўвогуле не займаўся, з грамадскіх аб’ектаў — ВДНГ, будынак МЗС, станцыі Мінскага метрапалітэна, Траецкае прадмесце. Сёння многае ў горадзе зносяць і ставяць бяздушныя гмахі. Я падобнага не рабіў і такімі рэчамі не займаўся.

Якая роля архітэктара ва ўзвядзенні скульптурных ансамбляў?

— Калі мы чуем слова «помнік», адразу ўзнікаюць асацыяцыі толькі са скульптарам, мала хто ўсведамляе ролю архітэктара. Але Хатынню мы даказалі, што архітэктура — гэта мастацтва, і атрымалі Ленінскую прэмію менавіта ў галіне архітэктуры, а не манументальнага мастацтва. Скульптар Сяргей Селіханаў цудоўна разумеў нашы задумы і быў вельмі патрабавальным да сябе выканаўцам. І ў «Чырвоным Беразе» Аляксандр Фінскі таксама цудоўна асэнсоўваў, чаго я хачу дасягнуць. Адным словам, нельга казаць, што ўсе гэтыя аб’екты зрабіў скульптар, таму што задумваў архітэктар, знайшоў грошы архітэктар, «прабіў» архітэктар, а скульптар, такім чынам, апынуўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Гэта ўсё да таго, што ў нас пануе міф, што архітэктар — гэта пячнік. А архітэктар павінен быць дырыжорам. Напрыклад, да Хрушчова лічылася, што архітэктура — маці ўсіх мастацтваў, а ў перыяд яго кіравання яна была ўзведзена ў ранг выключна будаўніцтва. Архітэктура працуе ў сінтэзе са скульптурай, жывапісам, словам, музыкай. І ў тых скульптараў, якія гэта разумеюць, у звязку з архітэктарамі выходзяць вельмі нядрэнныя рэчы.

Вам не здаецца, што на Захадзе больш думаюць пра тое, ці ўпісваецца той ці іншы аб’ект у гарадскі ландшафт? На постсавецкай прасторы рэй вядзе меркантыльны інтарэс: «Дзе трэба, там і пабудуем. Любы капрыз за вашы грошы».

— Не зусім так. Нядаўна была мая выстава ў Берліне, і я, шчыра кажучы, хваляваўся, таму што там былі архітэктурныя работы. Але Беларусь мае свой характар і традыцыі, і замежныя калегі не чакалі, што я займаюся гэтымі пытаннямі. У мяне быў вялікі рывок за апошнія дзесяць год, я шмат зрабіў, гэтыя праекты былі выстаўлены ў Берліне; і ў нейкім сэнсе Беларусь дала ўрок, што мы не фармальна, а вельмі тонка падыходзім да мастацтва. Я кажу не толькі пра сябе, але і пра многіх творцаў, з якімі працую. Але канешне — сёння ёсць такі метад «утыкання» ў мастацтве, і з помнікамі архітэктуры такая рэч адбываецца таксама. Захацелася нейкаму багатаму чалавеку — і штосьці ўжо зносяць і будуюць на тым месцы гатэль. І нічога не зробіш. Так адбываецца і ў іншых відах творчасці. Але прынцыповыя і сумленныя мастакі сабе такога не дазваляюць.

У чым заключаюцца праблемы сучаснай архітэктуры? Якія іх рашэнні вы прапануеце ці маглі б прапанаваць?

— Архітэктура — рэч складаная. Прапанаваць нічога не магу, таму што яна, як і іншыя віды мастацтва, падуладная модзе. З аднаго боку, гэта добра, з іншага — не надта, таму што знікаюць межы паміж заходняй і нашай прасторамі. Многія слепа паддаюцца новым уплывам, якія з’яўляюцца брэндам нейкага канкрэтнага месца. Усе будынкі робяцца аднолькавымі — пузатымі ці, наадварот, увагнутымі, а душы няма. Таму мы цвёрда стаім на пазіцыі, што ў архітэктуры павінна праяўляцца нешта сваё — беларускае. Вось Хатынь — беларускі помнік, яго не паставіш ні ў якім іншым месцы, ён там не прыжывецца. Гэтая зямля нарадзіла яго. Так і цэнтральны праспект Мінска — няхай тое быў «сталінізм» і гэта архітэктура нам чужая, але тут адчуваецца «дыханне часу». А сёння: што ні кут, то новае «дыханне», што ні будынак, то іншае «вылузванне», прабачце за слова. Таму даць рэцэпт, што ўсё павінна быць «так і толькі так», я не магу, бо мы жывем у інтэрнацыянальным асяроддзі.

 Лія Біцютко