Арменія з вышыні птушынага палёту

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

Карты Рубена Атаяна

/i/content/pi/mast/56/939/12.jpg

Ерэван — сталіца Арменіі. 2012.

Адметная рыса карт Рубена Атаяна — ювелірная дакладнасць і каліграфія. Нягледзячы на ўстойлівае меркаванне, што картаграфія — частка геаінфарматыкі, аснова стварэння кадастру і гэтак далей, Брытанскае картаграфічнае таварыства разглядае яе як сінтэз арта, навукі і тэхналогій, што мае на ўвазе даследаванне навуковых і мастацкіх першакрыніц.

Адказваючы на пытанне, як ён пачаў займацца гэтай незвычайнай справай, Рубен успамінае гады юнацтва: «Я вагаўся і не мог выбраць, на чым спыніцца: на жывапісе, графіцы ці картах. Скончыў у Маскве Універсітэт геадэзіі і картаграфіі, пасля вырашыў вучыцца ў Сурыкаўскім інстытуце, але адзін стары педагог параіў мне: “Хай мастацтва застаецца захапленнем, а добрая прафесія з добрай адукацыяй у цябе ўжо ёсць”. Я паступіў у аспірантуру ў сваім універсітэце і ўжо тут стаў сумяшчаць картаграфію з жывапіснымі выявамі».

Паміж часамі вучобы і 1990 годам, калі Рубен Атаян з сям’ёй перабраўся з Ерэвана ў Мінск, прайшло шмат гадоў: склаліся кар’ера, творчасць, даследчыя інтарэсы. А Арменія засталася аддушынай, настальгіяй, маршрутам для вандраванняў і тэмай шматлікіх публікацый.

У савецкія гады карты рабіліся вельмі стандартна, таму так нечакана выглядалі адроджаныя на навуковай аснове традыцыі класічных карт — маляваных, з картушамі. Асабліва цікавымі ў Рубена атрымліваліся гістарычныя цэнтры гарадоў, ландшафты з рэкамі, горамі. Некалькі месяцаў ішло на вывучэнне гісторыі і архітэктуры, паездкі і паходы, кантакты, фатаграфаванне і апісанне — з улікам, напрыклад, назваў большасці каналаў і мастоў Венецыі, вяршынь Альп вакол Цюрыха, афарбоўкі чарапіцы, фасадаў... «Кожны раз я рабіў малюнак гістарычных кварталаў з вышыні птушынага палёту, але з малюнкамі машын, трамвайных ліній, каб было відаць, што гэта сучасны горад».

У 2010 годзе ў мінскім Доме-музеі Ваньковічаў адбылася выстава «Святло з вышыні», дзе былі прадстаўлены 50 арыгіналаў маляваных карт і іх фрагментаў, зробленых Атаянам, адным з лепшых картографаў Беларусі. Над імі Рубен Уладзіміравіч, кандыдат тэхнічных навук, працаваў на працягу дваццаці гадоў. Экспанатам стала і карта Ерэвана, выдадзеная ў Арменіі ў 2001 годзе. Былі на выставе карты Беларусі, Мінска, абласных гарадоў, Міра, Навагрудка, Нясвіжа, Пінска, Заслаўя, былі Берлін, Масква, Кіеў, Варшава, Астана.

Нікуды з Мінска Рубен Атаян ужо не з’ехаў, хоць многія армяне лічылі Беларусь часовым прыстанкам. У выдавецтвах «Рыфтур» і «Картограф» былі выдадзены многія карты, і спецыялісты высока ацанілі іх эксклюзіўнасць. «У ручной працы — асаблівая эстэтыка, тут патрэбен філігранны малюнак і адточанасць мініяцюры. Цяпер усё можна зрабіць значна хутчэй, новыя тэхналогіі вельмі дапамагаюць, і акцэнт ставіцца на прыкладныя задачы — карты для веласіпедыстаў, альпіністаў. А мае карты выкананы ўручную акварэльнымі фарбамі. Іх хочацца забраць на памяць».

Восем гадоў Рубен Атаян не быў у Арменіі, а прыехаўшы, застаў Ерэван не ў лепшым стане. Цяпер наведвае радзіму кожныя тры-чатыры гады і штораз бачыць змены да лепшага. Ерэван вызваляецца ад савецкай спадчыны ў сваім абліччы, паступова набывае еўрапейскія рысы, хоць застаецца горадам усходнім. Забудоў Старога места XIX стагоддзя захавалася няшмат. Але ацалелі некалькі цэркваў XV–XVI стагоддзяў, мячэць XVIIІ-га. Па задуме савецкіх архітэктараў Ерэван будаваўся як горад-сад: чатырох-пяціпавярховыя будынкі, велізарны кальцавы бульвар з паркамі, сажалкамі, помнікамі, фантанамі, Філармоніяй, Домам шахмат. Цэнтральны пляц, Тэатр оперы і балета — многае стваралася да вайны, а цяпер прыводзіцца ў парадак. На жаль, старыя будынкі Ерэван страчвае, на іх месцы ўзводзяцца хмарачосы (у сейсмічнай зоне!) — як і ў Маскве, у Кіеве. Усё гэта знайшло адлюстраванне на карце горада, і ўжо сёлета яна будзе абноўлена.

«З гадамі я стаў больш цікавіцца Арменіяй і цяпер нават лепш ведаю армянскую мову, чым раней. Шмат чытаю, вывучаю гісторыю, пішу артыкулы, даследаванні ператвараюцца ў кнігі. Адзін з такіх праектаў — кніга пра Арарат. Хочацца зрабіць свой даведнік па Арменіі.

Што да карт, то ў Матэнадаране (сховішчы старажытных манускрыптаў) дагэтуль захоўваецца мая праца «Цэнтры армянскай рукапіснай культуры». Гэта карта з малюнкамі выканана ў адным асобніку. У армянскіх святынь вельмі старажытная і няпростая гісторыя, і цяпер я вельмі захоплены гэтай тэмай, але супрацоўніцтва з Матэнадаранам пачалося яшчэ ў 1980-я гады. Тады ж я зрабіў панараму горада Эчміядзін».

Цікава, што інфармацыйныя тэхналогіі ўнеслі змены нават у аўтарскія, рукапісныя карты. Іх каштоўнасць бясспрэчная, але ў тэхнічнай сферы ёсць сучасныя новаўвядзенні. Сталі магчымымі віртуальныя вандраванні, Рубен Атаян асвоіў новыя праграмы, якія дазваляюць удакладніць і абнавіць дэталі, убачыць аб’ёмны малюнак. «Цяпер гэта магчыма, а раней — намаляваў і ўсё, змяніць нічога нельга! Плюс “мыльніца”. Уяўляеце, колькі патрэбна плёнкі на 1000 фатаграфій!».

Любоў Гаўрылюк