Боскае святло на палатне

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

Мацвей Басаў: унутры жывапіснага пошуку

/i/content/pi/mast/56/938/10.jpg

Мсціслаў. Алей. 2011.

У Арт-цэнтры Марка Шагала ў Віцебску адбылася персанальная выстава Мацвея Басава. Творца паказаў работы розных гадоў — ад 1994-га да зробленых апошнім часам. Тэматычны дыяпазон таксама шырокі: біблейская тэма, эцюды-краявіды і цалкам новая серыя, якую распачаў зусім нядаўна, — беларускія мястэчкі.

«Характар — другое шчасце» — гэта побытавае выслоўе першым прыходзіць у галаву, калі знаёмішся з мастаком Басавым. Мацвей пачаў маляваць у пяць гадоў і на ўсё жыццё захаваў тое дзіцячае здзіўленне перад светам, лёгкасць і непасрэднасць успрымання — нібы адчуванне далёкага гарызонту, калі кожны паварот жыцця можа прынесці новае адкрыццё. Так і адбываецца: «У Нью-Ёрку я палюбіў адну фарбу. Колер вельмі складаны — сумесь некалькіх. Назавем яго светла-зялёным. Раней яго ў мяне не было, мой зялёны быў іншы. Гэты набытак я заўважыў, толькі калі ў мяне “пайшло”». Верагодна, дзеля такіх пошукаў мастак лёгка і шмат вандруе па розных краінах. Нядаўна ўпершыню наведаў Ізраіль. Некалькі разоў на год ездзіць у ЗША. Падарожжы даюць яму імпульсы для руху па ўнутраным шляху. Назапашваюцца ўражанні, з бясконцасці вобразаў нараджаецца выява, якая і фіксуецца на палатне. Басаў прыкладна так і апісвае свой працэс працы: спачатку з’яўляюцца нейкія няясныя думкі, а пасля прыходзіць азарэнне.

«Маляваць — гэта ў нас сямейнае», — лічыць Мацвей, згадваючы свайго дзядзьку Веньяміна, які яшчэ ў 1934 годзе браў удзел у першай беларускай выставе кніжнай графікі, і канешне ж бацьку — Ізраіля. Той не ўмешваўся ў інтарэсы сына, аднак часта браў з сабой на эцюды. Хлопчык стаў прыглядацца да мастакоўскай работы, яго захапіла гульня фарбаў. Галоўныя рэчы, якім навучыў яго бацька: займацца справай, нягледзячы ні на што, быць верным свайму таленту. Калега ўгаворваў Ізраіля Басава напісаць хоць які індустрыяльны пейзаж: «Табе ж лягчэй будзе». Не, Басаў-старэйшы ўпарта зацягваў у тралейбус свае вялікія карціны, каб адвезці іх на чарговы выстаўкам, а пасля адмовы гэткім жа чынам завозіў іх назад у майстэрню. Безупынна эксперыментаваў з формай, займаўся пошукамі каларыту. Працаваў кожны дзень, і нішто не магло адцягнуць яго ўвагу. Прызнанне прыйшло толькі пасля смерці: у 1996 годзе быў выдадзены першы каталог Ізраіля Басава, а ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася персанальная выстава.

На педагогаў Мацвею таксама пашанцавала. Малога хлопчыка бацька адвёў у мастацкую студыю мінскага Палаца піянераў да Сяргея Каткова. У 12 гадоў на Сусветнай выставе ў Італіі Мацвей атрымаў першую ўзнагароду — бронзавы медаль. Потым паступіў у Рэспубліканскую мастацкую школу, пасля ў Мінскае мастацкае вучылішча. Падаў дакументы на манументальны жывапіс у Тэатральна-мастацкі інстытут, але адразу ж іх забраў. «Мастак не павінен шмат вучыцца, — тлумачыць Мацвей. — Іначай страціць сваю непасрэднасць, тое, што закладзена прыродай». Майстэрства, якое давала вучэльня, хапала для старту і далейшага руху. Спачатку Мацвей актыўна працаваў з натуры, пасля сур’ёзна заняўся станковай графікай, якая прывяла да абагульненага жывапісу. З’явіліся біблейскія кампазіцыі, і ўзнікла патрэба ў вывучэнні Торы: «Гэта дапамагло маёй творчасці, узбагаціла яе». Бабуля мастака расказвала ўнуку пра старажытную гісторыю яўрэйскага народа, які даў свету Біблію. Паміж сабой бацькі размаўлялі на ідыш. У 1980-х гадах, калі Тора і Біблія перасталі быць забароненымі, Мацвей стаў іх чытаць.

Як любая моцная ідэя, вера мабілізуе ўсе творчыя сродкі, робіць твор ясным і цэльным, унутрана арганізаваным. Біблейская тэма, якая так натуральна (не паводле моды) з’явілася ў яго творчасці, — стрыжнявая. Басава называюць інтуітыўным экспрэсіяністам, мастаком, які працягвае пошукі Марка Шагала. Творца шмат з кім вядзе дыялогі. На палатне можа з’явіцца выява яркая і простая, вырашаная некалькімі лакальнымі колерамі, а можа адбыцца складанае, імпрэсіяністычнае ці фактурнае пісьмо. Некаторыя творы ўражваюць рэмбрантаўскімі святлаценямі, іншыя ўздзейнічаюць чыстым колерам, лаканічным абрысам. У плыткай і вольнай форме сінтэзуецца вечнае і мімалётнае, так нараджаецца колер-пачуццё, колер-экспрэсія, колер-гарэнне. Каб дасягнуць эфекту свячэння карціны — нібы ад каштоўных камянёў, мастак стварае жывапісныя рэльефы. Гэта тонкая і карпатлівая тэхніка патрабуе штодзённай працы. Слой за слоем ён накладвае алейную фарбу, пакуль гэты аб’ём не дасягне патрэбнай унутранай глыбіні — менавіта яна становіцца крытэрыем спынення, гатоўнасці твора. Любая фатаграфія, рэпрадуктаванне твора Мацвея Басава не перадаюць усё ўражанне ад карціны — яны мяняюцца ў залежнасці ад крыніцы святла і вугла яго падзення.

У 2010 годзе мастак паказаў творы біблейскай тэмы ў Нацыянальным мастацкім музеі. Гэта серыя — не ілюстраванне кнігі, а глыбока асабістае прачытанне — выяўленчы эквівалент сілы духу і веры. Нездарма яго любімы герой, да ўвасаблення якога ён звяртаецца бясконца, — Майсей, адзіны з прарокаў, хто размаўляў з Богам. Басава цікавяць экзістэнцыйныя станы. З надзеяй на бласлаўленне постаці людзей ператвараюцца ў свечкі. Самі становяцца носьбітамі святла. Запальваюць іншых і запальваюцца самі. Праносяць агонь скрозь цемру. Цікава, што ўсе гэтыя метафары вырашаюцца з дапамогай вельмі простых кампазіцый: галоўнае змяшчаецца ў цэнтр, часта займае ўсю прастору палатна — нібы каштоўны прадмет у аправе. І гэты прадмет пры такім блізкім разглядванні—прапісванні сапраўды пачынае паказваць сваю вартасць — раскрывацца знутры.

Тэма любові і кахання патрабуе зеленавата-ружаватых — світанкавых колераў. Постаці раствараюцца ў навакольнай атмасферы, становяцца нечым адзіным. Карціну «Закаханыя» мастак пісаў тры месяцы — настолькі цяжка было адшукаць патрэбны каларыт і дасягнуць стану асаблівага зіхацення.

Краявіды Басава нібы ловяць боскае святло, разлітае ў наваколлі. Калі аднойчы Мацвей даваў інтэрв’ю на канале мясцовага тэлебачання ў Нью-Ёрку, вядучы папрасіў мастака расказаць пра туманы дзяцінства, намякаючы на размытасць яго краявідаў. Басаў згадаў туман шчыльны, густы, бы завеса, што атаясамліваўся з выпрабаваннямі ў жыцці, праз якія прайшоў яго бацька, і празрыстую смугу на світанку — тонкія пачуцці, рухі душы, загадкавасць, прыгажосць, неверагоднасць — туманы роднай зямлі. Імпрэсіяністы ў Францыі пісалі такую ж прыроду — спрыяльную для раскладвання колераў на спектры, для няўлоўных пераходаў розных станаў.

Паездкі з бацькам у раннім дзяцінстве пакінулі моцны след у душы. З таго часу мастак ездзіць на эцюды, калі зямля толькі прачынаецца, яшчэ вісіць лёгкі туман: «Прырода сама падказвае, куды ісці і як пісаць. Туманы Беларусі выкрышталізавалі маё ўспрыняцце навакольнага свету, мастацтва. Я прыйшоў да гэтага больш як дзесяць гадоў таму, калі захапіўся эцюдамі. Жывапіс — гэта інтуіцыя. Мой стыль — жывапіс мігцення. Я не раблю дакладных абрысаў. Работа заснавана на пачуццях, на прадчуванні. Пачынаючы карціну, я не маю дакладных планаў, пішу тое, што навеяла натура».

Басаў называе свае краявіды эцюдамі — сапраўды, ён піша іх на пленэры вельмі хутка. Рэдка калі дапрацоўвае ў майстэрні. Тут з’яўляюцца асаблівыя, вынайдзеныя ім колеры, якія ствараюцца не толькі змешваннем фарбаў на палітры, але і аб’ёмнасцю масы пакладзенай фарбы, фактурнасцю, якая дазваляе падаючаму святлу выяўляць у колеры новыя адценні. Любімы прыём: выява нібы апускаецца зверху ўніз, пакідаючы на плоскасці сляды прадметаў — асаблівыя фактуры, што затрымліваюцца лёгкімі рэльефнымі намёкамі. Цень і святло прымаюць свой актыўны ўдзел у стварэнні вобраза.

Мінулым летам у Нью-Ёрку стаяла такая гарачыня, што мастак перабраўся на прыроду — у штат Нью-Хэмпшыр. Амаль два месяцы жыў у невялікім гарадку Бітліхэме. Мяккі клімат, вакол горы, гаі, сады. Часам здавалася, што ён знаходзіцца ў беларускім сяле, нават яблыкі былі такія ж на смак: «Я ўставаў рана, браў эцюднік і ішоў куды вочы глядзяць. Пісаў, рабіў накіды. Пасля перапрацоўваў іх у карціны. Лад жыцця там размераны, патрыярхальны, падобны на вясковы». Сярод прыезджых былі шматдзетныя яўрэйскія сем’і. Гэта ўзбагаціла яго тэму «Мястэчка», якая захапіла мастака некалькі гадоў таму.

У далёкай краіне Басаў знайшоў імпульс, што дапамог асэнсаваць гісторыю Беларусі 1910–1920-х гадоў. Дарэчы, у Мсціславе некалі жылі бацькі Басава, пра гэты горад расказвала бабуля. Басаўскі Мсціслаў авеяны мінорным настроем, асаблівай музыкай і каларытам.

Быць вольным для мастака — значыць не толькі рабіць тое, што лічыш патрэбным, але і вольна перамяшчацца. У ЗША жывуць родныя людзі, да таго ж Нью-Ёрк дае вялікі прастор для творчасці: «Мая работа там вельмі прадуктыўная, я стварыў даволі шмат карцін, эцюдаў — не трэба везці іх з Мінска, каб прадставіць на выставах». Але мастак пастаянна вяртаецца 
ў сваю цесную мінскую майстэрню. І не любіць, калі яго жывапіс пачынаюць класіфікаваць, бо лічыць сябе сучасным творцам, які знаходзіцца ўнутры пастаяннага жывапіснага эксперымента.

Алеся БЕЛЯВЕЦ