Іван Кірчук

№ 4 (349) 01.04.2012 - 01.01.2005 г

З дазволу нябесных сіл

/i/content/pi/mast/55/931/25.jpg
 
Лаўрэата першай Нацыянальнай музычнай прэміі, лепшы гурт 2011 года, этна-трыа «Троіца» не трэба прадстаўляць аматарам якаснай музыкі. Іван Кірчук, Юрый Паўлоўскі, Юрый Дзмітрыеў не здымаюць кліпаў, выпускаюць альбом раз на два-тры гады, даюць два канцэрты на сезон у Мінску, шмат гастралююць за мяжой... Але тым не менш іх альбомы стала займаюць першыя радкі ў разнастайных хіт-парадах, канцэрты праходзяць пры поўных аншлагах (варта толькі прыгадаць прэзентацыю дыска «Зімачка», што не так даўно адбылася ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі), ды і аматараў творчасці «Троіцы» з кожным годам становіцца ўсё больш. Новы дыск і зрабіўся нагодай для гутаркі з лідарам гурта Іванам Кірчуком.

З чаго пачынаўся ваш шлях да фальклору?

— Я скончыў музычнае вучылішча ў Лідзе па спецыяльнасці «кіраўнік акадэмічнага хору», таму да службы ў войску не меў дачыненняў да айчыннага фальклору. Ды і такі напрамак, як народны хор, у той час быў менш папулярным. Слухаў у асноўным замежную рок-музыку, якой тады ўсе захапляліся. У Яраслаўлі, дзе пачынаў служыць, была магчымасць сустрэцца з іншымі музыкантамі. Рок у той час не быў распаўсюджаны ў арміі. Мы апрацоўвалі патрыятычныя песні, дарэчы, тады я ўпершыню заспяваў «Крык птушкі» Уладзіміра Мулявіна. У войску амаль год правёў на будаўніцтве БАМа, фактычна ў лесе, без музычных інструментаў. Калі ў 1980 годзе вярнуўся дахаты, то заўважыў, што вялікая цікавасць да гуртоў Boney M., Space, да электроннай музыкі.

Хацеў працягваць вучобу ў кансерваторыі, нават праслухаўся ў прафесара Віктара Роўды. Але потым неяк разгубіўся ад думкі, што мне будзе складана ў кансерваторыі, дзе патрэбны дужа высокі ўзровень падрыхтоўкі. Ва Універсітэце культуры адкрывалася цікавае аддзяленне «Народныя спевы». Пайшоў. З выдатнымі адзнакамі здаў уступныя экзамены і стаў вучыцца па спецыяльнасці «Кіраўнік народнага хору». Трыццаць год таму пачалася мая дзейнасць у галіне фальклору. Я заняўся рэканструкцыяй разнастайных абрадаў, ездзіў у экспедыцыі, збіраў уласны музей...

А з якога часу адлічвае сваю гісторыю «Троіца»?

— Яна з’явілася пазней, да гэтага былі вучэбныя гурты «Дабрадзеі», «Бліскавіца». «Троіца» ўтварылася ў Нацыянальным цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў 1995-м. Там я працаваў намеснікам дырэктара і кіраваў тэатрам фальклору «Дзіва». Аднойчы завіталі да мяне Віталь Шкілёнак і мой выпускнік Дзмітрый Лук’янчык. Прапанавалі зрабіць некалькі народных песень у сучаснай аранжыроўцы. Ужо існаваў славуты «Палац», але мы хацелі развівацца ў іншым кірунку. «Палац» граў электроніку, нас больш цікавіла акустыка. І першыя ўжо спробы паказалі, што мы абралі правільны шлях. Спачатку прынялі ўдзел у невялікіх канцэртах у пасольствах Індыі, Шатландыі, ЗША, акрэдытаваных у Беларусі. Выступы прайшлі вельмі ўдала, музыка «Троіцы» ўсім спадабалася. Потым удзельнічалі ў фестывалях у Пецярбургу з Юрыем Шаўчуком, са Стасам Наміным — у Маскве. І толькі калі прайшла інфармацыя пра ўдзел гурта ў замежных фэстах, на нас звярнулі ўвагу і ў Беларусі. За ўдзел у конкурсе альтэрнатыўнай музыкі «Саступі дарогу!» мы атрымалі дыплом І-й ступені, што дало магчымасць зрабіць першы запіс у студыі. Удзельнічалі ў стварэнні дыска «Песнярок», на якім былі сабраны апрацаваныя песні «Песняроў»...

Вы не пішаце музыку самі, а толькі аранжыруеце народныя песні. Наколькі вольнай можа быць аранжыроўка?

— У аснове нашых кампазіцый — народныя песні, запісаныя ў многіх экспедыцыях. Не толькі мае напрацоўкі, але і матэрыялы з архіва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, дзе я быў аспірантам, архіўныя запісы фоналабараторыі Беларускага радыё, сабраныя радыёклубам «Фальклор», які вядзе Таццяна Песнякевіч. Карыстаюся архівам кафедры этналогіі і фалькларыстыкі БДПУ, які штогод папаўняўся набыткамі экспедыцый студэнтаў і выкладчыкаў.

Пра адвольнасць аранжыроўкі казаць складана, бо нават «Песняры» спявалі на восем галасоў, а ў народзе на восем галасоў і блізка ніхто не спяваў. Але «Песняры» рабілі гэта прыгожа, і слухачам падабалася. Так і ў нашых аранжыроўках — усё залежыць ад густу, навыкаў, што маюць музыканты «Троіцы». Апрацоўкі народных песень робіць шмат хто, але не кожная слухаецца цікава. «Троіца» ўжо 12 год займаецца прапагандай беларускага фальклору. Ён вельмі моцны па энергетыцы — гэта адзначаюць гледачы і слухачы на фестывалях у розных краінах. Бывае, у зале плачуць, смяюцца, сядзяць з заплюшчанымі вачыма. Фальклор уздзейнічае па-рознаму... І падыходы да аранжыроўкі песень могуць быць разнастайнымі: сучаснымі і складанымі, як у «Троіцы», ці сціплымі і мінімалістычнымі, як у маім сольным альбоме «Спадчына загінуўшых вёсак».

Ці любую народную песню можна апрацаваць, зрабіць яе ўспрымальнай, цікавай для слухача?

— Я заўважыў, што пэўныя Сілы (Космас, Бог, Прашчуры) не дазваляюць відазмяняць некаторыя народныя мелодыі. Ёсць песні, апрацоўкай якіх мы можам займацца год-два, але яны так і не выйдуць на сцэну. Не магу патлумачыць, з чым тое звязана. Нібыта песні-малітвы, мантры не дазваляюць з сабой гэта рабіць, бо маюць вялікую моц. Практыка паказвае: каб падрыхтаваць дыск, на якім будзе 7–10 кампазіцый (і пры гэтым няма неабходнасці ездзіць у экспедыцыі па матэрыялы), трэба 2–3 гады.

Не ўсе песні кладуцца на акампанемент. Са студэнтамі мы разбіраем творы: акапэльна яны жывуць, гучаць, а з лірай ці барабанам — не. Фальклор — як грабніцы егіпецкіх фараонаў, якія з’яўляюцца каштоўнымі сусветнымі скарбамі. Можна звонку на іх паглядзець, а можна туды зайсці і не выйсці ніколі. На маю думку, народная мудрасць нашых продкаў яшчэ не данесена да сучасных пакаленняў.

Па тым, як паспяхова вы працуеце з фальклорам, з якой любоўю, павагай і асцярожнасцю да яго ставіцеся, адчуваецца, што вышэйшыя сілы спрыяюць вам. Можа, вы ўмееце яшчэ і выклікаць дождж, снег, вецер?

— Нават калі так, пра гэта не скажу. (Смяецца.) Тое, што ўмееш, павінна быць таямніцай, бо раскрыўшы — згубіш. А нашто ўсё расказваць?

Кожная народная песня мае сваю гісторыю. Ці прыгадаеце колькі адметных сітуацый, якія датычаць альбома «Зімачка»?

— Сапраўды, кожная мае свой «хвосцік». Успамінаецца вельмі прыгожая палеская песня «Не хадзі, козачэ». З сапраўднай палескай манерай спеваў мы пазнаёміліся дзякуючы фільмам Зінаіды Мажэйка, потым звярнуліся да Таццяны Песнякевіч, каб яна пашукала ў архівах Беларускага радыё запісы песень мужчын. Тады ж атрымалі магчымасць пазнаёміцца з тым, як спявае Сцяпан Дубейка. Усё гэта легла ў аснову песні. Нам вельмі хацелася адлюстраваць прыгожыя краявіды Палесся праз музыку.

Песня «Сонца», апошняя ў альбоме, таксама мае адметную гісторыю. Яна трапіла са студэнцкіх запісаў. У нас іх шмат, і вельмі складана такую колькасць праслухаць і штосьці для сябе вылучыць. Але часам усё адбываецца нібыта па падказцы «вышэйшага Розуму»: адкрываеш архіў, бярэш са стоса пяты кампакт-дыск, уключаеш пятую песню... слухаеш і разумееш: менавіта гэтая песня будзе гучаць у праграме «Троіцы». Так здарылася і з любоўнай песняй «Сонца». Напачатку планавалі запісаць у «Зімачку» толькі восем песень, «Сонца» стала дзявятай і, на наш погляд, вельмі прыгожай.

У галасаванні на афіцыйным сайце «Троіцы» самым любімым альбомам гурта наведвальнікі называюць «Сон-траву». А ў вас ці ёсць любімыя песні?

— Мне здаецца, што цяпер і «Зімачка» ідзе адным з першых альбомаў па папулярнасці. Магчыма, уся справа ў падыходзе да запісу. Напрыклад, праграму «Жар-жар» мы рыхтавалі цягам трох гадоў — раз прыедзем у студыю на адзін дзень, потым праз месяц, потым праз паўгода... Калі ж працавалі з «Сон-травой», адразу прыехалі ў Польшчу на ўвесь тэрмін. Нас ніхто не чапаў, таму сіла і энергія цалкам увайшлі ў кампакт-дыск. Гэтаксама ў Варшаве была запісана і «Зімачка». Калі вось так ад’язджаеш з хаты, і ніхто цябе не турбуе, займаешся толькі музыкай, зусім інакшы па ўзроўні атрымліваецца альбом. Любімых песень у мяне няма. Ды і не могуць падабацца нейкія дзве ці тры песні, бо я захоплены ўсім фальклорам — і прыказкамі, і казкамі, і замовамі... Сам дагэтуль вучуся і кожны раз адкрываю нешта новае. Але прыгадваю час, калі ў 1983 годзе зрабіў першае даследаванне па віцебскім вяселлі і думаў, што ведаю ўвесь фальклор. Потым усвядоміў: кожны абрад, рытуал, фрагмент, сустрэча з людзьмі даюць магчымасць пераканацца, што ты яшчэ толькі пачынаеш яго вывучаць і нічога не ведаеш.

Апроч песень, вы таксама адкрываеце інструменты. Варта прыгадаць выстаўку, што праходзіла ўлетку ў Заслаўі, дзе было прадстаўлена больш як дзве сотні інструментаў, посцілак, прадметаў народнага побыту...

— Памятаю, першы склад «Троіцы» выязджаў у Галандыю і ў нас было зусім мала інструментаў: расійскія гуслі, капыльскія дудачкі, некалькі акарын, зробленых Эмай Фокінай. Але калі мы прадставілі свае песні, адбыўся нейкі цуд, бо галандцы пачалі дарыць нам інструменты. Сляпая жанчына Бром Кок, якая мела ўласны музей музычных прылад, прэзентавала галандскую акарыну, нямецкую цытру, афрыканскія дудкі... І калі яны да нас трапілі, мы пачалі спрабаваць, як яны будуць гучаць у нашых аранжыроўках.

А далей — як на хвалі, у нашай калекцыі з’явіліся турэцкі саз, в’етнамскі арган, не так даўно мне прывезлі беларускія гуслі з Сібіры. За дванаццаць год мы пабывалі больш як на 80 міжнародных фестывалях — ад Малайзіі да Партугаліі, і цяпер у калекцыі «Троіцы» розныя інструменты са шматлікіх краін свету. А як яны пачынаюць жыць у рэпертуары гурта, растлумачыць складана. Галоўнае — гук музычнага інструмента. Калі ён якасны, то абавязкова з’явіцца ў праграмах. Ёсць у нас і беларускія інструменты — акарыны, свістулькі, дудкі, жалейкі, дуда, смык і ліра Усевалада Жукоўскага з Мар’інай Горкі.

Ад інструментаў вернемся да ўласна музычнага фальклору. Ці адчуваеце вы, што студэнты зацікаўлены ім?

— З 1982 года выкладаю фальклорныя дысцыпліны. Раней у Дзяржаўным педагагічным універсітэце праводзіў заняткі ў вялікай аўдыторыі. Ва ўніверсітэце былі размешчаны мой уласны музей, музычныя інструменты, архіў. З мінулага года тэрмін навучання з 5 гадоў зменшыўся да 4-х, а замест вялікай аўдыторыі я атрымаў маленькую. Уявіце, прыходзяць тры дзясяткі студэнтаў-завочнікаў. Частка стаіць у аўдыторыі, а частка за дзвярамі, бо не могуць увайсці. Ці нармальнае гэта стаўленне да беларускага фальклору, народнай творчасці, калі скарачаецца і тэрмін навучання, і колькасць вучэбных гадзін, адведзеных на гэтыя прадметы? Ці можна ў такіх умовах падрыхтаваць будучых спецыялістаў? Ды і гледзячы на гурты, якія працуюць сёння, можна зрабіць выснову, што за 20–30 год мастацкая самадзейнасць не змянілася. Магчыма, стала лепшай па ўзроўні выканання, але што тычыцца матэрыялу, падыходу, дык ён больш нагадвае поп-фолк-культуру, чым сур’ёзныя адносіны.

Але ж назіраюцца і станоўчыя працэсы, напрыклад, адраджаецца беларуская дуда...

— У такім кірунку працуюць некалькі чалавек: Тодар Кашкурэвіч, Алесь Лось, Зміцер Сасноўскі. Але яны шчыруюць без падтрымкі, без укладання дзяржаўных сродкаў. Дуда — толькі адзін інструмент, а дзе можна пабачыць і пачуць іншыя? Мы слухаем дыскі, запісы, што прывозім з іншых краін, і здзіўляемся, як прыгожа зроблена! А ў нас навучальны працэс скарачаецца. І кнігі, прысвечаныя рэканструкцыі абрадаў, свят, гульняў, што я падрыхтаваў, таксама «залягуць», бо мы не маем часу, каб гэта выкладаць.

Не так даўно мы былі на фестывалі ў маленькім эстонскім гарадку, дзе жыве 20 тысяч жыхароў. Гэты фэст штогод прымае 200 тысяч гледачоў і слухачоў. Там ёсць музычны каледж, які мае ўласную студыю гуказапісу, дзе кожны студэнт можа запісваць свае праграмы на кампакт-дыскі. Існуе толькі адно патрабаванне — каб праграма засноўвалася на эстонскай народнай музыцы. Ёсць нават рок-опера, выкананая выкладчыкамі і студэнтамі таго ж каледжа і запісаная на кампакт-дыску. Аўдыторыі абсталяваны так, што мне хацелася плакаць: высакаякасная апаратура, узмацняльнікі, мікрафоны, народныя музычныя інструменты. Вось там зацікаўленасць фальклорам, безумоўна, будзе квітнець. А пра якое адраджэнне я магу распавесці ў сённяшніх умовах навучання?..

Бываючы ў розных краінах, ці заўважаеце розніцу ў стаўленні да кампазіцый «Троіцы» з боку беларусаў і замежнікаў?

— Беларусы больш сціплыя ў плане слухання музыкі. Калі мы былі ў сяброў у Галандыі, завіталі да хлопца — ён дома меў тры тысячы аўдыякасет. І слухаў розную музыку: класіку, рок, джаз. Беларусы таксама маюць дома музычныя архівы, але яны бедныя і вузкія па напрамку. А там людзі слухаюць розныя накірункі і стылі. Адчуванне, што еўрапейцы імкнуцца зразумець новае. У кавярнях граюць гурты з розных краін свету, і неабавязкова тое будзе этнічная музыка.

У нас, на жаль, такой з’явы няма. Няма нават этнічнага клуба, куды маглі б прыехаць выканаўцы з іншых дзяржаў. Няма этнічнага радыё. У Германіі на такой радыёстанцыі кожныя паўгадзіны прэзентуецца новая краіна і зусім няма рэкламы.

Айчынным маладым фальклорным гуртам няма дзе выступаць, бо ў краіне не існуе этнічных фестываляў. Хіба толькі «Таўкачыкі» і зусім малады фэст «Камяніца», якому тры гады. Дзе нам паказацца? Беларускія фальклорныя гурты, што выступаюць актыўна, можна пералічыць на пальцах — і дзясятка не будзе на дзесяць мільёнаў жыхароў краіны. Іх павінна існаваць сем соцень, тады з’явіцца зацікаўленасць...

Марына Весялуха