Пра людзей і папяровых чалавечкаў

№ 4 (349) 01.04.2012 - 01.01.2005 г

Фільм «Адзінокі востраў»

/i/content/pi/mast/55/927/12.jpg 
 Святлана Зелянкоўская (Эліс), Барыс Палунін (Ян).
... Героі стужкі рухаюцца на электра-цягніку і трамваі, на таксі, службовых
і ўласных «легкавушках», на матаролеры, веласіпедзе і рачным катары.
І нават на інваліднай калясцы — вынік дарожнай аварыі і дзейнасці гарадскіх экстрэмалаў. Па аўтарскай задуме — гэта вонкавае жыццё людзей вялікага горада і яго наваколляў, якое перацякае з кватэр і службовых памяшканняў на вуліцы, упісваецца ў ландшафты. Выбраныя стваральнікамі гараджане належаць да розных сацыяльных груп. Усе — кожны па-свойму — абцяжараны сямейнымі, прафесійнымі, узроставымі, міжасобаснымі праблемамі
і канфліктамі.

Гаворка пра фільм «Адзінокі востраў». Аўтары сцэнарыя Міхкель Ульман, Петэр Сім, рэжысёр Петэр Сім. Карціна, створаная «Беларусьфільмам» у капрадукцыі з Эстоніяй (LEGE ARTIS FILM) і Латвіяй (STUDIO F.O.R.M.A), працягвае адну з адметных тэндэнцый сённяшняга балтыйскага кінематографа, у якім даследуецца чалавек-выспа, яго пошук душэўнага прыстанішча або імкненне выйсці з зоны некамунікабельнасці ў цяперашняй — постсавецкай — рэчаіснасці.

Дзяўчынка-падлетак Етэ дапякае маці дэманстратыўным непаслушэнствам, бо лічыць менавіта яе вінаватай у сваёй інваліднасці. Маладая дыспетчарка Піле, аматарка экстрэмальных дзеянняў, здымае сябе на мабільны тэлефон, прыладзіўшыся на рэйкі перад цягніком. Прафесар-літаратуразнаўца Артур Даленберг пры кожнай сустрэчы сварыцца з сынам, бо Олаф пайшоў у машыністы цеплавоза насуперак яго жаданню. Афіцэр крымінальнай паліцыі Эліс разам з саслужыўцам Янам, бацькам Етэ, спрабуе раскруціць гісторыю смерці Цыгана, але выходзіць на памылковы след. Двое былых флоцкіх сяброў, Зігіс і Эрвін, шмат гадоў кахаюць адну жанчыну, Веру, а ў той не зніклі пачуцці да трэцяга, былога аднакласніка-галубятніка, — яго імем яна назвала сына ад Эрвіна. А Дзіма, іхні нашчадак-старшакласнік, які закаханы ў настаўніцу рускай мовы і літаратуры, грубіяніць і назаляе ёй дзёрзкімі ўчынкамі. Дзейных асоб — калі яны не члены сям’і, не саслужыўцы, не сябры — звязвае жыццёвая выпадковасць.

Хірург-трансплантолаг Марцін Вахер трапляе ў поле зроку таксіста Эрвіна, калі на вуліцы высвятляе адносіны са старым Цыганом-цыркачом, што бадзяжнічае з маленькай дзяўчынкай. Ад Эрвіна «эстафета выпадковасці» перадаецца Эліс — яна шукае забойцу Цыгана, падазраючы ў злачынстве Марціна (па версіі крыміналісткі, яму патрэбны органы маленькай дзяўчынкі для медыцынскіх мэтаў). Але потым Эліс дапамагае Марціну вызваліцца са следчага ізалятара. Яна пераконваецца ў невінаватасці хірурга і разумее, што яго неабходна як мага хутчэй даставіць у клініку. Выпадкова сустракаюцца і іншыя персанажы, паступова развязваючы або свае праблемы, або праблемы іншых.

Частковы пераказ дае магчымасць адчуць: фільм «Адзінокі востраў» шматнаселены і шматкроць перакрыжаваны асобнымі фабульнымі лініямі і дзеяннямі персанажаў, якія сыходзяцца ў пэўнай кропцы сюжэта. Такая кінематаграфічная форма (нехта лічыць яе жанрам) уцягвае ў сваю арбіту ўсё больш прыхільнікаў з ліку кінематаграфістаў. Ёсць розныя яе назвы: пазл (складанне гульні з кавалачкаў); multiplot movie (размножаная фабула); іншым разам кажуць пра спрасаваны серыял. У міжнародным маштабе бацькамі такога жанру трэба лічыць розных амерыканскіх кінематаграфістаў 1990-х гадоў. Прыгадаем Джыма Джармуша з «Таямнічым цягніком», Квенціна Таранціна з «Крымінальным чытвом», «Кароткі мантаж» Роберта Олтмэна, «Магнолію» Пола Томаса Андэрсана або «Вавілон» мексіканца Аляхандра Гансалеса Ін’ярыту (фільм зроблены ў ЗША). Хтосьці з іх складае гісторыі з удзелам персанажаў пяці краін з трох кантынентаў, якія гавораць на чатырох мовах («Вавілон»). Хтосьці перакрыжоўвае падзеі прыватнага жыцця на адным геаграфічным «пятачку» перад землятрусам («Кароткі мантаж», дзе 8 драматургічных ліній), а камусьці ўдаецца зняць прыпавесць пра чалавечыя заганы і пакаянне («Магнолія» з 9 гісторыямі).

Эстонскі кінематаграфіст Петэр Сім, рэжысёр «Адзінокага вострава», разам з творчымі паплечнікамі шукае сваю мастацкую нішу ў гэтым напрамку. Ён абапіраецца на рэалістычны падмурак, паглядаючы пры гэтым у бок экзістэнцыяльнай эстэтыкі з яе адлюстраваннем феномена быцця кожнага індывіда, з прыпынкамі на пагранічных сітуацыях, з філасофіяй адзіноцтва асобы. Мастацкае мысленне Петэра Сіма працуе недзе на памежжы рэжысёра заходняга ўзору і кінатворцы, што мае савецкі псіхалагічны вопыт (калі ў кіно не дазвалялася ўводзіць катэгорыі экзістэнцыяльнага кшталту, напрыклад, матывы безнадзейнасці і замкнёнага кола, якія лічыліся прыналежнасцю «іхняга», буржуазнага ладу жыцця).

Уражвае візуальны вобраз чыгуначнага вузла з яго паралелямі (рэйкі) і вертыкалямі (слупы), што заварожваюць, вядуць кудысьці ў невядомае (прывітанне аператарам і мастакам-пастаноўшчыкам). Тут і манеўраванне саставаў, і краны-жоравы ля эстакады, і побыт прафесіяналаў-чыгуначнікаў сярод металічных атрыбутаў. Ва ўсім гэтым адчуваецца сколак самога жыцця з працоўным perpetuum mobile і прыпынкамі, з пагрозай небяспекі і ўспышкай шчаслівага выратавання, з мімалётнасцю кантактаў і знаёмствамі надоўга.

Паглыбляючыся ў гэты кругазварот, рэжысёр вядзе да думкі: нам, знаёмым і незнаёмым людзям, трэба пераадольваць шлагбаўмы раз’яднанасці, імкнуцца да ўзаемаразумення, бо ў жыцці шмат неадназначнага, абумоўленага прычынна-выніковымі сувязямі, што выклікае ланцуговую рэакцыю. Нездарма ж неаднойчы ў фільме з’яўляюцца папяровыя чалавечкі, якія быццам трымаюць адзін аднаго за плечы: на ўроках працы ў інтэрнаце іх вучыў выразаць былы настаўнік, той самы стары Цыган, выпадковая смерць якога ўплывае на ўчынкі і паводзіны Эліс, Яна і Марціна Вахера.

Жаночы ансамбль у фільме пераважна беларускі, і ад нашых актрыс — Святланы Зелянкоўскай (Эліс), Валерыі Арланавай (Анжэла, маці Етэ), Веранікі Пляшкевіч (настаўніца Крысціна), Вольгі Водчыц (Вера) і зусім юных Агнеты Угрыновіч-Камінскай (Етэ), Эміліі Фастоўскай (дзяўчынка з Цыганом) — рэжысёр дабіваецца акцёрскай дакладнасці ў абмалёўцы гераінь. З мужчынскага «саслоўя» вылучаецца эстонец Лембіт Ульфсак, знакаміты ролямі Ціля Уленшпігеля і Жака Паганэля, сыгранымі ў савецкую пару. Ён па-майстэрску ўвасабляе элегантнага прафесара-інтэлектуала Даленберга, які глядзіць на жыццё пераважна праз рускую класіку. Прыцягвае ўвагу і беларускі акцёр Ігар Сігаў у ролі Марціна Вахера, сучаснага медыка, выратавальніка чалавечых жыццяў.

Петэр Сім увайшоў у кагорту вядомых кінематаграфістаў СССР у пачатку 1980-х гадоў пасля стужкі «Што пасееш...», якая ў тэмплане Дзяржкіно СССР напэўна лічылася «вытворчай», а на самай справе была сацыяльна-крытычнай. У ёй знайшла адлюстраванне праблема заганнасці партыйнага кіравання ў галіне сельскай гаспадаркі, якое абарочвалася прыпіскамі. Потым, пасля прыгодніцкай «Арабэлы — дачкі пірата» (1982), гэты рэжысёр неяк выпаў з майго поля зроку, а «знайшоўся» ўжо ў гады незалежнай Эстоніі ў конкурсных праграмах «Кінашоку», Адкрытага фестывалю краін СНД, Латвіі, Літвы, Эстоніі ў Анапе. На ім трагікамедыі рэжысёра «Добрыя рукі» (2001) і «Агоркла!» (2005) двойчы былі трыумфатарамі, атрымаўшы гран-пры і станоўчыя водгукі кінакрытыкаў. Яму таксама належыць біяграфічная меладрама «Георг» (2007) — пра лёс вельмі папулярнага ў СССР эстонскага спевака Георга Отса.

Пералічыўшы некаторыя яго стужкі, адзначу: Петэр Сім — кінематаграфіст пошукавага напрамку, ён спрабуе сябе ў розных жанравых формах і «Адзінокі востраў» для яго — яшчэ адзін крок у невядомае. А ў невядомым існуюць падводныя рыфы, якія не заўсёды можа пераадолець нават спрактыкаваны майстра. На мой погляд, хібы фільма крыюцца ў яго драматургічнай празмернасці. Занадта шмат пасечаных паэпізодна і зашыфраваных гісторый. (У прыватнасці, не вельмі цікавай падалася лінія «чатырохвугольніка» Зігіс — Эрвін — Вера — Дзмітрый.)

Тую або іншую дэталь «пазла» не паспяваеш асэнсаваць і далучыць да агульнай гісторыі-лініі. Гэта па-першае. Па-другое, фільм мае жанравыя прыкметы дэтэктыва, меладрамы, сямейнай драмы, якія ў дадатак спалучаюцца з экзістэнцыяльнай традыцыяй. Усё разам стварае такія галаваломкі, што цяжка дайсці да сэнсу нават вопытнаму гледачу, якім з’яўляецца крытык. Адчуваеш перагрузку ў адных месцах і недагаворанасць у другіх. Да таго ж у некаторых лініях закладзена катэгорыя часу (у тых персанажаў, чыё мінулае звязана з савецкім перыядам). Толькі надзвычайнымі намаганнямі можна ў думках скласці ў адно наступныя экранныя кавалкі: Марцін сварыцца з Цыганом; праз нейкі час Марцін, рызыкуючы, ідзе па дроце над вадой да берага; нарэшце бачым, як маленькая дзяўчынка бясстрашна ступае па парэнчы балкона шматпавярховага дома. Па задуме рэжысёра, усе персанажы гэтай драматургічнай лініі былі знаёмыя па інтэрнаце: Цыган працаваў там настаўнікам, збег, выступаў у вандроўных цырках з Марцінам, а потым з вучаніцай-дзяўчынкай. Але ж цяжка гэтыя сувязі зафіксаваць у свядомасці, бо увесь час ідзе пераключэнне дзеяння з адной лініі на другую. З-за рэбусаў страчваецца эмацыянальны і інтэлектуальны кантакт з фільмам.

Той факт, што «Адзінокі востраў» зроблены на «Беларусьфільме», сведчыць пра наяўную карэкціроўку палітыкі кінастудыі. Робіцца стаўка на сумесную вытворчасць не толькі з расійскімі кінематаграфістамі, але і з партнёрамі з краін Балтыі. Сумесная пастаноўка з аўтарытэтнымі мастакамі вяртае кінастудыі пэўную долю прэстыжнасці — усё ж лепей укладваць фінансавыя сродкі ў пошукавы кінематограф, чым марнаваць іх на абы-што. Нарэшце, марка «Беларусьфільма» трапляе і на пэўную геаграфічную тэрыторыю — гэта яшчэ адна магчымасць пашырыць вытворча-творчыя кантакты і выйсці з ізаляцыі. Але разам з такога кшталту крокамі трэба мець праграму па адлюстраванні ў ігравым кіно нацыянальнай самаідэнтычнасці. Ці ёсць у нас такая праграма?..