Сады Умбры

№ 4 (349) 01.04.2012 - 01.01.2005 г

Алхімічныя вопыты ў ілюстрацыі

/i/content/pi/mast/55/926/11.jpg 

Чорныя птушкі фарбуюць нябёсы. З арт-кнігі «Вершы пра птушак». Акварэль. 2006.

Усе артыкулы і згадкі пра яе пачынаюцца аднолькава: «...у мастакоўскім асяродку Рыту Цімохаву ведаюць як мастака кнігі». Сапраўды, яна пачала як кніжны ілюстратар і з канца 1980-х гадоў да 2004-га шмат працавала ў гэтым рэчышчы. У адмысловых арт-экспазіцыях удзельнічала не часта, затое вынікамі яе працы можна было палюбавацца на шматлікіх кніжных кірмашах у Беларусі і за мяжой.

Выбіраючы вышэйшую навучальную ўстанову, Рыта спынілася на Львоўскім паліграфічным інстытуце: менавіта там на той час вучылі рабіць кнігу і рыхтавалі не проста станковых графікаў, але мастацкіх рэдактараў, якія маглі быць ілюстратарамі.

— Кніга — жывы арганізм, яе дызайн — адказны працэс, — тлумачыць Цімохава. — Слабае тое выданне, у якім выявы нібыта прыклееныя (што адбываецца, калі творца проста робіць ілюстрацыі «паводле»). Выдатна, калі мастак можа спланаваць макет сам.

Калі пасля інстытута Рыта Цімохава прыйшла ў выдавецтва «Юнацтва», афармленне дзіцячай кнігі было справай прэстыжнай і займальнай — спрыялі не толькі выхаванне ўласных малых і вывучэнне іх псіхалогіі, але і адсутнасць жорсткіх стандартаў у кніжным афармленні. Напрыклад, для «дарослага» вершаванага зборніка дастаткова вокладкі і шмуцтытулаў для кожнага раздзела — мастакоўскай фантазіі цяжка разгарнуцца. Для дзяцей можна макетаваць значна цікавей, выкарыстоўваючы розныя тыпы ілюстрацый, але, як тлумачыць Рыта, падводныя камяні сустракаюцца і тут:

— ...Падыходзіць чарга якога-небудзь паэта выдаць кніжку для дзетак — зразумела, што ён стараецца ўкласці ў яе як мага больш вершаў. Але гэта не вельмі добра ўплывае на знешні выгляд выдання: складана «раскідваць» ілюстрацыі па макеце, атрымліваюцца маленькія застаўкі, якія цяжка звязаць паміж сабой, аб’ём ілюстрацый невялікі... У выніку кніжка выглядае як адзін з тамоў юбілейнага збору твораў. Усё ж такі ў дзіцячых выданнях павінна быць менш тэкставага матэрыялу і больш карцінак, каб малы не стамляўся разглядваць і цікаўнасць вяла яго на працягу ўсёй кніжкі.

Мастачка дакладна прытрымліваецца гэтага прынцыпу — кожная старонка выданняў, якія яна афармляла (напрыклад, «Я — чалавек», «Казкі дзяцей Беларусі»), чапляе сваёй унікальнай прыдумкай, жывымі вясёлымі персанажамі, якія не дадуць засумаваць над тэкстам і дапамогуць у яго асэнсаванні. Асабліва ўдала ў гэтым плане выглядае «Я — чалавек» — інтэрактыўнае выданне для зусім маленькіх, якія толькі пачынаюць асвойваць гэты свет і вывучаюць найперш сябе — вочкі, вушкі, носік, пальчыкі... Вялікія малюнкі, чыстыя яркія (але не крыклівыя) фарбы — ідэальны ўзор выдання для малых. Яно амаль увасобіла мару кожнага мастака-ілюстратара пра кнігу з невялікім па аб’ёме тэкстам і галоўным акцэнтам на выяву.

Для кожнай новай кніжкі Рыта Цімохава імкнецца знайсці нешта асаблівае — паспрабаваць незвычайны стыль, выступіць суаўтарам і выказаць сваё бачанне тэксту. Здараецца, пісьменнік не зусім разумее задачу, якая стаіць перад мастаком, і лічыць, што той павінен праілюстраваць твор літаральна па дзеяннях у адпаведнасці з яго — пісьменніка — уяўленнямі. Наступае шок, калі ён бачыць зусім іншае.

— Я малявала казку пра лісіцу, якая мела торбачку-вярэньку, сплеценую з саломы, — узгадвае Рыта. — Калі аўтар пабачыў торбачку, то запратэставаў: «Ой, яна ж зусім не такая!» і павёў мяне па музеях... Непрыемна, калі пісьменнік чапляецца да дробязей, маўляў: «А ў паляўнічага можа быць пёрка ў капелюшы ці не?» і выказвае прэтэнзіі кшталту: «У яго павінна быць іншая барада!»

Праца над стварэннем добрай кніжкі займае не менш за паўгода. Чытанне і абдумванне тэксту, пранікненне ў яго стыль, прыдумванне вобраза... Мастак-афарміцель дзіцячага выдання заўсёды павінен памятаць, што на ім ляжыць вялікая адказнасць па выхаванні густу дзіцяці — а гэтаму зусім не спрыяе засілле дзіцячых флюарэсцэнтных кніжак, кіслотных колераў.

— Сінія, зялёныя, чырвоныя — крычаць, перабіваюць адно аднаго, — заўважае Цімохава. — Цудоўна, калі аўтар кнігі пагаджаецца з маім прынцыпам выкарыстоўваць мяккія колеры і дасягаць большай выразнасці выявы меншымі сродкамі.

На жаль, колеравыя нюансы знікаюць на афсетнай паперы, таму ад ілюстрацый патрабуюцца яркасць, кантраснасць. Кніга, разлічаная на масавага чытача, павінна адразу прыцягваць увагу, і хоць вельмі шмат людзей разумеюць вытанчаную гаму, большасці ўсё ж хочацца яскравага і кідкага.

Рыце давялося супрацоўнічаць з грэчаскім выдавецтвам — афармляць кніжку «Каштоўных казак», разлічаных на дзяцей прыкладна дзесяці гадоў. Мастачка распрацавала два варыянты ілюстрацый: стрыманы і насычаны колерам — невядома было, які больш спадабаецца там, за мяжой. Заказчыкі выбралі нягучны каларыт: для аўтарскіх легенд аб паходжанні дыямента, жэмчугу і смарагду мастачка абрала шляхетныя адценні шэрага, залацістага і зялёнага. Цікава, што ў беларускім выдавецтве такі варыянт на вызначаны ўзрост не прайшоў бы менавіта з-за прыцішанасці колеравай гамы.

— Гэта нам ад доўгай зімы хочацца яркасці, а грэкі жывуць у асяродку, які насычаны колерам, і воку трэба адпачываць на выявах стрыманага каларыту, — мяркуе Рыта. — У тамтэйшых ілюстратараў пераважае карычневая, тэракотавая гама, шэраваты з украпваннямі сіняга і рудога.

Ёсць у Цімохавай і працы «для сябе», вобразы, якія толькі злёгку абапіраюцца на чужы тэкст. Скарбніцу артэфактаў мінулага яна адшукала ў творах Яна Баршчэўскага. Пісьменніка і мастачку аб’ядноўвае ўменне падводзіць фантазіі пад філасофскую канву і завабліваць чытача і гледача ў свет фантасмагорый, легенд і вандровак у часе.

З Баршчэўскім Цімохаву яднае і зямляцтва: яна таксама нарадзілася ў паўночным краі Беларусі, на Віцебшчыне. Мясцовы клімат і прырода моцна ўплываюць на характар: азёры, балоты, туманы, вільготнасць, што вісіць у паветры, фарміруюць свядомасць чалавека знешне халоднага, сціплага і стрыманага, але з яркім унутраным светам. Спадчыннае перамагае і бярэ сваё — новую экспазіцыю Цімохава вырашыла назваць «Тэрыторыя Умбры». Словам, якое ў перакладзе з лацінскай азначае цень, змрок, цемру, у некаторых ролевых гульнях называюць выдуманы свет духаў, а яшчэ умбра — гэта мінеральны пігмент з гліны, які мае карычневыя, рудыя, цёмна- і светла-зялёныя адценні — колеры, што пануюць у самастойных працах мастачкі і складаюць яе ўлюбёную гаму (у гэтым святле інтрыгоўна выглядае вобраз алхіміка і чарнакніжніка: ён раз-пораз з’яўляецца ў творах Цімохавай, аналізуе жыццё і раскладае яго на хімічныя элементы, як літаратар і мастак раскладаюць на элементы душу чалавека).

Ключы і яблыкі, пер’е і вэлюм, птушкі з чубкамі, надзьмутыя птушкі, птушкі з пышнымі хвастамі ў пышных валасах — як напамін пра шыкоўныя гламурныя фрызуры дам галантнага стагоддзя, маскі Венецыянскага карнавалу, ракавіны і ліры плаваюць у смузе пясочна-зеленаватага колеру. Дзеці, анёлы, прыгожыя жанчыны паглядаюць з аркушаў задуменна, сціскаюць тонкія пальцы і вусны. Дзяўчыны з даўгімі шыямі, футровыя каўняры, фарфоравая скура, тонкія прамалёўкі, лёгкае дакрананне яркіх фарбаў — як быццам глядзіш на малюнак праз кальку. Актыўны колер у дзіцячых ілюстрацыях Цімохавай кантрастуе з класічнай акварэльнай празрыстасцю «дарослых» прац. Іх залаціста-шэрая лаканічнасць дапамагае дасягнуць найбольшай выразнасці ў перадачы ўнутранага свету персанажаў. На некаторых работах можна прыкмеціць ледзь-ледзь заўважныя словы — назвы кветак, цытаты — што павісаюць у паветры, кружаць над персанажамі, нібы рой думак.

— Мне вельмі падабаецца рабіць надпісы, якія цяжка разглядзець, і чым больш ты ўчытваешся ў іх, тым далей хаваецца сэнс, — усміхаецца мастачка.

Скруткі і пасмы паперы з надпісамі — нібы запіскі-сакрэцікі з дзяцінства, якія знаходзіш у сталым узросце і не можаш разгадаць. Загадкі рассыпаны ў акварэльных аркушах Цімохавай, яны тояцца ў круглых баках яблыкаў, у бліскучых вачах птушак, у ключах незвычайнай формы — усе яны нагадваюць пра магчымасць выхаду ў іншае, новае для чалавека вымярэнне... На тэрыторыю Умбры?..

Канкрэтнасць пакідаецца ў цені — мастачка не любіць адказваць на пытанні кшталту «што гэта за птушка?»:

— Проста птушка, беспародная. Я хачу ствараць яе менавіта такой формы, хай яе ў прыродзе не існуе. «Што гэта за кветка? Дзе ты такую бачыла?» Нідзе. Я буду маляваць сваё — незразумелую птушку, незразумелую кветку.

Серыя прац «Брама ў вырай», натхнёная Баршчэўскім, прыадчыняе акенца ў ідэальны свет — прынамсі такі, якім яго бачыць Рыта. Эпохі, касцюмы, архітэктурныя стылі — усё вельмі неканкрэтна, хоць і адчуваецца моцны ўплыў позняга Сярэднявечча і Адраджэння. Гатычныя, рэнесансныя і мадэрнісцкія матывы існуюць у гісторыі і нібыта па-за ёй і па-за часам, у нейкай абсалютнай прасторы, дзе ціха цікаюць гадзіннікі і растуць у вазах кветкі. Любімая дэталь Цімохавай («геніяльная», як кажа мастачка) — шыкоўны белы каўнер, які выступае ў цудоўным кантрасце з цёмным касцюмам, — вандруе з твора ў твор, сустракаецца і ў мужчынскіх, і ў жаночых персанажаў. Такі акцэнт на галаву, на твар — яскравая прыкмета эпохі Адраджэння. Частае выкарыстанне гратэску ў выявах мастачка тлумачыць пошукамі прыгожай формы і давядзеннем яе да максімуму. Калі-нікалі сярод гатычна-рэнесансных красунь сустракаюцца маладыя жанчыны ў тыпова беларускіх уборах — яны з’явіліся пад уражаннем ад касцюмаў Давыд-Гарадка з «Беларускіх народных строяў» Міхася Раманюка — мастачка не магла пакінуць па-за ўвагай гатычна-барокавыя «падушкі» на галовах мясцовых прыгажунь.

...Нягледзячы на асалоду, якую Цімохава атрымлівае ад працы над самастойнымі творамі, кніжнай ілюстрацыяй яна працягвае займацца і цяпер — афармляе кніжку Наталлі Голубевай «Скарбы возера Ваал». Заўважым, што «Казкі цётухны Руф» Голубевай, аздобленыя ілюстрацыямі Цімохавай, атрымалі прэмію на ХІХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцём». Твор, у аснову якога леглі легенды Рагачоўскага і Аршанскага замкаў, прыцягнуў мастачку менавіта гістарычным каларытам з дадаткам фэнтэзі.

На думку Цімохавай, будучыня — за арт-кнігай. Яе чароўныя «Вершы пра птушак» — акварэльныя аркушы, якія насяляюць — ну зразумела! — птушкі і яблыкі, аздоблены празрыстай паперай з выразанымі «акенцамі», а на кальке надрукаваны «птушыныя» чатырохрадкоўі Уладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса. Галоўная функцыя кнігі папяровай — захаванне і перадача пэўнай інфармацыі — быццам і губляе сваё значэнне ў век, калі любы тэкст можна спампаваць у інтэрнэце і «заліць» у электронны «покетбук». Ілюстрацыя набывае новае значэнне і зноў ператварае кнігу ў артэфакт, элітарны твор высокага мастацтва.

— Рукапісная кніга становіцца вельмі папулярнай, — распавядае Цімохава. — Людзі заказваюць абсалютна розную літаратуру, і аўтар піша тэкст ад рукі, робіць ілюстрацыі. Чалавек хоць у чымсьці хоча дакрануцца да першаснага і адчуць энергетыку стваральніка рэчы. Некаторыя мастакі таксама вяртаюцца да аўтэнтычнасці, напрыклад, знаёмая з Грэцыі працуе з натуральнай тэмперай, разводзіць пігменты яечным жаўтком, у кнігах, якія яна афармляе, поўнасцю маляваны тэкст і г.д.

...У якасці дадатковых заняткаў па кампазіцыі дзевяцікласнікі Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў могуць выбраць кераміку, саломку ці дызайн кнігі. Многія спыняюцца на «Арт-кнізе» — спецкурсе Рыты Цімохавай, які мастачка вядзе ўжо два гады. У невялікіх групах дзеці робяць кнігі рукамі. Небанальны выбар твораў (легенды майя і паўночных народаў, «Уладар пярсцёнкаў» і «Сімпсаны»...) і матэрыялаў (ёсць нават кніжкі, пашытыя са скуры і тканіны) абнадзейваюць: з падачы Цімохавай у беларускай арт-кнігі ёсць яркая будучыня...

Аўтар: Алена КАВАЛЕНКА
галоўны рэдактар