Дыялогі праз арт

№ 4 (349) 01.04.2012 - 01.01.2005 г

«Непасрэдныя» ў прасторы галерэі

/i/content/pi/mast/55/924/7.jpg 
 
Конкурс «Smart Art», арганізаваны пры падтрымцы галерэі сучаснага мастацтва «Ў», стаў пляцоўкай длярэалізацыі эксперыментальнай творчасці. У конкурсе бралі ўдзел маладыямастакі ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў. Пры выбары лепшых праектаў журы (у яго ўвайшлі Уладзімір Цэслер, Руслан Вашкевіч, Валянціна Кісялёва, Вольга Шпарага і Сяргей Кірушчанка) не брала пад увагу наяўнасць або адсутнасць ва ўдзельнікаў мастацкай адукацыі і іх узровень прафесійнай падрыхтоўкі. Асноўны арыенцір — прадуманая канцэпцыя і яе адэкватнае візуальнае ўвасабленне. У выніку з пяцідзесяці праектаў у фінальны этап конкурсу патрапілі шэсць, кожны быў прадстаўлены ў галерэі «Ў». З паўтузіна прэтэндэнтаў на перамогу члены журы абралі аднаго. Ім стаў Раман Аксёнаў — аўтар «Непасрэдных».

Яго работа ўяўляе сабою сацыяльны эксперымент, у якім прадугледжваецца ўдзел людзей, наўпрост з мастацтвам не звязаных. Іх рэакцыя на art — рэакцыя «непасрэдных» — была асноўным аб’ектам вывучэння аўтара. Самога сябе Раман пераназваў у «пасрэднага», інакш кажучы — залежнага ад сістэмы мастацтва. Праз газетныя абвесткі і гарадскія пошукі, абяцаючы наведвальнікам «фуршэт і славу», мастак меркаваў адшукаць і завабіць у галерэю зацікаўленых жыхароў.

Форма праекта — класічны прыклад сацыяльна ангажаванага мастацтва, практыка якога ажыццяўляецца на працягу доўгага часу. Калабарыятыўнае ці дыялагічнае мастацтва — адна з найболей значных тэндэнцый апошняга дзесяцігоддзя. Яно фіксуе ўзаемадзеянне творцаў з іншымі людзьмі з мэтай далучыць апошніх да арта, зрабіць роўнымі магчымасці ўдзелу ва ўладкаванні агульнага жыцця. Сутнасць такога роду практык у тым, каб сцерці мяжу паміж гледачом і творцам.

Глабальны капіталізм абумоўлівае працэсы грамадскага распаду і ўзмацнення адчужанасці, такім чынам мэта калабарыятыўнага мастацтва — аднаўляць сацыяльныя сувязі. Дасягнуць гэтага можна і шляхам прыцягнення да сумеснай працы далёкіх ад мастацтва людзей. Іх прызначэнне — быць пасярэднікамі, а ў рэшце рэшт — і прадметам творчасці. Такім чынам, эксперыментальныя супольнасці арыентуюць людзей на страчанае сацыяльнае адзінства.

У Беларусі практыка сацыяльна ангажаванага мастацтва зведзена да мінімуму, таму праект Рамана Аксёнава быў прызнаны не толькі лепшым, але і актуальным. Як распавёў сам аўтар, рыхтавацца да конкурсу ён стаў задоўга да пачатку яго правядзення. Будучых «непасрэдных удзельнікаў» шукаў у самых розных месцах горада: на рынку, у дзяржаўных структурах і сацыяльных сетках, з дапамогай СМІ. Апроч гэтага, творца зрабіў відэаматэрыял, у якім прасіў людзей распавесці пра цікавыя і важныя падзеі ў іх жыцці, адказаць, ці часта яны наведваюць выставачныя залы і ці цікавяцца мастацтвам наогул. З дапамогай такога роду практык Раман прыйшоў да высновы, што паміж мастацкай супольнасцю і грамадствам ляжыць прорва. Адсюль вынікае наступнае пытанне: ці ўдалося Раману Аксёнаву прыцягнуць людзей, якія не маюць дачынення да арт-працэсу?

На адкрыцці праекта сабралася трыццаць пяць яго ўдзельнікаў. Амаль кожны з іх захапляецца творчасцю: піша вершы, займаецца перформансам, працуе ў журналістыцы... Такім чынам, задзейнічаць людзей, якія не цікавяцца мастацтвам, аўтар «Непасрэдных» не змог.

Аднак нельга сказаць, што праект не атрымаўся. З дапамогай такога кшталту сацыяльнага эксперымента можна выявіць праблемы грамадства, напрыклад, закрытасць асобных яго супольнасцей: падчас падрыхтоўкі да мерапрыемства Раман зазірнуў у цыганскі табар, дзе знайшоў кандыдата на ўдзел у сваім праекце, які спецыяльна для яго зрабіў малюнак. У выніку гэта праца патрапіла на выставу, а яе аўтар, нягледзячы на дамоўленасць, так і не з’явіўся ў галерэі «Ў».

Разважаючы пра падобныя канцэптуальныя практыкі, важна не выпускаць з-пад увагі этычны момант: ён у дадзеным выпадку выходзіць на першы план (паводле эстэтычных крытэрыяў гэтыя практыкі складана ацэньваць). Праекты такога кшталту канцэнтруюцца на канцэпцыі, а не на форме, таму многія ставяць пад пытанне прыналежнасць іх да мастацтва. Ацэнка ангажаванай творчасці павінна вынікаць з меркаванняў этычнага плана, бо гэтая творчасць умацоўвае сацыяльныя сувязі і садзейнічае памкненням да лепшага жыцця. Гэта мастацтва, па сутнасці, не падлягае крытыцы, паколькі нясе ў сабе хрысціянскую мараль і самаахвярнасць: мастак зракаецца сваёй творчасці на карысць іншых.

Сёння ў Беларусі адкрываюцца новыя выставачныя пляцоўкі, разлічаныя на зацікаўленых гледачоў, якія ўлучаны ў мастацкі працэс. Такія плошчы ствараюцца хутчэй для прафесійных груповак, з-за чаго звычайныя людзі пачуваюцца чужымі ў гэтым асяроддзі. Нашай арт-супольнасці бракуе «дыялагічных» практык, якія растваралі б мастацтва ў соцыуме. Магчыма, калі б творцы больш вучыліся ў «рэальнасці» і рабілі яе часткай сваёй працы, колькасць зацікаўленых у мастацтве людзей значна б павялічылася.

Вікторыя Гулевіч