Кнігі для разумнага разглядання

№ 4 (349) 01.04.2012 - 01.01.2005 г

Яўген Кулік — графік і даследчык

/i/content/pi/mast/55/923/6.jpg

Ілюстрацыя да рамана Уладзіміра Караткевіча
«Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Папера, туш. 1978.

У мінскай галерэі «БелАрт» працавала выстава «Кніжнік», на якой былі прадстаўлены творы мастака і асветніка Яўгена Куліка. Назва адпавядала характару экспазіцыі: у ёй была паказана толькі частка творчай спадчыны Куліка — яго ілюстрацыі да кніг.

Мастак пайшоў ад нас у 2002-м — якраз да гэтай дзясятай гадавіны была прымеркавана выстава. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у 1963-м, атрымаўшы адукацыю жывапісца (вучыўся ў такіх майстроў, як Альгерд Малішэўскі, Віталь Цвірка, Аляксандр Мазалёў і Леў Лейтман), аднак свядома становіцца графікам: праз гэты від мастацтва, прыдатны для дакументацый і рэканструкцый, лягчэй займець больш шырокую аўдыторыю. Творца асэнсавана ставіў сваё мастацтва на службу нацыянальнай ідэі.

Яўген Кулік — аўтар станковых серый, экслібрысаў і кніжных ілюстрацый. Некаторыя з іх і размясціліся ў невялікай зале галерэі Саюза мастакоў. Самыя раннія — афармленне «Слова аб паходзе Ігаравым» — выкананы ў 1963 годзе ў тэхніцы гуашы. Стыль будучага майстра толькі выпрацоўваецца, аднак ужо відавочныя моцная фармальная кампазіцыя і пошукі лаканічнага вырашэння. Графіка Куліка пазнаецца па асаблівым кшталце лініі, якая магла быць рухомай і спакойнай, лёгкай і моцнай, паветранай і цяжкаважнай — у залежнасці ад задачы, якую гэты творца вырашаў. Ён заўсёды вельмі строга падначальваў сродкі задуме, мэце твора. Аднак рацыянальны падыход не дамінаваў у яго работах, для якіх характэрны агульны рамантычны настрой, асаблівае лірычнае стаўленне да ўвасобленых сюжэтаў. Тонкі ілюстратар дзіцячай літаратуры, Кулік ствараў працы, якія запаміналіся неардынарнымі кампазіцыямі і калажнымі прыёмамі: маленькія чытачы маглі не толькі разгледзець малюнкі, але і пагуляцца ў іх — павярнуць кніжку, каб прачытаць слоўца... У «дарослых» выданнях мы пазнаем кулікоўскі стыль па дакладнасці дэталі, выверанасці рысы і фактуры. Працуючы ў асноўным у ручных тэхніках — туш, пяро, — ён дасягаў упэўненасці і рытмікі разца.

У знакавым для айчыннай графікі афармленні перакладу на беларускую мову кнігі Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» мастак строгі да драбніц і вольны ў сваіх рухах. Яго лінія, імклівая і плыткая, асабліва заварожвае, калі без адрыву пяра ад паперы, лёгка, з каліграфічным майстэрствам вымалёўваюцца абрысы дрэў, звяроў і людзей, сілуэты старой архітэктуры на далёкім плане аркушаў. Лінія стварае тэкстуры і фактуры матэрыялаў. Рытмізуе выявы агульным настроем. Мастак мог зрабіць твор не толькі гістарычна дакладным, але і авеяным лёгкім смуткам па старасветчыне, аўрай мінулых рамантычных часоў. Ён тонка стылізуе графіку пад старыя гравюры, уводзіць буквіцы.

У ілюстрацыях да кнігі Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» аўтар стварае выразныя кампазіцыі манументальнага гучання. Відавочна, што ён працуе над творам пад уражаннем рамана пісьменніка, ужываючыся ў дух эпохі і рытміку магутнага радка. Траплянне ў стыль абсалютна дакладнае, аркушы атрымаліся дасканалымі ва ўсіх сваіх элементах. У іх праявілася майстэрства Куліка ў стварэнні фармальных кампазіцый, любую з ілюстрацый можна смела пераводзіць у фрэску — і яна будзе арганічна глядзецца ў вялікім маштабе.

Майстэрства відаць па многіх чынніках, але яго высокі кшталт асабліва заўважны па той вольнасці ў змене стылістыкі, якая адбываецца дзеля дасягнення пастаўленай мэты. Таму спрыялі высокі інтэлект і эрудыцыя Яўгена Куліка. У мастацтве ён быў яшчэ і даследчыкам, глыбокім знаўцам гісторыі, аўтарытэтам сярод аднадумцаў. Займаўся гістарычнымі рэканструкцыямі: стварыў шэраг партрэтаў гістарычных асоб (князя Рагвалода, князёўны Рагнеды, Еўфрасінні Полацкай) і кампазіцыі, прысвечаныя драматычным падзеям нацыянальнай гісторыі, малюнкі гербаў (у суаўтарстве) магдэбургскага перыяду для кніг Анатоля Цітова «Гарадская геральдыка Беларусі» і «Геральдыка беларускіх местаў». У 1970-я гады з’яўляюцца найбольш значныя яго графічныя серыі: «Помнікі дойлідства Гарадзеншчыны» (1974), «Замкі Беларусі» (1977). У малюнках, прысвечаных беларускай архітэктуры, Кулік услед за Напалеонам Ордам стварае вобразы помнікаў, якія захаваліся, але таксама і разбураных і знішчаных. Яго мастацкія рэканструкцыі валодаюць вартасцямі гістарычнай дакладнасці і неаднаразова друкаваліся ў навуковых выданнях. Не абышоўся без рэканструкцый Яўгена Куліка і гісторык Міхась Ткачоў у сваёй вядомай кнізе «Замкі Беларусі».

Менавіта Кулік стаў ініцыятарам выстаў, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння Цёткі (1976) і 500-годдзю Міколы Гусоўскага (1980), ён папулярызаваў і даследаваў мастацтва Язэпа Драздовіча і Алены Кіш, чэрпаючы тэмы і вобразы і для ўласных твораў.

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва