Заснавальнік - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Выдаецца са студзеня 1983 года
Святлана Анікей
Актрыса, якая марыць сыграць Абломава
У пошуках зніклага часу
Перспектывы «Зваротнага адліку»
Інстынкт творчасці
Метафарычная вобразнасць Аляксандра Салаўёва
Эцюды пра каханне
Любімыя ролі Бэлы Масумян
Празрыстае трыенале
Міжнародны фестываль шкла
Агіткі і кветкі
8 Сакавіка на паштоўках
Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by
   

  
/i/content/pi/mast/54/912/16.jpg
Дырыжуе Міхаіл Фінберг
Напярэдадні свайго 25-годдзя Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пры падтрымцы Мінгарвыканкама ажыццявіў ХХІІІ музычны праект «Мінскі джаз-2012».

Скажам адразу: свята адбылося. Нават кампазіцыі, якія гучалі цягам трох дзён, былі літаральна адна ў адну — радасныя, энергічныя, прыўзнятыя па духу. Як заўсёды, такога свята было замала, хацелася, каб яно доўжылася і доўжылася, — таксама адзін з паказальнікаў, што ўсё ўдалося.

Першы вечар падарыў сустрэчу з творамі ХХІ стагоддзя, якія яшчэ не выконваліся на постсавецкай прасторы. Гэтую лінію — «Новы сусветны джаз» — маэстра Фінберг падтрымлівае і развівае ўжо некалькі сезонаў, што мае добрыя вынікі і для публікі, і для саміх артыстаў. А тое, што аркестр ледзь не спрэс складаецца з салістаў экстра-класа, пацвердзіў і другі канцэрт — «Лепшая калекцыя джаза», падчас якога адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў, ужо шостая па ліку. Сёлета званнем «Лепшы джазмен года» і прэміяй у тысячу долараў былі адзначаны адразу двое музыкантаў аркестра: саксафаніст Андрэй Кляшчоў і трубач Дзмітрый Ціхановіч.

Гэтыя прэміі — цалкам заслуга Міхаіла Фінберга. Ці шмат ёсць калектываў, дзе па выніках года вызначаўся б лепшы супрацоўнік? Маэстра ўмее падбіраць кадры — і надалей апякуе музыкантаў, як членаў сваёй сям’і. Для кожнага з іх аркестр становіцца далейшай школай удасканальвання майстэрства — асабліва ў джазе, якому ў той жа Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, адкуль прыходзіць таленавітая моладзь, не навучаюць.

Ды ўсё ж галоўнымі дзейнымі асобамі канцэрта сталі не яны, а сусветна знакамітыя джазавыя кампазіцыі ХХ стагоддзя, якія ўвайшлі ў «Лепшую калекцыю...». Вядома, адно з ганаровых месцаў у гэтым своеасаблівым «хіт-парадзе» заняў легендарны аркестр Эдзі Рознера — Дзяржджаз Беларусі, заснаваны 1 студзеня 1940 года на аснове аднаго з трох джазавых калектываў Беластока, далучанага да Савецкай Беларусі ў 1939-м. Слухаючы заўзятыя сола Валерыя Шчарыцы, дзе найноўшыя выканальніцкія прыёмы спалучаліся з яркай гукавой каларыстыкай і прыгажосцю, можна было пераканацца: рознераўскі дух не проста жыве ў нашай культуры, ён дае новыя парасткі, ад якіх папраўдзе дух займае.

Фінальны фестывальны канцэрт, як заўсёды, быў аддадзены гасцям. На гэты раз да нас прыехаў «Новы літоўскі біг-бэнд» пад кіраўніцтвам Яраслава Цехановіча з праграмай «Еўрапейскі джаз». Насамрэч гэта былі тры праграмы ў адной. Спачатку — больш традыцыйная, з амаль пастаяннымі сола трамбона ці спевамі (гэткім хрыплавата-пяшчотным, вельмі стыльным мурлыканнем) трамбаніста Скірмунтаса Сасноўскага. Потым, калі дырыжорскае месца заняў малады саксафаніст Рэмігіус Ранчыс, — больш пярэстая па стылях. Нарэшце, калі на сцэну выйшла салістка Неда, — увогуле рознакаляровая, але аб’яднаная магіяй яе асобы.

Музыка самога Цехановіча, у параўнанні з іншымі кампазіцыямі, вылучалася мяккасцю, пастэльнасцю, «рэтушаванасцю» фарбаў. Дарэчы, Яраслаў Цехановіч, уладальнік ордэна «За заслугі перад Літвой», мае беларускія карані: ягоная бабуля — родам з Гомеля. Дый на Беларусі ён апынуўся не ўпершыню: шэсць гадоў таму ўжо прыязджаў да нас па запрашэнні Міхаіла Фінберга, удзельнічаў у такім жа фестывалі, але з аркестрам радыё Літвы. Цяперашні ж калектыў склаў пераважна са сваіх вучняў — студэнтаў і выпускнікоў Вільнюскай кансерваторыі, дзе з’яўляецца дацэнтам. Сумяшчаючы ў сваёй асобе не толькі мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора, але яшчэ і дырэктара, прадзюсара, адміністратара і трубача калектыву, Цехановіч увасабляе тып памяркоўнага мастака, у якога творчы працэс настолькі адладжаны, што ідзе быццам сам сабой, без аніякіх намаганняў і «бурнай дзейнасці» з боку кіроўцы. Ну, проста «шчыры беларус», дый толькі!

Неда ж, само імя якой быццам саткана з «адмаўлення» (Не-) і рускамоўнага «пагаднення» ці беларускага «імкнення» (-да), стварыла на сцэне сапраўднае тэатралізаванае дзеянне. Яна літаральна фантанавала рознымі вакальнымі манерамі — ад шэпту да адмысловага мармытання і ледзь не птушынага «клёкату», ад амаль італьянскага belcanto да «белага» гуку, які бывае хіба ў аўтэнтычным фальклоры, і нават да «цыганшчыны». Але элементы кожнага з кірункаў былі настолькі дробнымі, што іх кантраст прыводзіў да дзівоснай гармоніі. Такой жа нязвыклай аказалася яе манера ігры на флейце — часам разам са спевамі (гэты найскладаны авангардны прыём, які выкарыстоўваецца ў сучаснай духавой музыцы, разлічаны толькі на добра падрыхтаваных выканаўцаў), часам — з наўмысным плясканнем вуснамі, з пастаянным рухам па сцэне і ў зале, з адмысловымі «падтанцоўкамі», што станавіліся натуральным працягам гучання, яго візуальным увасабленнем. Фінальная ж кампазіцыя, выкананая на біс, сталася зусім іншай версіяй той, што прагучала, а таксама адлюстраваннем сапраўднай джазавай імправізацыйнасці і, больш за тое, суцэльнай эстэтыкі мастацкай свабоды.

Неда раптам настолькі пашырыла звыклую фестывальную завядзёнку, што вымусіла задумацца: чаму ў Беларусі ўсяго адзін джазавы фестываль? Ды і то, паводле вызначаных Міністэрствам культуры параметраў, — не зусім фестываль, а ўсяго толькі музычны праект, ініцыяваны самім творчым калектывам і яго нястомным кіраўніком. Няўжо нікому, акрамя Міхаіла Фінберга і тых, хто падтрымлівае яго пачынанні, джаз не патрэбны? І як тады быць з безліччу сучасных джазавых кірункаў і складаў? Яны ж закранаюць не толькі мастацтва біг-бэнда, якое дэманструе нам непераўзыдзены, прызнаны ў свеце Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, але і самыя розныя, часам нязвыклыя ансамблевыя спалучэнні. Фінберг робіць усё, што ад яго залежыць, і нават куды больш. Але для далейшага развіцця джаза ў Беларусі патрэбны і разнастайныя эксперыментальныя ансамблевыя праекты. Яны ў нас ёсць, але тыя, што чагосьці вартыя, выступаюць часцей у замежжы. Можа, правядзенне ў нас яшчэ і Міжнароднага джазавага фестывалю дапаможа рабіць рэгулярныя агляды таго, што маем мы, і таго, што найбольш перспектыўна ў сучаснай сусветнай прасторы? Дзеля руху наперад — па ўсіх накірунках.

 Надзея Бунцэвіч

Падзяліцца

Апошнія матэрыялы ў рубрыцы:

Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by

Новы нумар

АРХІЎ
часопіса "Мастацтва"

АЎТАРЫ
часопіса "Мастацтва"

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова
"Культура і мастацтва"

© 2013-2024 «Мастацтва». Зроблена ў «Вэбпрофі»