Няспешны дыялог

№ 3 (348) 01.03.2012 - 31.03.2012 г

Камерная выстава графікі

«Зачараванне графікай» — пад такой назвай у Нацыянальным мастацкім музеі экспанавалася выстаўка Паўла Любамудрава і Леаніда Марчанкі. У адной прасторы сустрэліся творы настаўніка і вучня — прадстаўнікоў двух розных пакаленняў. Іх няспешны дыялог не толькі стварыў асаблівую камерную атмасферу вернісажу, але і чарговы раз засведчыў: выявіць свой час так поўна і пераканальна, як гэта зрабілі ўдзельнікі выстаўкі, могуць толькі шчырыя і сапраўдныя таленты. Рэалізаваліся ж яны па-рознаму...

/i/content/pi/mast/54/910/12.jpg

Павел Любамудраў. Старое дрэва. Папера, шклограф. 1947.

Павел Любамудраў — знакавая персона ў гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва: заслужаны дзеяч мастацтваў, прафесар, ён стаяў ля вытокаў сучаснай мастацкай адукацыі, быў адным з заснавальнікаў творча-педагагічнай школы станковай і кніжнай графікі. З дня ўтварэння і на працягу 25 год Любамудраў выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, кіраваў эстампнай майстэрняй, і гэты перыяд стаў эпохай у развіцці тыражнай графікі. Багата адораны ад прыроды і выдатна адукаваны (да вайны вучыўся ў Ленінградскім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры, у 1949 годзе скончыў Мастацкі інстытут імя Васіля Сурыкава ў Маскве), мастак цалкам аддаваў сябе вучням. Гэта толькі падчас вучобы студэнты ўсміхаліся, пабачыўшы «вечны» тэрмас Паўла Канстанцінавіча, без якога ён не прыходзіў у інстытут, абураліся, калі ў дзясяты (дваццаты? соты?) раз прымушаў выконваць адно і тое ж заданне... Пазней, дасягнуўшы сталасці, яны ўсведамлялі, што не толькі і не столькі прафесіі вучыў іх настаўнік, колькі — перш за ўсё! — стаўленню да працы, адданасці мастацтву. І гэтыя ўрокі Любамудрава, чалавека бескампраміснага і надзвычай патрабавальнага, які сам, здаецца, жыў у інстытуце і шчыра не разумеў, нашто даюцца людзям святы і выхадныя, запомніліся назаўсёды. Настаўніка з удзячнасцю згадваюць усе, хто ў яго вучыўся, а гэта Арлен Кашкурэвіч, Людвіг Асецкі, Эдуард Агуновіч, Вячаслаў Паўлавец, Міхаіл Моўчан, Сяргей Волкаў, Уладзімір Пашчасцеў, Рыгор Віткоўскі, Аляксандр Дзямарын, Міхаіл Макаранка, Юрый Герасіменка-Жызнеўскі, Генадзь Грак, Юрый Гудзіновіч, Пётр Драчоў, Пётр Лысенка, Юрый Кухараў, Генадзь Дзянісаў і многія іншыя.

Калі педагагічную дзейнасць Паўла Любамудрава памятаюць, дык яго асабістая мастацкая спадчына, на жаль, амаль забытая: і твораў захавалася няшмат, і паказваюцца яны рэдка. Тым больш цікава было пабачыць графічныя аркушы Любамудрава з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, якія аказаліся досыць рэпрэзентатыўнымі і нагадалі асноўныя тэматычныя і вобразна-пластычныя асаблівасці яго творчасці. Мастак маляваў вугалем, працаваў у тэхніцы літаграфіі, шклаграфіі, лінагравюры, ствараў сюжэтныя кампазіцыі, партрэты і пейзажы. Павел Канстанцінавіч быў перакананым рэалістам. Яго рэалізм, які вядзе пачатак ад першакрыніц рускай рэалістычнай школы ХІХ стагоддзя, намаганнямі майстра заставаўся жывым і творчым. Кожны аркуш удала спалучае высокія эстэтычныя якасці і непаўторную дакладнасць дакумента. Няма патрэбы нават глядзець на даты — на ўзроўні падсвядомасці відавочна: тое, што ўвасоблена ў графічных аркушах «У Сталінградзе» (1947), «Ленінград ваенны» (1949), «На пераправе» (1949), зроблена гранічна проста і пераканальна, і прыдумаць гэта нельга, можна толькі ўбачыць і занатаваць... Гледачы запыняліся каля графічных партрэтаў Любамудрава («Аўтапартрэт», 1950; «Партрэт жонкі», 1954—1956) — і нездарма: такіх твараў у натоўпе ўжо не сустрэнеш, ды і ўзровень малявання мастака — уважлівы, падрабязны, «аналітычны», з пранікненнем у псіхалогію асобы — калі хто з сучаснікаў і можа прадэманстраваць, дык часцей за ўсё не бярэ на сябе такі клопат: не модна... Тыя сціплыя дзевяць твораў, якія экспанаваліся на выставе, — не толькі пераканаўчы доказ майстэрства выдатнага графіка мінулага стагоддзя, але яшчэ адзін урок вучням: настаўнік застаецца настаўнікам заўжды...

/i/content/pi/mast/54/910/13.jpg

Леанід Марчанка. Возера Чаросава. З серыі «Зямля і людзі».Афорт. 1980.

Леанід Марчанка ўсё рабіў грунтоўна, сур’ёзна і няспешна, нібы праграмаваў свой лёс на доўгае творчае жыццё — як балюча, што менавіта гэта і не здзейснілася...

Яго шлях у прафесійнае мастацтва быў доўгім: спачатку хлопчык займаўся маляваннем у студыі Барыса Бяляева Бабруйскага дома піянераў, потым па настойлівай парадзе настаўніка паехаў вучыцца ў Пензенскае мастацкае вучылішча імя Канстанціна Савіцкага і апынуўся ў атмасферы мастацтва ўжо сапраўднага, «дарослага»: тут у розны час выкладалі скульптар Канстанцін Клод, жывапісцы Аляксандр Вахрамееў, Мікалай Пятроў, нядаўнім дырэктарам быў Іван Горушкін-Саракапудаў, а ў музеі вучылішча размясціліся арыгіналы Ільі Рэпіна, Ісаака Левітана, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Пасля заканчэння вучобы ў Пензе малады мастак два гады выкладаў малюнак у адной са школ Чалябінскай вобласці і толькі потым вярнуўся ў Беларусь, дзе паступіў на графічнае аддзяленне БДТМІ. А тут прыспеў час служыць у арміі — інстытут Леанід скончыў ужо чалавекам сталым. Але вучыцца не перастаў. Пра гэта згадваюць усе. Леанід Марчанка вучыўся ў сваіх інстытуцкіх педагогаў — у Паўла Любамудрава, Арлена Кашкурэвіча, Людвіга Асецкага, Аляксандра Казлоўскага — і гэта зразумела. Ён вучыўся ў старэйшых і больш вопытных калег: усё жыццё творчае сяброўства звязвала яго з Георгіем Паплаўскім — і гэта таксама зразумела. Але Леанід Марчанка вучыўся і ў сваіх аднагодкаў, і ў маладзейшых, заўсёды з удзячнасцю ўспрымаў парады і крытыку. Ці не было гэта адваротным бокам яго празмернай адказнасці, імкнення да дасканаласці?

Першыя гады самастойнай працы, няпростыя для кожнага творцы, былі складанымі і для Марчанкі. Ён уваходзіў у беларускую графіку ў 1970-я — перыяд, калі айчыннае мастацтва шукала альтэрнатыву адыходзячаму ў мінулае «суроваму стылю», і рабіў гэта даволі сціпла: не было ні захопленых водгукаў крытыкі, ні асабістай упэўненасці, што атрымліваецца задуманае. Патрабаваўся час, каб вызначыць і сваю тэму, і сваю мову. Мастак спрабаваў сілы ў малюнках алоўкам і вугалем, працаваў у літаграфіі, ствараў партрэты, сюжэтныя кампазіцыі, але, як сведчыць выстава, знайшоў сябе ў пейзажным афорце. І вызначальную ролю ў гэтым адыгралі яго бясконцыя падарожжы.

Марчанка шмат ездзіў па той, вялікай краіне: і таму, што гэта вельмі захапляла яго лёгкую на пад’ём, актыўную натуру, і таму, што ў тыя часы мастакі ўвогуле падарожнічалі часта — творчыя паездкі, экспедыцыі ў самыя неверагодныя месцы з эцюднікамі лічыліся неад’емнай часткай прафесіі. На падставе накідаў, падрыхтоўчых матэрыялаў, назапашаных падчас падарожжаў, Марчанка ўжо ў майстэрні ствараў вялікія серыі графічных аркушаў, частка твораў з цыклаў «Мой край азёрны» (1977—1978), «Зямля і людзі» (1980), «Палярны круг» (1982), «Па Туркменіі» (1987), «Край Нарачанскі» (1989—1990) і іншыя экспанавалася на выставе. Магчыма, менавіта тады, зазірнуўшы ў высокае калюча-ледзяное паўночнае неба, удыхнуўшы духмяную вастрыню высушаных гарачым сонцам паўднёвых траў, здзівіўшыся нязвыкла-вычварнай горнай панараме ці някідкаму, шчымліва-знаёмаму беларускаму краявіду, мастак адчуў сваю датычнасць да адвечнага і няўлоўнага жыцця прыроды, якое і стала галоўнай тэмай яго творчасці.

Графічныя пейзажы Леаніда Марчанкі пазбаўлены драматычных калізій — позірк майстра на наваколле прасякнуты добрым пачуццём гарманічнасці сусвету, яго лірычны талент спрыяе стварэнню кампазіцый простых і, на першы погляд, ледзь не казачна-наіўных. Але ў лепшых з іх мастак будуе сваю мадэль быцця, па-філасофску выказвае сваё ўяўленне аб мікра- і макракосме. У аркушах сталых гадоў Леанід Марчанка часта абірае пункт гледжання нібы з вышыні птушынага палёту і раскрывае перад гледачом бясконцую прыгажосць роднай зямлі, яе абсалютную самадастатковасць, бо там, удалечыні, за люстэркам возера, за дрэвамі, нават за знаёмымі дахамі мінскіх дамоў усё нібы і заканчваецца — гарызонт скругляецца, пераўтвараючы тое, што мы бачым, у асобную планету. А на першым плане буяюць травы, кветкі, лісце — усе яны, безумоўна, убачаныя ў натуры, патрабуюць доўгага і ўважлівага разглядвання.

Сапраўдным упрыгожаннем выстаўкі сталі афорты 1990-х гадоў: «Глубелька», «Бярэзіна», «Глыбокае», «Бераг Нарачы», «Вечар. Возера Белае». Тут, у апошніх сваіх творах, што набылі асаблівую вытанчанасць і ледзь прыкметны сум, Леанід Марчанка прадэманстраваў рэдкую тэхнічную дасканаласць: яго афорты, якія крытыкі неаднойчы называлі серабрыстымі, нібы сапраўды выпраменьваюць унутранае святло, паказваюць разнастайнасць танальных суадносін. Мастак любіў афорт, адчуваў яго магчымасці і заўсёды ствараў яго ўласнымі рукамі, ён, перфекцыяніст ад прыроды, увогуле рабіў усё ў сваім жыцці сам: будаваў дом, абсталёўваў майстэрню, ладзіў рамкі, выразаў шкло і паспарту.

Графіка, як вядома, мастацтва чорнага і белага, але графік можа быць і адораным каларыстам — аб гэтым пераканаўча сведчылі акварэлі Марчанкі «Бэз», «Восеньскі матыў», «Туман», «Возера Белае» і іншыя.

Экспазіцыя ў Нацыянальным мастацкім музеі была прысвечана 70-годдзю Леаніда Марчанкі. Майстар пайшоў ад нас, не дажыўшы і да 55-ці. Такім яго і запомнілі — у росквіце сіл і таленту, добрага і ветлівага... Творы графіка захоўваюцца ў прэстыжных зборах у краіне і за яе межамі. А ў сучасным беларускім мастацтве адметна і цікава працуе дачка Наталля.

Алена Пікулік