Сцены і сцэна для сучаснага арта

№ 3 (348) 01.03.2012 - 31.03.2012 г

Апытанне часопіса

/i/content/pi/mast/54/908/t-n.jpg
Міхаіл Гулін, Антаніна Слабодчыкава. Ускрыццё жанчыны. аб'ект. 2010.
Праглядаючы нашы часопісы пяцігадовай даўніны, натрапляеш на адны і тыя ж нараканні: галерэй не хапае, знакавых падзей не адбываецца, няма нават месца, дзе паказаць маштабны твор...

Калі ў Мінску з’явіліся сапраўды маштабныя праекты, плошча для іх знайшлася даволі нечаканая. Напрыклад, у 2008 годзе Пасольства Італіі прэзентавала інсталяцыю Мікельанджэла Пісталета, якая размясцілася ў Нацыянальнай школе прыгажосці, там жа праз два гады прайшла адна з выстаў фестывалю ART.INTOUCH: для буйнафарматных прац і аб’ектаў цяжка было знайсці адэкватнае памяшканне. Але не толькі ў памеры справа. Як правіла, фестывалі і паказы найноўшага мастацтва суправаджаюцца культурнай праграмай (лекцыямі, дыскусіямі і абмеркаваннямі), яны патрабуюць адпаведнага абсталявання для прэзентацыі і дакументацыі. Так было і на «Беларускім павільёне 53-га Венецыянскага біенале» ў Мінску («БелЭкспа»), дзе трыццаць мастакоў экспанавалі свае новыя работы. Паводле куратараў, беларускае актуальнае мастацтва было ўпершыню паказана ў такім вялікім і поўным аб’ёме. Выставу суправаджала дыскусійная праграма. У імпрэзы былі дзве мэты: зрабіць прэзентацыю актуальнага мастацтва і засведчыць неабходнасць удзелу краіны ў Венецыянскім біенале. Абедзве мэты былі дасягнуты. На сапраўдным біенале (праз два гады) пра ініцыятараў, праўда, «забыліся», аднак краіна пачала адлік свайго ўдзелу ў гэтым прэстыжным міжнародным форуме. Апошняя выстава сучаснага мастацтва ў цэху завода «Гарызонт», дзе пятнаццаць удзельнікаў запоўнілі сваімі творамі пакінутае індустрыяльнае памяшканне, засведчыла дасягненне крытычнага ўзроўню: фармат мастацкіх твораў, ідэй і амбіцый іх аўтараў даўно перарос магчымасці мясцовых арт-пляцовак і патрабуе новых — сучасных — стратэгій прэзентацыі, курыравання і даследавання, іншых умоў для міжнароднай камунікацыі.

І тут сапраўды можна не вынаходзіць веласіпед: усе гэтыя функцыі згрупаваны
ў такой інстытуцыі, як Цэнтр сучаснага мастацтва. Стварыць своеасаблівы аналаг ЦСМ спрабуе галерэя «Ў», што працуе не толькі як выставачная зала, але і як дыскусійна-адукацыйная пляцоўка, аднак да маштабу арт-кластара ёй, канешне, далёка. Падобныя формы на постсавецкай прасторы развіваюцца ўжо на працягу дваццаці гадоў,
у Маскве і Кіеве такіх інстытуцый некалькі. Неабходнасць іх стварэння разумеюць
і ў нашай краіне. Працуе віцебскі Цэнтр сучаснага мастацтва, пры канцы мінулага
года адбылося афіцыйнае адкрыццё Творчых майстэрняў «Цэнтр сучасных мастацтваў» пад кіраўніцтвам Віктара Альшэўскага. Аднак сама назва выставы-прэзентацыі «Праз класіку да сучаснасці», акрэсленая кіраўніком як абраны курс, а таксама характар прапанаванай экспазіцыі ставяць пад сумненне стратэгію на развіццё менавіта найноўшага мастацтва. Будучую Усебеларускую выстаўку сучаснага мастацтва, ініцыяваную Міністэрствам культуры, мяркуецца правесці ў выставачным цэнтры «БелЭкспа», хоць даўно зразумела, што і ў мастакоў павінна з’явіцца ўласнае памяшканне, адэкватнае маштабу і формам іх творчай рэалізацыі. Цэнтры могуць існаваць розныя: дзяржаўныя і прыватныя, сталічныя і рэгіянальныя. Матэрыялы, вынесеныя на адкрыццё сакавіцкага нумара часопіса «Мастацтва», маюць на мэце высветліць, якія патрабаванні высоўваюць удзельнікі арт-працэсу да гэтай інстытуцыі. Мы папрасілі падзяліцца меркаваннямі людзей, кампетэнтных у сферы найноўшага мастацтва. Былі прапанаваны наступныя пытанні:

1. Для чаго нам патрэбны Цэнтр сучаснага мастацтва?

2. Якія функцыі павінна выконваць
гэта інстытуцыя?

3. Людзі з якой кампетэнцыяй могуць фарміраваць культурную палітыку Цэнтра сучаснага мастацтва? Якой вы бачыце каманду, здольную прафесійна заняцца арганізацыяй падобнай інстытуцыі ў Беларусі і кіраўніцтвам ёю?

 

/i/content/pi/mast/54/908/2b.jpg
Дзяніс Барсукоў. Авія. лічбавая графіка. 2009.
Дзяніс Барсукоў

Мастак (займаецца жывапісам, лічбавай графікай, арт-аб’ектамі), мастацтвазнаўца, куратар выстаў, галоўны спецыяліст упраўлення мастацтва Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь.

1. Беларусі, як еўрапейскай краіне, неабходна развівацца ў кантэксце сучасных арт-практык. Нашы творцы здольныя ўспрымаць найноўшыя тэндэнцыі сусветнага мастацтва, па-новаму асэнсоўваць іх і на падмурку нацыянальнай культуры ствараць арыгінальныя творы сучаснага мастацтва.

2. Асноўная задача Цэнтра — развіццё сучаснага актуальнага мастацтва ў нашай краіне, падтрымка ініцыятыў беларускіх куратараў, мастацтвазнаўцаў, мастакоў, а таксама папулярызацыя сучаснага мастацтва сярод шырокай аўдыторыі.

3. Безумоўна, арганізацыяй дзейнасці Цэнтра павінны займацца прафесіяналы, як тэарэтыкі, так і практыкі, якія маюць досвед удзелу ў замежных мерапрыемствах сучаснага мастацтва, арганізацыі ўласных буйных арт-праектаў і, што немалаважна, ведаюць гісторыю і сучасны стан актуальнага мастацтва.

Павел Вайніцкі

Мастак, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры дызайну архітэктурнага асяродка БНТУ, куратар шматлікіх выставачных праектаў, памочнік куратара Беларускага павільёна 54-га Венецыянскага біенале.

/i/content/pi/mast/54/908/2.jpg
Павел Вайніцкі. Бульбяны бюст. Бульба, металічная канструкцыя. 2010.
1.
У Беларусі працуе Цэнтр сучаснага мастацтва ў Віцебску, заяўлена пра стварэнне падобнай установы ў Мінску. Інстытуцыі такога кшталту ніколі не будуць залішнімі. Асабліва сёння.

2. Гэта складаныя пытанні, якія вымагаюць доўгіх і грун-
тоўных разважанняў. Паспрабую адказаць максімальна каротка.

Мне бліжэй ідэя адукацыйнага цэнтра, бо ўзровень лакальнага мастацкага працэсу катэгарычна неадэкватны сучасным сусветным рэаліям. Найперш патрэбны праграмы, адрасаваныя як грамадскасці, так і самім творцам. Для апошніх не было б залішнім запрасіць у Беларусь сапраўдных зорак сучаснага мастацтва, вядучых творцаў, тэарэтыкаў і куратараў. Лекцыі, майстар-класы, варкшопы, канферэнцыі і семінары з іх удзелам шмат зробяць для таго, каб ажывіць, стымуляваць, запаліць тутэйшую сітуацыю/стагнацыю.

Сацыяльная, грамадская місія ЦСМ — на першым плане. Пажадана стварыць адукацыйнае асяроддзе, якое б спрыяла прапагандзе і папулярызацыі сучаснага мастацтва сярод усіх слаёў грамадства. Па сутнасці, Цэнтр павінен спрыяць узаемадзеянню, дыялогу паміж вытворцамі і спажыўцамі сучаснага мастацтва — раскрываць мастакоўскія ідэі грамадскай супольнасці і стымуляваць сацыяльны дыскурс у межах мастацкай праблематыкі. Формаў для такой дзейнасці шмат: лекцыі, фільмы, класы для дзяцей і дарослых, туры па выставах сучаснага мастацтва, інтэграваныя ў нацыянальную сістэму адукацыі праграмы, адрасаваныя школьнікам, навучэнцам, студэнтам і выкладчыкам, праца ў віртуальнай прасторы — спіс можна доўжыць.

І, на мой погляд, функцыі ўжо другога ўзроўню — выставачная, куратарская дзейнасць — падтрымка прагрэсіўных і эксперыментальных тэндэнцый; аналітычная і навуковая праца па выяўленні і даследаванні новых тэндэнцый і аўтараў; стварэнне архіва і калекцыі беларускага мастацтва.

3. Ідэальна — прафесіяналы, якія маюць адпаведную падрыхтоўку і досвед. Улічваючы беларускую спецыфіку — дастаткова базавых уяўленняў аб сучасным мастацтве, але вельмі важныя энтузіязм, альтруізм і жаданне вучыцца. У ходзе функцыянавання ЦСМ вопыт і веды з’явяцца.

/i/content/pi/mast/54/908/2g.jpg
Міхаіл Гулін. Мангол Шуудан. Алей. 2011.
Міхаіл Гулін

Мастак, аўтар жывапісных работ, аб’ектаў і інсталяцый, перформер і куратар арт-праектаў.

1. Цэнтр сучаснага мастацтва неабходны! І гэта павінен быць не нейкі кампрамісны варыянт, што мае назву Музей сучаснага выяўленчага (?) мастацтва ці Цэнтр сучасных мастацтваў (у множным ліку). Патрэбна інстытуцыя, якая цалкам засяродзіцца на праблематыцы толькі актуальнага мастацтва, будзе спрыяць яго папулярызацыі, выхаванню маладых мастакоў, куратараў, крытыкаў і іх далейшай інтэграцыі ў сусветны арт-працэс.

2. Вельмі важнай мне бачыцца асветніцкая функцыя і адукацыйная роля Цэнтра. Не трэба забываць: многія людзі сваё асабістае невуцтва спрабуюць прыкрыць міфамі пра місію захавання традыцый. А адсутнасць цікавасці ў народа да сучаснага мастацтва вытлумачваюць як аб’ектыўны факт, які пацвярджае, што ўсё гэта нам чужое і навязваецца звонку. Насамрэч шмат у чым гэта проста пытанні выхавання.

3. Для пачатку неабходна шмат кансультавацца з замежнымі калегамі, якія маюць патрэбны досвед. Ёсць многа ўдалых прыкладаў у нашых суседзяў — Замак Уяздоўскі ў Варшаве, Цэнтр сучаснага мастацтва ў Вільнюсе, Пінчук-арт-цэнтр у Кіеве і г.д. Неабходна прывозіць сур’ёзныя, маштабныя выставы, каб беларускі глядач мог убачыць найноўшыя тэндэнцыі сучаснага мастацтва ўласнымі вачамі і меў магчымасць параўнаць. Тады і крытыка мясцовага кантэксту была б актуальнай і канструктыўнай. І больш складана зрабілася б выдаваць за сучаснае мастацтва тую вадкую нясмачную поліўку, якой нас кормяць шматлікія беларускія інстытуцыі.

У той жа час у камандзе ЦСМ павінны прысутнічаць людзі амбіцыйныя, таму што задача іх дастаткова няпростая: фармаванне і стварэнне такога феномена, як беларускае сучаснае (найноўшае) мастацтва. Бо пакуль у нас ёсць асобныя яркія персоны, але няма з’явы. Для мяне таксама важна, каб працаўнікі Цэнтра мелі выразныя асабістыя прыхільнасці ў мастацтве — каб не было выпадковых людзей! Гэта часта бывае ў Беларусі, калі габеленшчык па спецыяльнасці, які абараніў кандыдацкую дысертацыю па драўлянай архітэктуры ХVІІІ стагоддзя і любіць Хруцкага, піша артыкул пра тэндэнцыі ў актуальнай фатаграфіі толькі таму, што ў яго дома ляжыць добры фотаапарат.

Ларыса Міхневіч

Мастацтвазнаўца. Даследчык авангарда і сучаснага мастацтва, удзельнік міжнародных
канферэнцый. Аўтар шматлікіх публікацый у беларускім і замежным (у Расіі, Ізраілі, Польшчы, Італіі) друку. Куратар выстаў, камісар Беларускага павільёна 51-га Венецыянскага біенале.

1. Чым мы горшыя за людзей, якія гэткія Цэнтры маюць? Цэнтр сучаснага мастацтва на Беларусі неабходны, каб мне гэткіх пытанняў больш не задавалі.

2. Нічога надзвычай складанага ў структуры Цэнтра сучаснага мастацтва няма. Маскоўскі і кракаўскі Цэнтры, напрыклад, любяць свае структуры выкладваць на рэкламных праспектах. Мы ж не збіраемся наноў вынаходзіць ровар, нам проста патрэбны свой уласны PinchukArtCentre.

Наша праблема ў тым, што мы спазніліся з яго адкрыццём у Мінску гадоў гэтак на дваццаць, а калі прыгадаць польскі вопыт — ці не на трыццаць. Палякі спачатку заснавалі музей сучаснага мастацтва, але засталіся незадаволенымі. Бо асноўная мэта і функцыя музея — стварэнне калекцыі і яе абслугоўванне (навуковая праца, захаванне, развіццё, лекторый). Між іншым, досвед колішняй вельмі прадстаўнічай навуковай канферэнцыі па пытаннях ідэнтыфікацыі і музеефікацыі авангарда (Рускі музей) засведчыў: авангард загінуў менавіта тады, калі пачаў займацца ўласнай музеефікацыяй. Таму не трэба пераўтвараць у бронзу жывы працэс. Калегі з Польшчы зразумелі і паспрабавалі стварыць нешта іншае. Атрымалася не адразу, сёння мала хто памятае прозвішча першага дырэктара Цэнтра. «Выбух» адбыўся ў сярэдзіне 1980-х, калі ў Варшаву на грандыёзную акцыю з’ехаліся ці не ўсе тагачасныя першыя асобы сусветнай арт-сцэны. Міжнародная выставачная дзейнасць хутка зрабілася галоўным кірункам працы Цэнтра, а вакол яе будаваліся і асветніцкія мерапрыемствы. Цікава, што варшаўскі Цэнтр не планаваў мець уласную калекцыю, але яна стварылася сама сабой, без грошай — і сёння вельмі ўскладняе дзейнасць установы. Аддаваць каму-небудзь як быццам не з рукі, а для яе абслугоўвання бракуе часу і плошчаў.

Кіеўскі вопыт быў крыху іншым. У перабудовачныя часы там стварылі некалькі часопісаў. Распачалі міжнародныя праекты, яшчэ даволі кволыя. Да іх наважыўся ездзіць амерыканскі галерыст, продкі якога родам з Украіны. Ён стаў вывозіць мясцовыя выставы ў Амерыку. Паступова ўзнікла ідэя аб неабходнасці стварэння Цэнтра сучаснага мастацтва. Цікава, што каб знайсці дырэктара, яны — праз пасольствы! — абвясцілі міжнародны конкурс. Кіеву пашанцавала, бо маглі і не адшукацца ахвотнікі. Адным з дырэктараў Цэнтра сучаснага мастацтва Сораса стаў амерыканскі мастацтвазнаўца з украінскімі каранямі — таму яму было цікава. Юрый Онух меў вольны і моцны характар. Спачатку на яго крыўдавалі літаральна ўсе тамтэйшыя творцы. Калі яго гэта ўсё ж такі засмучала, Юрый ездзіў баляваць і па-сяброўску пляткарыць у польскія Валілы да Лявона Тарасевіча, з якім быў знаёмы па нейкім еўрапейскім праекце.

У 1992-м эстонцы заснавалі ў Пярну музей сучаснага мастацтва, але ад музея там была толькі шыльда: ён працаваў як Цэнтр. Важныя моманты: музей меў грашовую незалежнасць, бо здаваў у арэнду частку перададзеных яму памяшканняў. Меў вольны выхад на тэлебачанне. Ну, і самае галоўнае: праз сяброўскія сувязі, на дабрачыннай падставе ён меў замежнага куратара — знакамітага англійскага мастацтвазнаўцу, які зрабіў музею шыкоўную міжнародную прамоцыю. Далейшыя мастацкія падзеі ў Таліне нас здзіўляць ужо не павінны.

Рабіце высновы самі.

Усе стратэгіі і тактыкі сучаснай культуры маюць міжнародны кантэкст. Адсюль і функцыі Цэнтра. Хочацца паветра, прасторы. Хочацца проста добрай выставачнай залы, якой на Беларусі да гэтага часу няма.

Ну, і яшчэ трэба памятаць, што Цэнтр сучаснага мастацтва — гэта не найноўшы творчы Эдэм, дзе ўсе пытанні будуць вырашаны раз і назаўсёды. Справай выхавання павінны займацца адпаведныя ўстановы. Значную частку праблем прапаганды, дыскурсу, рэкламы і г.д. мусіць узяць на сябе часопіс па сучасным мастацтве, якога ў нас да гэтага часу няма. Гісторыя авангарда, гісторыя стварэння гэткіх Цэнтраў у нашых суседзяў сведчыць: без друкаваных сродкаў — аніяк. Паколькі мы ва ўсім спазняемся, то можам ствараць іх адначасова.

3. Супрацоўнікі Беларускага Цэнтра сучаснага мастацтва павінны быць прыгожымі, зграбнымі, дасведчанымі, адукаванымі, выхаванымі, ветлівымі. Павінны любіць прафесію, мастацтва, Радзіму, народ. Высока несці сцяг сучаснай культуры і шанаваць сваіх папярэднікаў.

Ірына Саламаціна

Па родзе сваёй дзейнасці — «практычны гуманітарый»: прыярытэтнай для яе з’яўляецца
менавіта практыка. Час ад часу займаецца куратарскімі арт-праектамі: яе выставы выконваюць інтэлектуальна-даследчую функцыю.

1. Каб быць сучаснымі і выкарыстоўваць крэатыўны патэнцыял Мінска. Варта згадаць «Фабрыку» Эндзі Уорхала (там усё калісьці і пачыналася): ізаляваная мастацкая студыя ператварылася ў шматпрофільную лабараторыю, адкрытую і даступную для творчасці сяброў, супрацоўнікаў і тых, хто прагнуў дзейнічаць у любы час сутак. Сам Уорхал кансультаваў, правакаваў, назіраў і запісваў тое, што адбывалася, на плёнку, не замінаючы патоку ідэй, якія ўзнікалі ў атмасферы сумеснай творчасці, дзе ўзаемная ацэнка і зваротная сувязь забяспечваліся адкрытай планіроўкай. Аказалася, што крэатыўнасць мае рысы сацыяльнага працэсу, бо выпрацоўваецца творчай камандай і дасягае росквіту ў спецыфічным асяроддзі, якое стымулюе творчасць ва ўсіх яе правакацыйных формах. Вылучаюць наступныя прыкметы асяроддзя, спрыяльнага для крэатыўнасці: профільная дзейнасць (размеркаванне пэўных навыкаў), інтэлектуальная ўспрымальнасць, этнічная шматстайнасць і палітычная адкрытасць. Фармаванне падобнага беларускага праекта — ЦСМ — магло б стварыць спрыяльнае (мастацкае) асяроддзе і паслужыць пляцоўкай для выбудоўвання новай інстытуцыянальнай сістэмы сучаснага мастацтва. Сістэма мастацтва ў Беларусі вельмі лакальная, і тыя арганізацыйныя і эканамічныя інвестыцыі, якія ідуць на яе інтэрнацыяналізацыю, толькі ўкараняюць яе ў гэтай абмежаванасці.

2. Звычайна ЦСМ выконвае функцыю кластара (цэнтра прыцягнення). Але каб займець статус Цэнтра, «новая» інстытуцыя павінна мець выразную карціну ўсяго, што адбываецца ў іншых мясцовых арт-структурах, для супастаўлення і выяўлення магчымасцей прэтэндаваць на іншы/новы статус. Для паспяховай кластарызацыі неабходна сістэмнае (шматфактарнае) бачанне і разуменне культурнага патэнцыялу лакальнай тэрытарыяльнай адзінкі, у нашым выпадку — Мінска.

Гэта значыць, што неабходна мець уяўленне пра ўласныя патэнцыі: з аднаго боку, думаць пра кааперацыйныя магчымасці (ствараць карпаратыўныя сеткі), з іншага — спрыяць разгерметызацыі груп прафесіяналаў; праводзіць аналіз актыўнасцей (наколькі яны выгодныя); займацца фінансавым аналізам рэсурсаў (прыцягваць фінансаванне з розных крыніц) і іншае. Гаворка ідзе пра тое, як менавіта будзе развівацца кластар (цэнтр прыцягнення), найважным рэсурсавым паказчыкам якога з’яўляецца спосаб функцыянавання, вызначаны праз аналіз інтэнсіўнасці і ўзроўню развіцця праектнай дзейнасці на пэўнай тэрыторыі. Праектную дзейнасць тут трэба разумець як спосаб пошуку і ажыўлення крэатыўных рэсурсаў, якія ў адваротным выпадку застануцца не больш чым незапатрабаваным патэнцыялам.

3. Людзі могуць быць з рознай кампетэнцыяй, але ў першую чаргу ад іх патрабуецца ўменне думаць самастойна. У залежнасці ад сітуацыі каманда павінна быць здольнай арыгінальна камбінаваць стандартныя падыходы і выпрацоўваць зусім новыя рашэнні, то-бок творчы працэс мусіць паглынаць іх цалкам. Цэнтру неабходна (ва ўсякім разе — на пачатку сваёй дзейнасці) наладзіць супрацоўніцтва з арганізацыямі, якія прапануюць ці могуць прапанаваць розныя адукацыйныя паслугі, з каардынатарамі культурных праграм пры пасольствах.

Менавіта такім шляхам каманда ЦСМ магла б абараніць (і пацвердзіць) свой статус цэнтра прыцягнення і «новага суб’екта» культурнай вытворчасці, які не толькі стварае «прарыўныя» ўзоры новых формаў арганізацыі арт-жыцця, але і рэалізуе праекты, што вызначаюць культурную спецыфіку Мінска, рэспублікі, мясцовай арт-супольнасці. І, такім чынам, Цэнтр сучаснага мастацтва стане месцам «паведамлення», праз якое прафесійная супольнасць зможа выказвацца і зрабіцца цікавай для іншых.

/i/content/pi/mast/54/908/2-.jpg
Канстанцін Селіханаў. Урок. Праект. 2010.
Канстанцін Селіханаў

Мастак, займаецца станковай і манументальнай скульптурай, графікай, арт-аб’ектамі.
Пастаянны ўдзельнік міжнародных скульптурных сімпозіумаў.

1. Магчыма, патрэбны, але чаму я ўжываю слова «магчыма»? У тым выглядзе, у якім у нас існуюць падобныя інстытуцыі, з’яўленне яшчэ аднаго цэнтра (для кагосьці сапраўды доўгачаканага) мала што змяняе. Сучаснае мастацтва Беларусі не даследавана, доўгі час існавала ў якасці выгнанніка, малапрыемнай і незразумелай з’явы. У загадным адміністрацыйным парадку можна адкрыць нейкі цэнтр, але ва ўмовах адсутнасці спрыяльнага асяроддзя, пры перарванасці сувязяў пакаленняў, у невыразным фармуляванні самога паняцця «сучаснасць» спадзявацца на добры вынік вельмі цяжка. Гэта як заліваць у старыя мяхі маладое віно... Тым не менш, калі я ўбачу шчырасць намераў ініцыятараў — пры пэўных умовах скажу: Цэнтр сучаснага мастацтва патрэбны.

2. У тым, што Цэнтр закліканы даследаваць сучаснае мастацтва, няма сумневаў. Пры недахопе аб’ёмнай інфармацыі пра падзеі ў свеце і краіне — яго існаванне неабходнае. На першапачатковым этапе важная адукацыйная місія ЦСМ: лекцыі, сустрэчы, дыскусіі, запрашэнне аўтарытэтных персон, фактычна тое, чым сёння займаюцца разрозненыя і нешматлікія сілы прыватнай ініцыятывы. Цэнтр мусіць стаць своеасаблівым камутатарам, месцам, дзе зараджаліся б сувязі ў рамках супрацоўніцтва з сусветнай мастацкай грамадскасцю. Таксама — аб’яднаўчым фактарам, прыцягальным для ініцыятыў і радыкальных прапаноў. Ці абавязковая яго выставачная дзейнасць? Мяркую, што вялікім выставам павінны папярэднічаць аналіз і ўдумлівае вывучэнне, «навядзенне мастоў».

3. Самае няпростае пытанне — чалавечы фактар.

Адразу ўзнікае думка — у кіраўніцтве Цэнтра павінен быць прынамсі не мастак. Аргументаў на карысць гэтага колькі заўгодна. Мастак па вызначэнні не можа быць да канца аб’ектыўным, бо валодае сваім адметным, асабістым досведам стварэння твораў. Ён можа трапіць у залежнасць ад уласных інтарэсаў. Адным словам, «падняцца» над сітуацыяй яму цяжэй, чым нейтральнаму персанажу з добрай мастацтвазнаўчай, гуманітарнай адукацыяй.

У ідэале ў гэтай камандзе добра б мець запрошаных спецыялістаў. І пажадана не з постсавецкіх краін, а з міжнародным вопытам у арганізацыі працэсу працы падобнай установы і сувязямі ў свеце мастацтваў.

Кіраваць Цэнтрам павінна новая каманда, людзі з незалежнай і яснай пазіцыяй. Якія вольна камунікуюць і фармулююць свае погляды на любым міжнародным форуме.

Не варта забываць і пра людзей з бездакорнай рэпутацыяй, падзвіжнікаў справы асветы і папулярызацыі сучаснай культуры, з досведам працы ў краіне ў няпростых умовах існавання найноўшай культуры. Для аб’ектыўнасці можна было б правесці нейкае апытанне ў творчым асяроддзі і на яго аснове зрабіць выбар.

Міхась Цыбульскі

Кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава, мастак і куратар. Даследуе праблемы тэорыі і гісторыі мастацтва, паэтыку і стылістыку беларускага жывапісу ХХ стагоддзя і сучаснага перыяду.

1. Пытанне аб стварэнні Цэнтра сучаснага мастацтва варта было ставіць ужо ў 1980-я гады, калі падобныя ўстановы ствараліся па ўсім свеце, ці хоць бы ў 1990-я — калі ЦСМ спешна арганізоўвалі ў краінах былога СССР. Ужо ў той час мы прадэманстравалі сваё неразуменне дынамікі развіцця гэтых працэсаў. Сёння адказваць на пытанне: «Навошта Беларусі Цэнтр сучаснага мастацтва?» у такім яго варыянце проста бессэнсоўна. Цэнтр патрэбны! Але ён павінен быць ужо зусім не такім, як пра тое думалася 5–10 год таму. Гэта мусіць быць Міжнародны цэнтр сучаснага мастацтва XXI стагоддзя. І ў першую чаргу ён павінен працаваць на развіццё крэатыўнага асяроддзя ў Беларусі, на развіццё, папулярызацыю сучаснага айчыннага мастацтва ў кантэксце сусветнага арт-працэсу.

Цэнтр сучаснага мастацтва можа і абавязаны (!) стаць каардынацыйнай установай, якая аб’яднае намаганні розных інстытуцый краіны, мастакоў, мастацтвазнаўцаў і проста зацікаўленых асоб, скіраваныя на асэнсаванне сучаснай прасторы мастацтва. Нам трэба займацца сучаснасцю! Тут мы моцна адстаём не толькі ад суседніх еўрапейскіх краін, але і ад нашых сяброў з Усходу.

2. Гэта залежыць ад таго, як мы адказваем на вельмі важнае пытанне: «Што такое сучаснае мастацтва?» У якой ступені мы будзем аддзяляць формы традыцыйнай творчасці ў галіне жывапісу, графікі, скульптуры ад актуальных форм візуальнага мастацтва? Трэба перастаць успрымаць дзейнасць у сферы актуальнага мастацтва як нешта маргінальнае і правакацыйнае. І ўвогуле перастаць абмяркоўваць праблему: «Ці актуальна на Беларусі актуальнае мастацтва?»

ЦСМ не мусіць проста дубляваць функцыі мастацкага музея ці галерэі. У яго — свая вобласць кампетэнцыі, зарыентаваная больш на арт-практыкі. Такая інстытуцыя скіравана як на музейна-выставачную, так і на навукова-даследчую дзейнасць. ЦСМ павінен ажыццяўляць сістэмную рэгулярную працу ў сферы сучаснай актуальнай культуры, быць месцам акумуляцыі творчых ідэй і культурных інавацый.

Напэўна, на Беларусі ў сённяшніх умовах магчыма толькі дзяржаўная ўстанова з такім статусам. Хоць ролю прыватных ініцыятыў і прыватнага капіталу ў яе арганізацыі адмаўляць ні ў якім разе не варта.

Сярод асноўных мэтаў і задач Цэнтра — падтрымка ўсіх відаў і жанраў сучаснай культуры і мастацтва, фармаванне і рэалізацыя доўгатэрміновых праграм і праектаў у галіне сучаснага мастацтва, архітэктуры і дызайну ў краіне і за мяжой. Дадзеныя мэты вызначаюць асноўныя кірункі дзейнасці, сярод якіх — арганізацыя зборных выстаў візуальнага мастацтва рознай накіраванасці, рэтраспектыўных і персанальных выстаў сусветна вядомых сучасных мастакоў, правядзенне цыклаў лекцый, канферэнцый, семінараў, дыскусій, майстар-класаў і творчых сустрэч з тэарэтыкамі і практыкамі сучаснага мастацтва, беларускімі і замежнымі мастакамі. Павінна знайсціся месца як абмеркаванню розных пытанняў філасофіі сучаснага мастацтва, выкладу асноўных тэорый яго інтэрпрэтацыі, так і знаёмству з асобнымі арт-практыкамі, найноўшымі тэхнікамі і тэхналогіямі.

Цэнтр мусіць мець магчымасць прадставіць прастору не толькі для выстаў, але і для творчай працы мастакоў, дызайнераў і г.д., а таму павінен мець майстэрні і лабараторыі, літаральна «напханыя» мультымедыйным і іншым сучасным тэхнічным абсталяваннем.

Інфармацыйна-дакументацыйны накірунак дзейнасці Цэнтра мусіць уключаць аналітычную і навукова-інфармацыйную дзейнасць у галіне сучаснага мастацтва, быць зарыентаваным на прасоўванне, распаўсюджванне інфармацыі пра сучаснае мастацтва, на стварэнне архіва і відэаархіва.

Цэнтр абавязаны заняцца фармаваннем калекцыі сучаснага выяўленчага мастацтва, якая б уключала працы як айчынных, так і замежных майстроў. Падобны фонд можа складацца з твораў, закупленых пры падтрымцы Міністэрства культуры, перададзеных у збор ЦСМ пасля мастацкіх праектаў і выстаў, а таксама — з дарункаў ад партнёраў, галерэй, мастакоў, прыватных калекцыянераў.

Акрамя клопату пра развіццё прафесійнага мастацтва сярод іншых накірункаў дзейнасці магчыма і падтрымка студэнцкай творчасці, самадзейнага мастацтва... Цэнтр мог бы арганізаваць і свой фестываль contemporary art.

У структуры Цэнтра павінна існаваць магчымасць працы аўкцыённага дома, кнігарні, кавярні. У любым выпадку яго мэта — стварэнне спрыяльных умоў для шырокага доступу ўсіх слаёў насельніцтва Беларусі да каштоўнасцей сучаснай айчыннай і сусветнай культуры.

Канешне, для падобнай інстытуцыі патрэбны як плошчы, так і фінансаванне. І гэта на сённяшні час напэўна самае складанае. Замест таго, каб узводзіць новы будынак, прасцей пераабсталяваць якія-небудзь памяшканні. Але ці будуць там створаны адпаведныя ўмовы для працы?

Сярод асноўных крыніц фінансавання Цэнтра павінны быць не толькі дзяржаўныя субсідыі, але і сродкі ад фундатараў, гранты, прыбыткі ад арганізацыі мерапрыемстваў і аказання паслуг у сферы культуры.

Партнёрамі Цэнтра сучаснага мастацтва мусяць быць не толькі Міністэрствы культуры і замежных спраў, але ў першую чаргу — прафесійныя міжнародныя інстытуцыі, разнастайныя міжнародныя асацыяцыі сучаснага мастацтва — цэнтры і фонды культуры і мастацтва, музеі, галерэі...

3. У ліку штатных супрацоўнікаў Цэнтра неабходна прысутнасць людзей з шырокім спектрам прафесійных ведаў і здольнасцей — менеджараў, куратараў, мастацтвазнаўцаў, крытыкаў, экспертаў і аналітыкаў мастацкага рынку, бібліятэчных работнікаў. Тут патрэбны спецыялісты ў галіне тэхнічных службаў (пытанні тэхнічнага забеспячэння і бяспекі пляцоўкі, кіраванне тэхнічнымі райдарамі праектаў), куратары праграм візуальных мастацтваў і адукацыйных праграм, каардынатары праектаў. Але варта разумець і той факт, што асобныя праекты, нават і ініцыюемыя спецыялістамі Цэнтра, будуць выконвацца запрошанымі звонку куратарамі, рэалізоўвацца з дапамогай рознага роду валанцёраў.

Канешне ж, генеральным дырэктарам Цэнтра павінен быць вопытны менеджар у галіне культуры, а арт-дырэктарам — дасведчаны і паважаны мастацтвазнаўца. У цэлым, напэўна, патрэбна маладая каманда прафесіяналаў з новым мысленнем, але і пэўным досведам працы.

І яшчэ. Не варта займацца «вынаходствам ровара». Варта ўважліва пазнаёміцца з еўрапейскім і расійскім досведам існавання падобных устаноў, улічыць усе іх памылкі і няспешна і паслядоўна брацца за стварэнне айчыннага аналага.

/i/content/pi/mast/54/908/2sh.jpg
Сяргей Шабохін. Terror-Ready-made-Collection. Iнсталяцыя. 2011.
Сяргей Шабохін

Мастак, куратар, галоўны рэдактар партала аб сучасным беларускім мастацтве
ART AKTIVIST.

1. Цэнтр сучаснага мастацтва Беларусі вельмі неабходны. У нас ужо існуе шэраг інстытуцый, апасродкавана звязаных са сферай сучаснага мастацтва. Гэтыя арганізацыі часцей за ўсё абмяжоўваюцца экспазіцыйнай дзейнасцю, зборам калекцый і часткова — унутранай даследчай працай. Але на інстытуцыянальным узроўні сучасным мастацтвам у Беларусі маркіруюць галоўным чынам так званы fine art, гэта значыць — выяўленчыя формы вытворчасці мастацкіх твораў. Гэта асноўнае разуменне мастацтва ў Беларусі нават вынесена ў назву музея, які спрабуе займацца прэзентацыяй сучаснага беларускага мастацтва, — Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. У Беларусі пакуль не існуе Цэнтра сучаснага мастацтва як інстытуцыі, якая б не толькі праводзіла музейна-выставачную дзейнасць, але і праграмна даследавала актуальныя формы сучаснага мастацтва (пад «актуальным» тут трэба разумець папулярнае паняцце contemporary art — у процівагу fine art), папулярызавала яго прадукцыю ў краіне і за мяжой.

2. Цэнтр сучаснага мастацтва — гэта шматфункцыянальная па задачах арганізацыя, да фармавання якой трэба падыходзіць на фундаментальным узроўні. Нараўне з класічнай экспазіцыйнай дзейнасцю падобныя ўстановы збіраюць уласныя калекцыі сучаснага мастацтва. Часта калекцыя папаўняецца не толькі айчынным мастацтвам. Акрамя музейна-выставачнай функцыі ЦСМ абавязаны займацца метадычнай навукова-даследчай і нават выдавецкай працай, фармуючы ўласны архіў. Прычым даследуюцца не толькі вузкаспецыялізаваныя культуралагічныя пытанні (сучаснае мастацтва, архітэктура, дызайн, фатаграфія і гэтак далей), але і вонкавыя кантэкставыя ўмовы, тэндэнцыі і актуаліі. Дзейнасць ЦСМ заклікана дапамагаць развіваць найноўшае мастацтва краіны, упісваючы яго ў кантэкст сусветнага мастацкага працэсу. Ён спрабуе кансалідаваць працу прадстаўнікоў арт-сцэны, стымулюючы актыўнасць не толькі іх, але і гледачоў. Таму, часцей за ўсё, Цэнтры сучаснага мастацтва вядуць энергічную працу з аўдыторыяй: адмысловыя адукацыйныя праграмы для наведвальнікаў розных узроўняў падрыхтоўкі і розных узроставых груп, фармаванне і рэалізацыя праектаў і фэстаў у сферы сучаснага мастацтва (і не толькі на сваёй пляцоўцы). Гэта атракцыйная функцыя абавязвае Цэнтр прапанаваць наведвальнікам шырокую інфраструктуру: бібліятэку, канферэнц- і відэазалы, wi-fi і нават кафэ. Па сутнасці, ЦСМ (у ідэальным яго разуменні) — гэта складаная арганізацыя, якая ўяўляе сабой маштабны культурны цэнтр, што карыстаецца аўтарытэтам сярод спецыялістаў і папулярнасцю ў гараджан і турыстаў.

3. Культурная палітыка ЦСМ абавязана быць выразна прапрацаванай і заяўленай у экспертным і публічным кантэкстах. Акрамя базіснай адміністрацыйнай (гэта значыць менеджарскай) часткі каманды, падобныя інстытуцыі практыкуюць змяняльнасць прафесійнай дырэкцыі, якая адказвае за распрацоўку і ажыццяўленне культурных стратэгій у рамках зададзенага тэрміну. Але галоўным чынам ёсць сталая невялікая каманда з прапісаным падзелам абавязкаў па ўсіх асноўных функцыях: выставачнай, музейнай, навукова-даследчай і аналітычнай, выдавецкай, адукацыйнай і публічнай. У каманду перманентна запрашаюцца эксперты з іншых інстытуцый, сфер жыцця і краін. За дзейнасцю арганізацыі назірае таксама экспертная супольнасць (часта ЦСМ маюць каманду назіральнікаў-спецыялістаў, з якімі адміністрацыя рэгулярна кансультуецца). Асабліва важны сталы абмен досведам з прадстаўнікамі іншых падобных арганізацый.

 

Маргіналіі

Цэнтр сучаснага мастацтва — у адрозненне ад мастацкай галерэі ці музея — шматфункцыянальная грамадская інстытуцыя, мэта якой — заахвочваць практыкі мастацтва і прапаноўваць разнастайныя паслугі. Установа мае дастатковыя рэсурсы (у тым ліку тэхнічнае абсталяванне) для правядзення выстаў, для працы мастакоў, даследчых і адукацыйных праграм.

Як сёння існуюць падобныя інстытуцыі ў суседніх сталіцах на постсавецкай прасторы?

Кіеў

Першы на Украіне цэнтр сучаснага мастацтва быў адкрыты пад патранажам Фонду Сораса як частка ўсходнееўрапейскай сеткі Цэнтраў сучаснага мастацтва Сораса. Ён пачаў сваю працу з 1995 года (завяршыў у 2008 ужо без сорасаўскага фінансавання), і яго галоўнымі задачамі сталі, паводле ўкраінскага мастака Мікіты Кадана, «пераадоленне інерцыі савецкага ў мастацкай культуры, інстытуалізацыя альтэрнатывы мясцовай культурбюракратыі, упісванне мясцовай сітуацыі ў заходнюю, што набыла статус агульнаеўрапейскай». Цэнтр дзейнічаў як грамадская ўстанова, накіраваная на падтрымку некамерцыйнага, крытычнага, эксперыментальнага мастацтва. Міжнародныя крытэрыі, згодна з якімі ажыццяўлялася праца інстытуцыі, ставілі пад сумненне мясцовыя новаўтвораныя іерархіі і статусы.

Сёння ў Кіеве некалькі цэнтраў сучаснага мастацтва, з іх самы вядомы — PinchukArtCentre. Ён размешчаны ў старым адрэстаўраваным будынку на шасці паверхах. Акрамя дэманстрацыі прэстыжных маштабных міжнародных праектаў (запрашаюцца сусветныя зоркі), PAC-UA праводзіць кароткачасовыя выставы, на якіх дэманструюцца выключна новыя работы ўкраінскіх мастакоў. Створана спецыяльная прастора для моладзі, існуе прэмія Цэнтра для ўкраінскаіх маладых мастакоў, а з 2009  года — і міжнародны конкурс арт-прэміі «Future Generation
Art Prize» з вельмі сур’ёзным прызавым фондам. Папаўняецца мастацкі збор, праводзяцца адукацыйныя праекты, як, напрыклад, «Куратарская платформа» — праграма, скіраваная на падрыхтоўку новага пакалення ўкраінскіх куратараў.

Вільнюс

Вільнюскі Цэнтр сучаснага мастацтва (CAC) быў адкрыты ў 1992 годзе. Як сведчыць яго дакументацыя, гэта найбуйнейшая такога роду ўстанова ў краінах Балтыі і адна з найболей значных на ўсёй тэрыторыі былога СССР. Прапануе шырокі дыяпазон выстаў замежнага і літоўскага сучаснага мастацтва, арганізуе канферэнцыі, цыклы лекцый, кінасеансы і канцэрты. Штогод Цэнтр рэалізуе 5–6 буйнамаштабных мастацкіх праектаў. За апошнія пяць гадоў CAC правёў рэтраспектывы і персанальныя выставы шматлікіх знакамітых мастакоў ХХ і ХХI стагоддзяў — Георга Базеліца, Тоні Крэга, Макса Эрнста, Мэна Рэя, Брыджэт Райлі, Эндзі Уорхала і інш. Цэнтр таксама выступаў замоўцам спецыяльных праектаў, накіраваных на павышэнне міжнароднай пазнавальнасці шэрагу мастакоў маладога пакалення. У CAC праводзіцца і Балтыйскае міжнароднае мастацкае трыенале.

Масква

Дзяржаўны цэнтр сучаснага мастацтва ў Маскве быў заснаваны ў 1992 годзе Міністэрствам культуры Расійскай Федэрацыі. Сёння гэта сеткавая арганізацыя: філіялы адкрыты ў Санкт-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Екацярынбургу, Калінінградзе. Дзейнасць Цэнтра адбываецца па некалькіх кірунках: папулярызацыя і падтрымка сучаснага айчыннага мастацтва; разнастайныя формы куратарскай работы, якія дазваляюць рэалізоўваць выставачныя і аўдыя-візуальныя праекты, інсталяцыі, перформансы, праводзіць відэа- і кінапрагляды, творчыя сустрэчы; аналітычная і навукова-інфармацыйная дзейнасць; адукацыйная праграма; праца па стварэнні калекцыі сучаснага мастацтва, як айчыннага, так і замежнага. Сярод галоўных мерапрыемстваў — правядзенне Усерасійскага конкурсу ў сферы сучаснага мастацтва «Інавацыя» і Маскоўскага міжнароднага біенале маладога мастацтва «Стой! Хто ідзе?».

У Расіі развіваецца папулярная ў Еўропе форма крэатыўнай індустрыі — арт-кластар: аб’яднанне прадпрыемстваў творчых індустрый на адной прасторы, у замежнай практыцы — часта на плошчах закінутых заводаў, чым істотна паляпшаецца імідж мясцовасці. Адзін з найбуйнейшых у Маскве, Цэнтр сучаснага мастацтва Вінзавод быў адчынены ў 2007 годзе на тэрыторыі былой піваварні. Гэта комплекс з сямі вялізных прамысловых пабудоў канца ХІХ стагоддзя. Цэнтр групуе творчыя рэсурсы горада і стварае прывабнае для публікі мастакоўскае асяроддзе. Інфраструктура Вінзавода вырашана такім чынам, што госці могуць сумяшчаць наведванне мастацкіх выстаў, акцый, лекцый, прагляд аўтарскага кіно з шопінгам і адпачынкам у клубах і арт-рэстаранах. Прыярытэтнымі кірункамі дзейнасці Вінзавода з’яўляюцца: арганізацыя і правядзенне персанальных выстаў; куратарскія праекты; адукацыйная праграма; Усерасійскі адкрыты штогадовы праект «Лепшыя фатографы Расіі», дабрачынная праграма; Пляцоўка маладога мастацтва СТАРТ. Рэгулярна праводзяцца фестывалі ў сферы сучаснага мастацтва, архітэктуры і дызайну. Цесныя ўзаемадачыненні ўдзельнікаў праекта дазваляюць наладжваць сувязі паміж рознымі супольнасцямі, пакаленнямі і стылямі.