Код на тканіне

№ 2 (347) 01.02.2012 - 01.01.2005 г

Творчы лёс Маргарыты Шчамялёвай

/i/content/pi/mast/53/905/42.jpg

Гарлачык цвіце. Габелен. 2002.

Мастацкія тканіны, габелен ці касцюм, выкананы паводле народнай або гістарычнай традыцыі, — запатрабаваныя заўжды і асабліва сёння, калі адноўленыя беларускія замкі аздабляюць рэканструкцыямі або копіямі старажытных шпалер і адзення; калі гэтыя віды мастацтва найлепш прадстаўляюць этнічны твар беларускай культуры і яе непаўторнае аблічча; калі матывы глыбокай традыцыі фарміруюць плыні сучаснага мастацтва, якія мы называем этнамадэрнам. Але што стаіць за гэтымі з’явамі, якая прырода іх узнікнення?

Адказы на гэтыя пытанні варта шукаць на кафедры мадэлявання адзення і мастацкіх тканін Беларускай акадэміі мастацтваў, што нядаўна адзначыла свой 35-гадовы юбілей. Праца кафедры грунтуецца на дзейнасці выбітных творчых асобаў, якія ўваходзілі і ўваходзяць у гэты ўнікальны выкладчыцкі калектыў, сабраны і ўзначалены Валянцінай Бартлавай. Часопіс «Мастацтва» неаднойчы публікаваў іх творчыя партрэты. Адна з «цаглінак» моцнага «будынка» кафедры — мастачка Маргарыта Шчамялёва. Яе майстэрская і педагагічная іпастасі — у цэнтры нашай увагі.

Крынічка поўная стаяла...

«Чаму ты, дастаткова гламурная дзяўчына, дачка Леаніда Шчамялёва, якая вырасла ва ўрбаністычнай прасторы сталіцы Беларусі ў адным з прэстыжных дамоў па вуліцы Карла Маркса, раптам па завяршэнні вучобы ў тэатральна-мастацкім інстытуце ў 1978 годзе для дыплома абрала тэму народнага свята? — спытала я ў Маргарыты падчас сяброўскай размовы. — Мабыць мела месца татава кіраўніцтва?» «Не, — адказала мастачка. — Пасля таго як мне споўнілася пяць гадкоў, з татам мы не жылі ў адным доме. І ў творчым сэнсе мной ніхто і ніколі наўпрост не кіраваў. Я развівалася згодна з уласнымі прыярытэтамі... Хоць бацька для мяне заўжды быў неаспрэчным аўтарытэтам і ўзорам».

І тады ўзгадаліся мне чароўныя Купаллі канца 1970-х у Вязынцы. Збіралася мінская інтэлігенцыя — гісторыкі, этнографы, пісьменнікі, стваральнікі будучых «Крупіцкіх музыкаў» і «Харошкаў», некаторыя з «Песняроў»... Настраёвасці святам прыдавалі студэнты мінскіх навучальных устаноў — яны імітавалі народныя строі і спявалі беларускія песні, сярод якіх яшчэ не было абрадавых. Толькі потым, калі да падрыхтоўкі святаў далучыліся фалькларысты Беларускай акадэміі навук і спеўнай «Майстроўні» філфака БДУ, у купальскія містэрыі былі прыўнесены рысы фальклорна-этнаграфічных рэканструкцый. Сярод апранутых у белае прыгажунь-Купалінак з распушчанымі валасамі і ў вяночках на святах у Вязынцы, а потым і ў Заслаўі была Рыта Шчамялёва. Яе рамантычныя ўзнёслыя выявы засталіся на здымках вядомых фатографаў — Яўгена Коктыша і Яўгена Казюлі. Потым гэтыя фатаграфіі аздаблялі вокладкі і першыя старонкі цэнтральных выданняў перыядычнага друку, уводзячы ў прызнаную «наменклатуру» выяў-архетыпаў вобразы беларусаў і беларусак у постацях Купалішаў і Купалінак. На той час гэта было смела і неардынарна. Свята Купалле на ўсё жыццё запала мастачцы ў душу, стала пэўнай кропкай адліку ва ўсведамленні сябе як асобы. Таму і зразумела, што выбіраючы тэму дыпломнай работы, дзяўчына не бачыла альтэрнатывы самаму хвалюючаму эпізоду з гісторыі ўласнага станаўлення.

На вызначэнне тэмы паўплывалі і іншыя чыннікі, найперш — стасункі ў часы вучобы з выкладчыкам інстытута Міхасём Раманюком. Улюбёны ў справу свайго жыцця — вывучэнне і даследаванне беларускага народнага адзення, малады педагог з азартам распавядаў студэнтам пра вартасці і асаблівасці традыцыйных строяў, пра адметнасць іх мастацкіх рыс у розных рэгіёнах, пра непарыўную сувязь арнаменту і адзення з фальклорам (сёння ўсе гэтыя паняцці ўведзены ў аналы беларускай культуры). Толькі праз два гады пасля абароны Маргарытай дыпломнай работы з’явіцца альбом «Беларускае народнае адзенне» (1981), а ў часы яе вучобы распрацоўкі Раманюка выглядалі сенсацыйнымі і не маглі не ўразіць маладую мастачку.

Творчасць бацькі, Леаніда Шчамялёва, у канцы 1970-х была ў фаворы. У тыя часы ім былі створаны ўнікальныя па мастацкай і гістарычнай значнасці жывапісныя палотны серыі «Беларускае вяселле», дзе мастак мілагучна з’яднаў у адзінае цэлае вобраз старажытнай традыцыі вяселля і рэаліі сённяшняга дня, фантастычную прыгажосць восеньскай (час традыцыйных шлюбаў) прыроды. Не менш адметнай была зробленая ў той жа перыяд серыя вобразаў дзеячаў гісторыі і культуры — «Кастусь Каліноўскі», «Генерал Даватар», «Мікола Шчакаціхін», «На радзіме паэта» (прысвечана Максіму Багдановічу). На такіх прыкладах гартаваўся талент Маргарыты Шчамялёвай.

Яе дыпломнае «Свята» патрабавала велічна-манументальнага ўвасаблення — як знакавая для культуры з’ява. Побач былі выдатныя дарадцы — кіраўнік дыплома Ангеліна Бельцюкова і кансультанты Аляксандр Кішчанка і Уладзімір Басалыга. Дапамагалі выключна ў дэталях, галоўныя рашэнні і канцэпцыю твора распрацоўвала сама дыпломніца.

У цэнтры кампазіцыі — карагод дзяўчат і хлапцоў. З энтузіязмам вярнуўшыся ў мінулае, мастачка распавяла мне, як дзеля стварэння пераканаўчага вобраза юнака папрасіла пазіраваць знаёмага студэнта — цяпер ужо яе калегу на кафедры, вядомага мастака і мастацтвазнаўцу Юрыя Піскуна... Пасля лекцый Міхася Раманюка Рыта захапілася мелодыкай ляхавіцкага строю. Яго абрысы леглі ў аснову адзення моладзі ў карагодзе. Вобразы прыроды, жывёл, людзей у габелене пазбаўлены дэталізацыі. Кожны з іх — неад’емная частка абагульненай мастацка-вобразнай прасторы, пазначаная інтанацыяй святочнага настрою, што перададзены рытмамі колеравых плям, энергетыкай ліній. Габелен атрымаўся манументальна выразным, пры гэтым — пазбаўленым дэкларацыйнага пафасу. І як прыемна было аўтарцы твора праз колькі год пасля абароны дыплома пачуць сціплую пахвалу гэтай працы ад Міхася Раманюка, чыё нябачнае кіраўніцтва яна тады адчувала...

Да тэмы Купалля як аднаго з самых магічных святаў народнай культуры мастачка звярталася некалькі разоў, нібы шукаючы ўласную «кветку шчасця». Апрача разнастайных нацюрмортаў і вобразаў кветак, жывёл і птушак, выкананых у жанры міні-габелена, ёю створаны блізкія да тэмы летняга сонцастаяння габелены «Прыцемкі» (2003), «Сярэдзіна лета» (2004) і дастаткова вялікая кампазіцыя «Купальская ноч» (2002). Увасабленне таямніцы купальскай ночы захапляе казкай росквіту прыроды: сіняе-сіняе неба і ўсё навокал, і гэтую сінечу працінае золата вогнішча, якое дагарае...

Цуды маляванкі

Атрымаўшы дыплом мастака, Маргарыта ўладкавалася на працу ў навукова-вытворчае прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў «Скарбніца». Першай тэмай, якую ёй даручылі, была беларуская маляванка. Якраз у гэты час у мінскім Палацы мастацтва праводзілася першая ў краіне выстаўка маляваных дываноў. Дзяўчына днямі дзяжурыла ў экспазіцыі і рабіла замалёўкі-пашпарты прадстаўленых узораў гэтага віду мастацтва з розных рэгіёнаў Беларусі. Выстава мела сенсацыйны поспех і пакінула свой след у свядомасці не толькі знаўцаў і даследчыкаў беларускай культуры, але і творчай моладзі, да якой належала і Маргарыта.

Пра маляваныя дываны ёй расказваў бацька. У маленстве (1933 год) ён жыў у Віцебску, і мама нешта шыла, каб пратрымацца ў голад. Па нядзелях яны хадзілі на гарадскі кірмаш збываць маміну прадукцыю. Па дарозе бачылі імправізаваныя выстаўкі маляваных дываноў, прывезеныя вяскоўцамі на продаж і развешаныя для дэманстрацыі на платах уздоўж вуліц. Яскравыя казачныя сюжэты, чароўныя суквецці раслінных абярэгаў па краях палотнаў і... такі прыемны пах фарбы, які назаўсёды захаваў сваё магічнае ўздзеянне... У 1970-х гадах Леанід Шчамялёў разам з камісіяй Беларускага саюза мастакоў па рабоце з народнымі майстрамі ў складзе Уладзіміра Басалыгі, Яўгена Куліка, Алеся Марачкіна і іншых ездзіў па Беларусі і расшукваў захаваныя маляванкі... Частка з іх і легла ў аснову першай выстаўкі маляванага дывана 1978 года. Рыціна сястра Люда навучалася ў тыя часы ў мастацкім вучылішчы імя Глебава, студэнты якога таксама зацікавіліся ўнікальнай справай. Так да рэстаўрацыі былі далучаны Людміла Шчамялёва і Ігар Рымашэўскі.

Культуру маляванкі як віду традыцыйнага беларускага мастацтва Маргарыта Шчамялёва выкладала ў 26-й мінскай мастацкай школе, а праз пэўны час — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Да гэтага яна сама не аднойчы была ўдзельніцай пленэраў сучаснага маляванага дывана, што ўжо дзесяць год запар ладзяцца ў старажытным Заслаўі і ў Мінску. Яе маляванка «Купалле», створаная на трэцім пленэры ў Мінску (2004 год), атрымала ўзнагароду. Маргарыта выступала з дакладамі на рэспубліканскіх канферэнцыях, якія былі арганізаваны творчым грамадскім аб’яднаннем «Мастак» у 2002-м і ў 2008 гадах.

У 2008 годзе вялікая выстава «Цуды маляванкі» — блізу 300 сучасных маляваных дываноў з пленэраў 2001—2008 гадоў — экспанавалася ў галерэі Палаца Рэспублікі ў Мінску, потым у Мастацкім музеі ў Віцебску і Віцебскім цэнтры мастацтваў «Задзвінне». Экспазіцыя складалася з твораў сучасных беларускіх мастакоў, якія вырашылі засвоіць сакральную культуру архаічнага віду мастацтва, каб прапусціць праз уласную свядомасць кодавую сістэму этнічнага мыслення нашых продкаў. Да ўдзелу ў выставе былі дапушчаны вучнёўскія працы студэнтаў і дыпломнікаў Акадэміі мастацтваў і Універсітэта культуры. Творы, што былі прадстаўлены публіцы, уражвалі фантасмагорыяй дзівосных сюжэтаў, нечаканасцю і неардынарнасцю кампазіцыйных рашэнняў. Мастакі пераасэнсавалі сюжэтныя каноны традыцыйнага маляванага дывана — такія як «Дрэва жыцця», «Дзева на водах» і «Ліст да каханага» — на сучасны лад. Апошні сюжэт найболей удаўся студэнтцы Маргарыты Шчамялёвай Іне Шаламеевай: гледачу прапаноўвалася варыяцыя тэмы ў кантэксце падзей апошняй вайны. Творы вучняў Шчамялёвай складалі значную частку экспазіцыі і мелі свой індывідуальны каларыт на выстаўцы. Поспех быў забяспечаны ў тым ліку і карпатлівай працай выкладчыцы, якая распрацавала спецыяльны курс «Тэхніка і традыцыі маляванага дывана» для выкладання яго ў Акадэміі мастацтваў. У выніку з’явіўся шэраг цікавых дыпломных работ, выкананых у тэхніцы і традыцыях маляванага дывана, сярод якіх узорнымі можна назваць серыю Ганны Яўглеўскай па матывах паэзіі Максіма Багдановіча (2001) і дыплом Веранікі Кругловай, прысвечаны гістарычнай постаці Яна Янавіча Глябовіча — кашталяна Мінска і ўладара Заслаўя ў ХVІ стагоддзі (2011).

Зямля беларуская — нібы жанчына ў намітцы

Падчас працы ў «Скарбніцы» Маргарыта ездзіла ў экспедыцыі па Беларусі. Адна з найбольш запамінальных — паездка 1979 года ў вёску Неглюбка. Для мастачкі гэта была проста фантастычная вандроўка, бо ўпершыню давялося не толькі ўбачыць і дэталёва разгледзець унікальныя сваёй цэласнасцю і гармоніяй неглюбскія строі, але і прысутнічаць пры здзяйсненні абраду іх апранання. Асабліва ўразіла цырымонія павязвання на галаву міфічнага галаўнога ўбора, семантыка якога сінтэзавала ў сабе патэнцыял вобразнасці старажытнай наміткі і больш позняй, але не менш архаічнай па паходжанні хусткі, канцы якой спалучаліся на лбе, утвараючы вобразную асацыяцыю жанчыны з птушкай... Калі зазірнула ў вочы ткаллі, жахнулася — яны былі чырвоныя ад перанапружання. Звалі майстрыху Таццяна Зелянок. На пытанне, ці падабаецца ёй гэтая цяжкая работа, адказала станоўча і дадала, што па-сапраўднаму хмялее ад асалоды, працуючы за ткацкім станком... Пад уздзеяннем паездкі Маргарыта саткала габелен «Успамін. Неглюбка» (1999), у якім імкнулася перадаць не столькі ўзоры арнаментаў ручнікоў і строяў, колькі пачуццё колеравых рытмаў і энергетыку прыгажосці вырабаў. Патэнцыял непасрэднага ўражання ад паездкі і сустрэч у Неглюбцы быў настолькі моцным, што выразна адбіўся на яе творчай працы.

Творам Маргарыты Шчамялёвай не ўласціва ілюстратыўнасць, іх мова — асацыятыўная пабудова вобразаў паводле пэўных з’яў і падзей. Такі габелен «Чаканне» (2003), фабула якога крыецца ў спазнанні гармоніі жанчыны-маці, жанчыны — часткі зямлі і прыроды... І белы слуп — ці прамень, ці прарыў сярод іншых парасткаў жыцця — атаясамліваецца з велічнай постаццю жанчыны ў традыцыйным белым адзенні — рэнесанснай формулай беларускай этнакультуры. Такія і габелены «Дукорская брама» (2000) ды «Замак Міндоўга» (2003), што нясуць у сабе ўлюбёнасць аўтаркі ва ўзоры традыцыйнага дойлідства Беларусі і заклапочанасць аб іх захаванні.

Звяртаюся да мастачкі: «Маргарыта, у тваіх габеленах вялікая роля адводзіцца колеравай пляме, кропцы, плоскасці, лініі... Адкуль такая любоў да поліфаніі?» У адказ чую цікавы аповед пра тое, як многа для яе значаць фарбы, пах і прыроду якіх яна палюбіла з ранняга дзяцінства, калі была зусім маленькая, а тата пісаў карціны ў там жа пакоі, дзе яна ела, гуляла з цацкамі і проста спала. Гэта самы мілы і самы магічны, па-мастацку плённы ўспамін, які і надалей будзе правакаваць яе на новыя і новыя творы.

Таццяна Гаранская